Читать книгу Завяршыць гештальт - Макс Шчур - Страница 15
14
ОглавлениеНя думайце, шаноўныя галяндзкія падданыя, я кіруюся да вас у Галяндыю не таму, што ўчыніў нейкае цяжкое злачынства (маё злачынства палягае акурат у тым, што я не ўчыніў ні халеры), і, па шчырасьці, нават не з-за клімату. Пагатоў не з-за мітычных мігрантаў з Поўдня, якіх у нас у Чэхіі ніхто як сьлед у вочы ня бачыў, бо тут яны бясьпекі чамусьці не шукаюць. Насамрэч мяне, мякка кажучы, задраў смак тутэйшага піва, задралі натоўпы англа-рускамоўных турыстаў, што з горда ўзьнятымі галовамі мінаюць адны адных, нібы ў акупаваным і яшчэ не канчаткова падзеленым пасьляваенным Бэрліне, задрала вечнае й паўсюднае вулічнае брыньканьне нішчымнага джазіку мясцовага разьліву, задралі бухія віртуозы ў начных забягалаўках, задралі тутэйшыя тынэйджэры з айфонамі й без, задралі бягуны на кароткія дыстанцыі й велясыпэдысты на доўгія, задралі танкісты-адзіночкі ў нацысцкіх касках на так званых сэгўэях, задралі экспэты-псэўдаінтэлектуалы з усяго сьвету, задралі студэнты-эразьмісты й асабліва задралі гіпстэры… Але самай першай мяне задрала тутэйшая тэлевізія, якую я ўрэшце адключыў яшчэ год таму, чым практычна адрэзаў сябе шлях да паразуменьня з простым людам, так званай «гайпалой-барбарой». Калі ж я ў дадатак яшчэ перастаў бухаць і хадзіць у бары, то мая ізаляцыя ад грамадзтва й ягоных настрояў стала зусім гермэтычнай. Па-мойму, у навуцы гэта называецца «нутраной эміграцыяй».
Мне спатрэбілася пражыць у Празе амаль дваццаць гадоў, каб урэшце перад ёю капітуляваць і прызнацца сабе, што я так і ня здолеў яе асыміляваць. Адзіным вынікам маіх высілкаў спазнаць яе як мага больш дасканала стала нядаўняя выснова: Прага, зь якою я сяк-так пазнаёміўся за гэты час – зусім ня тая Прага, якую я хацеў спазнаць дваццаць гадоў таму і якой, мажліва, не існуе зусім. А пазнаёміўся я тут, за рэдкімі выключэньнямі, збольшага з такімі самымі, як я: безыменнымі пісьменьнікамі-шарлятанамі, расчараванымі паэтамі, самаўлюбёнымі снобамі, гора-выдаўцамі, музыкамі бяз таленту, маладзёнамі й дзяўчатамі без паняцьця пра рэальнае жыцьцё, як духоўнае, так практычнае, беспрацоўнымі філёзафамі бяз кніг, кіношнікамі-аматарамі, беспрытульнымі ў роспачы, наркаманамі й выпівохамі ў апошняй стадыі… Мае самыя цэнныя праскія прыяцелі – гэта звычайныя эмігранты, збольшага з Лацінскай Амэрыкі, Віетнаму й былой Югаславіі: Чарнагорыі, Македоніі, Славеніі… Значную частку зь іх складаюць букіністы, афіцыянткі, прадавачкі, бармэны й дактары. То бок людзі, зь якімі я сутыкаюся меней-болей мусова, а яны са мною – што называецца, «прафэсійна».
Тое, што я на працягу ўсяго гэтага часу лічыў самаразьвіцьцём і прагрэсам, прывяло ў маім выпадку да стагнацыі, а неўзабаве й дэградацыі – ну проста як з тым фінансавым капіталізмам! Дэградацыя, між іншым, пачынаецца акурат з таго, што пад выглядам інтэграцыі ўлазіш у даўгі перад грамадзтвам, пераяжджаеш з пакойчыку два на два мэтры недзе ў прыгарадзе ўва ўдвая-ўтрая большую кватэру ў цэнтры гораду, увешваеш яе сьцены замест ранейшых плякатаў з рок-героямі арыгінальнымі творамі знаёмых мастакоў, пачынаеш набываць дарагое ўіскі, езьдзіць на таксі, зьбіраць аўтографы ўлюбёных памерлых аўтараў, замест звычайнага нататніку пісаць свае зацемкі адразу ў нэтбук, заводзіш уласнага зубнога і ўласнага псыхіятра (можна некалькіх, не зашкодзіць, па адным на кожную школу псыхалягічнай думкі й дзень тыдня), пачынаеш затарвацца ўсякім гломаздам па інтэрнэце, ходзіш гуляць у тэніс (калі не адразу ў гольф), наведваеш пафасныя вэрнісажы абыякавых табе выстаў і, урэшце, як кульмінацыя свайго неўтаймаванага кансьюмэрызму – мяняеш старыя, зламаныя акуляры 10-гадовай даўніны на новыя, нятанныя й модна-гіпстэрскія (а іншых у асартымэнце ўжо і няма). Зьмена акуляраў у маім веку значыць болей за зьмену пашпарту: гэта зьмена ня толькі й ня столькі ўласнага выгляду, колькі перадусім у літаральным сэнсе – бачаньня. Можа, вы думаеце, што новыя акуляры лепш прыстасаваныя да вашага пагоршанага працай, чытаньнем і юцюбам зроку? – не, насамрэч, гэта вы вымушаныя прыстасавацца, падладзіцца пад іх. Наагул, такія рэзкія жыцьцёвыя перамены лепш зьдзяйсьняць задоўга да крызісу сярэдняга веку, бо ў самы яго разгар нечаканая вастрыня фокусу ў поглядзе на сябе й астатніх можа каштаваць вам вашай крохкай і потна набытай псыхічнай раўнавагі, ажно да поўнай страты арыентацыі ў навакольнай прасторы. Спрабаваць зноўку нарадзіць самога сябе ў сорак – і пазнавата, і вельмі рызыкоўна: могуць памерці і дзіця, і сама парадзіха, пакінуўшы малое сіратой – у найгоршым выпадку абое. Але ж вядома, мацярынскі інстынкт – такая штука…
Калі казаць пра інстынкты, дык той, які валодае мною зараз – кшталту інстынкту слана або кіта, што з надыходам вызначанага часу кіруе паміраць на бясьпечнае ціхае месца, нярэдка нават у месца свайго нараджэньня (ну, ня будзем перабольшваць) – магчыма, патаемна спадзеючыся стаць у наступным жыцьці баабабам, бабуінам ці на крайняк проста бабай. Зрэшты, калі падумаць, Галяндыя і ёсьць месцам майго нараджэньня! – дакладней кажучы, месцам нараджэньня эўрапейца ўва мне. Так ужо сталася, што гэтая краіна (між іншым, краіна Вэрмэера! Рэмбрандта! Сьпінозы! Дэкарта! Комэнскага! Стэлінга! Вармэрдама! ня кажучы пра Ван Гогаў і Мандрыянаў! канец канцоў, сталае месца пражываньня Грынэўэя! – гэтага мала?) была маёй першай любоўю, першай наведанай мною сапраўды замежнай, несавецкай краінай, найстарэйшай «дачкой царквы», як сказаў адзін з папярэдніх Папаў пра Францыю… Цяпер той самы эўрапеец-ува-мне едзе туды аддаваць богу душу. Якому богу? Няважна. Любому. Едзе, так бы мовіць, завяршыць гештальт, як любяць казаць інтэлектуалы з народа, асабліва з нашага. Ну і яшчэ ён туды едзе дзякуючы таму, што ў іншае месца, напрыклад у тую ж улюбёную Францыю або Італію, трапіць у яго ня выйшла.