Читать книгу Завяршыць гештальт - Макс Шчур - Страница 13
12
Оглавление– Як так, што вы дагэтуль яшчэ не жанаты? – удавана дзівіцца галяндзкая пара, хаця ў душы выдатна разумее, што для такога ўломка як я знайсьці сабе пару ў гэтым сьвеце практычна немагчыма. Вось і абламіцеся: была ў мяне жонка, кажу, прычым нават з вашай славутай Заходняй Эўропы, але своечасова ўцякла, цяпер гадуе дзяцей з новым мужам. У галяндцаў папросту адлягае ад сэрца: яны невыказна радыя за маю былую жонку й ейных дзяцей! Застаецца яшчэ папярэдзіць пра мой прыезд усіх знаёмых і незнаёмых галяндзкіх дзяўчат. Але з выгляду абое мне нібы спачуваюць: што ж, у такім разе, маўляў, ажаніцца – ідэя добрая, хаця двух тыдняў часу на гэта яўна малавата. Шкада, наагул, што вы не зрабілі гэтага раней, перш чым зарэгістраваліся на Дамбартэры: нашым чальцам рэкамэндуецца дзеля большай ступені інтэграванасьці ў праект мець калі не дзяцей, то прынамсі жонку або партнэра, у нас няма дыскрымінацыі (гэта яны намякаюць, што ў Галяндыі мне прасьцей будзе знайсьці сабе мужыка), гэтак вашыя шансы зацікавіць астатніх сваім домам значна ўзрастуць, бо ня хата, вядома, красіць чалавека, а чалавек фарбуе хату – з нашай хатай, аднак, апроч прыборкі нічога рабіць ня трэба, яна ідэальная сама па сабе, галоўнае – па ад’езьдзе пакіньце ўсё такім, якім знойдзеце адразу па прыбыцьці, гэта так званае Залатое Правіла Дамбартэру. Маўляў, каб і духу вашага – асабліва калі вы курэц – там не было.
Галава сям’і ў часе жончынага маналёгу збольшага маўчыць, усьміхаецца й гуляецца з маімі ключамі – нейкі цік, ці што – і наагул, увасабляе ў гэтай пары добрага сьледчага.
– Дарэчы, наконт ключоў… – насьмельваюся ўставіць я, заварожаны вынаходлівасьцю ягоных пальцаў, але мяне тут жа перабівае гаспадыня:
– Так, наконт ключоў! Ледзь не забылася! Што нам рабіць пасьля ад’езду з вашымі ключамі? Укінуць іх у паштовую скрыню?
– Паштовая скрыня, на жаль, не мая… – чырванеючы ад сораму, прызнаюся я, быццам мяне за штосьці адключылі нават ад гэтай найпрасьцейшай вымогі цывілізацыі.
– Што значыць – ня вашая?
Ну вось, яшчэ адна нетыповая праблема! У гэтых чэхаў усё не як у людзей! Ніякіх правілаў, адны выключэньні! пошту?
– Што ёю карыстаецца гаспадар кватэры…
– Добра, а на які тады адрас ВЫ атрымліваеце.
– Дагэтуль… То бок, на працоўны.
– Ну што ж, калі так, мы па вяртаньні дашлем вам ключы поштаю на працоўны адрас.
– Лепш будзе зрабіць гэта яшчэ тут, перад ад’ездам, – уступае ў гутарку мужчына. – Так таньней выйдзе.
– А можа мы проста перадамо іх камусьці з вашых сяброў? Сваякоў? Знаёмых? – выпытвае галяндка, зноў рытарычна.
– Не-не, лепей ужо поштай…
– Усё-ткі асабісты кантакт нашмат больш надзейны, – зацемлівае галяндзец. – А то памятаеш, Марыя, як было ў восемдзесят трэцім…