Читать книгу Завяршыць гештальт - Макс Шчур - Страница 9
8
ОглавлениеЯшчэ адна несумненная прыкмета старэньня – гэта калі вы нечакана для сябе пачынаеце шчыра цікавіцца надвор’ем. Лухта, што размовы пра надвор’е вядуцца з чыстай ветлівасьці: уласна, цікавіцца надвор’ем азначае цікавіцца здароўем. Але, так бы мовіць, ня толькі індывідуальным, якое ўсё болей пачынае вас даставаць, а ўсеагульным – здароўем папуляцыі, у крайніх выпадках – усіх сямі ці колькіх там мільярдаў братоў па біялягічным кшталце. То бок размова пра надвор’е ёсьць ускосным сьведчаньнем вашай раптоўнай схільнасьці да гуманізму, які наагул свомы людзям старэйшага веку – тым, хто сыходзіць, з сумам пакідаючы на гэтай плянэце тых самых сем мільярдаў гуманоідаў (ведама ж, не даляраў!), і хто гэтым сямі мільярдам не абыходзіць ніякім бокам. Вось калі б вы, сыходзячы, пакідалі на плянэце сем мільярдаў баксаў, па адным на брата па біялягічным кшталце, то кшталт надзвычай зацікавіўся б фактам вашага сыходу, і перадусім вашай спадчынай (усё той жа матэрыяльнай – а іншай і не бывае). Тады, як у кожнай сумленнай сям’і, было б узьнятае глябальнае пытаньне, каму і колькі з гэтае спадчыны павінна перапасьці. А так ваш запозьнены клопат пра здароўе чалавецтва (калі браць шырэй – самой плянэты) практычна ня мае шансаў на ўзаемнасьць. Тое ж самае з геапалітыкай: і яна ёсьць улюбёным каньком прыстарэлых, бо ім (то бок вам) ужо ня служаць, як раней, уласныя ногі, таму вы на яго й падселі, спадзеючыся, што ён падкіне вас раней за іншых у будучыню, якая ў прынцыпе тычыцца вас асабіста ўсё меней.
У новым (добрых пятнаццаць гадоў як) тысячагодзьдзі адбылося маленькае дзіва, і геапалітычныя праблемы нейкім чынам трапілі ўва ўнісон з кліматычнымі (што ўжо само па сабе можа быць прыкметай блізкай катастрофы): калі раней, у маёй маладосьці, усясьветнае супрацьстаяньне адбывалася яшчэ паводле восі Ўсход-Захад, то ў сучаснасьці геапалітыка вызначаецца перадусім супрацьстаяньнем між Поўначчу й Поўднем. Кажучы дакладней, гэтае супрацьстаяньне ўсяго толькі ўзнавілася, з той розьніцай, што цяпер ня Поўнач задае тон і пытля Поўдню, як цягам папярэдняй тысячы гадоў, а Поўдзень пераходзіць у наступ на Поўнач. Маіх юных спадарожнікаў-балбатрансераў, закаханых у сьпёчную Гішпанію і заклапочаных уцекачамі, відавочна хвалюе ў гэтым наступе акурат палітычна-дэмаграфічны аспэкт, тым часам як мяне ў маім веку ўжо перадусім кліматычны. Штогод я на ўласнае скуры ўсё больш востра адчуваю набліжэньне Вялікага Поўдня ў выглядзе так званага глябальнага пацяпленьня: рэч у тым, што калі вонкавая тэмпэратура выроўніваецца з тэмпэратурай цела, то пачынаеш нібы распускацца ў вакольным асяродзьдзі, як той казаў, зьліваесься з краявідам. Вось жа акурат у гэтым зьліцьці і палягае для многіх сакрэт сапраўднага шчасьця, таму бальшыня эўрапейцаў пасьля пяцідзесяці імкнецца на Поўдзень зь няўтрымнасьцю пералётных птушак. На жаль, на працягу жыцьця я выхаваў у сабе любоў да кантрастаў, і тады як сам зусім ня супраць трымаць ногі ў цяпле, то галаву з мазгамі адначасова пажадаў бы засунуць калі ўжо не ў маразілку, дык прынамсі пад які дожджык ці ветрык. І першае, і другое на Поўдні рэдкасьць, у чым я даўным-даўно пераканаўся яшчэ ў Паўночнай (!) Італіі – пасьля чаго ніжэй за яе геаграфічную шырату ніколі ўжо не апускаўся. Такая пазыцыя ёсьць, безумоўна, выразна эгаістычнай і ў чымсьці нават элітысцкай, але што ўжо зробіш, калі гэтую кліматычную дыету мне дыктуе само маё цела з усімі яго магутнымі інстынктамі, якому я за гады так і не навучыўся загадваць. У якасьці апошняга доваду супраць маіх ідэалістычных памкненьняў яно традыцыйна прыводзіць мне адзін зацёрты, абрыдлы да аскомы, але праз гэта ня менш дзейны валюнтарысцкі аргумэнт: зубны боль. Вядома, я сам міжволі паспрыяў такому становішчу сваім зацята нездаровым ладам жыцьця (анархія матка ладу!) – той жа «лад» у свой час ужо паспрыяў маёй эміграцыі з Усходу на Захад. Ну што тут зробіш, калі сьвет – толькі воля і ўява, і другая ніяк ня можа даць рады першай; у народзе гэта, па-мойму, называецца лёсам.
Праз усё гэта, калі сёлета з надыходам сьпёкі каля шасьцідзесяці мільёнаў мігрантаў па ўсёй плянэце крокам рушылі зь ейных гарачых кропак у напрамку сьветлай будучыні, па традыцыі сымбалізаванай Аўрораю, толькі на гэты раз Барэаліс, і я ўрэшце наважыўся ўкінуць свае тры грошы ў капілку сучаснага перасяленьня народаў, сам зрабіўшыся ўцекачом з Поўдня й ад Поўдня: куды ўсе, туды і я. Калі раней мне давялося прасіць палітычнага прытулку на Захадзе, то цяпер, пры новым глябальным раскладзе, я з задавальненьнем папрасіў бы прытулку ўжо кліматычнага (чаму яго дагэтуль яшчэ не прыдумалі?) у любой паўночнай краіне ля якога-заўгодна халоднага мора. Так і так, маўляў, я ня згодны з прыроднымі ўмовамі ў месцы свайго нараджэньня (ну добра, хай сталага пражываньня), несупынна ад іх пакутую, і наагул, у мяне настае духоўны клімакс, таму прашу даць мне азіл з гуманітарных падстаў. Як гэта «немагчыма»? Выключна – палітычны ці эканамічны? Але ж глябальнае пацяпленьне ёсьць акурат вынікам палітэканамічнай жыцьцядзейнасьці ўсіх сямі (ці мо, пакуль вы чыталі да гэтага месца, ужо васьмі?) мільярдаў маіх суплянэтнікаў, што, падазраю, уступілі супраць мяне ў змову з мэтаю зжыць са сьвету! – спытайцеся хоць бы ў Папы рымскага, ён пацьвердзіць! Я толькі дзіўлюся, што Папа рымскі разам з захадамі супраць глябальнага пацяпленьня прапаноўвае захады менавіта па ахове Жыцьця, такія як забарону абортаў і масавае паленьне прэзэрватываў, замест таго, каб іх лепей прарэклямаваць: сямі мільярдаў жыцьцядзеячаў, зь якіх адно сёмая частка ёсьць ягонымі непасрэднымі падначаленымі, яму яўна малавата. Дзіўна, што ўсе гэтак пераймаюцца капіталістычнай перавытворчасьцю рэчаў і ніхто асабліва ня дбае пра перавытворчасьць людзей, калі ўжыць тэрмін аднаго сучаснага анархісцкага тэарэтыка. Я дык, у адрозьненьне ад Папы, лічу, што парніковы эфэкт зьвязаны з жыцьцядзейнасьцю гэтак жа, як хвароба сэрца з атлусьценьнем ці алькагалізмам, і кожнаму, хто апынаецца ў падобнай небясьпецы (як напрыклад мне), параілі б ад пэўных неўтаймаваных звычак адмовіцца – іначай усякае лекаваньне будзе марнаваньнем часу. Тым часам добры доктар тэалёгіі Айбаліт Францішак Першы, наадварот, заклікае хворае чалавецтва нарошчваць цялесную масу сала далей, толькі крышку пры гэтым заняцца спортам. Вядома ж, Папа хоць і сьвяты, але ня дурань, каб забіраць у чалавецтва яго ўлюбёны наркотык, які выклікае масавыя галюцынацыі неўміручасьці лепей за ягоны опіюм – Размножаньне! Вось што справакавала б сапраўдную рэвалюцыю! А так – калі нават Сам-Пан меў сына… Every sperm is sacred! Дарма што ад гэтага наркотыку псыхіка дый фізуха ў гэтай асобна ўзятай плянэты ўжо ў поўнай дупе – за ахову Працы, за ахову Сям’і! Заняць рукі й прычындаліі! Кожнаму паводле патрэбы! Рай Зямны блізка, як ніколі! Баюся, аднак, што насамрэч як ніколі блізка акурат рай нябесны, або зямное пекла, хто ўжо ў што верыць – але я ж ня Папа, канец канцоў, і пагатоў нават ня тата, каб вы слухалі мае энцыклікі, таму – праехалі.