Читать книгу Завяршыць гештальт - Макс Шчур - Страница 12
11
ОглавлениеІ ўсё-ткі сапраўды, зь якой ласкі, калі не лічыць Дамбартэру, я еду менавіта ў Галяндыю? Не, я зусім ня думаю, што кагосьці насамрэч цікавіць адказ на гэтае пытаньне – лічыце, што я проста шпіён, якому ніколі не зашкодзіць лішні раз паўтарыць сваю асабістую «легенду». На жаль, яна досыць доўгая, таму пачаць будзе лепей ужо зараз – аднекуль з дагістарычных часоў, калі мне было ажно на дваццаць гадоў меней, чым сёньня.
Гэтых самых дваццаць гадоў таму над усёй зямной куляй панавала цемра мінулага тысячагодзьдзя, дадаткова азмрочанага бясконцымі войнамі, эпідэміямі, кампутарным і сэксуальным невуцтвам. Інтэрнэтам карысталіся ў асноўным толькі ў Пэнтагоне, мабільнымі тэлефонамі толькі ў кіно, а Мазафакербэрг наагул яшчэ хадзіў у школу. Ніводны дрон не ахоўваў мірны сон нейкіх там няшчасных пяці мільярдаў насельніцтва. Ані Вікіпэдыя, ані Цвынтар да часу не азаралі сваім зіхценьнем людзкія душы. Тыя, хто хацеў даведацца праўды, вымушаныя былі сьляпіць вочы пры начных лямпадах над папяровымі кнігамі, у дадатак псуючы страўнікі неэкалягічнымі бутэрбродамі. Замест таго, каб спакойна зарабляць грошы ў сеціве ці на біржы, людзі мусілі хадзіць на працу. Узяць іпатэку было далёка ня так проста, як пазьней. Ні прагрэсіўны Іран, ні ціхмяная Паўночная Карэя яшчэ ня мелі атамнай зброі.
У Нью-Ёрку стаялі «блізьняты», у Багдадзе сядзеў Садам, у Трыпалі ўзьлягаў Кадафі, а ў Вашынгтоне хлус Клінтан пад працоўным сталом цішком даваў у рот беднай Моніцы. Ісламская дзяржава яшчэ была не абвясьціла заранкі новага сьвету. Крыважэрны Мілошавіч бамбіў Югаславію. Крым пакутаваў пад абцасам украінскага бота, а вызвольныя расейскія войскі сьціпла туліліся на базе ў Севастопалі й толькі пэрыядычна выяжджалі трэніравацца ў Чачню. Малады асілак Пуцін яшчэ толькі станавіўся на ўласныя ногі ў чарзе па ін’екцыю ботакса. Лэдзі Гага яшчэ была ня выдала ніводнага альбому, таму мэляманы былі вымушаныя задавольвацца ўсякімі Бьёркамі й Пі Джэй Гарвэямі. Сам Курт Кабэйн застрэліўся, ня вытрымаўшы ціску той жудаснай эпохі, чым асіраціў заўчасна цэлае пакаленьне – але гэта было, нагадаю, дзесьці ў ЗША.
Што да такой адсталай часткі плянэты як Эўразьвяз, то там наагул панаваў суцэльны кашмар, разлад і карупцыя. Лісабонская хартыя вольнасьцяў не была яшчэ ні напісанай, ні падпісанай, ні ратыфікаванай – ня кажучы пра дамову ТТІР. Атамныя электрастанцыі ўзвышаліся па-над краявідам, як непрыступныя замкі злыдняў-фэадалаў. Эўропа задыхалася ад смогу, тытунёвага й канаплянага дыму. Выкліканыя гэтымі выпарэньнямі галюцынацыі спараджалі ў мазгох эўрапейцаў небясьпечныя ілюзіі пра эканамічную супрацу, бесканфліктнае суіснаваньне, пашырэньне ўласнай дэмакратычнай гегемоніі й лебэнсраўму на ўсход – адначасова зьнішчаючы іхныя шэрыя клеткі разам зь некаторай вельмі цэннай інфармацыяй: гэтак, прыкладам, па ўкурцы яны на нейкі час зусім забыліся пра існаваньне Расеі! У дадатак да ўсяго, з асобных краінаў-нягодніц – такіх, як таталітарная Беларусь – можна было ўварвацца ў Эўропу калі-заўгодна, прычым без усякай турыстычнай візы ці карты паляка. Гэтым карысталіся такія небясьпечныя прайдзісьветы як я, каб зваліць за мяжу й паразітаваць на карку ўсебакова недаразьвітага заходняга грамадзтва, паглыбляючы й бязь мяне ўжо невыносны крызіс.
Дваццаць гадоў таму, калі мне самому было дваццаць, я, ураджэнец палеска-падляскага памежжа, упершыню ехаў на так званы Захад, замест шчыта ўзброены сшыткам, які мне хтосьці незадоўга да таго падараваў – нібы ведаў, што мне патрэбна дзеля падтрыманьня баявога духу, залуналага тады ў аблоках пэрманэнтнай юначай дэпрэсіі. На вокладцы сшытку была выяўленая мапа – ды што мапа, папросту карціна! – Эўропы, якою тая паўстае з вышыні палёту касьмічнага спадарожніка або міжкантынэнтальнай ракеты. Маўляў, не згубіся ў вялікім сьвеце, хлопча! – хаця дарог, межаў і нават гарадоў пазначана не было, спрэс зелень, горы й вада, як у зямным Раі; над мапаю – зорачкі Эўразьвязу й буйнымі літарамі надпіс: «Джэнэрэйшн Юрап». Агулам выява досыць падобная паводле стылю да вядомай застаўкі кінакампаніі «Юнівэрсал Пікчэрз» – як шмат усяго яна штораз абяцае гледачу на самым пачатку фільма! Дык вось, гэтаму клятаму сшытку (што выглядаў рыхтык як невялікага памеру кніга, старонак у трыста), канец канцоў, я і «абавязаны» ня толькі тым, што жыву «на Захадзе», але й тым, што з часам ператварыўся ў графамана. Менавіта ў ім я пачаў занатоўваць усякую лухту: спачатку толькі карысныя факты, адрасы, каардынаты, тэлефоны, асобныя падзеі, даты, гадзіны; пасьля – цытаты, афарызмы, сэнтэнцыі, максімы, а ўрэшце, даруй божа, уласныя думкі, уражаньні і нават – сорамна сказаць – вершы! На іх мяне неяк прабіла адразу ж пасьля вяртаньня зь Юрапу на радзіму. Як толькі сшытак закончыўся (на што мне спатрэбілася каля году – роўна столькі, колькі нашым айчынным спэцслужбам, каб адшукаць яго аўтара), у мяне настаў такі глыбокі душэўны крызіс, што ўратаваць мяне ад яго магла адна эміграцыя – мне карцела зьехаць ужо дзеля таго, каб набыць сабе яшчэ адзін такі самы сшытак, пакуль іх там не перасталі выпускаць (перасталі). Цяпер ужо і ня ведаю, ці не спаліў я яго празь нейкі час па п’яні, ці мо проста выкінуў – у кожным разе, я даўно яго ня бачыў і не шукаў. Калі б цяпер ён трапіўся мне ў рукі, то першае, што я б зрабіў – гэта прыпісаў бы да слова «Джэнэрэйшн» яшчэ «Дэ», зрабіўшы з генэрацыі дэгенэрацыю: атрымалася б кніга, ня горшая за тую папярэднюю, хай сабе з тым жа зьместам. Хіба што нашмат больш праўдзівая.
Як ні сьмешна й ні ганебна прызнавацца ў гэтым у маім веку, на той замацанай мапе-вокладцы загадзя й цалкам зьмяшчалася тэрыторыя, на якой я правёў наступныя (то бок мінулыя) дваццаць гадоў жыцьця. Папярэднія дваццаць гадоў зьмяшчаліся на школьнай мапе эўрапейскай, зноў-такі, часткі былога СССР – але там слова «эўрапейская» было толькі геаграфічным (затое дакладным) поймам. А вось на сшытку слова «Эўропа», ды яшчэ ў суправаджэньні слова «Джэнэрэйшн» з усімі яго канатацыямі, ад джэндэру да генія, азначала для мяне, вядома, нашмат болей: уласна кажучы, азначала ўсё. Я глядзеў у гэты сшытак, выбачайце за безгустоўнасьць, нібыта ў люстэрка сваёй душы – бадай, гэтак жа, як калісьці ў мапу сваёй сьціплай постсавецкай краіны. Эўрапейскі краявід здаваўся мне найпрыгажэйшым за ўсё бачанае мною ў сьвеце, моц мастацтва выцесьніла з майго ўяўленьня рэальнасьць. Каму з нас не карцела трапіць ува ўлюбёную карціну? На той бок люстэрка? (Маладосьці ўласьціва думаць у першую чаргу пра эстэтыку, на этыку маладосьць забівае чэлес.) І хто мог ведаць, што карціна, у якую я так імкнуўся трапіць, ператворыцца для мяне з краявіду ў нацюрморт?
Цяпер ужо можна прызнацца ў тым, што я, зьехаўшы з краіны ў якасьці першай ластаўкі так званай менскай вясны (мастадонты адляцелі крыху раней), учыніў фальстарт і аказаўся, на жаль, ня гонарам і сумленьнем, а сарамаценьнем свайго «пакаленьня Ю», найлепшыя прадстаўнікі якога досыць хутка мяне дагналі й перагналі. Неўзабаве яны ўжо апавядалі мне пра кубінскія басэйны, бразыльскія фавэлы, кітайскія прысмакі, мэксыканскія піраміды, балівійскія наркотыкі, тайляндзкіх шлёндраў, аўстралійскіх кенгуру, усурыйскіх тыграў – адным словам, пра ўсё тое, што для маладзейшых за нас ужо стала знаёмым да болю й ванітаў. Але цымус нават ня ў тым, што ў Юрапе я, так і не знайшоўшы дому, канчаткова стаў даматурам. Мой асабісты сорам перад аднагодкамі палягае перадусім у тым, што за дваццаць гадоў я ня толькі не зрабіў у межах Эўропы ніякіх (ні геаграфічных, ні графаманіякальных) адкрыцьцяў, але й ня здолеў прыдумаць сабе лепшай шпіёнскай легенды, і толькі цяпер пачынаю разумець, якім глупствам было зьвязаць свой лёс з гэтаю настолькі нецікаваю часткай сьвету. Але тут як у шлюбе: для таго, каб яго разарваць, патрэбныя нейкія больш важкія прычыны за простую адсутнасьць першапачатковай закаханасьці – ну там, скажам, прынамсі здрада – і нават у гэтым выпадку ня кожная рагатая дзьвюхногая скаціна рызыкне пайсьці на развод, баючыся непрадказальных, перадусім матэрыяльных наступстваў. І ўсё-ткі менавіта ў сярэднім веку найбольш распадаюцца старыя сем’і й заводзяцца новыя. Лічба сорак, што заўжды палохала мяне як сымбаль вайны і сьмерці, ёсьць папросту, відаць, магутнейшай, чым я думаў.