Читать книгу Завяршыць гештальт - Макс Шчур - Страница 8

7

Оглавление

Я ведаў, што абраньне за мэту заходняй краіны, і асабліва Галяндыі – не каб зьезьдзіць разьняволіцца ў былую Югаславію, Польшчу, Прыбалтыку ці Славаччыну, але ж гуляць дык гуляць! – пагражае непазьбежнай растратай усіх маіх прэміяльных за звальненьне, якую я ўсё-ткі хацеў адкласьці на як мага пазьнейшы час, таму ад пачатку пастанавіў эканоміць на ўсім, на чым льга і нельга, і на самой дарозе – у першую чаргу. Практычны розум падказваў мне, што найтаньнейшы спосаб вандровак – аўтастоп, аднак практычны досьвед (як мой, так маіх знаёмых) кідаўся гэтай ідэі пад ногі з імпэтам Тадэвуша Рэйтана. Цяжка было не пагадзіцца: калі вы не анэкдатычная бляндынка, якая ў трыццаць гадоў лічыць сябе безнадзейна старой і брыдкай, а наадварот, анэкдатычны саракагадовы сівабрунэт, які лічыць сябе зноўнароджаным тынэйджэрам, то падабраць вас на шашы могуць хіба такія ж дурні, як вы. Гэта як з грыбамі: ёсьць ладныя баравічкі, а ёсьць спарахнелыя сыраежкі, якіх у самы разгар сэзону знаўцы браць ня будуць нават зь літасьці, на іх у кузаве папросту ўжо месца няма.

Мяркуйце самі: адзін мой добры беларускі знаёмец меў яшчэ са студэнцкіх часоў звычку ганяць штогод аўтастопам праз усю Эўропу ў тую ж самую казачную Гішпанію, зямлю намазанага мёдам гашыша й малака, пэрыядычна спыняючыся па дарозе ў Празе. Гады два таму ён неяк падазрона доўга ў мяне затрымаўся – калі я пачаў яму намякаць, што рыба ўжо сьмярдзіць і бухаць я болей не магу, мой госьць прызнаўся, што ехаць далей у яго нешта няма ніякай асаблівай ахвоты, бо зь векам яму ўсё цяжэй кадрыць кіроўцаў (мэтафарычна кажучы, не падумайце лішняга), пагатоў выслухваць іхныя сто разоў чутыя байкі й апавядаць абрыдлыя ўласныя, што называецца, падтрымліваць размову, тым часам як насамрэч ужо карціць і самому памаўчаць, і таварыша папрасіць заткнуцца. Гэта было для мяне адкрыцьцём: то бок нават самыя экстравэртыўныя тыпы зь векам робяцца інтравэртамі, і на людзкую прысутнасьць у іх узьнікае штосьці накшталт алергіі! – мне асабіста ў такой сытуацыі пагражаў бы самае меншае эпілептычны прыпадак. Знаёмец тады, аддамо яму належнае, пераламіў сябе і ўсё-ткі рушыў далей на захад, але ўжо празь дзень вярнуўся ў пацьверджаньне сваіх словаў назад ледзь не са сьлязьмі ўваччу: не магу, дружа, канец, наезьдзіўся, стары стаў, налівай. Герой аўтастопу ў ім памёр недзе пад Рэгенсбургам. Што ўжо тады казаць пра мяне, які ніколі ня быў героем ні аўтастопу, ні чаго-небудзь іншага? Такія, як выглядала, асуджаныя лёсам вандраваць або на ровары (найчасьцей трэнажорным), або прадугледжаным для іх цывілізацыяй спосабам: аўтобусамі й цягнікамі (ад самалётаў я, як негерой, адмовіўся быў адразу пасьля адзінаццатага верасьня, калі не раней). Але ж на цывілізацыі, вядома, асабліва не зэканоміш, цывілізацыя сама прывыкла эканоміць на вас. То бок хочаш ня хочаш, а выкласьці грошыкі давядзецца – уява, што значна падразала крылы майго ўяўленьня.

Зрэшты, чаму ж, ёсьць яшчэ, кажуць, іншы варыянт: калі вы дастаткова малады й бяз комплексаў, вы можаце абвясьціць на інтэрнэце збор сродкаў сабе на дарогу, узяць заплечнік і пляншэт ды выправіцца самае меншае ў кругасьветнае падарожжа, каб даказаць сабе і астатнім, наколькі вы рэальна круты. Па дарозе, у якасьці падзякі сваім віртуальным спонсарам, вы можаце весьці штосьці накшталт дзёньніку – няважна, дзе: у галаве, сшытку, лепш адразу ў інтэрнэце – нічога такога, што хацелася б утаіць ад астатніх, ні ў вашай галаве, ні ў вашым навакольлі не адбываецца. У дзёньніку вы будзеце пісаць прыблізна пра тое, што ўсё раней прачытанае й бачанае вамі ў сеціве адпавядае рэчаіснасьці – хіба не адкрыцьцё? Не забудзьце, вядома, паказаць сябе сапраўдным патрыётам: гэта значыць, абыходзіцца з абарыгенамі як зь дзікунамі ўжо таму, што яны ніколі ня чулі пра вашую краіну. А вы ж маеце як мінімум адну надзвычайную падставу ёю ганарыцца: гэтая краіна плодзіць такіх герояў як вы! Дасьць бог, вам пашанцуе, і дзікуны не зьядуць вас за гэтае стаўленьне, ані за вашую модную кепку, гіпстэрскі выгляд, гіпэртрафіраваную схільнасьць да сэлфі і бязмэтнае глоўбдрочэрства – усім гэтым, вядома, вы выстаўляеце сябе немалой рызыцы: дзікуны ж, у адрозьненьне ад вас, не правялі некалькі гадоў у падарожжах і праз гэта а прыёры ня могуць раўняцца з вамі (як-ніяк, сучасным Магелянам) у цывілізацыйным узроўні і кругаглядзе, таму асьцярожней зь імі. Галоўнае – не затрымлівайцеся нідзе больш як на пару дзён, іначай вам там божа барані могуць знайсьці якую працу. Аднак памятайце, што вашая праца, ваш фул-тайм-джоб – гэта быць самім сабой, вы ж ня проста так зьехалі, вы шукаеце «сам сябе» – то бок тую мэдыйную зорку ў сабе, у якую ператворыцеся па вяртаньні, ну хай ня ў зорку, а проста ў знакамітасьць, самае меншае – у сымбаль свайго пакаленьня мамчыных сынкоў і дачушак роднай бацькаўшчыны, што гераічна адмаўляюцца ад хатняга камфорту дзеля таго, каб умацаваць камфорт ува ўласных галовах, ад якога не адмовяцца ніколі.

Ані гэты варыянт з кодавай назвай «творчая камандзіроўка» мне не пасаваў: знайсьці ў інтэрнэце спонсараў для мяне яшчэ цяжэй, чым спыніць «запарожац», дый пісаць рэгулярныя справаздачы для фсб, як я называю адну сацыяльную сетку, я ня ўмею. Аднак інтэрнэт нездарма ёсьць штучным мозгам чалавецтва: у асобных ягоных кутках, як я пераканаўся ў выпадку з Дамбартэрам, можна нарвацца на самую нечаканую й часам вельмі карысную інфармацыю. Гэтак, калупаючыся наўдачу курсорам у нейкіх нямецкамоўных сайтах, я і натрапіў на Балбатранс. Пэўны час у мяне сышоў на тое, каб расшыфраваць нямецкія надпісы і ўцяміць, якім чынам дарога ці не праз усю Эўропу на машыне можа наяве, а ня ў сьне каштаваць у два-тры разы таньней, чым дарога на аўтобусе, пра цягнік ня кажучы. Да мяне ніяк не даходзіла, што з гэтага мае кіроўца – аказалася, яму хапае, калі вы заплаціце яму за бэнзін, прычым у складчыну зь іншымі пасажырамі, а рэшту выдаткаў кампэнсуеце сваёй высакароднай ахвотай скласьці яму (і астатнім складнікам) кампанію. Пра такое самарытанства я чытаў апошні раз толькі ў перакладзе Сёмухі. У выніку сапраўды атрымлівалася штосьці сярэдняе між аўтастопам і таксі – з той розьніцай, што маршрут і час адпраўленьня (выгада ў параўнаньні са стопам) загадзя жалезна дамоўленыя, і што каштаваць вам гэта (у параўнаньні з таксі) будзе лічаныя эўра. Дастаткова зарэгістравацца на сайце Балбатранс. ком – і ўэлкам ін клаб. Што я на хвалі сваёй дагэтуль нечуванай, папросту панічнай рашучасьці, большай за ўсякі панічны страх, і зрабіў у той жа вечар.

Завяршыць гештальт

Подняться наверх