Читать книгу Завяршыць гештальт - Макс Шчур - Страница 14
13
ОглавлениеМой новы кіроўца – чыстае ўвасабленьне так званага «пірата аўтабанаў», у дзяцінстве ён, верагодна, марыў быць гоншчыкам і цяпер сваю мару ажыцьцявіў, для яго існуе толькі левая паласа, на якой у Нямеччыне тэарэтычна няма абмежаваньняў хуткасьці – тэарэтычна, бо ці ня кожныя дзесяць кілямэтраў адбываюцца нейкія рамонтныя працы, лепшага часу за лета, восень, зіму або вясну для якіх няма, што выклікае ў гэтага аматара фільмаў пра «Таксі» нямецкамоўныя й англамоўныя выбухі эмоцый, а ў мяне – прынамсі часовую палёгку. Да таго ж, кіроўца яшчэ й сьпяшаецца ў Мангайм у сувязі з сваім бізнэсам, што дадаткова зьмяншае шансы нашага выжываньня – ну, прынамсі, мне ясна, чаму я еду зь ім адзін: працэнт самагубцаў сярод балбатрансераў невялікі. Пры гэтым ён, на злосьць усім вялізным папераджальным білбардам удоўж аўтабана, пазірае на дарогу толькі, так бы мовіць, адным шкельцам сонечных акуляраў, а другое цалкам пазычае для самаразгляду мне, свайму дарагому госьцю, якога гаспадар машыны нібыта павінен яшчэ й забаўляць, а не наадварот, як баяўся я.
У першыя ж хвіліны я даведваюся, што Ахмэд – паходжаньнем з Тунісу, але ўжо гадоў з адзінаццаці жыве ў Нямеччыне, у суме даўжэй чым я ў Чэхіі, за што кожны дзень дзякуе сваім прагрэсіўным бацькам, прадстаўнікам тамтэйшай тэхнічнай інтэлігенцыі, якія своечасова знайшлі тут працу і зьехалі яшчэ да ўсякіх арабскіх вёснаў. Цяпер у яго бізнэс па ўсёй Эўропе, фірма ў Славаччыне, фірма ў Польшчы, пра Нямеччыну ня кажучы, дзяцей няма, бо ажаніцца ён заўжды пасьпее, і ня раз, а па адукацыі ён юрыст. Каб не апавядаць у адказ пра сябе, пытаюся ў яго, ці езьдзіць ён калі-некалі ў Туніс – кажа, цяпер не, але раней езьдзіў, да бабці зь дзедам, файная краіна, дай ёй Алах шчасьця, потым бабцю (дзядуля памёр) бацькі перавезьлі ў Нюрнбэрг, дзе ўсе і жывуць, толькі ён асобна – з Прагі блізка, магу ў любы момант завітаць у госьці і сам зацаніць, што такое сямейны клан па-туніску. Такое адчуваньне, што ён сапраўды ня ведае, як мне аддзячыць за маё таварыства. Прага, дарэчы – клёвы горад, Ахмэд быў у ім сто разоў, дзядзька там вучыўся на інжынэра яшчэ за сацыялізмам, нечувана ўсё зьмянілася пасьля рэвалюцыі, натуральна ў лепшы бок, але ён ужо прывык да Нямеччыны, ні на што ня скардзіцца, тут неяк лацьвей, мову ведае як родную, а чэская – ну нейкая зусім незразумелая й немілагучная, хай я ўжо не крыўдую. У нейкі момант мяне ад сумарнай вэктарнай хуткасьці ягонай язды й артыкуляцыі бярэ паніка: на якую супольную тэму мне як мінімум гадзіну гаварыць з гэтым пасьпяховым і аптымістычным маладым чалавекам, поўнай маёй супрацьлегласьцю?
Нічога лепшага, як працягнуць гутарку з папярэдняй машыны, я не прыдумляю: маўляў, ці шмат ягоных суайчыньнікаў уцякае цяпер у Эўропу ў ліку астатніх? Гэта ж чысты жах, кажу, што робіцца ў той жа Італіі, той жа Грэцыі, людзі гінуць дзясяткамі й сотнямі, Эўропа да іх ставіцца, як тая Швэцыя да гэбраяў у часе другой усясьветнай, і наагул, няма нічога горшага, чым жыць у няпэўнасьці, па сабе ведаю… Паводле раптоўна сур’ёзнага, амаль трагічнага выразу Ахмэдавага твару я разумею, што ў выбары тэмы не памыліўся, чакаю ягонай рэакцыі, але ён неяк вагаецца з адказам, – я ўжо зьбіраюся далей весьці свой гуманітарны рэй, як тут ён выдае нешта ў тым сэнсе, што найлепей, вядома, было б усіх гэтых так званых уцекачоў, асабліва чорных, пастраляць, але паколькі сярод іх ёсьць і тунісійцы, то ладна ўжо, вярнуць на радзіму, у Эўропе, маўляў, і бязь іх цяпер праблем хапае, а яны тут толькі бардак разьвядуць, мы самі ўжо падаткі на сацдзяржаву плаціць закалупаліся, у маладзейшых і так працы няма, а зь імі зусім ня будзе, нават у нас, пазаймаюць нашыя месцы, яны ж зайздросьцяць ня столькі вам, белым шайтанам, колькі ў першую чаргу нам, тутэйшым тунісійцам, – а калі не пазаймаюць, то ўсякія казлы барадатыя пачнуць іх масава вэрбаваць у гэтую сваю калічную ІДЫЛію, як нядаўна самога Ахмэда праз фсб – ну, ён іх вядома паслаў нахуй на чыстай арабскай, але асадачак застаўся, – хачу, карацей, каб мае дзеці жылі ў лібэральнай дэмакратычнай дзяржаве, у якую мае адукаваныя бацькі нездарма ўцяклі ад сваіх неадукаваных суайчыньнікаў, а не ў апгрэйдаванай вэрсіі сярэднявечча, іначай зноў куды-небудзь на старасьць гадоў эміграваць давядзецца, усё такое.
Вось табе й атрымай гашыст гранату! – нямецкі тунісіец Ахмэд нічым не адрозьніваецца ў сваіх поглядах на ўцякацкую праблему ад чэскага кіроўцы й патрыёта Вашка! – у абодвух яны аднолькава радыкальныя, прычым іронія ў тым, што Вашак у ліку астатніх перасяленцаў завочна ненавідзіць і Ахмэда, перадусім за колер ягонай скуры, хаця кажа, што нібыта за рэлігію – а ў сапраўднасьці, сустрэўшыся над куфлем піва ў цемрадзі кавярні для невідушчых (ёсьць такія), яны цудоўна б адзін аднаго зразумелі й выйшлі б на божае сьвятло ўвабдымку, пасьля чаго можаце ўявіць сабе сцэну з кіно, дзе герой з бадуна прачынаецца й бачыць побач у ложку свайго найлепшага сябра. Да таго ж яшчэ калегу па бізнэсе. Называецца, замачылі кантракт.
І што мне на гэта адказаць? Пераконваць тунісійца ў тым, што ягоныя суайчыньнікі ні ў чым ня горшыя за яго, мне неяк няёмка, я ў Тунісе ня быў нават па пуцёўцы, пагатоў яшчэ добра памятаю чырвона-зялёную масу – толькі зь сярпом замест ветаха – сваіх уласных суайчыньнікаў, сустрэць якую ў Эўропе з аркестрам яўна маральна не гатовы. Дый калі ў Тунісе ўсе такія гуманістыя, як Ахмэд – то, можа, ён сапраўды мае рацыю? (Выходзіць нешта падобнае да парадоксу хлуса, не?) На халеру мне асабіста ў Эўропе столькі людзей, якія будуць думаць толькі пра сябе? – іх тут і так хапае, зь мяне пачынаючы… Дзякуй богу, што Ахмэду ёсьць чым заняцца, таму ён у ІДЫЛію не паедзе – а калі б не было?
Але ж згода, ня трэба рабіць з Ахмэда нейкага монстра. Ахмэд – звычайны. Па-свойму нават сапраўды гуманіст у стылі фраера Барталямэ дэ Ляс Касаса, які быў, па сумяшчэньні, першым тэарэтыкам расізму. Наагул, ня варта задаваць звычайным людзям правакацыйных пытаньняў, кшталту пра адмену сьмяротнага пакараньня ці пра ратаваньне жыцьцяў іншых, што ў прынцыпе тое самае – заўжды ёсьць рызыка, што зь іх ад доўгага роздуму ўрэшце вылупяцца надзвычайныя скаты. Паспрабуйма ўсё-ткі глядзець на тое, што яны маюць прынамсі нейкае, нібыта нават уласнае меркаваньне, як на нечуваны гістарычны прагрэс, дасягненьне інфармацыйнага веку й перадусім як на здабытак дэмакратыі – абы толькі гэты здабытак ня стаў апошнім цьвіком у яе труне.