Читать книгу Завяршыць гештальт - Макс Шчур - Страница 5

4

Оглавление

Прызнаюся, што на працягу гадоў я недаацэньваў інтэрнэт як сродак фармаваньня жывой матэрыі ў нешта падобнае да цывілізацыі і бачыў у ім у лепшым выпадку электронны аналяг колішніх дымавых сыгналаў. Паводле маіх уяў, ён нагадваў гэткую вясковую дыскатэку, дзе пад дошкай аб’яў сельсавета зьбіраюцца па вечарах непаўналетнія хуліганы, каб слухануць музло, абмеркаваць настаўніц, памацаць дзевак, скінуцца на траіх, выклікаць адзін аднаго на разы, абасцаць плот ці напісаць на ім слова з трох літараў – праз усё гэта ў клюбе надта тхніць лайк тын сьпірыт. З часам, аднак, дзякуючы інвэстыцыям прыватнага капіталу, вясковы клюб перабудавалі ў абласны палац піянэраў, зь бібліятэкай, музэем, дзіцячым пакоем, кінатэатрам (для дарослых і недарослых), спортзаляй, гурткамі па інтарэсах, тэлефоннай будкай, супэрмаркетам на першым паверсе, казіно, жывым стрыптызам, кабінэтам псыхоляга, службай знаёмстваў, аддзяленьнем ашчаднага банку, біржай працы й цэнных папер, карацей, ледзь не з раддомам, абляпіўшы палац зьсярэдзіны й звонку рэклямнымі плякатамі й зрабіўшы ўсё гэта больш інтэрактыўным за саму рэчаіснасьць. Мацаньню дзевак, лаянцы й арганізацыі каляровых ці там чорна-белых рэвалюцый былі цяпер адведзеныя чыста вымытыя прыбіральні з так званымі мадэратарамі на ўваходзе і выхадзе, непасрэдна каля офісаў інфармацыйных агенцтваў. І тым ня менш пэрыядычныя наведваньні гэтага храму імя чалавечага духу, дзе штодня адбываўся цуд ператварэньня лайна ў віно й назад, так і не зрабілі зь мяне яго заўсёдніка, пагатоў верніка. Магчыма, галоўную ролю тут згуляла адсутнасьць у ім нармальнага піўбару – хаця паступова я навучыўся прыносіць бухло з сабой і выседжваць каля манітору ў тупым безудзельным сузіраньні неўтаймоўнай людзкой актыўнасьці, адчуваючы штосьці паміж агідай, зайздрасьцю й шчырым захапленьнем. Практычную карысьць гэтага спэктаклю я зразумеў толькі тады, калі ў храме мне дапамаглі знайсьці легальную працу, а потым і хату – таму цяпер, страціўшы першую, я спадзяваўся на тое, што змагу зноў адшукаць там чарадзейны сродак ад беспрацоўя й беспэрспэктыўя.

Да знаёмства з Дамбартэрам. ком я не ўяўляў сабе, колькі сілы, фантазіі й волі да самаарганізацыі драмае ў тым, што называецца сярэдняй клясай. У сваёй наіўнасьці я прывык быў лічыць усё сярэдняе пасрэдным, шараговым і шэрым, кажучы па-чэску шэрэдным (нягеглым, брыдкім) – але ж ужо для таго, каб ня ўпасьці ў пралёт сацыяльнай лесьвіцы або папросту дажыць да сярэдняга веку, трэба выявіць немалыя практычныя здольнасьці, нават па-свойму таленты. Уласна, сярэднюю клясу і ўтвараюць збольшага людзі сярэдняга веку, якія ў маладосьці мудра паставілі ўвесь свой час і невялічкі стартавы капітал не на перамогу ці паразу, а на мірную нічыю ў таварыскім матчы між сабою й сьветам, бо зразумелі, што галоўнае тут не перамагчы, а прынамсі не прайграць. Навучыцца такой абачлівасьці й жывучасьці ніколі ня позна – пасьля пэнсіі як знойдзеце.

На першы погляд Дамбартэр. ком – звычайная сацыяльная сетка, дзе людзі табунамі фрэндзяцца й адфрэнджваюцца між сабой праз адсутнасьць іншай забавы, але ўжо на другі разумееш, што ўсіх іх яднае адзін вельмі практычны інтарэс, які ў дадзеным выпадку часткова супадаў з маім: аб’езьдзіць палову сьвету й яшчэ на гэтым зэканоміць, паказаўшы дупу ўсім турыстычным агенцтвам, гатэлям і платным віртуальным пасярэднікам падобных паслуг. Сама прыдумка прывяла мяне ў захапленьне сваёй антыкапіталістычнай скіраванасьцю й немудрагельнасьцю: вы проста выстаўляеце на гэткі дармовы аўкцыён уласную хату і чакаеце, ці не захоча нейкі замежнік пажыць у ёй на той час (тыдзень, два, месяц, паводле працягласьці адпачынку), пакуль вы ў сваю чаргу пажывяце ў ягонай. Вось яна, выгада ўласнага жытла, наяўнасьцю якога так ганарыцца сярэдняя кляса! Гэта ў эканоміцы называецца, здаецца, гранічнай карысьцю: у выпадку хаты яна палягае ў магчымасьці зь яе ўрэшце куды-небудзь зваліць! (Ну і яшчэ спаліць яе з мэтай страхавога падману.) Не, не падумайце, уласнай хаты ў мяне няма, я ўсяго толькі здымаю кватэру – але каму які да гэтага клопат? Толькі майму гаспадару – ну, зь ім мы ўжо неяк дамовімся, ён мужык нармалёвы, раз ужо наагул мяне да сябе пусьціў. Вось калі б я жыў на дармовай службовай кватэры ад канторы, як некаторыя былыя калегі, або ў сацыяльнай маласямейцы, як яшчэ два гады таму, то мне дакладна паказалі б аўкцыён. Адным словам, я адразу ж па-хуткаму прыбраўся, схапіў нядаўна набытую камэру і зладзіў сваёй прасторнай аднапакаёўцы без пакаёўкі фатасэсію, заліў вынікі на Дамбартэр і расьпісаў там усе выгады месца свайго пражываньня й яго ваколіцаў, пасьля чаго стаў чакаць фантану прапановаў па абмене на самы бліжэйшы час – да наступнай працы я цалкам вольны! Пры гэтым, бляха, воляю лёсу жыву ў самой залатой Празе, маці гарадоў, ледзь не ў культурным цэнтры Эўропы! Сардэчна, маўляў, запрашаю!

Мая наіўнасьць ды завышаная самаацэнка і тут мяне не падвялі, падрыхтаваўшы мне чарговы непрыемны сюрпрыз: дні міналі, а ніякага фантану, з россыпу скарбаў якога я мог бы выбраць найбольш адпаведны сабе варыянт, на маім дамбартэраўскім профілі так і ня выбухнула. Заклапочаны, ці ня ўлез я зноў у якую пад’ёбку, наўмысна створаную для такіх як я лахоў, я пачаў сам вывучаць прапановы астатніх і неўзабаве зразумеў прычыну адсутнасьці іхнага імпэту. Прычына была ня ў тым, што мая кватэра паводле ўсясьветных мерак замалая (як я баяўся спачатку), а проста ў тым, што гэта кватэра. Як я мог забыцца, што маю справу не з абы-якой сярэдняй клясай, то бок зь людзьмі па-любому збольшага сямейнымі, а зь сярэдняй клясай эўрапейскай, заходняй і разбэшчанай камфортам, у якой да такой раскошы як сям’я абавязкова прыкладаецца ўласны дом, калі ня два, пажадана з басэйнам і двухпавярховы! Мяняць такую фазэнду ў маляўнічым прыгарадзе на халасьцяцкі бэльэтаж у забруджаным, хай сабе самым гістарычным таўне даўнаў ніхто, вядома, ня будзе.

Закусіўшы вусы, мне давялося, такім чынам, заняцца ўласнымі пошукамі магчымых кандыдатаў на абмен, якія я ад пачатку мусіў абмежаваць на ідэальны вобраз «Самотнага Пэнсіянэра-Рэйнджэра», выжытага дзецьмі з бацькоўскага дому ў паўтарапакаёўку ці нават проста пакой дзе-небудзь на выселках. Такіх на Дамбартэры было небагата, і тым ня менш мне ўдалося адшукаць парачку-другую няўрымсных дзядкоў і бабулек! – толькі для таго, каб пераканацца, што да нас на Ўсход яны неяк ня надта імкнуцца: ці то таму, што за пасьлярэвалюцыйныя гады бальшыня пэнсіянэраў у Празе прынамсі аднойчы ўжо была (і некаторыя зь іх, пабачыўшы яе, на месцы заручыліся з брукам), ці то таму, што Чэхія ня толькі, трасца, ня мае мора, але й замала яшчэ заходняя, каб пэнсіянэры пачувалі сябе тут як дома, і ўжо замала ўсходняя, каб пра яе наведваньне можна было расказаць на тым сьвеце як пра прыгоду. Дый асноўны сэнс Дамбартэра – гэта якраз адсутнасьць усякіх прыгодаў, нечаканасьцяў, кідалаваў, абломаў (ну зусім тое, што мне трэба), пры максымальным захаваньні ўласьцівага сярэдняй клясе хатняга камфорту – то бок магчымасьць зьмяніць усё, не зьмяняючы па сутнасьці нічога. Ужо таму, што гэта гучала як ідэальны рэцэпт на працяг майго (дый, па шчырасьці, любога) жыцьця, я быў гатовы змагацца ў сваіх пошуках да канца.

Завяршыць гештальт

Подняться наверх