Читать книгу Беларусалім. Кніга першая. Золак - Павел Севярынец - Страница 2
І. Ноч нараджэньня
Зорка
ОглавлениеА зямля была нябачная і пустая,
І цемра над безданьню…
Быцьцё 1:2
Па-над гатэлем “Беларусь” задрыжэла халодная зорка. Ледзь бачная кропля сьвятла. Сьлязінка ў прадоньні.
Чалавек у чорным сьпінжаку, які стаяў на Траецкім мосьце празь Сьвіслач, плюнуў уніз. Маленькі згустак цяпла аддзяліўся ад цела і праз імгненьне пацалаваў цемру.
Чалавек ачомаўся, дрогка пацепнуў плячыма і пашукаў рэшткі цеплыні ў кішэнях. З таго часу, калі ён спыніўся тут, ля парэнчаў мосту, па-над вадой, увесь горад да самых дахаў паглынула ноч. Змрок скрадваў астатнія ўспаміны, гасіў варушэньні душы, і ўвесь сьвет незваротна страчваў сэнс.
Ён стаяў на беразе бездані – бог, які за тры з паловай гады зрабіў гэтую краіну бліскучым чорным полем шахматнай партыі цаною ў сьвет.
Нябачна і пуста было вакол, толькі сьцюдзёны вецер зрэдку серабрыў рабізну на Сьвіслачы ды пара ягонага дыханьня тлела. Цёмныя рачныя качкі кішэлі ля беражку лёду, нібы чэрві на трупе. А вакол – касьмічныя скарбы вагнёў. Гірлянды – рубінавыя, сапфіравыя, смарагдавыя, залатыя. І шары сьвятла, распаленыя сярод холаду. Пранізьліва. Казачна. Злавесна. Прашумлівалі рэдкія машыны, а ён стаяў перад цьмянай Нямігай і ніяк ня мог зразумець.
Бліскучыя ад сьлёзаў, невыносна мілыя і такія страшныя вочы Волечкі, вывальваюцца крывавыя вантробы, выбух айфона зь іскрамі, квадратны правал у цемру – і бах! – канец сьвету.
У мінака сьпехам дзынькнулі бутэлькі ў сьвяточным пакунку; нейкая парачка, прыабняўшыся, прыпынілася непадалёк на мосьце, трапіла ў ягоны акаём і кранальна, да болю ў сэрцы, пацалавалася; з грукатам, ледзь не рассыпаўшы на асфальтавым стыку ўсё сваё жалезнае начыньне, праехаў тралейбус.
Перад тысячагадовай нутробай Менска, на беразе самага глыбокага лога ў беларускай гісторыі, паміж Верхнім горадам і Траецкім – чалавек халадзеў ад думкі, што зараз калі хто яго і шукае, дык толькі каб забіць.
З такой самай цемры вывергнула яго на белы сьвет роўна трыццаць гадоў таму. Расплюшчыў вочы, ліпкія ад сьлізі, у краіне сьвятла і холаду, сярод белі і пырскаў крыві, рэзаны віск маці праз бой гадзіньніка перайшоў у стогн, і ўсё тое, што ён сіліўся вычхнуць, выплюнуць у гэты сьвет цераз рот, забіты родавай тваньню, выбухнула стрэламі шампанскага, салютамі і тостамі наперабой: “Ооо! З Новым годам!.. З новым шчасьцем!..”
Зараз, дрыжучы ад холаду, такі ж навагодні, голы і няцямны, Андрэй Белазор згадаў, як шэптам, сарамлівая ад шчасьця, маці расказвала, што ўсёй палатай спрачаліся, у якім годзе ён зьявіўся на сьвет, што ў пасьведчаньні аб нараджэньні ў яго 31 сьнежня, а ў пашпарце 1 студзеня, і што кропку, цокатам чаркі на эмаляваным падносе для інструментаў паставіў п’яны дзяжурны лекар: “Ша! Ціха ўсе… Пацан прыйшоў у самы час”.
О, у самы час ён, супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук, дасьледчык Залатога веку, тры з паловай гады таму прыйшоў у аграмаду цемры ў яго за сьпінай – Палац Рэспублікі, толькі што арандаваны “Непагасным”.
На сумоўі кашчавы, змаршчыністы стары ў белым доктарскім халаце, з кругамі пад вачыма, якога ён адразу назваў пра сябе стомленым д’яблам, адным мезенцам адсунуў ад сябе рэкамендацыю ягонага гуру, акадэміка Майсейчыка, ня слухаючы, расьсеяна перавярнуў аркуш, каб пераканацца, што на абароце пуста, ды так і пакінуў на стале.
– А-а… што тут у вас, у Беларусі… ёсьць? – гэты рыпучы голас вышкрабаў да дна, – ну… увогуле?
І праз колькі хвілінаў Белазоравых нястрымных выліваньняў пра дзясятае стагоддзе, Скарыну, Статут, віленскае барока, габрэйскія ешывы і карэньні геніяў, нецярпліва, ужо паміраючы, перапыніў:
– А. а… у двух словах? Проста… вось… ээ… Беларусь. Та-ска-аць, знак.
І паглядзеў бясколернымі вачыма, якія не выражалі ўжо нічога. Павісла цішыня, вось-вось гатовая абарвацца.
Белазор утаропіўся ў аркуш белай паперы перад ім на стале і моўчкі глядзеў на яго. Беларусь. Раптам заплюшчыў вочы і сказаў:
– Чорны квадрат.
Стомлены д’ябал дрыгнуў векам, нахіліўся і паднёс свой старэчы зморшчаны твар блізка-блізка:
– Ш-што?..
Чорны квадрат. Першая сусьветная вайна, перад самай рэвалюцыяй. Наш беларускі геній Малевіч. На выставе ў Піцеры, у “красным куце”, дзе звычайна вешаюць абраз – чорны квадрат на белым тле. Ікона новага бязбожнага часу. Так, працягваў ён з сэрцам – душу вырашыў выкласьці ўсім гэтым прыхадням, маць тваю! – чорны квадрат. Ну, а як інакш акрэсьліць чорную дзірку на мапе Еўропы, агароджаную з усіх бакоў, дзе пуста, чыста і парадачак, пра якую ніхто ў сьвеце нічога ня ведае, і якая нават сама без паняцьця пра тое, чым яна ёсьць?!
Доктар Ліхтштайнер, стары мудры нямецкі габрэй, ужо тады прачнуўся і паглядзеў на яго адпаведнымі выпадку квадратнымі вачыма. Ідэальны брэнд.
З адным чорным квадратам пад пахай, сьледам за афіцэрам аховы па гулкіх, яшчэ пустых залях Палацу, ён ледзь пасьпяваў за зданямі адлюстраваньняў па калідорах – і надломваўся ў плітах глянцу, у мармуровым тумане прывідны сьвет, які заўтра авалодае ўсёй краінай. Постаць перад агромністым, ва ўсю сьцяну, вакном, абярнулася – і калідор, бясконца адлюстраваны, праваліўся ў далячынь, разбураючы начны горад, і той, пра каго ўсе гаманілі, але ніхто ня бачыў, паглядзеў Андрэю Белазору ў вочы. Ён ледзь пасьпеў падхапіць сэрца, што раптам упала ў глыбіню.
Бяскроўны, моцна сьцяты рот і надламаныя бровы крывіліся, ня ў сілах прысутнічаць побач з расьсечанымі наўскось, нібы ўдарамі шаблі, чорнымі вачыма. Скулы западалі, і адно аграмадны лоб з залысінамі ды жалезабетоннае падбароддзе стрымлівалі гэты твар, каб ён не праваліўся ў цемень вачніцаў цалкам.
…Цяпер апошнюю цыгарэту, і ўсё.
Белазор нервова выбіў з пачаку астатні патрон тытуню, выскаліўся і паднёс запальнічку. Рука дробна дрыжэла. Агеньчык ледзь трымцеў, адчайна ўнікаючы канчара.
Ён заўжды ганарыўся сваёй здольнасьцю пранікаць у сутнасьць рэчаў, бачыць схаваны сэнс. А Беларусь – гэта суцэльны стоены сэнс! Зь “Непагасным”, цэлай імперыяй гандлёвых і забаўляльных цэнтраў, кіно і казіно, са сваёй тэлевізіяй, з хабам айці і падвалам лабараторыяў, са звышзадачай прыцягнуць сюды, у Беларусь, увесь сьвет – ён, маньяк-гісторык, сам тварыў гісторыю. Беларусь, адсутнасьць сутнасьці, ледзь бачнымі абрысамі на чорных квадратах, цяпер прыцягвала, як чорная дзіра, што паглынае зоры. І калі ўся краіна, за тры гады заселеная ягонымі ідэямі, задраўшы голаў, глядзіць на тваё, выхапленае пару тыдняў таму з галавы, – о, ад гэтага каму хочаш зьнясе дах.
Ад заробку, які павышаўся ў разы штомесяц, ад усіх гэтых тачак, пералётаў па еўропах ды пентхаўсаў на перамовах, а найбольш ад размаху працы – так, у яго рэальна зносіла. За шэсьць дзён, з панядзелка па суботу, ты мог стварыць цэлую галактыку: білборды, экраны, кліпы акуналі раёны, кварталы, жылыя масівы ў Белазоравы мроі. Ён жыў, еў і спаў у Палацы. Ён шалёна выдыхаў цыгарэтны дым у адчыненыя вокны, запальваў каманду крыэйтараў, кампутаровых геніяў ды прадусараў – і выдаваў на плазьменную сьцяну ў кабінеце Цімура новую эру.
Шкада гэтага агеньчыка. Шкада гэтай апошняй цыгарэткі. І самае галоўнае, шкада сябе самога, да сьлёзаў. Адзіны беларус, які меў шанец нарэсьце абеларусіць Беларусь.
Ён зло ўсмактаў ірдзеючае пекла ўсярэдзіну, і лёгкія перапоўніў ёдкі дым. Дым ня грэў, а выпальваў – і ён моцна выдыхнуў у твар усяму сьвету.
Дым на імгненьне затуманіў катлавіну Нямігі і выпарыўся. Нібы ў кашмары, па-над ім стаялі і глядзелі незьмігутна дзьве цыклапічныя постаці: вежа Цімура ў трыццацітрохпавярховай “Раял Плазе” і чорны гранёны крышталь “Хілтану, Дабл тры”, дзе цяпер месьціўся тэлецэнтр “Непагаснага”.
Ён сплюнуў. Грамавы голас, выбух ва ўласным сэрцы й імпэтны, ценкі звон ашкелкаў па ўсім офісе. Ажно засіпеў, скрывіўшыся ад унутранага болю.
А тады, увесну, было так сонечна… На Дзень Волі – той самы дзень, калі ён, бывала, падлеткам гарлаў на бел-чырвона-белых шэсьцях “Жыве Беларусь!”… Запомніў, бабкі гандлявалі “коцікамі” ля касьцёла, каталіцкае Дабравесьце… І жыла Беларусь, і лёгка каўталася сьвежасьць, пах зямлі, пранізьлівы, толькі вось з-пад сьнегу… Ён мераў вокам і крокам ад Цімура да Палаца той катлаван Нямігі, гнілы лог мінулага, які неўзабаве хіба адзін застанецца ад колішняга беларускага ўбоства – і на хвілінку, усяго на хвілінку прыпыніўся ўдыхнуць на поўныя грудзі.
І раптам, ці то з плыні Нямігі, дзе цёк сабе міма народ, ці то з-пад зямлі, зь пераходу метро, ці проста з золю і лёгкай сонечнай смугі – успыхнула. Ягоны акаём адразу зарэгістраваў нейкую беласьнежную істоту, што плаўна паднялася з правалу Нямігі проста перад ім, ахінула яго хрусталёвым зьзяньнем – і пачала лёгка адлічваць па гранітных прыступачках угару, на Верхні горад, цокат ягонага сэрца – цок, цок, цок.
Белая дзявочая постаць царквы дагэтуль на гары. Стройная. Уладарная.
Воля.
Белая-белая, сьнежнае сьвежасьці зь серабрыстым, яна падымалася да барокавых вежаў, яна таптала параю мармуровых калонаў, голых да аблягаючай сьцёгны спадніцы, усе правілы прыстойнасьці, паводзіла ідэальнымі клубамі так, што калыхалася глеба, яна ўсаджвала штокрок удары каралеўскіх шпілек, рана за ранай, з абыякавай асалодай халоднае прыгажуні – слабееш да млосьці – яму ў самую сярэдзіну, з кожным узмахам ягоных вейкаў успыхвала крыламі ўкладка сьветлых, з залацістым адлівам, валасоў – і, клянуся, яе анёлава постаць з кожным узмахам ледзьве краналася зямлі.
Глыбокі, зыркі вагонь зжыраў цела цыгарэты, і пакутліва, да страты прытомнасьці, спальваў паветра ўнутры яго.
Мадэльныя метр семдзесят сем, ммм.
Ён ішоў сьледам, быццам ягня на закланьне, – і з ныючай асалодай распранаў яе са сьпіны вачыма, ад белых боцікаў да футра, да намёку на мяккую пяшчотную бялізну… І яе сьветлая постаць падымалася, падымалася, і брыла ўнутры яго гладкімі голымі лыткамі – да калена, да пояса, да грудзей у ягонай кіпучай крыві.
Сабор завалакло дымам, ён нема руйнаваўся. О, як жа звыродліва скалечана цяпер гэтае цела!
Яна абмінула шахматны шэраг машынаў, бел-чырвона-белы грузінскі сьцяг з крыжамі, бліскучых ільвоў на прыціхлым пляцы, цокнула праз бардзюр, на пераход да Катэдры – чорнае, белае, чорнае-белае, чорнае-белае!..
І азірнулася на ягоныя крокі. Княгіні, мадэлі і ўсе цуды ягонай полавай кунсткамеры згасьлі ад аднаго яе позірку. Ён раскрыў рот – і пазнаў прыгажосьць, якую ніколі дагэтуль ня бачыў. У твары яе быў жах. Найсьвяцейшая Дзева з вачыма чорнай начы.
І верыш, не – менавіта ў гэты момант зазванілі званы. Забіў гадзіньнік Ратушы, і адгукнулася Катэдра, і яны з Воляй затрымцелі паміж. Дванаццаць. Званы звалі, званілі і клікалі.
Воля. Дзень Волі. Плошча Волі. Тройчы Воля… Навошта было гэтае сьвятло, гэты забойчы вільготны бляск, гэтыя ўмольныя чорныя вочы на пераходзе і жар ад суладных крокаў побач, ад ветру яе валасоў, ад сьнегу? Жахнулася – чуяла? Ласачка, зоранька, любая, родненькая… Воля, Волечка, Воленька…
Сьцерва.
Ужо тады, на Плошчы Волі, ён любаваўся ёю наскрозь, у ім сасьпела, гатовая пырснуць сокамі, прага – надкусіць. Забраць усім ротам, да кіпеньня сьліны, да скаўтваньня ўсяго сябе, быццам забароненыя, найкісьлейшага слодычу, яблыкі са старога саду пад акном у Заслаўі, зь белым налівам, зь семачкамі дзесьці там, у хрусткай, поўнай млосьці, глыбіні.
Потым, потым ён усё ўглядаўся, што ж за тайна тлее ў яе ўнутры: то срэбны ланцужок у ценю валасоў, то водсьвет румянца разгараецца, рдзее ў яе шчоках ды скулах, перамяняецца, бы жар у вогнішчы, то зоркі ўваччу, то раптам, ледзь заўважны, абарвецца струной залаты волас – і клубіцца навальніца, йграе броўкамі ў апушчаным абліччы. Яна не давалася; гэтая іскра ў ёй распальвала яго ўсё больш – і толькі калі пад павелічальным шклом прадаўца ювелірнага салону ўспыхнулі грані дыяментавага сэрцайка і, уладкоўваючы ланцужок, даткнуўся ён да абедзьвюх ейных грудзей – нарэсьце злавіў гэтую стоеную пякучую сутнасьць, гэтую рану, гэты агмень тамленьня гарачымі вуснамі.
І прадавец нахіліўся над вітрынай, уважліва разглядаючы, як на чорным аксаміце гаюць гранямі камяні.
Потым штораз ён акунаўся ў Волю, як у люстра, разглядаў у яе сьветлым ліку свае ўласныя блакітныя вочы і русыя валасы, вывучаў усе яе ўзгоркі і лагчынкі, да апошняй былінкі ў залацістай сьцежцы ад ключыцаў да пупка, выцалоўваў сузор’е радзімак зьлева, пад грудзьмі, на самым сэрцы; піў стогны зь яе вішнёвага роту і прагнуў валодаць ёю – адзінай, хто мог умясьціць яго.
Выдых дыму пагрозным валам пракаціўся па вуліцы, прарваўся праз мост у самыя нетры горада, і ён аблізаў халодныя вусны.
І ўсё-такі: сьвятло. Пяшчотнае і балючае – сьвятло. Яе спалоханая прамяністая хваля валасоў на выхадзе з факультэта. Калі ён пад’ехаў і распахнуў дзьверы машыны; яе белая, зьлёгку вільготная і цёплая, і важкая, ён аж дрыжэў, рука на ягоным локці… І зоркі, ясныя зоркі ўваччу, калі ён, прымаючы яе куртачку ў рэстарацыі, паглядзеў ёй у аблічча, мілае да млосьці, і нясьцерпна, нясьцерпна прыгожае.
Агеньчык зжыраў цельца цыгарэціны злымі ўспышкамі, надта хутка, зь дзікай прагаю. Вочы роспачна шукалі, за што б зачапіцца.
Уцягнуў грудзьмі марознае паветра, аж зубы заняло. Пстрыкнуў вагнём. Згасьлі іскаркі.
Дахаты? Куды… У Сьляпянку?.. Да маці?
Мама, самотная ціхая мама, якой зрабіў дзіця невядомы падонак. Вучылка, загнобленая гістарыца Вера Ванна, самым высокім статусам у жыцьці каторай было “член участковай выбарчай камісіі”… Што адмольвала яна кожны вечар у заслаўскай царкве на Замчышчы, што за сьвечку запальвала ды выстаўляла на ноч у вакно? Каго чакала?
У часы Вялікага Княства так рабілі. Для падарожных.
Маці распавядала гісторыю яму, маленькаму, перад сном, як казку – бясконца, у дэталях, з датамі па днях, апісаньнямі замкаў і герояў, быццам сама была сьведкай былых шляхоў, каханьняў і бітваў. Толькі гісторыя, у школе і ўдома, больш у яе нічога не было. Гісторыя, самотна пражытае жыцьцё, і вось, старасьць. Кватэра, забудаваная камянямі тамоў і летапісаў, плітамі даведнікаў; руінамі ў зале, дзіцячым пакоі, калідоры і нават кухні, дзе кожны выламак успыхвае пылам, і раптам крыляе раскрытымі белымі-белымі старонкамі, і рассыпаецца ў тваіх пальцах забыты сьвет.
З тае пары ён гісторык, і бачыць душы ў зямлі і сьценах, у травах і зорах; глыбы эпохаў і ўзгор’і вялікіх падзеяў у любым грудку пад нагамі; з тае пары яму дастаткова аднаго доўгага позірку, каб у глыбіні краявіду заварушыўся волат велічынёй з гару. Краіна замкаў, круглы стол караля Артура, зямля Афір, Гіпербарэя і Атлантыда – усё гэта ўсплывала, калісьці, на сьвітанку часоў, патопленае ў балотах сэрца Еўропы.
Беларусь, зямная плоць ягоная, агромністае цела ягонае… І пакуль сьвет умяшчаецца ў ягонай галаве, пакуль ён жывы – самае важнае, цудоўнае і адзінае балючае для яго будзе тут, і найлепшае, і найвялікшае – чуеце, вы ўсе! – будзе тут, дзе жыву Я! Беларусь, прах ягоных невядомых продкаў, падмурак ягоных крокаў, плоць ад плоці ягонай, прастора ад зямлі да неба, месца, зь якім ён сальецца навечна, калі ўсё скончыцца – тут, у цэнтры сусьвету.
Але вось і ягоная гісторыя заканчваецца.
“Ты яе выгнаў?.. Зь дзіцём?!..Ты больш мне ня сын, чуеш!” – адкуль у яе гэтая гістэрыя, у вечнай ціхоні. Ведзьма. Сама за тры дзясяткі гадоў так і ня выдала, хто ягоны бацька.
Горкі попельны прысмак. Не, назад дарогі таксама няма.
Глыбей у змрок ён нават ня мог глядзець – бо гэта там, у цемрадзі, у лагчыне, пад вялізным дрэвам на паўнеба адбылося гэтае праклятае, праклятае, праклятае зачацьце.
Гэта ён сам зьвёў Волю зь Цімурам. Топ-мадэль для Чорнага квадрату. Патрэбная Танцаўшчыца, стары. Проста танцаўшчыца, нічога болей. Ды не. Кажу табе. Прыяжджае сур’ёзны госьць, напрыклад, і тут хоп: чачотка, танец жывата, ну такое… Патанчыла і зьнікла. Звыш-жанчына, ты разумееш, Осіфавіч? Гатовы плаціць мільён у год. Стары… Канечне, баксаў.
Белазор чакаў яе, курыў цэлую ліпеньскую ноч напралёт, палаў ад рэўнасьці вунь там, на траве ля Сьвіслачы, дзе цяпер заліты каток, зь відам на Цімураву чорную вежу, на адзінае асьветленае вока цыклопа. Зьнерваваны, зьедзены згрызотамі, прыніжаны – гэта ён моўчкі ўтаропіўся ў яе ненавісныя чорныя вочы на золку, сьцяў зубы і павёў у парк. Гэта ён заваліў яе ў зарасьнік ці яна яго?.. Хацеў згвалціць?.. Забіць?..
Адсюль, з гэтай чорнай начы, і зачаўся ў яе ўнутры дэман, маленькі цімур – і адсюль, менавіта адсюль у адказ на сёньняшні зьдзек ворага шпурнуў ён свой айфон проста яму ў твар, ды так, што ашкелкі ад башкі выбухам заіскрылі па офісе.
Успышка. Ярасны вагеньчык, вока злога. Рваў, зьдзіраў зь яе панчохі сетачкай. Халаднаватая, вільготная зьмяіная луска абвівала цела супраць ягонае волі. Намацвала ў ім жарсьць, сьцятую нянавісьцю. Язык зьвіваўся ў зубах, гатовых сьціснуцца да крыві. Клубок. Спруцяненьне.
Аж застагнаў ад роспачы. Зараз укусіў бы!.. І дыхнуў, як дракон – іскрамі.
А па-над усім, справа, аграмада гатэля “Беларусь”, слуп вагнёў, што з глыбіні водаў падымаецца ў неба, а насупраць бліскучая навальнічная вежа “Непагаснага” – і там начамі ня сьпіць, пазірае ў захоплены горад Цімур.
“Непагасны” – гэта ня бізнэс, – казаў Цімур, – і Белазор адводзіў вочы ад ягонага позірку. “Непагасны” – гэта спосаб даць чалавеку шчасьце. Ні больш, ні менш. Шчасьце. І я хачу, – Цімур зводзіў чэпкія, жалезныя пальцы шчэпцю, – каб адзін квадратны сантыметр “Непагаснага” даваў поўнае шчасьце кожнаму.
Пякучая, агністая справа… Узважваў цыгарэціну, і дыхавічна кшталтаваў дым. Агеньчык на вазе, ягоная апошняя зорка. Выпрабоўна выдыхнуў, спрабуючы разгледзець там свае выдыхнутыя думкі.
Вось Чалавек, думаў ён тады. Не высакалобы дзеяч, не саладзенькі барадаты бацюшка, не апоеная сабой глянцавая зорка – вось ён, Чалавек, які мае ЎСЁ, і думае не пра ўладу, раскошу, а пра Шчасьце. Для кожнага. Чалавечышча. Адсюль і моц гэтае строгае, чорнае постаці. Адсюль і страшны цяжар позірку, якога не вытрымлівае аніводзін сьмяротны – цяжкога, як сама сапраўдная чалавечнасьць.
Але горш за ўсё было там, за сьпінаю. Азірнуцца, нават паглядзець у той бок, да Гандлёвай, ён ня мог ужо некалькі гадзінаў. Месца, дзе сёньня… Клініка з радзільняй і абартарыем. Кроў, брунатна-чырвоныя пляскі на бліскучай белай кафлі, у-эээ, аж ванітуе!.. Што выблёўвае гэтае нутро, што, яшчэ жывое, пляскае ў памыйку – ягонае ці Цімурава?..
Вагню заставалася ўсё менш і менш, непапраўна менш, яго калаціла дробная дрыготка. З астатняй цыгарэтай сыходзіла ўсё ягонае жыцьцё. Дым паглынаў мазгі, тлелі лёгкія, і ён ператвараўся ў бясплотную цьмяную істоту, і выдыхаў, пакідаючы ў сухім астатку толькі нянавісьць і зло.
Адзінае, ува што яму так і не ўдалося пранікнуць позіркам, выхапіць хоць іскарку сэнсу, хоць укол сутнасьці – гэта і быў чорны квадрат. Бездань, у якую вочы правальваліся з хуткасьцю свабоднага палёту. Гэта і захапляла.
– Так, стары. Для цябе ёсьць тры навіны, усе кепскія. Зь якой пачынаць?
– Усе кепскія? Цімур, ты што… Кампанія мне такі падарунак на трыццацігоддзе робіць?
– А табе трыццаць? Малады яшчэ, усё наперадзе… а калі?
– Ды сёньня, Цімур. Сёньня.
– Шкада, што сёньня. Ладна, зь мяне прэзент. Тым ня менш. Беларускі аддзел скарачаем, Осіфавіч, ён цяпер у нас як частка Еўразіі пойдзе.
– Еўразіі… Што за чорт, як скарачаем? Ды ў нас тут аснова, а Полацк, а прыбыткі за год!..
Ён памкнуўся ўстаць, але Цімураў позірк прымагніціў яго да крэсла. Сядзець, я сказаў.
– Мы вычарпалі гэты рынак, стары, зь яго больш ня выцісьнеш, столь. – Цімур паказаў крэпкай даланёй на горла, і было ясна, што ён сыты ім, Белазорам. Кадык хадзіў, як поршань, перадаваў высілкі на жаўлакі, і туды ўжо паступалі кавалкамі і Еўропа, і Азія, і Лацінская Амерыка. – З новага году разгортваемся.
– Цімур, ды як…
– На сусьветны ўзровень выходзім, Осіфавіч. Я разумею, вышыванкі, то-сё, кулёр лакаль, але, стары, Беларусь не працуе за мяжой. Ну так-сяк у Расеі, на Захадзе ўвогуле чхаць хацелі. Нашым сур’ёзным гасьцям пофіг. А само па сабе гэта пустое месца. Зрэшты, за гэта мы яго і любім. Тое ж самае з мовай, усе гэтыя пераклады, лацінкі, я на адных перакладчыках штомесяц тысячаў трыццаць губляю, рэальна закалябаўся ўжо… Тут усе разумеюць па-руску, там – ін інгліш, і харош.
– Цімур, мы ж дамаўляліся!..
– Гэта яшчэ ня ўсё. Наконт пасады замдырэктара – адкладзем. Ёсьць пытаньні па тваіх паводзінах, асабліва ў сацсетках.
– Маіх паводзінах?!..
– Тав-варыш Белазор, – слова “таварыш” з вуснаў Цімура азначала, што ён губляе цярпеньне і ледзянее ад волевага напружаньня, – Мы выходзім, тваю маць, на новы ўзровень, ты што, ня чуў ні храна? Сусьветны стандарт. Трэба адпавядаць, так сказаць. Да, і трэцяе. Паколькі аддзел скарачаем, плюс па табе ёсьць пытаньні – гадавыя бонусы, сам разумееш, – Цімур павольна апусьціў далонь на свой шыкоўны аграмадны чорны стол, і Белазор усёй сьпінай адчуў, як яго сьціскае прэс.
Перасохла ў роце; ён раптам ясна зразумеў, што яму ламаюць хрыбет, і невыпадкова менавіта сёньня. Імгненны шал напоўніў яго да краёў.
– Да, Осіфавіч… І пра прыемнае. Танцаўшчыцу я ўсё-такі выбраў. Сёньня прэм’ера. У парадку прэзента на трыццатнік… ты ўжо ўсё-такі дарослы хлопчык. Як-небудзь на днях можаш ацаніць, вышэйшы клас. – Цімур пільнаваў яго згары прыцэльна, як перад кантрольным стрэлам у галаву.
– Ды ідзі ты са сваёй Танцаўшчыцай! – Белазор рэзка падняўся на ногі, яны аказаліся ватнымі, ён ледзь не асеў ад слабасьці і ад гэтага азьвярэў канчаткова.
– Эй. Не забывайся, з кім гаворыш, – Цімур уватнуў у яго свой сталёвы позірк, і Белазор спадылба адчуў, што наліты крывёю твар цягне яго долу. Ён павярнуўся сыходзіць, скурчаны ад ярасьці, згроб са стала свой новенькі айфон, адмысловую эплаўскую замову з чорным квадратным экранам.
– Да, і Волі прывет, – наўздагон насьмешліва кінуў яму Цімур.
І тады ён разьвярнуўся, як разварочваюцца тыя, што шпурляюць молат, і серабрыстым айфонам зарадзіў проста ў гэтыя страшныя чорныя вочы.
Да яго дайшоў дзіўны гук лопнутага металу, Цімур грымнуўся да сьцяны, раскінуўшы рукі, і разьляцеліся, крыляючы, зашчоўкалі па ўсім кабінеце пялёсткі корпусу, сімкі ды батарэйкі, усе адказаныя ды неадказаныя званкі, эсэмэскі, чаты, закачаныя відосы, трэкі, файлы і ўсе праекты цудоўнага жыцьця ў “Непагасным” – мадэлі чорных кубікаў з залатымі беларускімі літарамі, разьвівальныя камплекты для дзяцей; замовы магічных крышталяў з каштоўных камянёў для пантэону Ўсяслава Чарадзея з Полацка; раскошная калекцыя старажытных рунаў ды арнаментаў у шрыфтах; дамова наконт адпраўкі на “Еўрабачаньне” ад Беларусі блэк-фольк-металёвага гурта “Ежа багоў”, запампаваныя ў памяць фантастычныя здымкі беларускага зорнага неба ад Віктара Малашчанкі на гіганцкія банеры вакол будоўляў Чорнага квадрата… Рассыпаўся, нібы картачны, так і не пабудаваны домік пад Лагойскам з панэлямі сонечных батарэяў на даху, праекты аграмадных, чорнага шкла, кубічных саркафагаў па-над гістарычнымі раскопамі, і смалянога бляску кубы, пастаўленыя на рог 90 градусаў, указальнікі з адрасамі беларускай лацінкай толькі адчыненых аддзелаў “Непагаснага” ў Кіеве, Рызе, Варшаве, Маскве…
Відавочна, у Цімура самае меншае страсеньне мозгу, а мо і раскроены чэрап, бо не ачомваўся ён прынамсі тры хвіліны – Белазор пасьпеў праваліцца на ліфце ўніз, раз, выбегчы празь люстраны хол, два, мінуць ахову на галоўным выхадзе, тры, і захлынуцца ад ледзянога паветра на Кастрычніцкай плошчы.
Белазор і цяпер агаломшана павёў плячом – трапіў-такі. Але гэта было адзінае, што грэла. У астатнім было ясна: крах. Дома цяпер стоадсоткава людзі Зьвера, кіраўніка Цімуравай аховы, машына на падземнай паркоўцы ў Палацы, грошы – на рахунках “Непагаснага”. Рана ці позна знойдуць – і заб’юць, ён не сумняваўся. Бліскучае трыццацігадовае жыцьцё раптам выбухнула ў пустым небе, толькі на міг успыхнула распаленай акалінай, як навагодні салют.
Пацалаваў самы вагонь апошні раз. Прыпекла! Рыкнуў, ёкнуў па мацеры – і, мігнуўшы іскрай напасьледак, трупік пстрыкнуў зь ягоных пальцаў.
Усё.
Сярод вагнёў на яго ва ўпор глядзелі, мігцелі, высочвалі і пралічвалі яго тысячы маленькіх чорных квадратных вачэй: глянь, а гэты, аказваецца, чамусьці яшчэ жывы!
Ягоная бліскучая ўява, і шчасьце для кожнага, і непагасная вечнасьць – усё гэта непамысным чынам завяршылася тут, у трыццатую ноч ягонага нараджэньня, на брудным менскім дне. Ягоны карабель ужо пацярпеў крушэньне, і зорка ўгары, над гатэлем “Беларусь”, не прывядзе яго нікуды. Ніколі.
Самагубства. Ты ж у нас хлопец разумны, Андрэй Белазор. Пакуль табой не заняўся хто-небудзь люты – лепш самому ўдыхнуць, выдыхнуць ды й выштурхнуць сябе з гэтага сьцюдзёнага сьвету ўперад нагамі. Яго міжволі перасмыкнула – пэўна, так адказвае цела на адпаведную камбінацыю ўспышак у нейронах мозгу. Па сутнасьці, з трупнага логу Нямігі гэта адзінае выйсьце.
Ён машынальна дастаў і ўзважыў на руцэ пусты цыгарэтны пачак. Полае белае цела паляцела ў цемру – цяпер яно ўжо нікому не спатрэбіцца.
Срэбная запальнічка з шыпячымі драконамі. Пстрыкнуў, тупа паглядзеў на агеньчык, пагрэў зьмерзлыя пальцы. У бездань. Плясь, адгукнулася Сьвіслач.
“Паркер” з нагруднае кішэні, ягоная чароўная палачка, бліскучае пяро ягоных колішніх крылаў, залаты капыток, што пакідаў на белай паперы чорныя сьлядкі коштам у мільёны, быў з трэскам зламаны – і паглынуты цемрай.
Жмут грошай у гаманцы. Шалёсткая рознакаляровая Еўропа; мятыя, выцертыя джынсавыя Штаты, фіялетавая Расея… Мірскі замак, Нясьвіж, Бібліятэка… Рваліся зь цяжкасьцю. Яны так хацелі жыць, жыць сваім каштоўным жыцьцём, дарыць камусьці радасьць; яны так хацелі, каб іх пяшчотна краналі, каб іх ня проста любілі, а кахалі – ледзь не са сьлязьмі адпусьціў ён іх, роем вясёлкавых матылькоў, іскрамі-абрыўкамі…
Крэдытная картка, адарваная ад сэрца, засерабрылася ў цемень сьледам.
Пашпарт. Ужо мёртвымі, нягнуткімі з холаду пальцамі ён пагартаў візы. Амерыка, цьмяныя залі паседжаньняў на прасьвет. Французская, плямы віна і да крыві скусаных вуснаў. Індыйская, з колам бесьсьмяротнасьці… Знойдуць цела і першы час ня змогуць апазнаць.
Нарэшце, ключы. Ледзь адшчапіў ключ запальваньня з бралком. Новенькі чорны “Spektre” імгненна торкнула ў ваду, ня булькнуў. Срэбны, ад кватэры ў Сьляпянцы, – прабліскаў хрусталём і чуйнымі, паўзь сьцены, лямпачкамі, рассыпаўся асколкамі месяцовай лускі. Квадратовы, з зазубрынамі, ад кабінета “Непагаснага”, ягоны залаты ключык – і з малінавым звонам расьсеяліся праца, палацы, пляжы з дыяментавым пяском.
Усё. У кішэнях застаўся хіба пыл жыцьця. Тытунёвыя крышкі… Ворс ад забытых дома пальчатак… Прах фухнуў з парывам ветру, і больш ад Андрэя Іосіфавіча Белазора на гэтым сьвеце не засталося анічога.
Толькі цяпер ён зразумеў, чаму.
Чаму ён, Андрэй Белазор, бліскучы гісторык і геній, будучыня Беларусі і суперзорка ўсемагутнай карпарацыі Чорнага квадрату ў навагоднюю ноч, свой юбілей, стаіць на беразе па-над безданьню, адзін, пакінуты ўсімі, у гэтай агромністай труне Нямігі, што патыхае тленам, і з гэтай твані ў зоркі, у вагні разінутым зевам цемры нема раве знадрыўны крык, вышпурнуты з мабільным проста ў твар сьвету – крык ягонай мамы, вечнай маўчухі, крык акадэміка Майсейчыка, агаломшанага планам забудовы гістарычнага цэнтра Полацка, і, да ванітаў, штораз мацнейшы крык вырванага сэрца, параненай, скрываўленай, найпрыгажэйшай дзяўчыны ў сьвеце, дзікі крык ягонай ласачкі, каханачкі, зоранькі, сьцервы:
– Забойца!
– Забойца!!
– Забойца!!!