Читать книгу Беларусалім. Кніга першая. Золак - Павел Севярынец - Страница 8

І. Ноч нараджэньня
Масавы дэсант анёлаў у Менску

Оглавление

Галава ў Яго і валасы белыя,

Як белая воўна, як сьнег;

І вочы ў Яго —

Як полымя вогненнае.

Адкрыцьцё 1:14

Неба, глыбокае цёмнае неба, падсьвечанае ціхім сьвятлом – агромністая бездань, куды страшна было нырнуць.

Андрэй ледзь расплюшчыў вочы, і не пасьпеў ачомацца, як вакол засьвісьцела, загалёкала і пачалі выбухаць навагоднія салюты. Страляла й бахала так, быццам у Менску пачалася вайна. У лёгкія хлынуў холад – і жах ад таго, што ён ляжыць на асфальце, раскінуўшы рукі, пракляты, з ныючымі ад удару бампера каленнымі чашачкамі. Яшчэ жывы. А з машыны нехта крэхча і выбіраецца з дымам, – гэты жах разам з салютамі рваў яго знутры.

Ён прагна дыхаў і жэр вачыма сьцюдзёную прастору раптоўна збаўленага сьвету. Было чамусьці нясьцерпна балюча ад сьвятла – так бывае, калі раптоўна прачнесься. Белая Катэдра, белая Ратуша, белы Сабор пеклі дрыготкую душу, агромністымі зорамі выпальвалі зрок ліхтары.

Ты хто?

Леў?

Што яшчэ, халера, за леў…

Жывая зарослая глыба, нейкі мацёры бомж ці то мікеланджэлаўскі чалавечышча – на тле зорнага неба, падсьвечанага салютамі. Каржакаваты стары, барадаты, з магутным чэрапам, ахопленым густымі, ускудлачанымі, працятымі срэбрам валасамі да крутых плечаў, з глыбокімі шэра-зялёнымі вачыма, якія пабліскваюць з самага дна вачніцаў… І, галоўнае, нос, буйны, грозны нос зь пячорамі ноздраў і трапяткімі крыламі.

Бог цябе любіць.

Мяне?!

Цела слухацца не хацела. Але тут, цяпер, пра любоў – гэта было занадта. І калі Леў абмацаў яго, ці цэлы, расшпіліў, зьняў, сіпучы ад болю, сваю апранаху ды агарнуў яго, клапатліва крэхчучы – Андрэй раптам утнуўся ў ягоны цёплы вязаны швэдар, у шумнае дыханьне, у буйны стукат сэрца, у воўну дамавітага паху, скаўтваючы заглушаны крык, і зарыдаў, і моцна абняў яго, нібы бацьку, якога ніколі ў жыцьці ня ведаў.

Хто ён, гэты калматы, барадаты корч, як быццам з пушчаў Вялікага Княства Літоўскага, ледзь не ў зьвярынай скуры, больш падобны на чорта, чым на анёла… Па-беларуску – ты чуў, што тварыцца… І на машыну сваю грохнутую нават ня глянуў – у ахапак і павалок…

Відаць, адзін з тых цемрашалаў, выкапнёвых, сярэднявечных рэлігійных фанатыкаў, якія час ад часу ўсплываюць у фэйсбуку са сваімі армагедонамі і пэцкаюць чорны квадрат спасылкамі зь Бібліі ды лічбай шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць. У гэтым было штосьці настолькі цёмнае, што Белазора перасмыкнула.

Балелі калені – так, нібы ён няспынна кленчыў усё мінулае жыцьцё.

Зыркі белы квадрат, акаваная падсьветка ў ходніку ля Ратушы, раптам асьляпіў яго з глыбіні зямлі. І ліхтары, невыносна зыркія буйныя шары сьвятла, быццам сьведкі, расстаўленыя на Плошчы Волі ў нейкім таемным вызначаным парадку, палілі вагнём.

Ён учапіўся ў дрэва, калі Леў цягнуў яго да Палаца. Нібы тапелец у віры, нават вачыма ўгрызаўся ў чарнату кары. Зямля хіснулася пад нагамі, і на імгненьне здалося, што ствол вось-вось ляжа яму на плечы, хруснуць ключыцы… Ды й цяпер, сярод людзей на Кастрычніцкай плошчы, яму не хапала галавы асэнсаваць: гэты кажух, гэтае цяпло, гэты ўладны рык і хрыплае дыханьне, бліскучыя ўспышкі і вастрыі сьвятла, што рэжуць вочы – адкуль гэта яму? Няўжо цяпер, такі, ён камусьці на сьвеце патрэбны? І куды, чорт пабірай, урэсьце цягне яго праз натоўп гэты Леў?

Ён ужо трохі адагрэўся, штохвіліны хутаўся, і разам зь цёплымі дрыжыкамі, скрозь прылівы жаху і эйфарыі, яго захлынала то багна Нямігі, то падаўленыя рыданьні, то водбліскі навагодняй ліхаманкі, то жудасьць, што зловяць, то дзіцячае зухаватае захапленьне – схаваўся!.. Уцёк! Цяпер ніхто ня знойдзе!..

Народ ужо запоўніў Кастрычніцкую і ўсё прыбываў. Сям-там феерверкі азаралі аграмады будынкаў, і ад чорных сэрцаў дынамікаў ішоў тэлевізійны рокат. Віск, роў і тысячагалосы гул дзіўным рэхам перабрэхваліся ў квадраце неверагодных памераў.

– Цэлую ноч шабаш, – блізка ля твару рычаў Леў, – гэта табе не Вальпургіева ноч у “Фаўсьце” і ня баль Воланда ў Маскве. Гэта пастрашней. Менск, ноч з 31 сьнежня на 1 студзеня. Каб ты толькі чуў гэты дух…

Плошча шалела. Нехта груба бартануў яго плячом, ён ледзьве пасьпеў пераступіць. Між гурбаў мінакоў напярэймы ім вецер рыўкамі гнаў нейкую белую цырату, і яму лягло пад ногі, быццам палавік, брудна-белае, спэцканае чырвоным – ці не крывёю.

Тайны, якія ён нават не пасьпяваў расшыфраваць. Кожны крок напоўнены глыбінёю. Кожнае аблічча, што траплялася насустрач, выбухала зьместам.

Заклапочаныя зморшчыны ў акулярах. Бліскучая лысіна, якая абмяркоўвала з капною хны, дзе купіць незразумела што. Рот з пырскамі сьліны, з-пад мабільнага. Дзед у акулярах, вочы вялізныя, вадкія – ён што, зьбірае бутэлькі пад нагамі?

– А пайшоў ты! – проста ў твар яму вызьверылася нейкая п’янь; Леў захінуў яго, а тут хтось рыгнуў пад ногі, абшаснуўся міма пластыкавай бутэлькі, квэцнула, ліпне, цьфу! – зашоркаў падэшваю аб плітку.

Андрэй адчайна скаўтваў і сплёўваў вачыма абліччы, постаці, цэлыя гурты… Вось твар сакавітае брыдоты – яркія, аж сьлінныя вочы і пачварна пунсовыя вусны з россыпам пухіроў, вогнінак і вуграў на мякаці шчок – аж выварочвала зрок, аж гідліва прыцмокнуў вейкамі.

– Глядзі, глядзі, – выдыхаў Леў, – Новы год, галоўнае сьвята… Яны сьвяткуюць: прайшоў яшчэ адзін год жыцьця, будзе новы, хочуць усё па-новаму… Але нічога ня хочуць мяняць у сабе. Ты паглядзі: якая беларуская прыгажосьць… І якая разбураная.

Бяскрайняе чалавечае варыва ў водсьветах аграмаднага квадратовага экрану па-над Палацам. Ліловае. Фіялетавае. Бледна-зялёнае. Сінюшнае.

Андрэя муціла ў гэтай цяжкой ільвінай скуры, і ад пагромных тамтамаў ныла пад сэрцам. Ён хапаўся вачыма то за пробліск залатой дужкі ў інтэлігенцкіх акулярах, то за бялкі дзіцяці, якое цягнулі праз натоўп за руку, а яно ашалела, з капюшонам набакір, вынырвала пад нагамі.

І чым больш узіраўся Андрэй, чым больш скаўтваў, тым менш разумеў. Тым больш палохалі яго гэтыя позіркі ў нікуды, гэтая абыякавасьць броваў, гэтая грэблівасьць вуснаў, гэтае чаканьне чагосьці і трываньне кагосьці, убачанае толькі цяпер, гэтыя рухі бяз мэты і манатоннае шарканьне тысячаў ног сабранай разам агромністай колькасьці людзей.

Ягонага народа.

…Ох, толькі пасьля ванітаў на прыступках Палаца палегчала й праясьнілася. Адплёўваўся. Ды ладна, нармальна.

Цёплы кажух пах жытлом. Дагістарычных часоў, зь нейкім барановым каўняром, але ж і праўду цёплы. Ён паспрабаваў аддаць кажух Ільву, праўда, без асаблівага імпэту – і ў выніку застаўся ў цяпле ды зь лёгкім пачуцьцём віны.

– Леў, ты хто?

– Чалавек я… Проста чалавек. Веру ў Бога і люблю Беларусь, толькі і ўсяго. Што, з-за гэтага падобны да вар’ята? А можа наадварот, гэта астатнія, – Леў махнуў рукой у бок плошчы, – павар’яцелі?

– Куды мы ідзём?

– На неба, – паказаў рукой у бездань, поўную зор. – Хочаш?

– Халодна.

– А мы вышэй. Там класна.

– Ммм… што проста зараз?

– Ну, спачатку, можа, дахаты зойдзем.

– Ааа… А далёка яшчэ?

– Пагаворым, дык яно хутчэй, – Леў паёжыўся ў швэдры.

І змоўк.

Яны ішлі прасьпектам, скрозь дзьве плыні народу, насустрач ды па хадзе. Леў пацягнуў яго міма Нацбанка, на бульвар па Леніна – і ад гэтай плыні, і ад маўчаньня Льва яго зноў апанаваў панічны жах.

Ён правальваўся ў бездань Нямігі, у чорныя вочы Цімура, у скрываўленыя нетры Волі… Прылівы жаху падхлыналі да горла, у адказ ён сутаргава хутаўся ў львіны кажух і чапляўся позіркам за сівізну ды бляск дапытлівых вачэй свайго збаўцы.

“Бог цябе любіць”. “Гэта не супадзеньне”. “Ідзі за мной”. Ён спрабаваў засяродзіцца на тым, што адбылося – і ў скронях, і ў грудзях глуха ды ўпарта такала, і бухалі далёкія дынамікі:

Бог. Бог. Бог.

Што Андрэй Белазор ведаў пра Бога?

Паўцемень царквы з вагеньчыкамі, ажынава-чорнымі вінаградзінамі на дзьвярох алтара і пахам ладану ад дыму кадзіла?.. Дзіцячы шэпт перад абразом Маці Божай на кухні, прашу, каб жывот не балеў – і раптам адпускала?.. Маміна варушэньне вуснамі з адсутным позіркам?..

Нешта страшнае, старажытнае, пажыраючае чалавека. Пудзіла для цёмнай біямасы, каб не пазабівалі адно аднаго. А заадно – дно псіхікі. Бог – вораг людскога шчасьця.

Калі раптам аказваецца, што Бог ёсьць, у цябе зьёжваецца сэрца.

– Бог – гэта любоў, Андрэй. Столькі любові… цэлы ядзерны выбух.

Не, хопіць ужо зь мяне на сёньня выбухаў.

Але тое, што Бог любіць менавіта яго – яго, Андрэя Белазора, зацкаванага беларускага генія, адзінага і непаўторнага, няшчаснага самагубцу, які хацеў толькі дабра – о, у гэтым скразіла нейкая найвышэйшая прамяністая яснасьць, ад якой хацелася плакаць. Сьвятло праходзіць скрозь мяне, як там сьпявала “Арыя”, і болю больш няма.

Пераадольваючы зьнямелымі нагамі сілу прыцягненьня, ён успрымаў наноў і халоднае пранізьлівае паветра, і гарадскія вагні, і цьвердзь асфальту, і ледзь бачныя па-над асьветленым горадам далёкія-далёкія зоркі.

Няўжо гэта для яго – жыцьцё, ад якога ён цяпер штокрок чакае цуду?

Дзіўна адстароненае цела было такім няёмкім для новага і асьляпляльнага, што праменіла адусюль скрозь прабоіны ў цемры. Загінуць не давялося. Але як жыць далей?

Леў раптам прыхінуў яго на хадзе.

– Ня думай, як будзе потым. Не страшыся. Большасьць людзей жыве альбо мінулым, якое мінула, альбо будучыняй, якой ня будзе. Адзіны час, які нам даступны – цяпер. Толькі і ўсяго. І твой выбар – як жыць. Зграшыць альбо пакаяцца. Маліцца ці… маяцца якой-небудзь лухтой. Рукой на ўсё махнуць – або рабіць, што можаш. Карацей, забіваць час… у пошуках часу… ці жыць гэтым часам. Разумееш?

Гэтая думка Льва падалася яму падобнай да сферычнай сьвяцільні на бульвары, якую яны толькі што прайшлі. Захацелася прыпыніцца, узяць гарачы, палаючы шар у далоні – і грэцца, і глядзець.

Андрэй зябка ўнурыў рукі ў кішэні чужога кажуха. Спрачацца не выпадала; зрэшты ён ня мог вырашыць, ці ёсьць тут што спрэчнае пасьля сёньняшняй начы – сапраўды Бог ёсьць ці гэта яму, Андрэю, хочацца верыць, што Бог ёсьць?

Але ўладны голас Ільва прымусіў яго страпянуцца:

– Няхай не сумняваецца сэрца вашае, веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце, кажа Ісус.

О, хутчэй гэты чарадзей зь пільным позіркам і разьдзьмутымі ноздрамі быў усемагутны.

– Усемагутны толькі Госпад Бог, – раптоўна, ня гледзячы на яго, дадаў Леў, – а я такі ж чалавек, як і ты.

Гэта было ўжо занадта. Андрэй ня ведаў, што дзейнічала на яго больш: ці то словы, што прымушалі яго трымцець, ці то гіпнатычны бляск у дрымучых вачох Ільва, ці то ягонае глыбокае дыханьне – калі ён набіраў у грудзі паветра, у Белазора пачынала шалёна калаціцца сэрца.

– Паслухай, я пастараюся патлумачыць табе, што ты тут робіш.

– Патлумачыць мне, што я тут раблю? – Андрэй сьцяўся, намагаючыся суняць дрыжыкі.

– Менавіта, – Леў выдыхаў, і хмары пары гасьлі ў агністым паветры. – Бог уратаваў цябе ад сьмерці. Значыць, ты Яму вельмі патрэбны. Асабіста.

Калі рэха апошняга слова заціхла ў ягонай душы, Андрэй зразумеў, наколькі яму страшна.

– Страшна грэшнаму чалавеку стаць перад Сьвятым Богам, – Леў нейкім неспасьцігальным чынам вёў размову наўпрост зь ягоным мозгам (і гэта палохала яшчэ больш, хацелася абхапіць галаву рукамі) – але калі ты прымеш у сэрца Ісуса Хрыста, табе ўжо ня будзе чаго баяцца.

Яны спускаліся паўз аграмады чорнага люстранога шкла шпіталя да Сьвіслачы, і наперадзе ляжаў горад, агністы, далёкі, неахопны. Інтэрнаты студэнцкага гарадка, грандыёзныя распаленыя соты, аказваліся падначаленымі няведамаму рытму; дзесьці чорныя квадрацікі вокнаў успыхвалі, дзесьці гасла сьвятло… Што, і гэтае мігценьне мае свой сэнс у Бога? Кожны пстрык выключальніка? І кожная хвіліна, нават кожнае імгненьне існаваньня… Позірк… думка… І калі ўсё мінулае жыцьцё, якое раптам зрабілася невымерным, было поўнае знакаў і сэнсаў, істотных для яго, для тысячаў і тысячаў людзей, прапушчаных ім, і цяпер забыта – як тады жыць?..

Але ж. Андр, стаяць. Хвіліну. Яго кудысьці зацягвае. Што за абарот – ён ужо страціў уласную волю? Чорт яго ведае. Гіпноз гэта, секта або чорная магія з порчай і зглазамі; пляваць – ён будзе сам вырашаць, ува што яму верыць.

Андрэй наважыўся і рэзка павёў плячыма:

– А чаму вам страшна ад Чорнага квадрата?

Затаілася дрымучая барада, глыбокія вочы па-над пячорнымі надброўнымі дугамі, замерла дыханьне.

– Ну, чорнае і чорнае. Ну і што. Яны ўкладваюць у Беларусь. Бязь іх мы б захірэлі са сваім зборачным цэхам ды каліем. Гэта падаткаплацельшчык нумар адзін, шэсьць мільярдаў штогод.

Леў ішоў, глядзеў перад сабой і дыхаў – усё цяжэй.

– Гэта новы ўзровень жыцьця. Гэта зручна. Усё прасьцей. Мы адкрываемся сьвету. І беларускасьць зь імі – новая, кідкая. Сучасная. Гэта што ж, па-вашаму, – ад д’ябла?

Андрэй пачуваўся ўсё больш упэўнена, ён кідаў выклік:

– Ды яны проста робяць для чалавека лепш. Яны даюць чалавеку тое, што ён хоча. Шчасьце, Леў. Акрамя лёгкіх… падпольшчыкаў, якія ціхарацца ды штосьці там крэмзаюць на квадратах, ніхто не выступае супраць, бо гэта відавочна добра для ўсіх. Няма нічога кепскага ў тым, што людзі будуць шчасьлівыя.

Пачуўся ўнутраны напаўрык, напаўстогн, Леў досыць груба разьвярнуў яго за плячо; уперыўся проста ў вочы; ноздры яго разьдзімаліся:

– Ты. Сам… Ты – стаў шчасьлівы? Пад машыну мне ад шчасьця кінуўся?!

Андрэй маўчаў. Так атрымалася, але якое дачыненьне гэта мае…

– А такое, – раздражнёна кінуў Леў, – па пладах дрэва пазнаюць. Па пладах. Што ў цябе, што ў народа на плошчы – вунь яно, тваё шчасьце. У жыцьці нічога не бывае выпадкова. Нічога.

Ммм…

Так, адчуваньні Андрэя, якому сеначы бамперам стукнула трыццаць, у двух словах можна было выразіць: Штосьці Ёсьць. Але вал падзеяў, супадзеньняў альбо, чорт яго бяры, заканамернасьцяў выклікаў у ягонай выматанай душы глухі, як рык, ступар. Што гэта яшчэ за штучкі. Хай сабе Штосьці. Хай сабе Ёсьць. Але яго так проста, адным кажухом ды парапсіхалогіяй, ня возьмеш. Вунь ён ідзе, шэпча штосьці сабе пад нос, маг хрэнаў.

Магло ўсё супасьці, чыста тэарэтычна?

Магло. Чаму не.

Але вось адкуль вылез гэты ашаламляльны пячорны чэл, апрануты, як лох, які ведае ўсе адказы і, такое ўражаньне, вынюхвае зь яго душу?

– А ўвогуле першае, што табе трэба зрабіць – пакаяцца.

Леў зноў досыць бесцырымонна спыніў яго. Пад ліхтарамі, у сьвятле вокнаў інтэрната ён, барадаты, зь іскрамі сівізны, глыбакавокі, дышучы – о, ён быў грозны.

– Вы што, думаеце… – Белазор сутаргава сьціснуў на грудзях рукі ў кажуху, – то есьць, вы што хочаце… Каб я вось тут, проста, узяў… У чым?

У грудзях у Льва глуха забурчэла. Нечы агромністы цень з вакна на высокіх паверхах варушыўся вакол іх; здавалася, што зямля хадзіла ходырам.

– За што табе каяцца?.. Ну і дух… Ды цябе ўжо чэрці знутры даядаюць, засталося толькі костачкі павыплёўваць, і ўсё! Ты ж сам прызнаў, што тваё жыцьцё вартае сьмерці. Кінуўся пад колы. Што, ня так? Калі чалавек ня бачыць, за што яму каяцца – значыць, ён сьляпы. Не спакушай мяне, – Леў нават адпусьціў сваю пяцярню, і Андрусь, упершыню застаўшыся на сваіх дваіх, ад нечаканасьці захістаўся.

– Бог даў чалавеку волю.

Андрэй глядзеў на яго, агаломшаны, і паўтарыў як рэха:

– Бог даў чалавеку…

– Твая воля. З Богам ты ці не. Твае думкі, пачуцьці, рашэньні, дзеяньні – вынік твайго выбару. Толькі і ўсяго. І ты нават не ўяўляеш, колькі ў сваім сэрцы носіш зла – хопіць, каб разьнесьці паў-Беларусі. Але Госпад настолькі любіць Сваё стварэньне, настолькі пяшчотны, што… Нават калі ты згніў зажыва дарэшты, Бог усё адно цалуе цябе ў сэрца.

Пячора ягонага новага жыцьця, сагрэтая духавітым кажухом, па хадзе дрыжэла і раз-пораз працякала – то халадком па скуры ад Цімура, то сьцюдзёнымі сьлязьмі маці, то сталёвым прысмакам з крывёю Волі – але ён адчайнымі спазмамі выпіхваў з чэрапу ўсе гэтыя вантробы, толькі б ня ўнюхаў Леў, бо разарве. Пакаяньне… Харош, ён памёр для гэтага, усе ягоныя трупы засталіся там, на Плошчы.

– Гэтаму сьвету хутка канец. Пасьля вайны бедных з багатымі пачынаюцца войны прыхадняў з тутэйшымі, жанчынаў з мужчынамі, вычварэнцаў з нармальнымі… Д’ябал вечна шукае, як вынішчыць род чалавечы цалкам – і людзі, сьляпыя, расшчэпленыя, вядуцца на гэта. Але цяпер ён выбраў кропкай апірышча Беларусь, і вось пытаньне: ці дамо мы яму тут прарвацца? Маеш рацыю, гэты сьвет скончыцца – але пачнецца новы. Божы. Хочаш жыцьцё вечнае? Бяры. А чорны квадрат – гэта рэальная цемра. І гэта нашмат страшней, чым ты думаеш.

– Ну Леў, я праўда не ўрубаюся наконт Чорнага, – Андрэю не падабаўся ўласны жаласны голас, – ну скажы ты мне, самагубцу дурному, – чаму?!

– Пайшлі, – Леў зноў прыняў яго за плячо, памаўчаў, шумна дышучы; праз плячо Белазору перадаваліся ўсе здрыганьні львінага цела на хадзе, – шмат я табе зараз не скажу. Ёсьць прароцтвы. За апошнія тры гады – тры. Зробленыя людзьмі, каторыя ня маюць дачыненьня да Беларусі. Некаторыя нават былі без паняцьця, дзе яна знаходзіцца, разумееш? Евангельскі пастар, перс, каторы пасьля адкрыцьця адмыслова прылятаў сюды з-за акіяну, эфіёпскі студэнт-каталік, праваслаўны старац за сем тысячаў кіламетраў адсюль. Сутнасьць адна: на белае месца ў сэрцы Еўропы сатана ставіць чорную пячатку. Але калі навернемся да Бога – сьвятло адсюль зазьяе ўсяму сьвету.

Леў памаўчаў і дадаў:

– І што-нішто там сказана пра аднаго чалавека.

У Андрэя заныла сэрца.

– Беларусь стала цэнтрам дзеяньня зла. Гэта даўно рыхтавалася. Але ёсьць людзі, якія разумеюць, што такое Беларусь. Людзі, каторыя аддадуць жыцьцё, каб Беларусь была сьвятлом, а ня цемрай.

Яны ішлі пустыннай вуліцай, дзе толькі бліскучым лязом зьзялі трамвайныя рэйкі, і львіныя словы аддаваліся гулкім рэхам.

– Беларусь узьнікла як краіна, калі прыняла Ісуса Хрыста.

Ну вось, пачалося.

… – Памятай, Андрэй Белазор: Беларусь сьвяцілася ярчэй за ўсё тады, калі верыла ў Ісуса Хрыста. І хварэла, і памірала, калі выракалася… Мала таго, Беларусь несла Ісуса Хрыста ўсім суседзям – ад Ефрасіньні, Кірыла Тураўскага ды Аўрамія Смаленскага, Радзівілаўскай Бібліі для Польшчы, Бібліі Скарыны і Федаровіча для Расеі і Мсьціслаўца для Украіны… Сімяон Полацкі, Мялет Сматрыцкі – ды што мне табе распавядаць, гэта ж ты, я чытаў, гістфак скончыў, супастаў факты!.. Беларусь дала сьвету… сьвятых усіх канфесій. Найвялікшыя беларусы – вернікі Ісуса Хрыста. Яшчэ жывыя людзі, каторыя за савецкім часам друкавалі Слова Божае па пушчах… для расейцаў, украінцаў, казахаў, удмуртаў, асяцінаў, якутаў…

Леў казаў і казаў – глыбока, выдыхаючы з грудзей часам рык, а часам гуд. Андрэй залпамі гасіў сваю пару ў старую прамысловую забудову, віядукі мастоў, дымы зь люкаў на асфальце, коміны “Камунаркі”. Пусты, нежылы горад выдыхаў перагар забыцьця.

– Беларусь ахвяравалася – аддавала сябе на разрабаваньне, Андрэй, плоць і кроў аддавала іншым… Геніяў… Выракалася сябе, брала крыж і ішла, толькі і ўсяго. Беларусь вынасіла пад сэрцам Ізраіль – калі ты хоць крыху знаёмы зь Бібліяй, ты разумееш, што гэта значыць. Соль і сьвятло беларускай гісторыі – выяўленьне Ісуса Хрыста. У слове. У цярпеньнях. На крыжы… Краіна-рана, што тут казаць! У героях, у сімвалах… Бел-чырвона-белы сьцяг. “Пагоня” з крыжам на шчыце. “Магутны Божа”… У найвышэйшых дасягненьнях, у найвялікшых пакутах і ўзьлётах духу Беларусь… зьліваецца зь цярпеньнем, пакутамі і любоўю Ісуса, разумееш? Паглядзі на гэтую краіну, проста зірні ўдалячынь – ціхая, сьветлая, празрыстая… Беларусь – гэта ня чорнае, хлопец. Беларусь – гэта сьвятое.

Ягоная істота ніяк не магла адысьці ад перанапругі, ад чагосьці нечалавечага. Край каўняра задубеў ад вільготнага дыханьня; у кішэнях зусім не заставалася цяпла, і ён сутаргава пхнуў зьмёрзлыя кулакі туды глыбей.

Чаму ты павінны яму верыць, Андр?

– Хочаш разабрацца, ці верыць Богу, які цябе збавіў? Проста паразмаўляй зь Ім. Бог з кожным размаўляе па-свойму, – Леў скруціў рукі ад холаду крыжам на грудзях, – І з табой таксама, чуеш ты ці не. Увесь час. Ці праз Біблію, – вось, адкрываеш, памаліўшыся, – ці праз бліжняга, ці праз супадзеньні, ды хоць праз загалоўкі ў інтэрнэце… Бывае, і праз горача-халодна, ведаеш жа такую гульню…

Горача? Хал-лодна ж, адубець.

– Калі ты паверыш Богу – і ў цябе будзе свая сувязь. Свой сакрэт.

– А з Вамі… а з табой Ён як размаўляе?

Леў нахмурана паглядзеў на яго (ці гэта было ад сьцюжы); толькі нос зморшчыў, быццам вынюхваў, ці варта дзяліцца:

– Даведаесься… Як прыйдзе час.

Ані Масква, ані Рым, ані Нью-Ёрк не маглі параўнацца з той веліччу і вусьцішшу, з тымі жахамі і цудамі, якія ён перажыў гэтае начы ў агромністым, шэрым і поўным вагнёў Менску.

Яны ішлі нейкімі правулкамі ды дварамі, дзе трапляліся рэдкія навагоднія п’яніцы; гледзячы па ўсім, Леў пазьбягаў вялікіх вуліцаў. Нейкі час яны ішлі ўздоўж Партызанскага; потым заглыбіліся ў гулкія пяціпавярхоўкі, дзе кожны крок аддаваўася шолахам па дварох. У гэтым чужым, захопленым цемраю ды холадам сьвеце ён ужо страціў усякае ўяўленьне аб знаёмых мясьцінах.

Леў прытрымліваў яго за плячо, як параненага, і ўрэсьце гучна, з рэхам, якое аддалося ў ягонай пустой душы, абвясьціў:

– Бог аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.

Ох, дзесьці я ўжо гэтую мантру чуў.

– Ды гэта сутнасьць твайго ўласнага жыцьця на зямлі, чалавек! – ледзь стрымліваючы гнеў, дыхаў яму ў твар параю Леў.

Не здавайся, Андр. От ужо гэтыя царкоўнікі, суцэльная містыка ды чартаўшчына.

– Сутнасьць?.. Па-сутнасьці, адкуль на зямлі зло? Раз Бог усемагутны – значыць, ён зло і стварыў?

– Тварэньні Божыя атрымалі поўную свабоду, разумееш – поўную! І яны яе мелі – аж да Адама. Бог не дыктатар… і некаторыя таварышы, скажам так, выбралі бунт і ярасьць супраць свайго Творцы, і ламаньне, і зьнішчэньне ўсяго створанага, вось табе і зло… Усё, што адбываецца на зямлі, робіцца альбо паводле Божай волі, альбо паводле дапушчэньня Божага. Ці была воля Божая, каб чалавек адпаў? Не, канечне. Але Бог дапусьціў гэта, каб вольны ад Бога чалавек мог… нагуляцца да апупеньня, усмак; наглытацца крыві і свайго ўласнага дзярма, між іншым – і ўрэсьце свабодна, прыняўшы Божую ласку, зь цьвёрдым рашэньнем вярнуцца да Айца. Прытчу пра блуднага сына…

– Вось-вось, пра блуднага сына, значыць! А чым вінаватыя дзеці, немаўляты, якія і выбіраць-та ня могуць? Калі іх забіваюць…

Леў падазрона, усім носам залез яму ў душу:

– Гэта ты пра аборты, ці што?

Белазор пахаладзеў ад жаху, але амаль крычаў:

– …Няшчасныя, нявінныя дзеці!..

– Нявінным на небе нашмат лепш, чым тут. Улічы гэта. Госпад забірае іх да Сябе, ім там цёпла і сьветла і не баліць, ты за іх ня бойся. За сябе бойся. Вось ты сказаў пра дзяцей, Андрэй Белазор…

– Стой! Вы, хрысьціяне, пастаянна на неба ківаеце. Чаму ж ты мяне не адпусьціў туды, дзе сьветла і цёпла. Я сам хацеў!

– Таму што… якое неба!.. ты пёрся ў самае пекла, студэнт! Ты што думаў, кувырком у Валадарства нябёснае паляціш пасьля сваіх фокусаў чорных, а? Бач, герой, сябе забіць хацеў… Ня ты сябе ствараў, ня ты нараджаў, не табе і гэтае жыцьцё забіраць.

Андр дрыжэў, азіраўся ў гэтай шэрай пустэльні і выдыхаў:

– Пекла, д’ябал… Страшылкі для асабліва… ўпечатліцельных.

– Э-ээ, гэта рэальнасьць, Андрэй Белазор. Прывыкай. Зараз, пачакай толькі крыху – тут такі хэлоўін з-за цябе ў пекле пачнецца! Зацэніш чарцей, як яны ўзвыюць ад страты, зацэ-эніш… Так зашманіць, мама-каравул галёкаць будзеш, я табе не жартую. Улюбёная ўлоўка д’ябла: “Оп, мяне няма”. Усе гэтыя дабрадушныя благавонія, маўляў, зло гэта толькі адсутнасьць дабра – дым у вочы, і пускаецца ён людзьмі, якія пекла ня нюхалі. Д’ябал, дэманы, чэрці ды іншыя бесяняты – гэта цэлая армія духаў, і ў кожнага зь іх свой смурод, свой улюбёны набор катаваньняў і свой агнямёт на ўліку, і я іх чую. Верыш, не?

Катлавіны двароў трывожна гулі, і пяціпавярховікі стаялі як старыя крэпасьці з руінамі вежаў, на вяршынях якіх гняздуюць дэманы.

– Але ня бойся. Ісус на крыжы перамог д’ябла.

– Дзе ж ён перамог – столькі крывішчы вакол за апошнія дзьве тысячы гадоў!

– А гэта часова, брат ты мой. Пакуль усе народзяцца, каму трэба, і выпрабаваньне пройдуць, і выбар зробяць – датуль выкананьне прысуду канчатковага а-адкладзена.

Пры словах “выкананьне прысуду” Андрэй зайшоўся млосьцю: ўявіў, як Цімур адмывае кроў з разьбітае галавы ды аддае распараджэньні Зьверу.

– Паслухай, Леў. Я, канечне, не сьвяты. Але я нікога не забіваў, ня краў і чужых жонак…

– Проста паглядзі сваё сумленьне на прасьвет, Андрэй Белазор, толькі шчыра. Хвілінку. Успомні, колькі зла ты пусьціў у гэты сьвет. Хаця б з квадратамі, брат ты мой!.. Мала таго. Пражытае бяз Бога – пражыта ў граху. Няма праведніка ніводнага, усе зграшылі і пазбаўлены славы Божай. Адзін Ісус бязгрэшны – і Ён на крыжы ўзяў наш грэх, і твой асабіста грэх. Увесь! на Сябе. І ўваскрос. Пакаесься і прымеш Хрыста – збавісься ад грэху, дачыста.

– Хто гэта сказаў?

– У Бібліі напісана.

– Леў, асьцярожна. Біблія – набор старажытнагабрэйскіх міфаў, я ж гісторык. Біблія кішыць супярэчнасьцямі, навука даказала…

– Гэта чалавек кішыць супярэчнасьцямі, тут нават даказваць нічога ня трэба. Гісторык… Твой навуковы атэізм ды камунізм адкідаў і Бога, і Біблію… і рухнуў ня так даўно, у дваццатым стагоддзі, пад цяжарам пралітай крыві, трупаў і краінаў разваленых. Яшчэ людзі жывыя, якія памятаюць. Чалавек хоча быць богам, ты сам хацеў богам быць, прызнайся – вось у чым корань. Пыха, пачатак сатанізму. Як толькі ты заходзіш на тэрыторыю д’ябла – пыха, хлусьня, нянавісьць, зайздрасьць, блуд, увогуле, любы грэх – д’ябал уваходзіць у тваю душу, у тваю сям’ю, у тваю краіну.

– Ну вось, прыплылі. Што ж, па-вашаму, Цімур – Антыхрыст? Ды хоць ён і мне вораг, але ж сам па сабе геній. Валявы геній.

– А які ён, па-твойму, антыхрыст? У кожнай эпохі свой, брат ты мой. Нерон, Напалеон, Ленін, Гітлер, Сталін… Напісана ж, таямніца беззаконьня ўжо ў дзеяньні, пакуль не адымецца са сьвету Стрымліваючы… Антыхрыст і цяпер ёсьць, толькі ён патэнцыйны. Ён гатовы разьвіцца зь любога… да хоць зь мяне альбо цябе. Няўжо ты думаеш, што ён будзе кульгавы, такі стомлены Воланд, ці шалёнага выгляду, як Аль Пачына, ці зь яхідцай, быццам якісьці дробны бес? А цалкам сучасную асобу не хацеў?.. Лагічную? Прагрэсіўную? Поўную здаровага цынізму, якая бачыць, так сказаць, жыцьцё наскрозь, га?.. І асоба менавіта валявая, як ты сказаў, у тым-та і штука, што надзвычай валявая! Ён будзе хлусіць у вочы, ды так, што сам будзе верыць у сваю хлусьню, ён будзе трапляць у сэрца ўдарам бота, толькі і ўсяго. Дадай да гэтага грошы, ўладу, ціхі куток тыпу Беларусі – і ён гатовы, твой валявы геній апошніх часоў… Чалавек грэху, сын пагібелі. Геній, якому пляваць на Бога – і які хоча, каб было толькі па-мойму. Вось табе і ўвесь Антыхрыст. – А дзе твой Бог быў, каб сказаць мне гэта ўсё раней?!

Ён быў побач. Ён заўсёды казаў. Ён грукаўся ў тваё сэрца. Ты чуў, не хлусі сабе.

Бог. Бог… Бог?

– Ды Ён грукаўся, да зьнемажэньня, і плакаў над табой, і казаў табе, і крычаў табе, і паказваў табе на знаках, як што ты ёлуп глуханямы – але ж ты зь дзяцінства такі круты пацан, што, ня так?.. ты ж у нас геній, ты ж вялікі і непаўторны Андрэй Белазор, да ты сам бог, табе пляваць, хто табе яшчэ патрэбны быў у гэтым жыцьці!

Леў закашляўся, згроб вольнай рукой швэдар ля горла, захінуўся і прахрыпеў:

– Пакайся. Прымі Ісуса, проста цяпер. Давай памолімся разам, калі ты сам ня можаш.

Андрэя ахапіла ўсяленская змора. Нудзіла ад голаду – ён ужо суткі, лічы, нічога ня еў. Холад, нягледзячы на хаду, глыдаў суглобы і прабіраў да самага шкілету. Калені нылі. Але галоўнае – цемра. Гразкая, абыякавая, усепаглынальная цемра. І вакол. І ўнутры. Калі гэта новае жыцьцё, ды чаму, х-халера, вакол – зноў Няміга, якая глядзіць на яго безданьню… Пустымі квадратнымі вачніцамі.

А тут яшчэ і Леў – дыхае і маўчыць, адно хукае на пальцы. Ведае ягоныя думкі і маўчыць, зараза. Верыць?

Што чарната вакол – толькі купал, і далёкае сьвятло, і зоркі – дзіры ў неба, прабітыя скрозь цьвердзь?..

Бог… Ты праўда ёсьць, БОООГ?.. Бо я ўжо больш не магу.

* * *

І ў гэты момант пайшоў сьнег.

Першыя сьняжынкі падалі ціха, амаль бязгучна. Андрэй нават бачыў цені ад іх. Голая халодная чорная зямля прагнула сьнегу, і сьнег ішоў спакойна й пяшчотна. Вецер суцішыўся, і сьняжынкі, як зоркі зь неба, як крышталёвыя крыжыкі, як маленькія настойлівыя анёлы – напаўнялі пробліскамі й мігценьнем увесь горад. У ліхтарох, то белых, то жоўтых, мігцела срэбра і золата, на дарозе былі рассыпаныя дыяменты.

Сьнегавая бель выкшталцонай графікай падкрэсьлівала бардзюры, лінеіла згубленыя ходнікі, растрэсквала прастору раптоўнымі галінамі дрэваў. Сьвежая, велічная ціша праступала проста зь цёмнай глыбіні. Чарноцьце чарвячылася, курчылася, натужна каўтала, сплёўвала – але іскрыстыя мірыяды высаджваліся дэсантам паўсюль, засыпалі грэшныя плямы, укрывалі, мігцелі – і ачышчалі, і авейвалі ўсё белай-белай сьвятой чысьцінёй, пасярод якой так хочацца ўсё пачаць з пачатку.

Бог соліць Беларусь.

Сьняжынкі падалі, сядалі на валасы, кранальнымі пацалункамі таялі на твары; некалькі зазірнулі ў вочы – хрусталёвыя, цудоўныя – і аселі на вейках… Гранёныя, крышталёвыя прызмы, у якіх цудоўным чынам пераламлялася ўсё сьвятло ягонага жыцьця: зоры дзяцінства, агмяні Сьвіслачы, глянцавыя водбліскі кнігаў, люстры Беларусі ў квадраце – і фары на плошчы Волі… Усё сьвятлела, прыгажэла, напаўнялася казачным зіхценьнем. Чыста. Урачыста. Срэбныя дрэвы. Німбы ліхтароў.

І на душы рабілася сьвежа, сьветла, празрыста, быццам у крышталёвым палацы. Ён ужо не адчуваў цела – толькі бясконцыя буські гасьлі на шчаках, лобе, скронях і веках. Сьнег быццам сыходзіў у глыбіню, прасейваўся скрозь асфальт, і ў адзін момант Андрэй раптам вырашыў, што гэта ня сьнег падае, а ён сам узыходзіць на неба.

– Леў… Трэба падумаць.

* * *

…Леў зьнянацку завярнуў за рог, выдыхнуў нешта накшталт “Госпадзе-мілы-слава-табе” – і лёганька падштурхнуў яго да пад’езду.

Ані душы. Казка. У двары сьветла ад сьнегу. Абапал уваходу – дзьве абрубленыя таполі з праменьнямі вецьця ад верху, абведзеныя кромкаю сьнегу. Быццам юдэйскія сямісьвечнікі.

Дыхнула цяплом: дахаты – гэта было сюды. Ціха. Проста. Чыста. Нават пуста.

Ключык бліснуў у водсьветах сьнегу з вуліцы.

Андрэй ледзь расплюшчыў вочы. Шаснуў у сьляпушчую ванную, і толькі ўзяўся за кран адчыніць ваду – адхіснуўся ад бездані люстра.

На яго глядзела аблічча, пастарэлае гадоў на дзесяць. Зморшчыны пад брывамі раскалолі лоб; пад вачыма цьмяныя калодзежы, засечкі ля вачэй. Але самае страшнае… Пякуча-белыя, як апаленыя пасмы ля скроняў, па-над лобам… Ён правёў анямелымі, дрыготкімі пальцамі – не, гэта быў ня сьнег.

Гэта была серабрыстая, сьветла-попельная, бела-русая бель, што пёрла знутры яго.

Беларусалім. Кніга першая. Золак

Подняться наверх