Читать книгу Беларусалім. Кніга першая. Золак - Павел Севярынец - Страница 6

І. Ноч нараджэньня
Крывавая разьня пад сэрцам

Оглавление

І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе,

Ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы,

Ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.

Мацьвея 2:9

У яго пад нагамі расхінулася Чырвонае мора.

Расступіліся воды, і стаялі сьцяною з правага і левага боку, і застылі глыбіні. І было так страшна ад сьцюдзёных гукаў – яны праціналі наскрозь! – ад таго цяжару, які млеў па-над ім, ад глухога пагрознага шуму, што табуніўся вакол яго, безабароннага – што ён тужыўся хутчэй, як мага хутчэй высьлізнуць адсюль. Ад гэтае напругі вочы раптам разьверзьліся, у галаве ўспыхнуў іншы сьвет, і вось тады ўнізе адкрылася чырвоная бездань.

Няўжо гэта і ёсьць той сьвет?

…І ўсё-такі ён верыў, той сьвет існаваў. Той сьвет спараджаў няясныя згукі, знакі, тайны; той сьвет неспасьціжным чынам уплываў на яго, той сьвет палохаў і вабіў – і часам так хацелася нарэсьце пабачыць, што там!

Вядома, тут было ўтульна, знаёма ды ёміста, часам нават цудоўна, усё неабходнае для існаваньня было пад рукой. А там? Пэўна, і там над табою вялікае Cэрца, крыніца рытмаў і токаў, якая вызначае час і лад; то тукае часта і радасна, і хвалі з шумам накатваюць, абцякаюць цябе, і тады самому хочацца танчыць, скакаць і дзень мінае хутка, то цішэе і запавольваецца, шэпча і прыслухоўваецца да цябе, і тады доўга цягнецца час, і хіліць у сон.

Адкінуўся на сьпіну, падцяўшы пад сябе ногі, трохі скаўтнуў і прыслухаўся: так, так, цяпер тукала мерна, глыбока і ў такт думкам.

Так, там усё па-іншаму. Усё-ўсё. Там, канечне, воля. Воля! Там, ён пэўны, усё большае – знакі ж такія велічныя, усеабдымныя. Тут гукі мяккія, пяшчотныя, пругкія – а адтуль, з-за межаў жывога час ад часу даносілася то нешта неверагодна звонкае, то страшэнна нізкае, амаль рык, то гул трубаў, то шум вадаспаду. Не, што гэта такое насамрэч, тут было проста немагчыма ўявіць.

І галасы. Так, ён ужо досыць даўно чуў галасы. О, гэтыя галасы там, наверсе, несумненна, тычыліся яго і, пэўна, мелі нейкую ўладу над ім і нават над Сэрцам. Адзін, нізкі, хрыплы і злосны, хвастаў яго і пляваў у яго гідкімі ашмоткамі і шаркаў так, што прабіралі дрыжыкі, вялікае Сэрца чамусьці падтахвала яму. А другі, высокі, саладзенькі, жаласна суцяшаў і нават прасіў у яго чагосьці, можа, прабачэньня, і войкаў, і цокаў, і сюсюкаў, але тут Сэрца маўчала ці бурчэла грэбліва.

– Забіўсабеказла! – драбіў зычныя Нізкі голас.

– Ёнжаневінаваты, – жаласна падпяваў Высокі.

Быў і роўны, метадычны, зь лёгкай вібрацыяй, абыякавы, амаль нежывы – звычайна ён доўга-доўга бесьперапынку гаварыў пад вечар, і мог колькі разоў зь лёгкім шчоўкам мяняць тэмбр. Немагчыма было зразумець, што ён кажа і чаго хоча, нешта пустое – але было ў ягонай манатоннасьці чараваньне, гіпнатычнае ўзьдзеяньне, і ён ужо хваляваўся, калі ня чуў вечаровага голасу.

Быў Утробны, ён казаў нешта кароткае і дзелавітае – і часам з рэхам і трапятаньнем згары, з хвалькай розгаласу адказвала роднае Сэрца – гэтак жа коратка, але пакорліва. Час ад часу наверсе Ягонае ракатала само сабою – і нельга сказаць, каб гэтыя размовы былі прыемныя. Часам Сэрца было спакойнае – і тады не было нічога мілейшага за яго, то раптам злавалася, і тады сьціналася ўсё ў яго ўсярэдзіне.

Быў і рэдкі, але выключна важны голас. Калі ён, далёкі і грозны, чуўся, усё жывое трымцела; ён працінаў да костак, і яму чамусьці заўжды здавалася, што голас быў найважнейшы, і ён напінаўся ад незразумелага здранцьвеньня і страху. Так, пасьля гэтага голасу бывала зусім блага – нарастала трывога, цяпло затухала, і ў нейкі момант усё скаланалася спазмамі, калыхалася, выварочваў душу паранены роў усяго сьвету, ён захлынаўся ў патопе, і яго самога цягнула на ваніты.

– Гэта Цімурава. Не-е, не маё. Слухай, ды не хлусі мне. Ага, не было!.. Я гэта ўжо тысячу разоў чуў. Ды якая розьніца, увогуле, мне напляваць. Ня трэба. У нас будуць дзеці, калі я скажу. Да, так.

Андрэй, клянуся, ён твой. А наконт Цімура, ну ты ж сам мяне запрасіў туды… Я падумала… Я праўда кахаю толькі цябе і я хачу…

– Хаці ты што хочаш. Ды ў любым разе: ты мне сказала, што прымаеш таблеткі. Ты схлусіла. Усё. Калі кахаеш – аборт. Я цябе, чуеш, увогуле на вуліцы падабраў, а ты яшчэ мне тут… Альбо я, альбо вось гэтае во. Ясна? Сьвет крычаў, аглушальна вішчэў, штосьці падала й трэслася землятрусам. Андрэй! Андруша… Ну Андрэйка… Ты ня можаш вось так! С-скаціна. Урод. Мярзота. Каб я яшчэ…

А можа, той голас належаў Некаму, каго ў тым сьвеце слухаліся ўсе? Таму, хто валадарыў там? І такія буры – гэта кара? За тое, што ён, ён нешта ня так зрабіў ці падумаў…

Ён задумаўся, узяўшы ў рот свой улюбёны вялікі палец.

Пэўна, ёсьць на тым сьвеце Нехта, чыё вечнае Сэрца па-над табою, грэе ўсіх, толькі яшчэ мацней, перажывае і хвалюецца, разьлівае хвалямі ласку і трапятаньне, аж аддаецца ў жываце, б’ецца і грукаецца да цябе адтуль, згары, тахкае так, што чуюць усе, і вызначае час.

Калі ён быў маленькі, пагатоў, і не разважаў над такімі рэчамі. О-о, ён жа памятае, як даўно гэта было, якія мізэрныя былі ягоныя пальчыкі, як ён адно каўтаў ды коўзаў вакол свайго жыватворнага канаціка. Быў няцямны, бездапаможны, ледзь рухаўся. А зараз ён вялікі і прыўкрасны, і скача, і кувыркаецца, і чуе, і вось ужо бачыць, як усё вакол чырвона, і, самае галоўнае – усе гэтыя справы абдумвае.

Ён верыў, што ўрэсьце ўбачыць той сьвет. Ён жа расьце, большае, яго расьпірае, і тут яму ўжо цесна. Для чагосьці ж ён сілкуецца й сьпее. Вось расхінецца Выйсьце, і ён паплыве… А мо, паляціць…

І ўбачыць такіх, як сам?

Тут сам не гукнеш, тут толькі нагою туп, туп у пругкую сьцяну – і тады гладзіць, лашчыць, цяплее, і родны голас робіцца блізкім-блізкім – і тады ўсьміхаесься, і верыш, што ўсё будзе добра.

А там… Дзеля гэтага Адкрыцьця, каб быць гатовым, ён настойліва качаўся зараз, штурхаючы нагамі дол, і суцішаўся толькі тады, калі па небе над ім пракочвалася цёплая хваля, і роднае ўгаворвала яго: гэй, спакайней.

Ён ямчэй павярнуўся на бок, бо Сэрца пачало каўтаць, згары пацяплела, і ў яго падняўся настрой. Значыць, праз колькі часу можна будзе і самому пацмокаць.

От яшчэ пытаньнечка – аднекуль жа ён узяўся.

На пачатку… Што ж было напачатку?

Глыбока-глыбока ён памятае першае: нябачную пустату вакол – і раптам хваля цёплага і ласкавага духу, якая ахоплівае цябе ўсяго.

Гэта зараз, калі ў яго прарэзваюцца вочы, і пульсуе ўнізе Чырвонае мора, і мігціць сьвятло, ён бачыць, як ружавее імглістае неба, і ведае, што так выглядае дзень, жывы і бурлівы, поўны незвычайных гукаў, – а тады ён адрозьніваў дзень ад ночы адно паводле руху або спакою.

Колькі прайшло пораў спакою, і колькі руху, ён усё памятае – і гэта быў месяц першы.

Потым ён пачаў адчуваць нагамі цьвердзь. Яна была адасобленая ад тае касьмічнае вадкасьці, дзе ён плаваў, ад яе можна было адштурхоўвацца, і ён паціху, памалу пачаў асвойваць гэтую сушу.

Так-так, Сэрца, гэта быў месяц другі.

І было потым: ён пачаў каўтаць і спажываць тое, што вакол; цёплая спажыва пачала насычаць яго; ён памятае той раньні травяністы прысмак – пакаўтаўшы, сам пачуваўся гэтакім поўным плодам.

Так было ў месяц трэці.

Потым жыцьцё азарылася гукам. Цокі, хлопы, тупаты, грокаты, рокаты вадаспадаў цяпер кіравалі днём, а ціхія шчоўкі і мяккія шолахі на перакатах – ноччу. Напрыканцы зьявіліся вечары і раніцы – месяц чацьвёрты.

На пятым месяцы ягонай эры ён ужо гарэзаваў, і штурхаўся, і каўтаў на ўсю моц свайго бранхіяльнага дрэва, і нырцаваў, як рыба, і поўзаў, бы паўзун, і часам нават, з моцным штуршком, лунаў у сваёй бязважкасьці – раскінуўшы рукі, як птушка (і гэта было вельмі добра), – ён напаўняў сабою ўвесь гэты сьвет.

І вось месяц шосты. Ён абмацваў свае пальцы з рысамі тайнымі і невядомымі, свой жыватворчы канат з пупавіны, моцныя ногі, піпку, зь якой выпускаў зь сябе гарачыню… Вылеплены такім асілкам і прыгажуном за цэлае жыцьцё, ён рабіўся ўсё больш моцным. Ён – Валадар гэтага сьвету, і яго слухаюцца тыя, хто там звонку! Ён тупнуў. Яшчэ мацней. Сэрца згары агладзіла яго: так, так, Валадару, усё добра… О, ён можа прымусіць увесь сьвет – спыніцца! Гаварыць пра сябе! Улагоджваць сябе!.. Э-а, сядзець мне ціха!

Ён Уладар, і гэта ўсё – дзеля яго!

Вось цяпер, калі ён вырас, калі ён напоўніў гэты сьвет сабою, надыходзіць сёмая пара, самая пара супакою. Пара сказаць сабе: “Усё гэта вельмі, вельмі добра…” І цяпер усё часьцей, усё больш настойліва прарываецца ў ягоныя сны ды мроі той сьвет.

І была цемра, праколатая маленькімі зоркамі ўгары – і вялізны россып, халоднае мігценьне да самага далягляду. У ягоную пячору сунуліся, чмыхалі, абнюхвалі яго аграмадныя цёплыя мірныя пысы, вакол схіляліся вялікія постаці, і клалі да ягоных ног цацкі, то бліскучыя, то пахнючыя; казытала, аж сьмешна, яго чыясьці ласкавая барада, і Сэрца з залацістым сонцам вакол пяяла яму калыханку – і зьвінелі, зьвінелі вакол радасныя бомікі.

Гэта сон? Гэта ўжо было? Гэта яшчэ будзе?

І сталася сьвятло… Аграмадныя сонцы на ўсё аранжавае неба перад ім, клубілася зьзяньне ў прасторы абшараў, дзе губляўся зрок, успышкі і правалы; зіхоткія шары, якія плавалі, быццам ён сам, кіраваныя невядомай сілай, абарачаліся вакол зіхоткай туманнасьці. Аднекуль пад ім з шумам вырасталі лясы дзівосных дрэваў з узорыстым лісьцем ды яркімі кветкамі, феерычнае мноства жывога порскала і роілася неверагоднай вясёлкай, і прастора ўся была ў лунаньні неапісальна прыгожых, цудоўных і прамяністых істотаў.

Скрозь гэтае багацьце і хараство, зь пяшчотай дотыкаў, захлынуты радасьцю, ён імкнуўся ўсёй сілай і ляцеў туды, адкуль яго клікала сьвятло. І вось адчыніліся брамы нябёсныя, і бліснуў прамень, і пачаў ён захоплена задыхацца ад гэтага сьвятла, і ў звоне званоў пачуў голас Таго, Хто клікаў яго – клікаў да Сябе, у сьвет, поўны белі і сьляпушчага шчасьця.

Калі ён думаў пра гэта, хацелася толькі заплюшчыць вочы, папрасіць, каб хутчэй, і аднойчы прачнуцца ТАМ.

Але ўсё-такі часам, у спакоі і сытасьці або, наадварот, у трывозе і страху – здавалася, што там нічога і нікога няма. Усё, што чуецца, нараджаецца тутсама, і ўвесь сьвет – вось ён тут, у тахканьні Сэрца па-над цемем, у родным цьмяным акварыюме спажыўнае вадкасьці, у ласкавых сьценах, у гэтым канаце, што расьце зь ягонага жывата і злучае яго з таямнічымі токамі, усе згукі звонку выклікае вялікая, адзіная жывая прырода, і што ён будзе жыць тут вечна.

Так, тут бывала і халодна, і галаднавата, і дужа трэсла, і, самае кепскае, вось гэтая прыкрасьць, горыч, што цямкала ў роце, працінала пупок і аддавалася ў галаве. Зло раз-пораз, пасьля штормаў там, наверсе, атручвае ягоны сьвет. Не, лепш, каб там усё-такі нешта было. Нават калі там нічога няма.

А можа, наадварот, усё зло адтуль і бярэцца? Ён на ўсялякі выпадак пагрукаў у неба.

Маўчаньне.

Яго перасмыкнула, і ён ізноў засмактаў, як люльку, палец, каб супакоіцца.

За апошнія дні аднекуль адтуль, звонку, накатвала зло. Сьвет сьціскаўся, вакол набрыньвала нейкая цяжкая моц, было цесна і задышліва, і пагрозныя галасы намагаліся пранікнуць усярэдзіну яго, успорвалі, сьцябалі – яго, ён гэта востра чуў, яго!

Усю ноч ён ня спаў і варочаўся. Ужо не вуркатала цёплае, ня дыхала, не накатвала хвалямі з супакойным шумам – сьвет затраўлена хрыпеў і час ад часу страшна рыкаў. Ён сьцінаўся, да болю ўсмоктваў пальцы і каўтаў гаркоту.

І вось – сёньня… Пранізьлівы сігнал. Доўгая, настойлівая, злая трэль, якая працяла дрыготкай увесь сьвет, і час замер.

– Альбо я – альбо ён.

Сэрца ела, каўтала, давілася, быццам у апошні раз, і ён сутаргава цямкаў, прысмакам цеста і крыві.

І неба раптам пахіснулася. Ммм, ён смактаў, маленькі, мякаў мяккую смакату, мацаў моцна, як толькі мог, умінаў, ммм, ма-ма – але скаланулася вакол усё жывое. Сэрца яго страшэнна пакрыўдзіла. Раўло. Біла, балюча біла! – ён згарнуўся ў жаху – завойкала, зарыдала сама – быццам ён быў у нечым вінаваты!..

Заціхла. І крокамі капалі кроплі. Сэрца ўсё ўсхліпвала, глыбока, жорстка, быццам хацела выбляваць яго. Кап. Цяжкія кроплі. Кап.

Кароль… Што значыць – Кароль? Можа, гэта ён – Кароль? Ці нехта з таго сьвету?

І скалануўся ўвесь сьвет, і заенчыла, і застагнала ўсё жывое вакол!

Цяжка, трывожна стала яму. Як толькі перабыць гэтую нудоту, і горыч, і глыбокія ўздыхі, такія, што ажно неба прагіналася па-над ім. Гайданка ўзмацнілася, усё вакол ліхаманіла, і ён ледзь трымаўся, сьцяўшыся ў камяк. Не, адсюль дакладна трэба будзе выбірацца.

Вядома, усё жыцьцё тут, унутры. Сьвет, памерам трохі большы за яго самога. Але дзеля чаго? Расьці? Вырасьці? Выйсьці, гэта пэўна. Бо тут – усё горш. Не, калі так, як сёньня, – гэта гамон. Пэўна, і там ён зможа тупаць, мацаць, гладзіць, калыхацца… Але злаваць-та пэўна ня будзе.

А калі там – яшчэ горш?..

Па-над ім тукала гулка і велічна.

Пранізьлівы і такі родны голас дастаў, здаецца, зь яго самога столькі жалю, што ён сьцяўся. Некалькі чужых галасоў атачылі яго, забубнелі вакол варожа, і ён забіўся ў самы кут, да Сэрца, і жыцьцё адчайна тукалася, грукалася да яго з таго боку… Ці адпіхвала яго?..

Зноў рокат грымотаў, галасы сьцішыліся, і мярзотная дрыготка, хваля за хваляй, захлынула ўвесь сусьвет.

– Срок. Какой срок? – разьвязны бас барабаніў звонку.

Дваццаць адзін, гуло вакол яго, а згары молатам тукала яму ў галаву, каб ён раптам не запярэчыў: менавіта дваццаць адзін.

– Да вы врёте, на месяце седьмом уже, девушка, в двери чуть прошли… Направление есть? Без бумаг вам никто не будет…

Ребят, очень нужно. Я вас прошу. Сейчас. Триста долларов, у меня больше нет. Вот, берите. Пожалуйста!.. Я всё подпишу, если что. На коленях прошу, мальчики. Вы ж поймите… Усё калыхалася вакол, дрыжэла, стала горача і млосна.

– Подождите здесь.

Потым усё сьціхла. Сэрца ўгары біла грозна і цяжка. Нарэсьце рыпнула, стукнула, зашамацела. Увесь сьвет захадзіў ходырам.

– Раздевайтесь, вот тут.

Стала халодна.

– Да, расписаться, вот тут. Ну Вы ж понимаете, какую я вот ответственность… Ник-кому, вообще, даже маме.

Нечы востры голас сказаў, бы ўспароў: “С праздничком, блин”. Што гэта значыла, ён ня ведаў, але моцна спалохаўся. Гучала, як прысуд.

– Да ладно, успокойтесь. Наркоз, сейчас.

Ребят, вы просто уже отметили… Вы уверены, всё получится?

– Девушка… Новый год. У вас недель тридцать, Вам в принципе нельзя… и не надо из меня дурака… Я вообще могу Не делать, понимаете? Делаем, нет?

Сьвет уздыхнуў да самага дна.

Стала страшна. Потым шчоўк, рухі, яго закідала туды сюды, э-э, вы што! – і нізкі-нізкі голас, як з-пад зямлі, агідны голас, ад якога яго чамусьці ахапіла жудасьць, раптоўна ўсё кульнулася назад і сьціхла.

І ў гэтай цішыні яму ясна пачуліся званочкі. Халодныя металічныя званочкі. Чыстыя, ценькія, жудасныя – чаму яны прадзіраюць яго ад цемечка да пятак?

У небе тахкала ўсё цішэй. Ён амаль супакоіўся. Уф…

Раптам бліснула ля ног. Зорка, бліскучая, вострая зорка! Зорка з таго сьвету – ясная, халодная… Але калі раптам расхінулася Выйсьце і ўспыхнула сьвятло, ён жахнуўся: не-не-не! Толькі не цяпер… Ён не гатовы… Э-э, што гэта за вагонь! Чаму так цягне на дно, так засмоктвае ногі?..

Млява боўтнулася ўсё вакол, і ягоны сьвет пачаў сьціскацца.

Яму апякло рот і горла – ён задыхаўся. Э, вы там што… тут няма чым дыхаць! Раскінутыя рукі ўпіраліся ў сьцены, якія зморшчыліся ды абмяклі, і тут халодны бляск укалоў яго: ён аддзёрнуў нагу і толькі пасьпеў заўважыць крывавы сьлед.

О, Сэрца!

Выйсьце аказалася жудасным. Чырвонае мора! Дзе бераг?! У дзікім жаху ён караскаўся ў збаўчую цемру ад гэтага бязьлітаснага вогненнага сьвятла, ён з астатняй моцы грукаў туды, адкуль усё ягонае жыцьцё ішла цеплыня і ласка. Тнуўся адчайна, роспачна, цяжка душыўся сьлізьзю, але адзіная ягоная надзея пульсавала абыякава, а бліскучы холад дацягваўся, сёк, бічаваў яго па сьпіне, па баках, па шыі, разварочваў у кроў увесь сьвет, упіўся ў правую кісьць, выжраў кавалак болю, сасьлізнуў і тут жа ўкусіў левую нагу!

Чырвоная бездань успышкай уварвалася ў яго.

Горкая жоўць… Воцатам напаілі яго… Як ён смагнуў!

Левая далонька, як балюча!.. У задушлівым паветры, з сэрцам, якое лопаецца ад напругі й дзікага жаху, ён сплёўваў крывёю, на міг траціў прытомнасьць, зь немым енкам спрабаваў квола захінуцца чырвонай ручкай, але пякучая вогненная жудасьць вынырвала з чырвані зноў і страшэнныя сківіцы ірвалі зь яго ўсё мацнейшы боль… Рана ў левы бок успарола яго зь сярэдзіны!

Божа! Божа мой!..

Пена запоўніла рот, барвовая імгла паплыла вакол, і вось агромністае вастрыё ўскрыла ягоны бок. Зь яго пырснула, сьвет затрашчаў найдзічэйшым болем, яго павалакло ў глыбіню і, разрываны на кавалкі, ён пасьпеў, пасьпеў адзіным вокам убачыць яе – агромністую, палаючую, скрываўленую бель таго сьвету.

Успыхнула болем – настолькі яркім, што згасла ўсё вакол. У апошнім адчайным адкрыцьці ён убачыў вагонь, у якім гарэў валасаты волат у белым.

І сталася сьвятло.

Беларусалім. Кніга першая. Золак

Подняться наверх