Читать книгу Беларусалім. Кніга першая. Золак - Павел Севярынец - Страница 7
І. Ноч нараджэньня
Пах духа
Оглавление…Ён будзе хрысьціць вас
Духам Сьвятым і вагнём.
Лукі 3:16
Леў з усяе моцы даў па тармазах, да болю ўпёрся ў самую зямлю, вывернуў стырно па плечы, і яго самога аглушыла віскам, быццам цэлая зграя бесаў разам заверашчала, абвараная выбухам дыму з-пад колаў. Раптам успыхнуў у фарах сьветлы крыж, раскінутыя рукі, нешта гахнула справа, бардзюр, яшчэ ўдар! – стрэліла іскрамі, і стоп.
Усё цела скаланула няведамая сіла. Пас бясьпекі хакнуў, выціснуў сэрца ў горла. І з раптоўнай млявасьцю смурод гарэлае гумы – ёдкі, серны – дапяў да самага мозгу.
О, Божа!..
Увесь дрыжучы, Леў надсілу адшпіліўся, хапнуў паветра, піхнуў дзьверы (сіл ад шоку зусім не было), выбраўся. Ледзь ня ўпаў – ногі не трымалі. На дарозе ляжала цела.
Нехта – тварам да неба, нерухома, шырока раскінуўшы рукі, нібы ўкрыжаваны.
Госпадзе Ісусе Хрысьце, Сыне Божы, зьмілуйся! Любоў мая, Ласка… За што?!.
Збылося.
Сёньня зранку ў дрымотным сьне ён бачыў, як руйнуецца Менск. Няміга скаланулася, нібы ад падземнага ўдару. Першым праваліўся Траецкі мост – прасела зямля, бетон надарваўся з магутным трэскам; у варонцы завіравала каламутная вада Сьвіслачы, адкуль толькі столькі, і што там за глыбіня, Божа?!. З падземнага пераходу метро плынь блявала, як зь вялізнай бруднай крыніцы, затапляючы ўсю нізіну, і разыходзіліся колы. Спаўзло ў агромністы катлаван Траецкае, потым, з пылам, уцёсы Гандлёвага дома – і далей, гіганцкай расколінай падземнай ракі – да далягляду. Падмыты вірам, здрыгануўся дом Чыжа, Оперны, і цэлыя кварталы далей – разломваліся, раскрываліся лесьвічнымі груднымі клеткамі шматпавярховікаў. Сьвята-Духаў Сабор, падтоплены да вокнаў, раптам здрыгануўся, як ад кашлю, з шалёнай сілаю, са шклом выплеснуў зь сябе бруд і рухнуў, вызваляючы сярод паводкі Палац з чорным квадратам.
…Вакол грохалі навагоднія салюты, успыхвала неба, рэзкі задышлівы дух сьціскаў горла, і Леў бязь сілаў апусьціўся на калені ля цела.
Знакі, і ня проста зьнічкі – яўныя знакі наконт навагодняе ночы! – праблісквалі апошнія месяцы ўсё часьцей, усё ярчэй: то на вуліцы нейкія дзевачкі-эльфы сунуць у рукі трапяткі лісточак з запрашэньнем на сьвяточнае начное чуваньне моладзі ў Катэдры; то з аб’яваю, што аўтобус нумар шэсьцьдзясят дзевяць у навагоднія сьвяты на Плошчы Свабоды прыпыняцца ня будзе, яго піхаюць локцем у метро; то ксёндз Пётр Гарнастай з касьцёла сьвятога Роха ні з пушчы ні з поля паказвае яму на айфоне геаметрычна вылічаную сярэдзіну паміж алтарамі праваслаўнага Сьвята-Духава сабора і каталіцкай Катэдры – маўляў, залатое сячэньне беларускага хрысьціянства, вось, гэтае самае месца на пляцы Волі! – і, гледзячы проста ў вочы, прапануе памаліцца там разам, напрыклад, з айцом Сергіем на нейкае сьвята… Леў, Леў, ты ж мусіш на ляту лавіць такія рэчы!
І лавіў жа, і адзначаў, і рыкаў сам сабе – ну нашто ў самы шабаш, калі ў цэнтры натоўп народа, процьма віжоў і патрулёў, самаму расшукванаму сектанту краіны перціся, лічы, у самы квадрат… Ты баяўся, Лёве. Ты чакаў, пакуль Госпад возьме цябе за шкірку і страсяне як мае быць. І дачакаўся.
Аж пакуль сёньня, на малітве ў праломе за Беларусь, у якой ён штогод укленчваў зь вечара 31-га сьнежня да першай гадзіны начы 1 студзеня, не адчыніліся дзьверы. Напэўна, ён іх проста не зачыніў шчыльна, калі заходзіў – і без дваццаці дванаццаць яны распахнуліся. Льву даводзілася назіраць, як часам заходзіць Дух – напрыклад, на набажэнстве ў царкве. Дзьверы лёгенька, бязгучна расхінаюцца, і, бывае, тут жа зачыняюцца, пяшчотна, бы з пацалункам. Ціхенька. Але адразу – сьвежасьць. І Прысутнасьць.
А тут распахнуліся. Вецер у калідоры загуў, нібы ерыхонская труба. Ён азірнуўся на каленях, абдала сьцюдзёным азонам. Там быццам чакалі – на выхад! І раптам, павольна-павольна, дзьверы пайшлі назад, і сьвятла, і духа з калідора ўсё менела, нястрымна, ды з такім пранізьлівым рыпам!.. І са звышнатуральным жахам ён зразумеў: вось гэтак жа неадольна, зьнікома, як шчыліна сьвятла, як стрэлкі гадзіньніка да дванаццаці, зараз звужаецца, захлопваецца за ім ўсё сьветлае, усё нябёснае – і пакліканьне, і служэньне, і ўсё жыцьцё.
Рвануўся да дзьвярэй, пасьпеў прытрымаць зіхоткі меч ад падлогі да столі, удыхнуў сьвежага сьвятла, узмахнуў крыламі кажуха, загнаў ногі ў боты, стрымгалоў на лесьвіцы выхапіў звон ключэй, і не пасьпелі надтрэснуць ад усяленскага разрыву дзьверцы “Фіята Люкс”, пас бясьпекі і ланцугі запальваньня – як машына рванула да Плошчы Волі.
Веяла ж, веяла, факт! Але ён, маладушны, угасіў Духа… Духа не ўгашайце ніколі, ніколі!..
І вось навагодняя апоўнач, бліскучая шчыліна слупа зь ліхтаром у ягоных фарах, расьпяцьце, паглынутае асфальтам, і тоне, руйнуецца ўсё вакол.
Божа мой, Божа мой… Нашто Ты мяне пакінуў? Божа мой, няўжо Ты вёў мяне ўсё жыцьцё да гэтага?..
Прыпадаючы штокрок, зморшчаны ад болю ў баку і сьмяротнае серы ў лёгкіх, ён падышоў да цела, рухнуў на калені і ледзь не задыхнуўся.
На асфальце, з заплюшчанымі вачыма, нерухомым крыжам на ўсю плошчу ляжаў дзіўна, пасмамі пасівелы вораг, нумар дванаццаць у ягоным малітоўным сьпісе, беларускі геній Чорнага квадрата Андрэй Белазор.
Усё жыцьцё раптам скрыжавалася тут, на гэтым пераходзе паміж Саборам і Катэдрай.
Леў усім целам памятаў два ўдары справа, сьпярша Бардзюр у калені, а потым Слуп у бок, а вось зьлева… Але тут стаяў такі нясьцерпны пах – ня проста бесаўшчыны, а самой сьмерці, як з пашчы, што ён адчаяўся пачуць хоць нешта іншае. Калі Госпад празь яго хацеў забіць гэтага дэмана, дык забівае і яго самога, тысячу разоў грэшнага.
…Крыж варухнуўся!
Гэта быў сапраўдны землятрус. Дыхнула сьвежым паветрам, і з самых глыбіняў пекла данеслася ледзь чутнае:
– Ооооо…
Жывы!
Алелюя… Госпадзе, цуд!
Так, ён забіў бы яго, распляскаў бы ў кроў на радыятары ды лабавіку, калі б лёгенька, ласкава, самую крышачку не папусьціў бы педаль газу на скрыжаваньні. Чуў бой званоў з Ратушы – толькі б не апошні! – мігам зірнуў на стрэлкі гадзіньніка, сэрца калацілася маторам, і толькі Катэдра, белы анёл, у апошні момант трывожна страпянула крылом. Леў хапаў такія сігналы лепш, чым знакі дарожнага руху, інстынктыўна збавіў – і калі чорная постаць з ходніка раптам хіснулася, ірванула ў сьвятло фараў, у ім усё сьцялася – стооооой!
Госпад, Бог цудаў, проста паклаў ягонага супраціўніка перад ім, пад Ратушай, як калядны падарунак, як сюрпрыз пад гадзіньнікам. П’янога? Абкуранага? Не, сваім надзвычайным нюхам ён чуў толькі цыгарэтны дым, бесаў вакол і характэрную для малітваў пакаяньня ды хросту неверагодна моцную сумесь духа жыцьця і духу сьмерці.
Але чаму ён срэбна-белы аж да броваў і лёгкага налёту на запракінутым падбароддзі?
– Андрэй?
– Ааа…
Той самы хлопчык, які красаваўся па чорнай скрыні ды раскрыжоўваў на квадрацікі ўсю Беларусь, у якім разам з мовай скразіла – паверце валацугу, які за трыццаць гадоў вандраваньняў багата ўсякага бачыў! – скразіла штось сьветлае, і нават з экрана несла той сілай, якая змушае з болем любавацца ворагам:
– А беларус… – моршчыўся й шаптаў пра сябе захоплена Леў, – белару-ус.
І вось зараз ён расплюшчыў вочы й ня ведае, чаго ад цябе чакаць.
– Белазор?
Глядзіць з такім жахам, што ясна бяз словаў: ён.
– Цэлы? – ён абмацваў яго, быццам байца пасьля бамбёжкі, і ніяк ня мог зразумець, дзе балюча гэтаму беласьнежнаму хлопчыку з зоркамі ў вачох.
Той нарэсьце млява заматляў галавой. Леў шумна выдыхнуў і раптам сам схапіўся за бок. Госпадзе, ды што гэта там – пячонка, селязёнка або шостая рабрына, зь якой Ты Еву зрабіў… ммм… Ужо каторае джала ў плоць.
І няхай працяла бок, няхай серабрыста-белы “Фіят Люкс”, чый колішні гаспадар, аднакашнік Ільва па Жыровічах – ужо ўладыка Смаленскі Арцемій, элеганцкі “Фіят”, рассаджаны яшчэ на вугальных раздарожжах Варкуты, аблуплены да бруха на коўзкіх пад’ёмах ды спусках віцебскіх, полацкіх, аршанскіх ваколіцаў і дабіты ў лясох Чарнобыльскай зоны сёньня загінуў сьмерцю харобрых на менскай Плошчы Волі, з апошнім ударам навагодняга гадзіньніка; хай яго самога лічаць хто сектантам, хто ерэтыком, а хто гарадскім вар’ятам… Доказ таго, пра што шапталіся за сьпінаю браты, ягонае сьведчаньне – вось яно, распластанае, у саплях, навідавоку пасярод Плошчы Волі.
– Я… Было сьвятло… – пасівелы хлопец са стогнам адкінуўся на сьпіну. – Мне сьмерць!
Самагубца. Сам кінуўся пад колы. Божа сілаў, няўжо Ты даеш мне яго такім, кладзеш яго перада мною ў гэтым смуродзе цёпленькім!..
– Ты ўжо памёр, чуеш, – Леў, як умеў, згроб яго пад пахі, сьцяўся ад болю і засіпеў: – Ззараз… уваскрасаць будзем. Толькі сьпярша… валім адсюль.
Дапамог яму падняцца. Э-э, сьпінжачок-та не зімовы… Хіба так і выскачыў са свайго Палацу, сябрук ты мой сітны. Расшпіліўся, вызваліў плечы ад свайго кажуха, агарнуў хлапца; што ж толькі вочы ў цябе такія сабачыя…
– Бог цябе любіць, Андрэй… каб ты ведаў.
Во зьдзівіўся, аж вочы вырачыў.
– А тты… хто?
– Ён мяне паслаў. Потым скажу, ты ж усё адно не паверыш. Давай-давай, валім.
Цела валюхалася, бы ў п’янога: быццам толькі вучыцца пераступаць нагамі. Госпадзе Божа, ня так хутка. Леў адчуў у сабе ваяра, які раптам ачомаўся ў самым варыве бітвы, дзе кожная хіба або прамаруджваньне можа каштаваць жыцьця. Да месца аварыі падцягваліся мінакі; пахі рвалі ноздры на шматкі, і лёгкія працавалі, як мяхі кавальскія.
– Пацалаваў цябе Госпад, – бурчаў ён Андрэю і зноў схапіўся за бок, – а, ччорт…
Лёва, ды што ты тварыш. Жытуха, канечне, была ў цябе ня мёд, зрабіла грубым, асабліва Поўнач, чарнобыльскія закінутыя вёскі, траўля сабакамі, непрыняцьцё пастараў, гэтых скарасьпелых гарадскіх знаўцаў дабра і зла, ды асабліва апошнія тры чорныя гады, падпольле з вымушанымі, па колькі месяцаў, постамі на хлебе й вадзе з-пад крану, з паўпадвальнымі сустрэчамі ды рэдкімі ўспышкамі ў сеціве. Але сёньня ад цябе патрабуецца ўся пяшчота і ласка, на якую ты толькі здольны. Госпадзе, Найласкавейшы на сьвеце, дай мне не спалохаць гэтую саплівую, у родавай твані, ледзь адарваную ад пупавіны душу, быць яму анёлам сьвентым і родным татам…
– Давай хутчэй, – Леў няёмка абхапіў яго, нібы п’янога, і краем вока засёк купы гледачоў, што гукалі й падсьвіствалі ад Катэдры, ад Ратушы, ад “Еўропы”, і ўдыхаў галавакружны дух небясьпекі. Як яго трымаць, га… Трымай нас, Божа, Сіла мая. Але як жа яго, праўда, за каўнер, бы шчанюка, чэпка за кажух, пры локці, як паркуюць мянты, – Э, уважаемый! – або ў абдымку, як брата роднага, э-эх…
Папахвала ўсё гэта кепска, але куды?..
Як ні дзіўна, сьвежым паветрам ясна скразіла толькі міма Ратушы, праз сквер, да самога чорнага Палаца. А-а, там жа цяпер гуляньне, самы таўпень. Робім гуд, Госпадзе. Мы з Табою.
Яны ўзьбіраліся па прыступках да Ратушы, кругом таўкліся разявакі, спачуваючыя і бесы, нехта спалохана й ярасна выдыхаў ды мацюкаўся побач, а ён, прымружыўшы вочы, прыціскаў да сэрца свайго ворага, свайго сына ў цёплым кажуху, і шырыў ноздры, удыхаў, чуйна, каб не згубіць, ужо пазабыты з часоў набажэнстваў, хростаў і пакаяньняў водар новага жыцьця.
Пасьля смуроду гарэлае гумы ля разбітай машыны тут хоць дыхнуць можна. Ад таго моманту, калі ён упершыню пачуў духа ля бацькі, яшчэ жывога, што цяжка соп, адыходзіў, адхаркваўся, скрыгатаў зубамі, і гэты прадонны смурод – адкуль, ён жа падмыты толькі што, яшчэ варочаецца? – дасёньня, скрозь усе задухі, памыйкі й пажарышчы, з тых самых часоў гэты пах быў наймацнейшы, амаль невыносны.
Толькі потым, ужо ў Жыровіцкай семінарыі, калі сівы ўладыка Алексій, таксама рубельскі, зь іхняй палескай вёскі, дзе палова хлопцаў ідзе ў мянты, а палова – у бацюшкі, вывеў яго пад руку з трапезнай і правёў на гару, да Крыжаўзьвіжанскай царквы зь яе дваццацьцю васьмю знакамітымі прыступкамі ды ціхенька распавёў, што бацька ягоны, айцец Захар Каляда, царствіе ему небеснае, здаваў ненадзейных прыхаджанаў куды трэба, і некаторыя з аддаленых месцаў вярнуліся, дык будзьначаку, сынок, ды зьвяртайся; – раптам стала ясна, адкуль сьпёрты, задушлівы дух у царкве і цяжкое маўчаньне суседзяў. Пасьля начы на скамянелых каленях і салёных ад сьлёзаў далонях была тая раніца на горцы, удалячынь… Сьвежая-сьвежая… І ён, які вырас на Палесьсі і ўсё дзяцінства жыў сярод лесу, і паводле паху, быццам індзеец, чуў і зьяўленьне пралесак, і далёкі ход дзіка, і журавінавы рай у балацявінах, і кубло зьмяінае ў лаўжы, які дацяпер нюхам чуе, калі пойдзе дождж – ён разьдзьмуваў ноздры ў неба, удыхаў прастору на поўныя грудзі і зь веяньнем ціхага ветру разумеў, які дар даў яму праз бацьку-бацюшку Айцец.
Вы проста не ўяўляеце, спадарства, якая рэдкая гэта штука на людзях, сьвежае паветра. Ах, як хочацца часам проста затрымаць дыханьне або як сьлед высмаркацца тады, калі чуеш дух.
Так, ня пах – дух.
Бывае, заходзіш у пакой, дзе быццам бы й добрыя пастыры сабраліся, і ў міры, і харошыя словы гавораць, і вочы ва ўсіх ясныя ды пакорлівыя – але дух сьпёрты, гнятлівы, і толькі калі ўжо падымуцца, ды зашоргаюць крэсламі разыходзіцца, ды напаўголаса адзін з адным сім-тым дзеляцца, нявыгавараным, чуеш – ох, лепш і не кранаць тую зборню, бо ўвасьсьмярдзіць.
Грэх пахне потам. Біблейская ісьціна: у выніку грэхападзеньня чалавек быў адпраўлены на зямлю есьці хлеб у поце твару свайго; і ўсё гэтае спадзяваньне на плоць, уся гэтая чалавечая сумятня, зрабі сябе сам, зрабіся бесам, увесь гэты выраз напружанай занятасьці на твары, уся гэтая прапахлая штодзённым потам вопратка, сьведчаць: думаеш, што жывеш у клопаце, а насамрэч у граху. Мыцца трэба.
Дух страху аддае аміякам. Часам – рэзкім, як у прыбіральні агульнага карыстаньня зь дзірай у падлозе; часам гарачым, як быццам абсікаўся чалавек зь перапуду, вось-вось у лужыну квэцнеш; часам гэткім застаялым… ня будзем у бруднай бялізьне рыцца, чаго там, кожны паморшчыўся. Ну, а калі штосьці задумана за сьпінаю подленькае – душок будзе такі, ледзі і джэнтльмены, як быццам сядзім мы з вамі ў альтанцы, чаёк п’ем зь пірожнымі, а за альтанкай хтось, вы ўжо выбачайце, кучу наваліў.
Зараз ён адрозьніваў і пароду бесаў, што ліхаманкава дыхалі побач, баючыся падступіцца надта блізка. Страх перабіваў усё, але было і яшчэ тое-сёе. Ля Андрэя галавакружна тхнула пыхай, ён нават пачаў перажываць за свой кажух; папахвала застарэлай хлусьнёй (на вуліцы ён даўно прывык – гэта было як пах мокрага асфальту пасьля дажджу; тло асабліва моцнае ля тэлевізараў ды ва ўстановах); цягнула забытым саладжава-ташнатворным блудам, сіфоніла парахавым попелам, як пасьля выбуху гневу – але Леў бязгучна маліўся, удыхаў Духа і дзьмухаў, як на гарачае, і стараўся ўяўляць сябе не самелье, а выключна лаўцом чалавекаў.
Маліся глыбей, маліся, Лёве… Госпадзе, будзь літасьцівы да мяне, грэшнага… Трымай мяне, мой Любы.
Здаецца, яны ўжо ўліліся ў бязладны навагодні рух ля Ратушы, абмінулі шкляную піраміду і згубіліся сярод людзей і дрэваў у скверы, адкуль відаць Палац – і тут Андрэй вырваўся ўбок, схапіўся за ствол бліжэйшага дрэва і глуха зарычаў:
– Не пайду.
Запахла страхам – ёдка, аміячна. Людзі ня ведаюць, раскрываючы рот: ад іхняга беса сьмярдзіць.
Божа, як жа шыбанула страхам, жывёльна… Таргануў за рукаво – той учапіўся ў дрэва як клешч, толькі выкарчаваць з коранем. Госпадзе, усё жыцьцё спрабаваў вырываць душы – дзе зь зямлі, з каранямі, дзе з плоцьцю, да крыві, з горла, дзе з вады, ужо на хросьце, з грэхам напалам – і вось душа, самая галоўная… Вакол вонь, бесы хвалямі, вось жа падаль, як па-над разораным кублом… Божа, ты ж ня дзеля таго даў мне яго гатовенькім, каб зараз жа страціць, а потым выць вечнасьць!
– Андрэй, слухай сюды. Ты пакуль не ўрубаесься, добра, і я бачу чаму. Але павер, ммм (бок!) проста павер незнаёмаму чалавеку, каторы толькі што раздалбаў у хлам сваю машыну і свае рэбры, каб толькі ты жыў. Мы не ў Палац, я разумею, гэта ты адтуль даў дзёру пад колы… Мы ціха зашыемся ў натоўп, перакантуемся там троху, бо мы з табой такое дэтэпэ шыкоўнае бахнулі ў самым цэнтры… А потым я цябе схаваю, і ніхто не знойдзе. Там усё патлумачу, і ты нарэсьце ўключыш мазгі і хаця б скажаш дзякуй. Клянуся табе. Толькі ня дзёргайся, калі ласка. І прашу цябе, не сігай па кустах – я ўжо надта стары і хворы, каб ратаваць цябе яшчэ раз.
Белазор вагаўся, хвалі страху на выдыху замуцілі сумнеў, але і мацнейшы рывок зноў ня даў выніку.
– Так, паслухай, сябра, – Леў, цяжка дышучы, сунуў нос да самага твару Андрэя, – ты толькі што кінуўся мне пад машыну. Ты баісься іх больш чым сьмерці, і дарэчы, правільна робіш. Адзіны, Хто табе дапаможа – Ісус Хрыстос, Сын Божы. Я зь Ім знаёмы і адвяду цябе.
Нарэсьце згроб яго, паўп’янога, у абдымкі:
– Лічы, ты сваё жыцьцё ўжо аддаў – мне. Так што я цябе дастаўлю куды трэба.
І Леў раптам убачыў гэтыя вочы, ашалелыя ад пакуты, вочы, якія праціналі яго наскрозь. І па тленным духу, якім рыгнула з самых глыбіняў гэтай ашалелай душы, з самых загаджаных вантробаў, з чалавечага дна, Леў адчуў: гэты Андрусь-Беларусь і ёсьць ягоны крыж.
Божа, дай мне яго выцягнуць… Не аддавай д’яблу гэтыя празрыстыя вочы, гэтую пасівелую галаву, гэтае поўнае жарсьці беларускае сэрца!..
У Льва былі свае рахункі з д’яблам. Ён заўсёды ішоў перад Ільвом, выкараняў, выпальваў, вырываў перад самым носам – і паляваў на самога Льва.
І можна было колькі заўгодна паўтараць сабе, што сьвет каціцца ў пекла, што сатана князь веку гэтага, што ахвярнасьць вышэй перамог, што непрыняцьцё, і пакута, і крыж – доля Хрыстова, але пладоў ад гэтага не прыбаўлялася, а паводле пладоў яно ўсё, паводле пладоў…
Што выйшла зь ягонага подзвігу семінарыста – пасьля рукапакладаньня сесьці ў Арцёмаў “Фіят” ды замест прыходу ў Аранчыцах рвануць на Поўнач, расшукваць ахвяраў бацькавых даносаў? Адзін не паверыў, усё пытаў дакумантаў ды падазрона вынюхваў штось скрозь пакутлівыя зморшчыны; другі распахнуў пракураныя дзьверы, выслухаў, моўчкі паставіў перад ім дзьве чаркі, а калі Леў, цьвярэзьнік, пачаў аднеквацца (эх, зараз выпіў бы зь ім, ды нагбом!) паціснуў плячыма, пайшоў, доўга курыў на ганку і на разьвітаньне ніякавата махнуў рукой… А трэці, бяззубы, кашчавы, як сама сьмерць, якому ў дзевятнаццаць у бараку для гнойных адцялі адмарожаную нагу, гнаў яго за плот, трос мыліцай і пырскаў сьлінай з гнілога рота:
– Вы ў мяне жыцьцё аднялі, сукі!.. Што мне твае соплі… імя бацькі-стукача прыехаў адмываць, паскуда… Бацюшкі, тваю маць! сексоты! увесь род ваш пракляты – няма ў вас Бога!..
Вось чаму ён, сьвежанькі бацюшка, выракся праваслаўя і пайшоў у бадзяжны шлях першабытнага евангельскага прарока – проста несьці Хрыста забытым беларусам.
А што зь ягонай евангелізацыяй Віцебшчыны, калі ён, надыхаўшыся сьвітанкаў на азёрах, па жвіры, затравелых калдобінах ды гліністых спусках аб’яжджаў тры тысячы вёсак і вёсачак (кожную студню памятае дацяпер), дзеля Бога прасіў бензіну, абыходзіў хаты, дзе прымалі, з тэлевізарам ды дзівідзі, зьбіраў старых, ставіў фільм “Ісус”, маліўся ўголас – дзе пацерпяць, дзе не, дзе ірвалі сабакі, дзе ганялі сельсаветчыкі, царкоўныя браточкі ды міліцыя; і маўчаў, цяжка, бяздонна маўчаў стары беларускі народ, адно цяжкі дух пажылога цела…
Толькі сьлёзы, мігценьне дзедавых ды бабіных сьлёз ў водблісках экрану зможа прыцягнуць і рассыпаць ён у колькіх жменях да пасаду Цара цароў.
Ці сям’я Траянцоў са сьветлага-сьветлага горада Сьветлагорска, дзе ён засноўваў сярод былых алькаголікаў царкву веры евангельскай… Разумніца Валюша разам зь ім выцягвала высокага, прыгожага Зьмітра з амфетамінаў, і ён каяўся, і дыхаў чыстай, без аніякай “хіміі” верай, і Леў вянчаў іх на беразе Бярэзіны, і невялікі хор сьпяваў “Алелюя!”, і даўмецца б яму, чаму ля ракі патыхала дохлай рыбай… Іхняя двухгадовая дачушка памірала ў шпіталі ад чарнобыльскай лейкіміі, хацелі пераліваць Валіну кроў, а ў той, ужо цяжарнай, аказаўся віч ад Зьмітра. Леў начаваў у іхняй аднапакаёўцы, маліўся на кухні на каленях… І, мярзотнік, як заціхлі ўсхліпы ў іхнім пакоі, прываліўся сонны да батарэі і прачнуўся толькі ад Валінага воплю: у ваннай, дакорліва нахіліўшы голаў і высалапіўшы язык, вісеў, штосьці хацеў сказаць яму і ня мог ягоны сын у Хрысьце Зьміцер Траянец… Ён чуў смурод сьмерці, біў сябе па твары, трымаў Валюшу за руку й маліўся – і дзе, дзе паміж тэлефонам, “хуткай”, у кухню да вады, у ванную, здымаць цела, пад пахі ў вузкім калідоры здранцьвелы труп, дзе прапусьціў гэтую поўсьць зь серным духам: зарэваная Валюша шчоўкнула засаўкай у прыбіральні і налітай ім жа шклянкай вады запіла жменю таблетак.
Хавалі трох Траянцоў у дзьвюх трунах; Валюшу ў белым з жыватом на пятым месяцы. Міліцыя, допыты, пах стыні ў калідорах сьледчага – і развал царквы.
Ды й Жора, тэолаг, якога браты-магілёўцы кінулі паміраць з ракам кішэчніка, і ён, ледзь знаёмы зь ім, аказаўся адзіным даглядчыкам асуджанае душы. Падмываньне тройчы на дзень, зьдзічэлыя крыкі па метастазах, ваніты на падушку пасярод малітвы, кал, які ішоў горлам, і страшныя Жоравы словы, мацерны енк ды хула на Духа Сьвятога, толькі б Бог хутчэй усьмерціў – і выпіхваньне за дзьверы чысьценькіх, у парадных сьпінжаках, дзяцей, што прыехалі, маць тваю, разьвітвацца – толькі каб ня чулі ані словаў, ані гэтага духу!
Госпадзе, няўжо і праўда ён пракляты? Пазухі гаймарытавыя, якія толькі бесы там ня рыліся; страўнік, прабіты язвачкамі, кожная зь якіх – дзірка ў нябёсы, што крывавіць сьлязьмі ды пякучымі малітвамі; каменьні ў нырках – уроссып, час зьбіраць камяні ды час іх раскідваць… ох, і бываў ён пабіваны тымі камянямі па грахах сваіх; зубы разбураныя, бо ня ён еў д’ябла, а д’ябал еў яго; суглобы, надтрэснутыя ад начных кленчаў на халодным бетоне ў пастарунках; ногі, рваныя і сабакамі, і цьвікамі з платоў, сектант ты евангельскі… Трымала нейкая беларуская моц, карэнная, глыбокая, ды бацькавы гены – учэпісты, сківічнай хваткі, роду праклятага.
Але. Даў нам Бог духа ня страху, але сілы, любові і мудрасьці, Лёве.
Ужо тады, калі ў Беларусі толькі зьявіліся першыя чорныя квадраты, Леў адчуў такое абурэньне духа, што ўставаў маліцца штоночы, а трэцяй. Глядзеў у пустыя чорныя вокны і глыбока, на ўсе лёгкія, удыхаў дымную трывогу. Бадзяўся па цэрквах і касьцёлах, прабіваў знаёмых пастараў, да якіх неаднаразова прыставаў са сваёй беларускай мовай, бываў пасыланы то да адвентыстаў, якія чакаюць канца сьвета, то да пашпартыстаў, што не бяруць пашпарты з асабістым нумарам дзеля лічбы зьвера, чуў душэўныя парады не судзіць дачасна, не лжэпрарочыць, не нервавацца, не насаджаць тут ерась, ня гнаць хвалю, не выдзёргваць людзей і ўвогуле не турбаваць айцоў сямействаў, вучоных мужоў і сур’ёзных братоў дзеля ўсялякай лухты, відавочна сьвецкай і плоцкай.
Увесь сьвет каціўся к чорту. У сьвеце ўжо напоўніцу віравала глабалізацыя, гендэрныя тэорыі, фемінізмы, сацыялізмы, паўсюдны легалайз, прыняцьцё грэху як нормы – апошні штурм рэшткаў Божага ў чалавеку.
І Беларусь раптам апыналася ў эпіцэнтры.
Ойча, Любы мой – як яны гэтага ня бачаць?!..
Таму кожны новы чорны квадрат пёк яго, нібы кляймо, пастаўленае на руку, на грудзі, на твар. ЧК. Чэкісты. І толькі пасьля першых надпісаў, цытатаў зь Бібліі на бігбордзе “Непагаснага”, калі пятнаццацігадовага Марціна з поўнаевангельскай маладзёжкі “Новага неба” бралі з балончыкам белай фарбы на двух чорных джыпах шасьцёра ў масках, а потым праз тры дні малітвы, посту і пошукаў па райаддзелах ён атрымаў у вуха… убойны званок ад бацькоў, дзе скрозь крык разабраў, што жывы-такі – стала ясна: трэба разьвітвацца і з тэлефонам, і зь мірным жыцьцём.
Аграмадны квадрат Плошчы Кастрычніцкай быў дачарна запоўнены чалавечынай. Будынкі, піраміда елкі і сам палац танулі ў шматтысячагаловым кішэньні, азараным раз-пораз салютамі.
Леў перахапіў здабычу ямчэй і рынуў туды, дзе было цяплей і больш бясьпечна – у развараны, цяжкі і родны смурод беларускага натоўпу. Калі ты верыш у Хрыста, усё тваё жыцьцё на зямлі – бясконцая ратавальная аперацыя. Эвакуацыя на неба. Ты ратуеш душы. Альбо не ратуеш, і тады яны гінуць.
Народ віраваў, задзіраў галовы на вялізны экран па-над Палацам; грымеў Першы канал, хтосьці кагосьці агукаў, хтось адурэла крычаў у прастору, і Леў, сьцяўшы дыханьне ды зубы, цягнуў Андрэя ў самы гушчар.
– Ты хацеў ім шчасьця? – Леў ужо ня мог стрымлівацца ад гэтага ванітоўнага духу вакол, – Ды гэты народ гніе зажыва, ты толькі нюхні.
Белазор толькі хутаўся ў кажух з галавой і затраўлена азіраўся.
– Беларусы п’юць больш за ўсіх у сьвеце, ты чуеш?! Па самагубствах на душу насельніцтва саступаем толькі прапашчай Расеі… Штогод па пяцьдзясят тысячаў дзетак забіваем у матчыных нутробах. Андрэй… Паглядзі мне ў вочы… Тут увесь народ зьнішчае сябе… Вось табе, разумееш, Чорны квадрат. Чэка, тое ж самае. Чэкісты.
Леў аддыхваўся, бок балеў невыносна, пальцы здранцьвелі ад хваткі.
– Вунь перагар… Гэта ж ня проста пах. Тут ужо дух, удыхні… Чуеш, як томіцца душа… Яе засьпіртавалі ўжо, быццам уродца ў кунсткамеры, а потым са слоіку на памыйку выплеснуць.
Зусім побач аглушальна грохнула. Леў міжволі здрыгануўся – і рассыпаўся па-над іх галовамі ў чорным небе з казачным трэскам зыркі белы салют.
– Усё, што ты рабіў, уся твая гульня ў беларускія квадрацікі – гэта ўпрыгожваньне нябожчыка… У чорнай труне… Талькам звонку, вэлюм такі, знаеш, у арнаменты… Пацалаваць у чаргу станем… А знутры ўжо тлее і вось-вось чарвямі кішэць пачне.
Леў соп, варочаўся сярод людскіх гурмаў і бітага шкла, спрабуючы аглядзець, як бы зручней вынырнуць адсюль, і адчайна ўдыхаў выдыхі ўсіх гэтых п’яных, радасных, ашалелых і ніякіх беларускіх абліччаў.
– Бесы. Калі ў душы няма Бога – там абавязкова завядуцца бесы.
Госпадзе, Ты столькі ўклаў у гэтую краіну, столькі даў ёй… Столькі пакутваў за яе! Немагчыма паверыць, каб народ, які чацьвёртым у сьвеце атрымаў Слова Божае на сваёй мове, які даў сьвету Статут і столькі сьвятых, ад Ефрасіньні Полацкай да ксяндза Ежы Папялушкі, каб народ бел-чырвона-белага сьцягу, такой цярплівасьці, такой пакоры, такой ахвярнасьці – проста згінуў і праваліўся ў пекла… У гэта ня хопіць сэрца паверыць.
Таму тры прароцтвы, наконт якіх зараз шушукаюцца па цэрквах, рэч ясная, пра Беларусь. Краіна сьвятла, чорная пячатка, абуджэньне па ўсім сьвеце – Госпадзе, ды за тое, што гэта ісьціна, Леў і галаву на адсячэньне аддаў бы.
Як гэты род з балота выцягнуць – не ягоных сілёнак справа. Чалавеку гэта немагчыма; усё магчыма адно Госпаду. Але што на тваю львіную долю прыпала – разарвіся, але зрабі.
Крыкі ля ёлкі. Леў прыўзьняўся на дыбачках. Нехта залез на ліхтар і перакрыкваў натоўп, хтось сьвісьцеў… Панапіваліся, хрысьціянскі вы народ. Лясьнесься ж зараз, герой!..
– Ай!.. Хай!.. – што, не было чуваць, – Эр-рэх! – пранеслася з рэхам па-над плошчай.
– Што ён крычыць там? – Леў, заведзены беларускім эр-зацьвярдзелым і падазроным рэхам, выцягнуўся носам у той бок.
– Хайль, – хрыпла падказаў Андрэй.
– Кайцеся… Ён крычыць – кайцеся. У грэху!
Леў адчайна, зь целам у кажуху пад пахі, саўгануўся быў туды, але ж відовішча, усім цікава, куды там… І вось ужо цягнуць рукі, хтосьці кідае бутэльку пластыкавую, рвуць, зьвяр’ё. Госпадзе, я ж не пацягну дваёх! Нейкі хлопец, залатая галава, залез евангелізаваць зь ліхтара, крычыць!..
І толькі падалося Льву, альбо і праўда праскразіла адтуль неверагодным сярод п’янай навагодняй плошчы водарам забытага з часоў Жыровічаў бэзу?.. Але расьсеклі натоўп, і Леў узвыў унутрана, роспачна асадзіў, выдыхнуў зь ціхім рокатам. Ня кідайце перлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны, абярнуўшыся… Хоць крычы яму ў твар, гэтаму народу – зьмежылі вочы свае, аглухлі вушамі сваімі, агрубелі сэрцамі сваімі, Божа.
Госпадзе, раз Ты даў яго, Белазора, адзінага і непаўторнага – вынесі. Выведзі. Неспавядзімыя шляхі Твае – выведзі. І хай гэты вораг стане братам… Сынам… Дай толькі Духа дыхнуць… Дух, цягні… Давай, прашу Цябе, я ўжо не магу…
Яны выбіліся на ўскрай натоўпу, да прыступак Палаца, і тут ягонага Андрэйку вывернула.
Выблёўваў ён штуршкамі, сіліўся, вывяргаў з самага нутра, гарачае, з парам, на бліскучы граніт, з пырскамі, даблёўваў, і зноў каўткамі, ўэээ! – так, што ў Льва ў самаго да горла падкатвала. Давай, сынок – глёўка, да звароту кішак, зь белай пенай. Гэта ім за ўсё, валі яшчэ. Пасьля навагодняй плошчы гэта самае тое. І шчырае хрысьціянскае, пахне гэта нашмат смачней, чым выдыхі ў натоўпе.
– Нармальны дзень народзінаў, – Андрэй выціраў вусны й сплёўваў.
– Ноч народзінаў… Віншую.
– Цьфу, дзякуй.
– Ды калі ласка. А колькі?
– Трыццаць.
Вось яно што! Радуйцеся, і яшчэ раз кажу вам – радуйцеся, Лёве. Трыццаць! Узрост Хрыста. Такіх цудаў не існуе нідзе ў прыродзе, акрамя неба. Усё, што было ў ягоным жыцьці, – і холад, і голад, і смурод, і нож ля горла, і павешаны сын у Хрысьце, і язвы, і пабірушкі, і начоўкі ў лясных ямах, і здрады, і агіда братоў, і псы – усё было спаўна аплочана сёньня ўначы.
– Думай што хочаш, Андрэй Белазор, – Леў абняў свайго бледнага, сьмярдзючага ворага са сьнежным чубам, абняў цёпла і па-львінаму пяшчотна, – але скажу табе вось што. Сёньня ўначы ты нарадзіўся другі раз у жыцьці, гэта першае. І другое – запомні адну рэч: у гэтую ноч д’ябал прайграў Беларусь.