Читать книгу Беларусалім. Кніга першая. Золак - Павел Севярынец - Страница 4

І. Ноч нараджэньня
Непагасны

Оглавление

Таму ноч будзе вам замест уявы,

І цемра – замест прадказаньняў;

Зойдзе сонца над прарокамі,

І пацямнее дзень над імі.

Міхея 3:6

Цімур прачнуўся, калі ў Менску ўжо запанавала ноч.

Водсьветы гарадскіх вагнёў пераліваліся на высокай столі з чорнымі ценямі: здавалася, клубіцца па-над табою глыбокае навальнічнае неба.

Звычайна ён прачынаўся бяз будніка а дзявятай вечара, з пазыўнымі галоўных навінаў, а дзясятай быў ужо на працы, мерна і моцна, як молат, рабіў ноч, каб на ранішніх нарадах даць апошнія распараджэньні, і пакуль яны выконваліся, пакуль усё гэтае будзённае дзённае чалавецтва выкарасквалася са сваіх сноў, каваў, тармазоў і пахмельляў – адключаў сувязь і клаўся адсыпацца пасьля палудня. Цемра давала яму ключавую перавагу над астатнімі. Па сутнасьці, усе найважнейшыя справы на зямлі – абдумваньне геніяльных планаў, палацавыя перавароты й зачацьце дзяцей – робяцца ўначы. Пакуль народы сьпяць – начныя візіры вызначаюць, што будзе з гэтым сьветам заўтра.

Падняўся, разьмяў плечы, асьцярожна памацаў рану.

Ноч Цімур любіў зь юнацтва – з тых самых часоў, калі пад зорным небам стаяў на беразе Ціхага акіяна, адзіны пасярод аграмаднага сьвету. Потым, ужо ў Кітаі, ён выязджаў наноч на жалезарудны кар’ер ля Сіньюя, і там, на краі, удыхаў, вучыўся пераадольваць страх і кшталтаваць волю. Гіганцкая хваля перадгор’яў раптам абрывалася ў глыбіню, і ў сотнях метраў унізе, на дне, азораным пражэктарамі, помпы адкачвалі ваду з вадаспадаў, а каласальныя машыны няспынна, са знадрыўным гулам вырывалі зь зямлі душу. Магматычнае зарыва, дым зь нетраў і зух сьмяротнай вышыні дрыжэлі ў ім штораз, калі ён стаяў перад пагрозай. Ад Масквы да самых да ўскраінаў, ад Шанхая да Нью-Ёрка руднае жалеза ў ягонай крыві імгненна плавілася і пад ударамі сэрца выкоўвала волю, падобную да той, зь якой тысячу гадоў таму яшчэ адзін хлопчык з гэтага краю скарыў усё чалавецтва пад уладу найвялікшай імперыі да апошняга цёплага мора.

Ад надта яркага сьвятла ў прыбіральні балесна прымружыўся – усё-такі трэба распарадзіцца пра мяккую лямпу.

Штопраўда, у гэтай занядбанай краіне за ўсе тры з паловай гады вартых ворагаў так і не знайшлося, грэбліва думаў Цімур, пакуль ягоная гарачая мача струменіла ва ўнітаз. Ды й адкуль ім тут узяцца, ён страсянуў апошнія залацістыя кроплі над люстранай бельлю, так сабе, балота, напаўрасея, недаеўропа. Мужыкоў вобмаль, або алькашы, або хаваюцца ў бульбу ад гучнага голасу. Увогуле, кажуць адно, думаюць другое, маюць на ўвазе трэцяе, хочуць чацьвёртага, а робяць насамрэч пятае. Толькі сапуць, калі іх апускаюць. Цішком, крадком нешта шыюцца, а ў лоб слабакі. Колькім ён ужо зруйнаваў псіхіку, колькіх паставіў на калені… Духу прасторы, шырыні, вольнага ветру ў душах тут яму не ставала. Свабоды!.. Кіраўнікі – ніякія. Лідэры адсутнічаюць як клас. Менеджмент – сярэдняга ўзроўню максімум. Полуросьлікі, адным словам… – з шумам спусьціў ваду і закрыў тэму.

Хіба што Іосіфавіч, зноў яркае сьвятло з ваннай у твар. Шыз, канечне, так зафугасіць мабілай у галаву… Цімур агледзеў у люстры вялізную барвовую ссадзіну на ўспухлай лобнай дузе, па самай залысіне, быццам адтуль, знутры, успучваў чэрап пачварны рог. Мог жа і вока выбіць, і скронь раскроіць насьмерць – а так… Рэакцыя ўратавала, па датычнай прайшло, Цімур па-баксёрску павёў галавой туды-сюды. Глянь ты, стрэліў-такі наапошак. Баец. Тым лепш. Калі вораг не здаецца, яго тады што? Правільна. Цімур спаласнуў лязо. А шкада. Гэты сапраўды мог. Узяць хаця б готыку на вежы былога “Хілтану”, была звычайная чорная тумба, стаў замак з “Валадара пярсьцёнкаў”. І кідок нішто сабе. Як з прашчы.

Цімур з фырканьнем спаласнуў твар і зарычаў ад болю. Нічога, ты яшчэ гэтым ілбом прашыбеш не адну сьцяну.

Факт ёсьць факт, гэта ён прапанаваў чорны квадрат. Стары мудры Альберт тады казаў:

– Паглядзі, Цімур. Ну, паглядзі ўнутр. Бачыш? Калі ты глядзіш у бездань – не забывайся: бездань таксама глядзіць на цябе.

Гэта заварожвала, як ён падае ідэі.

Цяпер уся Беларусь у чорных квадратах. У “Непагасным” на ўваходах, у замках кабінетаў, на касах у карпаратыўных крамах. Біяметрыя. Прыглядзеўся – адчынілася. Прыклаў далонь – счытвае грошы з рахунку. І знак, як быццам хтосьці лёгенька прыпячатвае абцасамі: гатова.

Але гэта толькі пачатак.

Сем мільёнаў кліентаў – тэлевізіі, гандлёвых цэнтраў, банкаў, латарэяў, казіно, кавярняў, айцішных кампаніяў – з пакетам асабістых зьвестак пра кожнага і праграмамі індывідуальных замоваў для любога, ад інтэрнэт-тэлекаму да кулінарных рэцэптаў ды квіткоў на футбол. Адпрацаваная мадэль для сямі мільярдаў насельнікаў зямнога шара.

Над працягам пад зямлёй працуе чатыры паверхі дактароў, навукоўцаў і праграмайстраў. Пара дотыкаў да экрану твайго айфона – і болю няма. Яшчэ клік – і цябе не турбуюць праблемы. Яшчэ разок – і ты цалкам шчасьлівы. Каб ён ведаў, гэты нервовы Белазор, да якой велічы дакранаецца нямытымі рукамі…

Так, ён дапамог зрабіць гэты зачумлены кавалак зямлі больш-менш прывабным для патрэбных гасьцей. Габрэйскія маршруты ў Валожыне, Моталі, Міры, Радуні, Лёзьне, Лагойску; мусульманскі квартал у Наваградку, грандыёзны хаб у Полацку, цэнтры “Непагаснага” ў Віцебску, Магілёве, Гомелі, Гародні, Берасьці, дзе ён выкалупваў з-пад пазногцяў хоць нешта вартае ўвагі. Увогуле, выціснуў з гэтага балота ўсё, што можна было. Цімур выцер рукі.

Але падабраўся надта ж блізка, аж стары мудры Альберт занепакоіўся. І ня змог перарасьці свой местачковы ўзровень. Рана ці позна яго ўсё адно трэба было зьліваць.

Тычком выключыў кран, і вада зь сёрбаньнем уцягнулася ў перакрыжаванье.

Так, тэчка Белазора, файлы з гэбэ і даклад Зьвера на стале. Выпрасаваная кашуля, як і належыць, на сьпінцы крэсла, табло навінаў уключана… Усё нармал. Цімур накінуў на голы торс чорную шаўковую кашулю, зашпіліўся, паправіў гузік зь мізэрнай схаванай камерай, і глянуў у люстра па-над столікам.

А вось жанчыны… У параўнаньні зь Еўропай або Кітаем тут рай. Сьветлыя, буйныя, у меру распусныя. Праўда, надта лёгка аддаюцца, нецікава. Цімур зрабіў некалькі рэзкіх рухаў корпусам, разьмінаючы сьпіну, вакол сваёй восі – рраз, рраз… пасьля трэба будзе заняцца падмацаваньнем тутэйшага генафонду, каб нашыя балотныя славяне канчаткова ня вымерлі як від.

Адзінай незразумелай для яго заставалася гэтая дама чарвей з калоды Белазора. Здавалася б, нічога асаблівага, але імгненная чуйка, і тая ноч, і фатальнае прадчуваньне…

Цімур зноў перагарнуў пару старонак на століку. Ад гэтых вачэй яго зноў перасмыкнула. Не падабаецца, што яна з Полацка – менавіта там зараз галоўная будоўля “Непагаснага”. Дом, прасьпект Пераможцаў пяць, што за чорт. Падазрона блізка – ды вунь дах унізе, пад нагамі. Цела мадэльнае, самае мяса… Але надта зьменлівы голас, ад нізкага груднога да віску найвышэйшых нотаў. І пальцы, чэпкія пальцы, што ўпіваюцца ў плечы й сьпіну – потым тыдзень было балюча, быццам табе вырывалі крылы. На сёмым месяцы?.. Атрымліваецца, якраз канец чэрвеня.

Гэта яшчэ што за соплі… Ці ў яго ўжо параноя? Ці яна сама ня ведае, што ў ёй?

Цімур накінуў скуранку. Ня трэба заганяцца.

Пасьля таго, як ён разгорне новую эру, усё мінулае падасца проста туманным сном. Закон жыцьця жорсткі, але справядлівы: або ты іх, або яны цябе. Белыя пачынаюць, так належыць, але не заўсёды выйграюць. І там, адкуль ён падымаўся, на Далёкім Усходзе, і калі адчыняў сетку бараў для маракоў ва Ўладзівастоку, калі раскручваў “Форэкс-клубы” у Ганконгу і калі адкрываў Амерыку зь яе золатам, рабаўладаньнямі і джунглямі шоў-бізнэсу – ён прасякаў, што сапраўдная моц і рэальная ўлада куюцца не навідавоку, не на асьветленых медыямі арэнах, не ў мэрыях, авальных кабінетах, не на публіцы й ня перад тэлекамерамі – а ў мясьцінах ціхіх і цёмных, часам непрыкметных на першы погляд: галандскай вёсачцы Остэрбек зь яе “Більдэрбергам”, глыбакаводным порце Яншань ля Шанхаю, сусьветным эпіцэнтры кантрабанды, карыбскіх афшорах ці арлінгтонскім прадмесьці пад Вашынгтонам, якое кішыць высокапастаўленымі лабістамі. У чорных дзірках, якія паглынаюць матэрыю.

Такіх, як Беларусь.

Ён выйшаў на балкон – сьцюдзёны вецер на гэтай вышыні распраўляў яму крылы. Вагні Менску рассыпаліся касьмічнымі зорамі.

Горад таемна мігцеў перад ім, выдаючы няведамыя коды. Плата квартала, дрот вуліцаў, клемы й прыпоі ліхтароў. Мегапульт. Адзінае, што рэзала вока – белыя плямы Пляца Волі. Сабор. Катэдра. Ратуша. Руіны мінулага тысячагоддзя. Белазор неяк прапанаваў зьнесьці іх адным махам пад будпляцоўку на пару мільярдаў. І хай будзе хай! – скандал найлепшая раскрутка. Усё адно цэнтр давядзецца забудоўваць высачэзнымі гмахамі, адпаведнымі маштабу новай эры. Зрэшты, дамінанта ўжо ёсьць – вялізны чорны квадрат экрана па-над Палацам Рэспублікі. Пасьля таго, як яго ўсталявалі, нарэсьце стала зразумела, пад што будавалі і гэты чорны маўзалей, і ўвесь горад.

Тры з паловай гады таму, калі ён упершыню глядзеў на Менск з вакна гатэля, у яго тут была адна невялікая канторка, што арандавала залу ў “Хілтане, Дабл-тры”.

Цяпер ягоны ўвесь Палац, вежа “Хілтана”, вось гэты “Раял”, тры тэлеканалы зь сістэмай вулічных экранаў, россып гандлёва-забаўляльных цэнтраў па ўсёй краіне, сетка казіно, сотні фірмаў, і чорны квадрат глядзіць адусюль. Ці трэба казаць, што і адміністрацыя, і гэбэ, і амаль уся туземная знаць апошні год дыхаюць толькі зь ягонага дазволу.

Рух у горадзе сьцішваўся. Дваццаць тры нуль адна. Большасьць ужо па хатах, стаілі дыханьне перад чорнай скрынкай, якую ім сёньня адчыніць ён. Натоўп асабліва нецярплівых зараз зьбіраецца на плошчы перад галоўным экранам краіны.

Ягонае арлінае вока абшарыла спустошаныя вуліцы й зафіксавала адзінкі непадпарадкаваньня: пару машынаў, пасажыр ля прыпынку Нямігі, самотная постаць на Траецкім мосьце, згорбленая ля парэнчаў па-над Сьвіслаччу, сілуэт у асьветленым акне шпіталя. Яшчэ якія-небудзь тры-чатыры гады – і тут будзе сэрца сусьветнай імперыі.

“Непагасны сьвет”… Так, у ягоным сьвеце начныя вагні ня згаснуць ніколі.

Рускія алігархі едуць сюды на расслабоне – невялічкая такая, утульная чысьценькая Расея са знакам якасьці – і тут ён бярэ іх цёпленькімі. Праныры зь Еўропы, што шукаюць на ўскраіне айкумэны халяўнага прыбытку і пастаянна рыюцца на постсавецкіх сьметніках – ягоныя агенты ў Бруселі, Берліне, Парыжы, Лондане, Вене. Арабы ў цянёчку паціху пераліваюць свае нафтавыя капіталы ў айці ды зброю, плюс пакідаюць долю ў барах, казіно ды нерухомасьці. А габрэі… О, габрэі сапраўднае Эльдарада: адсюль родам палова Ізраіля, таму Ўол-стрыт, Галівуд, Амстэрдам ды Тэль-Авіў пасьля гучных тураў па адрамантаваных ешыботах, родавых гнёздах ды выкапаных могілках узялі гэтую ёмістую нару для белых трусікаў пад асаблівую ўвагу. Колькіх зь іх, шэрых кардыналаў і ценявых варацілаў сьвету, ён перабачыў, тут, у гатэлі, у Палацы, колькім перамацаў пяцерні, спрабуючы гатовыя хруснуць костачкі, колькіх падлучыў да сваёй сусьветнай чорнай квадратуры!

Нікому ня бачны, ён бачыць усіх. І хутка ўжо будзе вырашаць: быць камусьці ці ня быць.

Малевіч геній, Белазор тут схапіў сэнс. Чорны квадрат – самае тое, што трэба. У такой цёмнай, ціхай, сырой мясьціне сьпярша патрэбная толькі адзіная чорная плямка, каб пайшоў працэс – і вось ужо чорныя крапінкі, чорныя фішкі, чорныя байніцы паўсюль, і ўся краіна ператвараецца ў планетарнага значэньня чорную дзіру. І сілай гравітацыі ўцягвае ў сябе капіталы і палітыкумы, турыстаў, авантурыстаў, зорак і туманнасьці – і пашыраецца, і разрастаецца, і запускае расколіны і ў Еўропу, і ў Расею, і на Блізкі Ўсход, і на Далёкі, за далягляды і акіяны, і стары сьвет пачынае трашчаць па швах.

Так, чорная масьць – гэта ягонае. Манахі і суддзі, эсэсаўцы ды камісары, палітыкі і сьпецназ ва ўсе часы кемілі ў чорным. Чорны – значыць, парадак. Няўмольны лёс. Чорны паглынае і сьвятло, і цяпло, і бруд, і кроў, і час. Чорныя – паўнамоцныя прадстаўнікі тае чорнае начы, што пануе вакол нас па-над зорамі.

Цімур ёміста паправіў на плячох скуранку, уключыў сувязь і ўдыхнуў на поўныя грудзі.

Сёньняшні Новы год – пачатак новай эры. Паставіць чорныя пячаткі па ўсёй краіне, з прыцэлам ва ўсе кірункі сьвету, стварыць матрыцу, якая хутка пачне паглынаньне ў сусьветным маштабе.

Вось для чаго яму была патрэбная жанчына. Ня проста жанчына – Жанчына. Тайна. З глыбокімі цёмнымі вачыма. Гэта найбольш прыцягальна. Прыгажосьць, якая ўнушае страх. Бяздоннае распусты – і ўладарная. Клеапатра. У чорнай-чорнай краіне, у чорным-чорным палацы, у чорным пакоі, на чорным ложку і, чорнае піянерскае, у адной чорнай бялізьне – чорная каралева ў ягоных усясьветных шахматах. Магніт. Пастка для выбраных – і сяброў, і ворагаў.

Цімур адчуў мурашкі па скуры, яшчэ раз згадаўшы тую. Гэта ты слушна, стары мудры Альберт. Гэтую трэба пільнаваць. Зьвер зоймецца. Але што за дрыжыкі? Няўжо ён, валадар, баіцца прызнацца сабе, што сам яе па-ранейшаму хоча?

Стаў на імгненьне сярод пакоя, упарта матнуў галавой.

Гарачая чорная кава ў фірмовай прастакутнай філіжанцы ўжо дымілася на століку – прыслуга працавала, як і належыць, незаўважна. Пару каўткоў, каб зарадзіць пякучай горыччу начныя мазгі. Цокнуў, як ладдзёй, на паліроўку – шах! – і пстрыкнуў пультам.

На Першым разаграваў публіку навагодні канцэрт. На Другім з чорных квадратаў успыхвала рэклама: “Твой год: як сустрэнеш, так і правядзеш!” Трэці раскручваў выбраную Танцаўшчыцу. Цімур на момант затрымаўся. Пантэра. Фігура, чорныя панчохі, сетка, каруначкі. Ох, як сьцёгнамі пераліваецца – нездарма тры гады ў Эміратах задам круціла. Яшчэ чачотка ў яе выкананьні – першакласная. Так і б’е, так і шчоўкае, да пячонак, хоць ты што хочаш. Мата Хары, другое прышэсьце.

Пільным вокам, канечне, ён фіксаваў нацяжкі ды хібы, за якія зьнізіць выплату рэжысёрам, але для тутэйшай сельскай мясцовасьці пайдзёць. Прыёмы простыя, як зямны шар: з усяе сілы валіш у вочы ды вушы, галоўнае трапіць у страўнік або паміж ног, каб імпульсы з гулам ударылі ў голаў, і тады натоўп шалее ды ломіцца. Што тут, што ў Штатах – псіхатып тых, хто ўтаропіўся ў чорную скрыню, аднолькава прымітыўны.

Шчоўкнуў на Першы.

У кадры, буйна, мільгнуў доктар Альберт Ліхтштайнэр. Час ад часу на яго пераключаюць, хаця ў студыі ён заўжды маўчыць. Стары мудры Альберт, пігментныя плямы на твары, у чарапахавых складках зморшчынаў чорныя, учэпістыя лапкі вейкаў і глыбокія-глыбокія па-габрэйску абрэзаныя вочы дагістарычнага яшчара.

Габрэй, канечне, габрэй. Сам казаў, што ў яго не радавод, а трэці інтэрнацыянал: бацька немец, маці руская, бабка аўстрыячка, прадзед арабскі шэйх… Не, тыповы.

Буяе відовішча, воплескі, плазма экранаў. Сьвята ў разгары. Глядзіць, назірае Альберт, Доктар Шчасьце. Тваё шчасьце, доктар, што ты ўжо стары. Ты адзіны, хто нават не спрабаваў глядзець Цімуру ў вочы, і гэта ты слушна. Прымружваецца, паглядвае, уздрыгне зьдзіўлена ці ўсмешліва вока яшчара, і рэжысёры пераключаюць, каб ведалі: Доктар Непагасны пільнуе тваю душу.

Глыбока глядзіць стары мудры Альберт, глыбока. Са сваёй заўсёднай люлькай з бурштынавым муштуком, там, у гатэлі, зь відам на начны горад, які ніколі ня сьпіць, напаўняючы пакой дымнымі развалінамі, ён казаў так:

– Людзі ва ўсім сьвеце плоцяць за шчасьце.

У гэтым месцы трэба абавязкова спыніцца і адпіць кавы. Кожны каўток Цімур імгненьне трымаў у роце, вось так. Чаму гэтая чорная горыч такая салодкая?

Такім чынам, людзі ва ўсім сьвеце плоцяць за шчасьце, казаў стары мудры Альберт. І атрымліваюць яго зу-усім трошкі. А што такое шчасьце? Э-эээ… набор найпрасьцейшых імпульсаў. Самыя шчасьлівыя людзі – даўны, яны пастаянна ўсьміхаюцца. Ім добра. І хто сказаў, што яны горшыя за нас, раз яны маюць тое, эээ… да чаго мы толькі імкнемся?

Прадаўцы шчасьця, казаў Ліхтштайнер і прымружваўся, і выпускаў дым, ціснуць на якую-небудзь адну чалавечую кнопку, зрубаюць бабкі і звальваюць… Яны заўжды вакол чалавека. Ээээ… Касьцёл, царква, камуністы, нацысты, ісламісты, мафія, шоў-біз… Так было заўсёды, і так будзе. Да таго часу, Цімур, пакуль ня зьявіцца той – і ў ягоных вачох вылупляўся агеньчык шалёнага бляску, – той, хто зможа даць чалавеку ўсё шчасьце… Усё, Цімур… усё, якое толькі ёсьць унутры кожнага. Разумееш, э-эээ… нам трэба ўвесь чалавек, Цімур. А гэта цэлы сьвет. Грошы ў яго кішэні – эээ… капейкі ў параўнаньні з тым, што… Ты любіш чалавека? Во-ось, ён ківаў галавой, а любіць – гэта значыць даваць чалавеку тое, чаго ён хоча. Грошы, відовішча, гульня – ты хапаеш толькі вяршкі, а нам трэба ўсё з коранем, ці ня так? Э-эээ… Жывы чалавек, так сказаць, цалкам. Істота, якая Хоча. Той, хто прадае боль, забыцьцё, або, напрыклад, пачуцьцё рэальнасьці – дарэчы, Цімур, у цябе ёсьць пачуцьцё рэальнасьці?.. хе-хе… вось той і атрымае чалавека цалкам.

Стары мудры Альберт рабіў некалькі зацяжак і ўсьміхаўся сам сабе.

Чалавек, Цімур, гэта чорная скрыня, якую ўсе баяцца адчыніць.

Так, нарката, алькаголь, сэкс – дзіцячыя цацкі ў параўнаньні з тым, пра што казаў Альберт, гэта ён зразумеў, назіраючы за досьледамі ў ягоным зачыненым шпіталі ў Шварцвальдзе.

Ёсьць людзі, – шэптам, аднымі вуснамі, казаў яму стары мудры Альберт, папраўляючы белы халат, – гатовыя ўкласьці ў гэта, э-э-эээ… мільярды. Чалавек – істота няшчасная ў сваёй сутнасьці, гэта Цімур ведаў дакладна. Зрабіць шчасьлівым яго можна толькі насуперак ягонай волі.

У цябе будуць ворагі, Цімур, казаў стары мудры Альберт. Першы – страх. Дойдзе да таго, што ты будзеш ведаць, што загінеш. Галоўнае – усьвядоміць гэта, і страх пройдзе і ніколі больш ня вернецца. Потым будзе яснасьць. Ты ўсё зразумееш, і захочаш проста э-эээ… сузіраць. Але не паддавайся, працягвай, ты можаш. Нарэшце, сіла. Ты атрымаеш сілу, і калі згубіш галаву, ужываючы сілу – ты прапаў.

Апошняга ворага можна прымусіць адступіць, але не перамагчы.

Гэта сьмерць, Цімур.

Зноў далі буйны план, і Альберт ледзь заўважна падміргнуў яму.

Стары мудры Альберт… Спалохаўся, што гэты блакітнавокі беларускі хлопчык заступіць яму шлях да Цімурава цела. Так, усе гэтыя запісы Белазоравай бухой балбатні праз тэлефон і ў сацсетках, дэбошы за мяжой і гістэрыя з чарвовай дамай на сёмым месяцы, падкінутыя Зьверу, – гэта ўсё старасьць доктара Альберта.

Ня бойся, стары. Мне твая мудрасьць патрэбная ня менш, чым твая старасьць. Ты заслужыў камфорт і супакой.

Вось чаму ён выклікаў Белазора да сябе ў кабінет, выклаў перад ім на стол усе карты і паглядзеў яму ў вочы.

У мільганьні тэлекарцінак ён не заўважыў, як гадзіньнік вострай сьпіцай саткаў адчынены разор, тонкія нажніцы да дванаццаці. Расслабіўся. Гэтыя мроі пра сусьветнае панаваньне яму калі-небудзь дадуцца ў знакі.

Час.

Пара ехаць туды, дзе сёньня пачнецца новая гісторыя. Гэта трэба пракантраляваць асабіста.

Цені ад готыкі раскрэсьлівалі вестыбюль у складаную ўзорыстую клетку. Вялізнае шахматнае поле.

Зьвер падняўся з-за ноўтбука і пільна, гатоўна, як заўжды, глядзеў на яго. Падкачаны тутэйшы орк, падабраны ў старыя добрыя часы недзе ў Вісла-Одэрскім міжрэччы, сыраядзец з “Блэкўотэр”, у якога за плячыма (а ён у дзьверы бокам уваходзіць, гэта наконт плячэй) палова гарачых кропак сучаснасьці. Зноў балуецца сваімі акультнымі рытуаламі, джэдай хрэнаў. Замовіў комп пад сьпірытычны столік і чакае прыходу. Зьвяруга яшчэ той, і нюх, і спрыт, і жорсткасьць, усё пры ім – але ніяк ня можа вылавіць банду гэтых грэбаных падпольшчыкаў. Ільва. Секта, пляце сеткі ў сеціве. Ясна, што іх там усяго некалькі, інакш ужо даўно пракалоліся б – але за імі яўна стаіць хтосьці пасур’ёзьней.

Мерна тукаючы абцасамі, Цімур падышоў упрытык і паўхвіліны выпрабавальна глядзеў яму ў самыя крута звараныя бялкі, аж покуль у таго ня дрыгнулі зрэнкі.

Гадоў сямсот таму ў адказ на зьнішчэньне свайго гарнізона ў Ісфахане Тамерлан узяў горад штурмам, склаў гару з галоваў на галоўнай плошчы, і сем тысячаў дзяцей, меншых за сем гадоў, стаптаў у полі коньмі.

– Дзе Белазор?

– Дома не зьяўляўся. Машына тут, на паркоўцы. Тэлефон не працуе, само сабой. Сацсеткі, пошта – пуста. Па камерах па горадзе пад тысячу супадзеньняў, правяраем метро, офісы, працуем. Мне кожныя паўгадзіны дакладаюць. Картка пакуль нідзе не засьвяцілася.

– Я не пытаюся пра картку, стары. Я пытаюся, дзе ён.

– Цімур, ну шукаем. Абшарылі ўсе кавярні ды крамы ў цэнтры, ён жа ў адным сьпінжаку выскачыў, мінус на вуліцы, сам падумай. Усё адно, як толькі ён ламанецца дахаты альбо купіць пачак цыгарэтаў, мы бярэм яго, пяць-сем хвілінаў.

– Праверце ўсё, сваякоў, сяброў, шлюхаў, ня ведаю, – Цімур памаўчаў. – Трэба знайсьці да сьвітаньня. І ў падвал.

– Прыняў, у падвал.

– А вось пра гэтую, – Цімур ткнуў яму файл, – я хачу ведаць усё. Прыглядзі за ёй, стары.

Цімур зірнуў на гадзіньнік – чорт, бяз чвэрці – і гулкімі крокамі да ліфта запусьціў адлік часу.

Беларусалім. Кніга першая. Золак

Подняться наверх