Читать книгу Беларусалім. Кніга першая. Золак - Павел Севярынец - Страница 3
І. Ноч нараджэньня
Воля
ОглавлениеЦі забудзе жанчына немаўля сваё, каб не пашкадаваць сына ўлоньня свайго? Але калі б і яна забыла, дык Я не забуду цябе.
Ісайя 49:15
Сьвятло расьсекла ёй вейкі.
Балючы, бялюткі сьвет разьляпляўся, разяўляў сваю пашчу – крывую, крывавую – і адкрываў ёй столь. Белую столь, упрыгожаную серабрыстымі гірляндамі, дзівосных прамяністых істотаў вакол крыніцы сьвятла, зорку зыркага ліхтара за вакном, і засяроджанае, незямное мігценьне неонавай лямпы ў пройме дзьвярэй. Бель, якую яна так любіла, цяпер выпальвала вочы.
Ашалелая ад адхадняку анэстэзіі, яна спынілася на пульсе лямпы. Пранізьлівым. Нясьцерпным.
Воля ляжала на сьнежных прасьцінах, на левым баку, прыдавіўшы сэрца, сагнуўшы ногі ў каленях, хаваючы ў жываце нешта настолькі трапяткое, што да яго было не дакрануцца. Некалькі цьмяных чужых абліччаў. І пах, нячысты пах, настоены на лякарных сьпіртах і карболках, душок пракашлянай, ляжалай чалавечыны – той самы, які напаўняе кожнага сьмяротнага духам безнадзёгі і падуладнасьці ўласнаму целу.
Першы ж зрух, каб хоць трошкі ямчэй, узрэзаў сьвет глыбокім болем на дзьве паловы, ад самага нізу да лобных доляў. Аперацыя.
Вось чаму, Волечка, усё зыбаецца і плыве ў тваіх пякучых вачох. Усё ясна. Сьпярша забілі дзіця. Потым выразалі самае каштоўнае ў ёй самой. Было трыццатае, міленькая мая, і значыць, сёньня якраз Новы год.
Яна скаланулася ад спазму рыданьня, але бліскавічны боль сьцяў яе такой хваткай, што палата не пачула ані гуку – адно суседка справа, якой учора выдалілі матку цалкам, беспакойна заварушылася, назіраючы за ейнымі курчамі.
Нема хакаючы, яна каўтала гэтага белага-белага і затхлага-затхлага сьвету па кропельцы, каб хоць чым прыгасіць пекла ўсярэдзіне. Залатыя валасы сьцякалі на падлогу, і толькі падушка бясконца цалавала яе ў шчаку гарачымі і вільготнымі ад сьлёзаў буськамі.
“Усё, усё, ну ўсё,” – яна паўтарала гэта пра сябе тым часьцей, чым мацнейшы боль штоўдых працінаў сэрца. Яна ледзь чутна енчыла: здавалася, так крыху лягчэй. З калідора бесьперапынным злым нагаворам гугніў тэлевізар. З Новым годам. З новым шчасьцем.
Тут і цяпер, у страшную ноч, сярод тумбачак, заваленых чужымі цукеркамі й плюшавымі цацкамі, пад бомікі рэкламы й згукі сьмеху з суседняе палаты, паражоная болем, вылягчаная, сплываючая сьлязьмі Вольга Васілеўская востра, як ніколі, разумела, што насамрэч была народжаная для сьвята.
Усе яе асабістыя цуды – а яшчэ ў дзіцячым садку выявілася, што яна прыгажунька, о! у школе – што мае музычны слых і бярэ найвышэйшыя ноты, оо, вочкі апусьціла, ооо, скромніца ты наша; універсітэцкія выкладчыкі хвалілі яе эсэ, ды, прагна аглядаючы яе з ног да галавы, наперабой казалі: з такімі-та дадзенымі ды акторскім дарам, оооо… – усе гэтыя о-о-ооо! бясконцыя нулі пасьля адзінкі, яна ведала, нельга разьменьваць на дробязі.
І тады, калі маленькім анёлкам яна выступала на ранішніку, і дарослыя захоплена перашэптваліся: “Золатка!” – і ўзнагароджвалі яе шквалам воплескаў; і тады, калі яна асэнсавала, што хлопчыкі яе хочуць, прычым усе хлопчыкі, і хочуць менавіта яе, і з захопленым сіпеньнем назірала ў прыадчыненыя дзьверы, як з-за яе на заднім двары школы рвалі адзін аднаго да крыві ў бойцы два старшакласьнікі, а потым сьлізганула абыякавым позіркам і па адным, пераможаным, і па іншым, пераможцы, – яна ўжо да дрыжыкаў адчувала, што вартая ня проста вечарынак з ікрой ды шампанскім, не адно вясельля зь зіхоткімі аблокамі канфеці й мядовым месяцам на елісейскіх палёх ды лазуровых берагох, і нават не мадэльнага подыюма з успышкамі папарацы ды глянцавымі вокладкамі, сьвятаў прыемных, але недаравальна кароткіх… А зіхоткага і абавязкова бачнага ўсім-усім навокал сьвята даўжынёй у жыцьцё, сьвята, якое заўжды з табой, сьвята, наканаванага ў гэтым сьвеце адным толькі каралевам.
Адчайным высілкам волі, прытрымліваючы жывот і моцна сьцяўшы калені, скрозь боль, які ядніў у кожным пальчыку, яна паўсела на ложак. Яе суседка, суханькая і зморшчаная, быццам выдаленьне маткі высмактала зь яе і ўсе сокі разам, кіўнула: “Ну, як?”, пачакала і, не атрымаўшы адказу, з уздыхам павярнулася да яе сьпінай.
Бела вакол. Так, яна найболей любіла белае – і была ўся ў белым. Нявеста штодня, яблыня ў квецені, анёл на аблоках, гардэроб, як засьнежаны сад. Воля Васілеўская, сьветлая багіня.
Першыя пацалункі – а яна зь першых класаў была першай у першых пацалунках – кружылі голаў. Яе, яе, “Волю-сваволю”, выбіралі ў каралевы балю.
Але аддацца першы раз давялося сіле. Старэйшы, круталобы, з буграмі мышцаў, Улад, якога яна едка зачапіла на вечарынцы, калі ўсе госьці разьехаліся або разбрыліся па астатніх пакоях, выключыў у зале сьвятло і ўзяў яе проста на канапе, пры застаўленым аб’едкамі стале. Ён цяжка дыхаў, са звонам падалі пустыя бутэлькі, састаўленыя ўздоўж крэслаў; а яна, нахабная й спалоханая, сьпярша ігрыва напаўголаса зьдзеквалася… моўчкі, азартна змагалася са зьдзіраньнем вопраткі, прайграла, задыхалася, лавіла і выплёўвала вусны, то аддавалася жару й сораму, напору дыханьня й цягліцаў цалкам, то раптам, з болем ад складкі швырнутага на канапу швэдра пад бокам, злосна адпіхвала грубае цела – не, гэта мусіць быць зусім ня так!
Ягонае сапучае соўганьне то захапляла, то апальвала болем, то сьцінала нянавісьцю, яна губляла памяць ад гэтых цяжкіх настырных штуршкоў, што прымушалі яе расхінацца, то пускала, то не пускала яго, то абурана шаптала “пусьці!”, то моўчкі, сьцяўшы зубы, тычкамі каленяў і кулачкоў, білася – і ўскрыкнула толькі тады, калі злосьць захлынулася ў жарсьці. Раптам рэзкі боль – і з крывёю, зь рычаньнем Улада, успоратая да самага сэрца, пазногцямі, кулакамі выпхнула яго зь сябе. Уся ў сьлязах, выпэцканая, адна, над чарупінай у ваннай, за сталом з халодным брудным посудам, пад сьцішаныя стогны зь іншых пакояў, яна ўсю ноч душылася і вырашала:… Яна ў роспачы, і засіліцца; яна ў гневе, і падасьць заяву, альбо – яна гэтага і хацела?
І гэты страх, і гэты надрыў, і гэтая сьцятая пакута пасьля перасьледвалі яе штораз. Не, яна не магла так. І ўсё роўна так атрымлівалася – яшчэ, яшчэ, яшчэ.
Воля аблегла на падваконьнік. Шкло трымцела ад ветру, дваілася, цьмяная вуліца раптам акунулася ў вадкае адлюстраваньне – і Воля ўбачыла сябе па-над гмахамі горада. Аграмадную. Страшную. Старую.
У ёй было ўсё, што патрэбна каралеве, яна гэта ведала. Але ў гэтай краіне гародаў і балотаў, дзе ўжо даўно не нараджаецца сапраўдных мужчынаў, краіне, якой не існуе для ўласнага народа, яна валадарыць не магла. Яна беларуска, настолькі беларуска, што ў Беларусі ёй ня жыць. Падхопленая яшчэ ў Полацку элітная мода на беларускасьць – усё гэтае выкшталцонае тарашкевіцкае маўленьне, аблягаючыя сукенкі зь ніткай арнаменту, напаўпразрыстыя блузы, вышытыя знакамі “Маці-зямля” на каўнерыках ды манжэтах, каваныя кулоны, вялікаліцьвінскі вінтаж, грэблівасьць да простанароднага папсова-мацернага быцьця, што вызначае сьвядомасьць – вынесла яе ў вечны дзявішнік беларускай філалогіі, і зараз прымушала пакутваць, безнадзейна і высакародна.
Кім быць? У сэнсе, кім. Каралевай. Кожнай каралеве належыць кароль. Так у картах, так у кнігах, так у кіно. Сумятня вакол разьмеркаваньня была недарэчнасьцю.
Яна чытала кнігі – дасканалыя, бліскучыя, магічныя – і нібы дыхала горным паветрам. Фрэнсіс Фіцджэральд, Джэймс Джойс, Уладзімір Набокаў, Паола Каэльё… О, як шукала яна кагосьці падобнага сярод беларусаў!.. Далікатнымі пальчыкамі з ідэальным манікюрам кранала празрыстыя вадкія крышталі планшэта – яшчэ і яшчэ.
Недзе тут, у кнігах, у найясьнейшых словах, на “зважай” пашыхтаваных перад яе позіркам – і зьвінела, гулка, нібы цішыня на парадзе ў чаканьні загаду, таямніца. Яе ўлады. Яе пакуты. Велічы і прыгажосьці. Чаго яна шукала – ідэальнага сьвету? Хараства? Пачуцьцяў? Яна і сама ня ведала. Зачараваная, вандравала яна па каралеўскіх палацах вытанчанай славеснасьці, па дзіўных садах і алеях сагаў, баладаў, паэмаў, раманаў – і часам падымала вочы толькі тады, калі вакол цямнела, і цела ныла: зранку ня ела.
Унізе, за рэчкай, пад зіхоткім грэбнем рэкламы таілася яе жытло – пяціпавярховы дом з крамай “Алеся”. Цёмна: Новы год, усе разьехаліся дахаты. Яна шукала вачыма агеньчык на іхным трэцім паверсе, вакенца ў свой стары сьвет, але там ледзьве ўгадваўся маленькі чорны квадрацік.
Як жа яна існавала тады, у гэтай здымнай аднапакаёўцы на Пераможцаў, пяць, паміж гладкай, гламурнай, невысокага расточку Сьняжанай Райскай, “полькай” з Гародні, і кашчавай, бледнай, пракуранай “русіцай” Людай Грабоўскай з тураўскай ваколіцы… Вось так, глядзела ў вакно на затопленыя ракою вагні, чытала, уздыхала, маўчала і мроіла – паміж Райскай і Грабоўскай, блін.
І няхай бы зараз расплюшчыць вочы, і хай бы гэтае вечнае гнусавае Сьняжаніна “дз-зіі-евачкі…”, і хай сто разоў ейнае дурасьлівае шчабятаньне, калі па-футбольнаму – там, там, та-та-там! – грукаецца ейны камсамолец Валера, і няхай дзень пры дні дзелавіта дэкламуе ўголас – “А! – у! – ець!” – свой грэбаны слоўнік табуяванай лексікі Люда, хай заносіць з сабой зь лесьвічнае пляцоўкі мярзотны попах курыва і адрыгае – “пардон!” – толькі б мець зараз тое маленькае, млеючае ад Валеры, райскае ці хрыплае, з шарканьнем шлёпкаў грабоўскае шчасьце, толькі б зноў быць невядомай ніякім паднябёсным цімурам ці белазорам студэнткай трэцяга курса, мець права мроіць, і чуць унутры сябе ня бездань, а жывы, пульсуючы сэнс жыцьця! Наколькі ж лепш, далёкі мой згаслы агеньчык, маё маленькае чорнае ваконца, наколькі ж лепш быць нікчэмнай Сьняжанай, блакітнай ад вечнага сядзеньня ў абдымку з Валерам перад тэлевізарам, наколькі ж лепш быць мацернай Людай пасьля ўчорашняга ў пошуках сваіх дзіравых панчохаў па ўсім пакоі – чым той бледнай істотай, што глядзіць цяпер на яе з глыбіні шпітальнага шкла!
Воля дыхала ціха-ціха, абы не абудзіць моцнага болю, глядзела ў пусты, азораны і такі цёмны навагодні горад, і перабірала вачыма свой шлях з дому на вучобу, шлях тысячы крокаў, пройдзены тысячу разоў.
Выходзіла яна звычайна безь дзесяці: каралева не спазьняецца, каралева затрымліваецца. Штурхала цяжкія дзьверы, удыхала вуліцу, прыпынялася на ганку; падцяўшы вусны, ацірала пальцы падрыхтаванай вільготнай сурвэткай – ці мала хто і чым тут бярэцца за тую ручку – кідала ў сьметніцу і мільгом засякала свае ўлюбёныя паўгадзіны.
Проста перад ёй штодня ўзмывала ў неба бліскучая трыццацітрохпавярховая “Раял Плаза”. Далей – гіганцкая чорная вежа “Непагаснага”, былы гатэль “Хілтан, дабл тры”. Шыкоўныя спаруды, менскія вяршыні. Якія арлы гняздуюць на гэтых скалах, яна хутка даведаецца – але пакуль ёй не сюды.
Цок, цок, цок, за рог, і быка за рогі – на прасьпект Пераможцаў. Можна прайсьці праваруч, уброд праз вуліцу Нямігу ды шыкоўную лесьвіцу, але яна заўжды кіруе налева, на пераход да метро. Там зорнае мора вачэй, здольных ацаніць подыюмны крок, пераліў клубоў, россып залатога праменьня вакол яе горда ўзьнятае галавы. Прыгажосьць уратуе сьвет – і таму сёньня каралева павінная быць сярод свайго народа.
Шлях тысячы люстраў. Сьпярша, у алеі каштанаў, мы паглядзімся ў шкляныя бігборды. У поўны рост у рэкламнай глыбіні – сьветлая постаць, сама стройнасьць, падкрэсьленая паяском у таліі, плыве, і не дрогнуць разгорнутыя плечыкі. Вялізная квяцістая вітрына, павядзем вокам направа, і падбароддзе крыху вышэй – профіль. Хочаш ведаць, чаго варты чалавек – ацані ягоны профіль. Вось, сама прыгажосьць скразіць праз кветкі: высокі лоб, прамы нос зь ледзь заўважнай ганарлівай гарбінкай і лёгкімі крыламі, злом броваў, аксамітна-мядовых, гусьцейшых да пераносься і ўзмахам пёрышка – да скроняў; чуйны, падцяты пацалунак вуснаў з уладарна прыпухлай ніжняй і крутое падбароддзе, балкон слановае косьці па-над стромай, плыўнай лініі, шыяй, па якой уніз да грудзей спускаецца, дрыжучы, чарада бурштынавых караляў.
Нарэшце, насупраць прыпынку, дзе звычайна паркуецца на ходніку варанёны джып, косіць люстэркам – мы на імгненьне акунёмся ў гэтую чыстую крынічку, каб бліснуць сваім чорным позіркам – строга, але ня хмурымся – і пранесьці, абдаць яго хваляю парфумы і залатых валасоў.
Гэты прасьпект нездарма Пераможцаў. Восеньню перад ёй падала ніц мядзянае каштанавае лісьце; узімку, ахнуўшы, цалавалі мысок боціка бязгучныя сьняжынкі; увесну распляскваліся, каб памерці у яе пад нагамі, дыяментавыя кроплі; улетку сонечныя цені бязважкімі пажамі агладжвалі блузку, локан прычоскі, лінію лыткі – ішла Яе Высокасьць!
Вуліцу яна пераходзіла ў найшырэйшым месцы, ды так, што ўвесь вулічны рух сунімаўся, і прыціхлыя машыны перад чорна-белымі палосамі вытрэшчваліся фарамі да самага бардзюра, доўга не маглі ачомацца перад тым, каб дружна і захоплена зараўці.
Так, так, так.
Спуск у Нямігу, міма буйных бронзавых ружаў, вольна, па прыступачках, на якіх калісьці душыліся ў ціскатні менскія дзяўчаты на высокіх шпільках. Цьмяная галерэя з шоргатамі й шэптамі. Бледныя цені ў мармуровых сьценах схіляюцца перад ёю; паўабароты, кіўкі адзін аднаму і скругленыя вочы насустрач: ціхая плынь чалавечага жаданьня і зайздрасьці мімаходзь цёпла амывае цела, і пад цік абцасікаў, як у дзяцінстве ў “класікі”, так цудоўна напяваць класіку ці цытаваць класікаў ды цокаць, чаканіць з рэхам: чаго хоча жанчына, таго хоча Бог.
Лесьвіца ўгару, перад храмамі. З кожным крокам ты ўсё вышэй і вышэй. І Сабор, і Катэдра не варухнуцца, стаяць на “зважай”, і глядзяць ва ўсе шыбы: так, так, так. Яна Ідзе!
Яна знарок выходзіла насустрач галоўным у Беларусі цэрквам, яе суперніцам – стройным, строгім, ва ўсім белым. Вольна, царственна, штокрок падымалася па гранітах на прыступку вышэй, толькі галубы разьляталіся з-пад ног і жабракі працягвалі да яе далоні. За гэтымі непадступнымі ледзі у бальных барокавых сукенках мінулае; за ёй, каралевай Воляй – будучыня.
Шэраг блішчастых аўтамабіляў, прыпаркаваных наверсе ля амбасадаў, пераліваюцца хваляю адлюстраваньняў. Ах, як яна любіла гэты фартэпіянны перабор у карпусах, радыятарах і лабавых шклінах, суцэльны паланэз Агінскага: мі-рэ-мі-фа-мі-до-до-сі-ля!
Амбасада Грузіі. Белы сьцяг з чырвоным крыжам. Амбасада Францыі. Лібертэ, эгалітэ, фратэрнітэ. Дыяменты Свароўскі – штокрок налыгваеш на пальцы, на рукі, на шыю пярсьцёнкі, бранзалеты, калье. Швейцарскія гадзіньнікі. Цік. Цік. Цік.
Зноў люстры вітрынаў: лінія валасоў, плечы, сьпінку трымаем прама. І няхай шалахціць за ёй шлейф шэпту.
Бо гэта Плошча Волі. Плошча яе імя.
Тут. Тут. Тут!
Тут можна проста, праз скверык. А можна направа, празь пераход да Катэдры. Так, гэта быў выклік! Касьцёл, вытанчаны і грэблівы. Зарок бясшлюбнасьці. Што ж, паглядзім на іхні зарок. Часам там выходзіў на ганак ксёндз, яшчэ нішто сабе, гадоў трыццаць пяць, чарнявы, гладка паголены, з арліным носам і белым квадрацікам на шыі. Сто адсоткаў, той самы, шэравокі, асаністы, з тонкімі пальцамі, які прыходзіў да Сьняжаны асьвячаць кватэру на Каляду, пырскаў сваім памазком, і ўліп, уліп па самы цэлібат, пакуль яна абувала белыя боцікі ў сябе на ложку. Стаяў на ганку, грак, строгі такі, слупом прыкідваўся, і тады яна запавольвалася і вальней пагойдвала клубамі.
Так, так, так. І ў той дзень, дзень яе народзінаў, дзень Волі ля Катэдры было сьвята, і засушаныя бабулькі з папяровымі кветкамі ля ўваходу атачалі яе супраціўніка ў чорным зь белым квадрацікам. І толькі яна ступіла на чорна-белы пераход…
З суседняй палаты празьвінелі навагоднія бомікі.
То чорнае, то белае, фатальны пераход… Не азірайся, Воля, хутчэй на той бераг. Нават на секунду пазьней – і пайшла б яе гісторыя іншым шляхам. Можна ж было прайсьціся проста перад Ратушай па паркеце кляновага лісьця, па гэтых растапыраных пяцернях – быццам цябе перадаюць на руках! – да гатэля “Еўропа”, і сівы швейцар перад уваходам напружана касіў бы вокам, і адпячатаць на плітцы, вось табе бес, бес, бес у рэбра! Цок, цок, цок, замежнікі, мэрсы і бэнтлі з дыпламатычнымі нумарамі. Цайген зі мір біттэ! Лэдыз фёрст. Пшэпрашам, пані Васілеўска.
Рукі, ледзь сагнутыя ў локцях, уздоўж цела. Паміж вітрынамі цырульні й бульварам з фантанамі. Хай граюць цені, хай порскаюць ва ўсе бакі спалоханыя сонечныя зайчыкі, позіркі і прыадкрытыя раты, хай у каго-небудзь, чаму б і не, адваліцца сківіца. І неістотна, колькі зь іх азірнецца ёй усьлед, ці не азірнецца яна, каб паглядзець, ці не азіраюцца: не, яна не азірнецца. Цок, цок, цок. Хай перасмыкне штурханіна ў падземным пераходзе, даючы ёй прайсьці без аніводнага дотыку. І вось ужо Нацыянальны банк, усе скарбы Беларусі, можна зь лёгкім рухам правай рукі пакінуць убаку, адмахнуцца левай даланёю ад турагенцыі зь лётнымі касамі ды квіткамі ў Афіны, Парыж і на Багамы – і за рог. Тук, тук, тук па галоўнай дзяржаўнай вуліцы сталіцы, дзе ў палацы чорнага граніту, былой Вышэйшай партыйнай школе чакае свайго часу Яе Высокасьць Воля Васілеўская.
Прайсьці па ўжо аціхлых калідорах да залі, дзе пачаліся заняткі, хай жарсна рыпіць бурштынавы паркет, адчыніць дзьверы, лёгкім кіўком даць зразумець выкладчыку, што яго заўважылі, і, дышучы духамі і туманамі, уладкавацца ў найдалейшым шэрагу – каб, разам з акуратным выціраньнем сьвежай вільготнай сурвэткай пальчыкаў, агледзець і катэдру, і дзьверы, і ўсю паклонную прастору, поўную пакорліва сагнутых сьпінаў.
Балела якраз у тым месцы, дзе яна ўпершыню пачула яго. На пераходзе. Нутром пачула.
Яна добра памятае, як у той дзень, дзень народзінаў, Дзень Волі, перабірала сустрэтых на сваім залатым шляху, усю дарогу ад дому. Усіх гэтых уладзіміраў ды дзянісаў, ня вартых яе позірку, усіх замежных прынцаў; усіх нашых, у якіх вочы блішчаць хіба толькі нападпітку: “Э, дзевушка… Раз-шыце!..” Не, падымалася яна на апошнія прыступкі перад саборам, тут калі й будзе, дык хіба што белая варона, як той арыец з “Непагаснага”: пару тыдняў таму Сьняжана Райская пішчала ад яго па тэлеку. Выступаў па-беларуску, зьбіраўся будаваць нейкія вавілонскія вежы ў яе Полацку. Зьзяючыя, колеру неба, вочы на тле агромністага чорнага квадрату. Стылёва. Помніцца, яна нават прымярала на сябе ягонае прозьвішча.
Ах… Воля зябка паправіла беленькае зь серабрыстым футра. Вольга Белазор. Такія віцязі існуюць хіба што там, пад аблокамі, у жывым тэлевізійным эфіры.
Тук, тук, тук. Сэрца білася ў такт абцасікам. Хтосьці яе наганяў.
Пасярод пераходу, перад Катэдрай зь ейным ксяндзом яна раптам стала. Тут? Тут. Бліжэйшыя машыны прытармазілі, і нехта выціснуў пранізьлівы гудок проста ёй у твар.
Яна абярнулася. І сэрца ўпала, са званамі набатам ударыла пад дых – туды, дзе цяпер балела.
Ах, як жа яна тады не пачула, не разглядзела! Дура, дура, як яна ня ўбачыла ў невыносна блакітных, навылёт у неба, вачох, гэтага халоднага шкла! Гэтага мёрзлага сьнегу, стаптанага ў яго пад вокнамі; гэтага бліскучага-бліскучага скальпеля!..
Не, ён жа быў такі нясьмелы… Цяля, ён так сьцінаўся, калі яна ўпіралася яму ў грудзі й не давалася пацалаваць. Ня рваўся здабываць. Ня браў сілаю, хаця мог, мог. Ня ціснуў. Не баец. Не самец. І яна гулялася. Грэбавала ім. Думала, як бы зрабіць яму, прыніжанаму, такую ласку.
Але што гэта была за вясна! Яна рассмакоўвала мяса з крывёю пад ягоным прагным позіркам, выцмоквала самы слодыч, самы эфір з налітай сонцам садавіны, вучылася разьбіраць назубок марскія дзівосы, наколькі брыдкія, настолькі й смачныя, у найлепшых рэстарацыях – і ў хрусталёвых келіхах бардо, марціні ды каліфарнійскага ірдзела, трымцела на вазе ўся яе хмяльная душа.
На прасьпекце каштаны ўжо запальвалі ад закатнага вагню свае сьвечкі, узорыстым ценем лісьця пад ветрам калыхалі, вымывалі на плітцы залаты пясок пад іх нагамі. А калі ў ювелірным салоне “Манамах”, сярод зорак на чорным аксаміце ён спавіў яе шыю залатым ланцужком з іскрыстым дыяментам у форме сэрцайка, яе ўласнае сэрца можна было браць двума пальцамі або сьціскаць у кулак – і яна нарэсьце дазволіла яму пацалунак у вусны.
Тым вечарам ля дома яна высілкам волі адштурхнула яго ад сябе: досыць. Ён моўчкі глядзеў на яе галодным ваўком, скаўтнуў сьліну і пайшоў прэч.
Цэлую ноч яна енчыла разам са спружынным ложкам ад задавальненьня, слодычу ўлады й смутнае грэблівасьці – тапіла то ў храпе Грабоўскай, то ў ціхім, нуф-нуф, сапеньні Райскай; нарэшце, на сьвітаньні распахнула вакно насустрач раніцы, Сьвіслачы, прасьпекту, людзям, і шэптам сказала сабе:
– Сёньня.
Але тае ж раніцы ён патэлефанаваў і суха паведаміў, што сёньня ўначы яна ідзе да Цімура.
Вежа адразу за яе домам, былая “Раял Плаза”, увянчаная маленькімі чырвонымі агеньчыкамі, панавала па-над усім горадам. Волю перасмыкнула ад дрыжыкаў, і нутро адазвалася болем.
“Непагасны”.
І хаця ён, гледзячы ўбок, папярэдзіў яе, што хоча прадставіць яе самому Цімуру як мадэль для грандыёзнага праекту, з гадавым заробкам на мільён, натуральна, даляраў, што Цімур ніколі не зьяўляецца на публіцы, працуе ўначы і сьпіць удзень, што ён ведае ўсё пра ўсіх і яшчэ ніхто (ніхто!) ня вытрымаў ягонага позірку, і яна маральна рыхтавалася – яе ахапіў жах, зьмяшаны з захапленьнем.
Аказваецца, Цімур на сваім трыццаць нейкім паверсе навальнічнай вежы навісаў па-над ёй увесь гэты час. Крутаскулы, з вачыма раскошна раскосымі, як расьсечанымі мечам, і зачасанымі з ілба да скроняў чорнымі, як смоль, валасамі, грацыёзны – гэта быў валадар, гэта была жарсьць, і арыец Андрэйка пабляднеў умомант, і яна аблізала перасохлыя вусны.
Позірк працяў яе так, што і зараз ад аднаго ўспаміну яе рана разышлася па швах.
І была Ноч.
Потым Андрэй дапытваўся, што ж адбылося тае купальскае начы, дапытваўся раўніва і з гневам. Усё роўна б не паверыў. Яна сунулася суцяшаць яго, лезла цалавацца, дура… “Нічога не было, мы проста размаўлялі.” “Проста! Тры гадзіны!..” “Ён паказваў мне…” Што ён табе паказваў?!.
Нарэшце, Белазор заваліў яе ў траву пад дрэвам – пустыня на золку пасярод Менску! О, гэта было сапраўднае грэхападзеньне. Пах травы, блізкай ракі і сырой зямлі, пах халодны, золкі. Яна ледзь дабралася да яго ў гэтым гушчары зашпіленай вопраткі, яна ўсім ротам хапала то яго скрыўлены рот, то адамаў яблык, што ходырам хадзіў у горле, абвівала рукамі і нагамі, зьнемагала, пакуль ягоная ярасьць ператваралася ў жарсьць, і апрытомнела толькі ў той міг, калі ў чорным небе зь ягоным здушаным стогнам раптам, фантанам, з парывам ветру выбухнула вялізнае, раскідзістае, азоранае ліхтарамі дрэва.
Вунь яно там, за рэчкай, дрэва спазнаньня дабра і зла, голае, сутаргава растапырвае ў неба вецьце.
Згадаўшы Цімура, Воля здрыганулася. Не, хай яна нікому не вядомая, хай ня мае мільёну даляраў у год, але нявольніцай – не. Ёсьць, ёсьць у Цімуры нешта звышчалавечае, але ж яна не рабыня. Магчыма, для такіх, як ён (зрэшты, ці ёсьць яшчэ такія, як ён?), такія, як яна проста не існуюць. І ўсё-такі забойца ня ён. Забойца, які вывярнуў яе з крывёю навыварат, які забіў у ёй дзіця й скалечыў жыцьцё – гэты забойца зараз глушыць шампанскае дзесьці ў сябе на Сьляпянцы, можа, і сам з сабою, з гэтага эгаіста кончанага станецца, калупаецца ў зубах пазногцем і сьвяткуе ўласнае трыццацігоддзе перад плазьменным алтаром.
Воля рэзка варухнулася, і зноў стала балюча.
Цімур не тэлефанаваў, і ёй заставалася толькі адно: Андрэй, усімі сіламі Андрэй. Менавіта, дзяўчаты: мроі гэта цудоўна, але – такі каралеўскі шанец бывае адзін раз у жыцьці.
Зараз скрозь мутнае шкло, запацелае ад ейнага дыханьня, ужо ня ўгадвалася ані сабору, ані Сьвіслачы, ані Нямігі – толькі вяршыня чорнай вежы з каронай агеньчыкаў вырастала па-над надыханым туманам. Кволымі, амаль нежывымі пальцамі яна выцерла шыбу – рупліва, да апошняга куточка, сьлініла да рыпеньня. Нейкі шэры туманны згустак муляў уваччу, псаваў карціну. Яна ўсё спрабавала яго сьцерці, здрапаць пазногцем, пакуль нарэсьце не дапяла, што плямка па той бок.
Смутная плямка. Плявок. Ніякаваты, мізэрны, непадуладны.
Яна са стогнам апусьціла цяжкую галаву. У шыбе, двайным шкле, няясная прыгажуня і глыбокая старуха, раздвоеныя, разам пакланіліся ёй.
Так і стаіць перад вачыма, і муляе дагэтуль, не сатрэш – той момант у ягонай кватэры, калі яна з ужо вылушчанай супрацьзачаткавай таблеткай і кубкам вады перад люстрам раптам вырашыла: не.
Не!
Так сказаў і Андрэй, утаропіўшы ў яе правальныя бясколерныя вочы, і тады ўпершыню зварухнулася ўнутры яе жывое і загрукала ў сэрца, сьпярша трывожна, потым адчайна і пасьля шалёна.
Твар у Андрэя тады быў такі самы, як і ў Цімура, калі ён убачыў яе на парозе свайго кабінета, і такі ж, які ў п’янога хірурга, што падпіхнуў яе, аслупянелую, быццам быдла, у дзьверы аперацыйнай. Яна ўжо ведае, такі твар бывае ў мужчынаў, калі яны забіваюць дзяцей.
Гэта тады, тады ўпершыню пасяліўся ў ёй боль, які цяпер разьдзірае яе знутры.
Яна закінула вучобу і рэшту лета пражыла ў ягонай раскошнай кватэры на Сьляпянцы. Сем пакояў. Чакаючы яго з працы, яна бадзялася з аднаго ў іншы, пакуль маўклівая пакаёўка прыбірала, вандравала ад джакузі да плазьменнага тэлевізара, ад музычнага цэнтру да бібліятэкі, вылёжвала агромністы, памерам з плошчу Незалежнасьці, ложак, тупа глядзела на вялізную залатую жырандолю ўгары, і нудзілася, і ніяк не магла зразумець: няўжо гэта і ёсьць каралеўскае жыцьцё?
Пасьля тэсту і паходу да доктара яна яму так і сказала. Маленькі. Пажэнімся. І неістотна, што ён там падазраваў або здагадваўся.
Ён сказаў: не.
Сьпярша яна нават не дала веры. Зьдзеквалася, крычала. Думала, перабесіцца. Выйшла, ляпнула дзьвярыма. І потым, вярнуўшыся, убачыла ўсе свае небагатыя рэчы на дыванку ля ўваходу. Горкай.
Ну і падонак жа.
Яна біла ў дзьверы, аж покуль ня выглянула суседка, паабяцаўшы выклікаць міліцыю.
Яна адчайна не хацела вяртацца ў сваё мінулае жыцьцё. Яна прасілася і енчыла. Яна суткамі мёрзла, як сабачка, ля ягонага пад’езду; яна кідалася, калі ён выходзіў, яна выцірала сваімі ўлюбёнымі вільготнымі сурвэткамі запыленае шкло машыны. Яна слухала гук тэлевізара пад дзьвярыма. Яна плакала, трымаючы рукі на жываце, калі ў вокнах гасла сьвятло.
Яна ў адчаі спрабавала прабіцца да Цімура, у чорную вежу “Непагаснага”. Ахова не пусьціла.
– Пусьціце… Я раскажу пра Белазора, усё! Пусьціце, Цімур абяцаў, што я магу… Он у меня спрашивал, он ждёт ответ… Я готова, скажите ему… Тиму-ур!!..
Сполахі кідаліся ў люстраных сьценах холу; цяжкае дыханьне атачыла яе; моцныя рукі, выгаленыя падбароддзі і бліскучыя пантофлі ніяк не маглі справіцца зь ёю.
– Передайте ему, слышите… я согласна! Я умею… Вальс… не важно, тверк значит тверк!..
Суседкі сустрэлі яе ў кватэры моўчкі. Няздадзеныя іспыты яна выкладвала на стол, сядзела так з гадзіну і складвала кансьпекты ды кнігі назад у шафу. Толькі пасьля таго, як яе званітавала на кухні, Люда ўпёрла рукі ў бокі і смачна сплюнула ў чарупіну: “Каз-зёл!” Кашчавым пальцам указала ёй на жывот:
– Забі ў сабе казла.
Сьняжана Райская сядзела на ложку насупраць, сутаргава сьцяўшы каленкі, вочкі авечыя, і шэптам мучыла:
– Ты ж пакінеш маленькага? Ён жа тут ні пры чым?
Ягоная мама Вера ў заслаўскай хаце на беразе возера перад Замчышчам, маўклівая старая настаўніца з глыбокімі вачыма, накарміла яе малочным супам з макаронамі, паказала ягоныя дзіцячыя фоткі, ад якіх у яе пераварочвалася пад сэрцам, і прасядзела зь ёй, абняўшыся, некалькі гадзінаў. На наступны дзень ён пазваніў і так, што прабрала яе ўсю да жывога ўнутры, запатрабаваў сустрэцца.
Кранула пальцамі шкло. Якое халоднае! Вулічныя ліхтары памерам са сьвечкі. Адна, дзьве, тры. Яна ставіла ў Саборы перад абразамі шторазу за сябе, за Андрэя і за дзіця.
Яна хадзіла і ў Катэдру, са смутнай здагадкай, што пакараная за спакушэньне ксяндза. Падоўгу спынялася ля стаенкі. “Вітана будзь, Марыя, ласкі поўная, – гулка паўтаралі ў касьцёле хорам, – блаславёная ты між жанчынамі, і блаславёны плод улоньня твайго…” Яна гладзіла жывот, і гэта было падобна на мацярынскае шчасьце.
Але калі яна сказала гэта Белазору, той кінуў слухаўку.
Дзіцё было для яе пропускам у новае жыцьцё. Яе шанцам. На скрайні выпадак – суд, генэтычная эксьпертыза, кампенсацыя. Калі трэба, яна гатовая, але… Андрэй адыдзе, паўтарала яна сабе. Вуліца за вакном павольна сплывала ў цёмныя глыбі Нямігі.
Жывот наліваўся, напінаўся, зародак то вывяргаў зь яе ваніты, то патрабаваў тварагу, ён высмоктваў яе, ён пажыраў яе знутры. Ён пачварна павялічваўся сам, яна марнела, але ўсё адцягвала час. Яна, каралева, згубіла галоўнае – волю.
Дахаты? А як дахаты, калі заўсёдны бацькаў пакутлівы крэхт у прыбіральні аказаўся ракам кішэчніка, і цяпер дома ўсё тхне, ные і скрыгоча зубамі?.. Калі праца суддзі раённага суда пакінутая, пенсія шчэ не налічаная, і мама, полацкая сьвецкая львіца, разьбітая адным ударам, паціху шалее каля сваёй гніючай паловы? Спалохана сунула дачцэ ў далоні купюры; бацька схуднелы, сьцяты, да хрумсту сьціскаў кулакі. “Дагулялася!” Воля моўчкі скаўтвала, камячыла грошы ў кашалёк.
Паходы да дзьвярэй Андрэя станавіліся ўсё больш рэдкімі й нервовымі; яна стамілася змагацца, псіхавала, але больш за ўсё баялася згубіць яго канчаткова і ўсё часьцей вечарам, асабліва калі не заставалася чаго есьці, а знутры ела яе, і хацелася ўсё мацней – ціха плакала на ложку, пахавальна склаўшы рукі на жываце.
Апошнія тыдні яна бязвольна прасядзела перад вакном зь відам на Траецкае. Шосты месяц. Як цяжка ненавідзела яна Белазора, ненавідзела гэтага зародка, які так зуродаваў яе, і саму сябе. Ва ўніверсітэт яна не паказвалася; ісьці ў шпіталь было страшна, тым больш, міналі ўсе тэрміны. Нараджаць было яшчэ страшней, і як гадаваць, а потым разьнясе, як дуру… Але страшней за ўсё было застацца зь дзіцём на руках, самотнай: табе дваццаць, і жыцьцё зламана.
…Даўней, казалі, на Нямізе, Траецкай гары ды ў Верхнім горадзе адзін пры адным стаялі жаночыя кляштары. Паўкруглыя скляпеньні, зводы вялізнага жывата па-над галавой. Жылі тут дзяўчыны, маліліся, марнелі, бяссэнсава старэлі і паміралі старухамі. А Бог… Які пасьля ўсяго гэтага Бог?
Паклікалі да тэлевізара. “Пайшлі, ужо ўсё!” Ужо ўсё. Аж сьлёзы навярнуліся. “Ды ладна, дай ёй выплакацца. Хадзем”. Яна ў адказ моўчкі адвярнулася ад вакна. Зноў надыхала, нічога ня бачна. Працёрла далоньню, і скрозь сьлёзы разводдзяў зноў правалілася Няміга, і зноў, як на шкле мікраскопа, праступіла тая незьнішчальная плямачка.
І потым быў гэты званок на Раство. Яна зь нянавісьцю паглядзела на свой мабільны. Мужчынскага роду, ён цяпер выклікаў у яе толькі агіду.
– Ня зробіш аборт – да мяне не зьяўляйся. Сама зрабіла, сама й выхоўвай выпладка свайго.
Сэрца ўпала і разьбілася на тысячу кавалачкаў.
– Альбо я, альбо ён.
І кароткі піск у слухаўцы, быццам яе саму працялі той іглой, якой звычайна забіваюць немаўля.
Там, удома, на падваконьні, цяжкая ад сьлёзаў, яна дастала калоду картаў і загадала: калі чырвонае – пакідае дзіця, і пайшлі ўсе каралі к чорту. Чорнае – шпіталь, і да Андрэя.
Яна глядзела ў вакно, міма Сабора і шпіталя, і душа замерла. Картавала, аж покуль пальцам ня стала горача. Усплыла ў яе памяці гадалка ля вакзала, да якой калісьці, на першым курсе хадзіла яна за кампанію зь сяброўкай Сьветай, цыганка ў ярка-чырвоным, з колцамі Сатурна з пацеркаў на шыі. Воля бязмэтна паўтарала адпаведнае з таго сеансу: “Я бяз брэмені, як дрэва бяз плоду, бязь семені” – і дадавала: “У імя Алаха літасьцівага, міласэрнага. Амінь.” Выклала карту, і ўсё баялася апусьціць вочы. Траецкае выядала вочы цемрай.
Дама трэф. Брунэтка, пагардлівая і халодная, як прысуд.
Божа, ня можа быць. Не, яшчэ раз. Тасавала ў руках – цёплае, засаленае, амаль жывое.
Насупраць была вялікая навагодняя елка на катку, з чырвонай зоркай. Чырвоныя ромбікі ілюмінацый. Чырвоныя агеньчыкі па-над каронай гатэля “Беларусь”. Ну!
Кароль трэф. Крастовы кароль глядзеў на яе з агідай: “Ты што, дура?”
Дама і кароль у крыжах, гэта занадта. Не. Яна дрыжэла. Картавала, картавала, катавала карты. Гэтыя чужыя дама і кароль глядзелі на яе грэбліва і страшна. Трэці раз, і ўсё. Белы Сабор, ейная лесьвіца, ейны шлях. Бязь сьнегу. Перад вачыма павольна віраваў людскі рух на катку, нібыта невядомая рука мяшала, мяшала, перамешвала чалавечкаў з глухімі ўскрыкамі і разьнёй на сьлізкім лёдзе.
Уваччу пацямнела.
Туз пік. Чорнае сэрца, працятае вастрыём.
Як яна апынулася ў шпіталі? Хапала марозны горад ротам, каўтала сьлёзы. Несла ім сваё, родненькае, жывое… Прыёмны пакой. Крык. Спалоханыя твары медсёстраў, і раскацісты, проста д’ябальскі рогат за дзьвярыма кабінета, і трое мужчынаў у белых халатах за перадсьвяточным сталом з бутэлькаю, і ўласны жах.
Яе млява спрабавалі адгаварыць.
Не. Хлусіла ім пра дваццаць адзін тыдзень, клялася, тыцкала трыста даляраў, усё, што ў яе засталося.
І жэрабя. Яна сама чула за занавескай, дзе распраналася, чэснае слова, двое цягнулі запалкі, адну цэлую і адну ламаную, хто зь іх будзе гэта рабіць.
Над расьпіскай, што дактары не нясуць адказнасьці за наступствы аперацыі ў позьні тэрмін, яна сядзела, як над сьмяротным прысудам. Выцерла сьлёзы, вывела подпіс, свой самы шыкоўны, з мноствам рэзкіх, бліскучых петляў, кручкоў і сьпіцаў.
Укрыжаваная на страшным крэсьле, бездапаможная, захлыналася ў сьлязох… ня чула, як пасьля ўколу яе працялі нержавеючым жалезьзем, ня чула, як ірвалі на кавалкі яе ўнутраныя ворганы, як зьвінела, перазвоньвалася каляднымі бомікамі снадзіва, як ляпалі цяжка ў вядро крывавыя ашмёткі, і ня бачыла, як з раптоўным пырскам крыві стаў рабы той, каторы выцягнуў зламаную запалку, і ашпарана закрычаў чорнаму, барадатаму трэфаваму каралю з залысінамі: “…П тваю маць! Тввай-уу ма-а-аць!!!”
Гэта потым ёй распавяла суседка, што шапталася зь медсястрой.
…У суседняй палаце прызыўна зазьвінеў бомікамі тэлевізар. Зрабілі гучней. Дзіцячы заўзяты галасок успорваў высокімі ноткамі самае сэрца.
У ёй корпаліся шэсьць гадзінаў. Зьбегліся медсёстры. Аперацыйная, запырсканая крывёю. Яе крывёю. А сёньня сьвята. Усе навокал сьвяткуюць тое, што каралеве зрабілі аборт, што ў каралевы больш ніколі ня будзе дзяцей і што яна канчаткова парвала з чалавекам, дзеля якога і пайшла пад нож.
Як новы год сустрэнеш – так і правядзеш. Забіць сябе? У свой час ня выпіла адну – цяпер прыняць жменю. І ўсё скончыцца. У яе імгненна высахлі сьлёзы.
Сьціснула зубы. Жыць. Назло злу. Назло казлу. Назло ўсяму сьвету.
І адпомсьціць.
Забіў гадзіньнік. У суседняй палаце выбухнула шампанскае, пачуліся радасныя воклічы, і за вакном пачаў грохаць навагодні салют – з пранізьлівым віскам, быццам там рэзалі маленькую дзяўчынку.