Читать книгу Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага - Стэфан Корф - Страница 12

28 ліпеня 1794 года

Оглавление

Да абеду падалі смажаных галубоў на падушцы з тушанай у белым віне бульбы.

– Пані Марыля, мае віншаванні, гэта найлепшы земляны яблык, які я каштаваў! Дзе вы толькі яго знайшлі? – палкоўнік Станіслаў Кёнінг радаваўся першай добрай ежы за апошні час.

Тры дні полк пераходзіў ад адной маленькай вёскі да другой – не было часу ні разбіць добры лагер, ні заваліцца да нейкага шляхціча ў госці. А тут – аж два дні адпачынку. Ды і ізабелінскі пастар запрасіў да сябе палкоўніка і трох ротмістраў на пастой.

– Дзякуй, пан Станіслаў. Муж настаяў, каб вырошчваць бульбу.

– Гэта так, – уключыўся пастар Януш Ласкі. – Ведаеце, у Ірландыі, Шатландыі ці Францыі гэтая расліна пачынае замяшчаць пшаніцу. А чым мы горшыя? Адчуваеце, які смак? І галоўнае – з паўвалокі атрымоўваецца больш бульбы, чым якога збожжа. Не, гатаваць яго, вядома ж, не вельмі проста – патрэбны такія-сякія спецыі, травы, тлушч. Добра, калі знойдзецца нядрэннае віно ці смятана. Але ж я лічу, што ў будучым кожны селянін зможа сабе дазволіць талерку-другую падобнай стравы.

– Гэта вы перабольшваеце, пастар, – палкоўнік закінуў наступны кавалак смажаніны ў рот.

– Можа, і так. Гэта, канешне, не будзе ніколі асноўнай стравай – і кошт вялікі, і саджаць цяжкавата. Але раз на тыдзень – чаму не? Мы з жонкай спрабуем давесці да сялян выгаду, але яны супрацівяцца. Яшчэ віна, пане палкоўнік?

– Калі толькі келіх, пане пастар. Мне да вечара прымаць патрулі.

Палкоўнік Кёнінг цвёрда памятаў загад генерал-маёра Караля Серакоўскага, галоўнага ўсёй дывізіі, – шмат не піць, жаўнерам забараніць хадзіць да дзяўчат, кожны павінен быць здольным падняцца на марш хоць глыбокай ноччу. Некаторыя жаўнеры не вельмі любілі за гэта генерала, бо для іх вайна – адпачынак і забава, як бойка на кірмашы ці вяселле сябра.

Зараз уланы стаялі наперадзе, авангардам, таму Кёнінг спрабаваў як мага больш старанна выканаць загады начальства. Ды і палова палка адсутнічала: хто быў у патрулях ля Зэльвы, Дзярэчына ці іншых мястэчкаў; хто параненым застаўся з асноўнымі сіламі лекавацца. Належала захоўвацца ў як мага лепшым стане, як у фізічным, так і ў маральным.

– І галоўнае, пан палкоўнік, – працягваў пастар, – каб сяляне проста не ведалі, як гэта гатаваць ці вырошчваць. Гэтыя перашкоды мажліва вырашыць адукацыяй, размовамі. Не! Яны распавядаюць байкі пра нячысцікаў, якія мацаюць бульбу з-пад зямлі – чортаў корань, заморская пагібель. Кажуць – чорт кусае карані, і тыя потым робяцца атрутай. Быццам жывём не ў асвечаным васямнаццатым стагоддзі, а пад час палявання на ведзьмаў!

– Цёмныя людзі, пане Януш. Вераць ва ўсялякія глупствы. А тут яшчэ балоты побач ды Белавежа. Магу паставіць сваю шаблю, што ў дні конна адсюль ёсць некалькі старых капішчаў, якія нехта даглядае. Вось і паўзуць па вёсках гэтыя казкі.

– Не ведаю пра капішчы, але тут вы маеце рацыю. Часамі ў лесе сустракаюцца дубы з завязанымі на галінках хустачкамі ды намаляванымі тварамі. Яшчэ і каталікі падліваюць алею да чалавечай цемры – дэманы, нячысцікі, варажба… Ксёндз у Ваўкавыску кожны месяц праклінае ўсіх чарадзеяў і чараўніц мястэчак, але ніколі не называе імёнаў. Дзіцячыя гульні, і толькі.

– Але гэта не толькі сярод простага люду, пане пастар, – палкоўнік працягнуў свае разважанні. – Некалькі дзён таму атрад уланаў спаткаў воўчую зграю. І распавядаюць, што на чале гэтага воўчага вяселля быў сівы чараўнікпярэварацень. Перапужаліся, як малыя дзеці, ды пачалі паліць з самастрэлаў. Яшчэ потым прасілі даць людзей, прайсціся па пушчы… Звычайная воўчая зграя – а столькі клопатаў. Даў жа Бог мне такіх боўдзіл. Час змяняць назву з палка надворнага на народны. Не лепш за міліцыю… Грошы даюць зрэдку, узяць могуць амаль кожнага жадаючага, палове езуіты розум сапсавалі сваймі байкамі… Эх, пане Януш, цяжка мне з імі.

– Але ж вы павінны быць бацькам для сваіх жаўнераў. І па-бацькоўску вучыць і прабачаць ім.

На другое падалі не такую экзатычную страву – звычайнага аленя з ажынавай падлівай.

Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага

Подняться наверх