Читать книгу Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага - Стэфан Корф - Страница 6

22 ліпеня 1794 года

Оглавление

Вогнішча аблізвала бакі двух тлустых глушцоў, смакуючы пажаўцелую скуру з перцам і соллю. Полымя кусала за ногі, крылы, шыі і грудзі птушак, быццам не жадаючы пакідаць хоць кавалачак смачнага мяса жаўнерам, што сядзелі побач. Базыль ахоўваў ежу ад пражэрлівага агню, круціў палку, на якую былі насаджаны птушкі, і раскідваў вуглі. На краі вогнішча стаяў чыгунок з кашай.

Непадалёк на сене адпачываў Янка. Сёння ноччу, калі дывізія прыйшла ў Шарашова, яго з дзясяткам вершнікаў адправілі з дазорам у бок Белавежы. Малады ўлан запрог толькі што рассядланага чорнага каня і, амаль без адпачынку пасля дзесяцігадзіннага маршу, рушыў у шлях. Вярталіся яны ў час, калі сонца разагнала ранішні туман і высушыла расу. «Хто ідзе?» – спыталі каля мястэчка. «Свае, з патруля», – адказаў харунжы Сыракомля, пад кіраўніцтвам якога Янка і служыў.

З сабою ў дарогу вершнікі ўзялі сабак – паляванне тут было забаронена, але што скажуць егеры дзесяці ўзброеным вайскоўцам, якія выконваюць загад генерала? Звер у пушчы вадзіўся, і што самае галоўнае – не прызвычаены да чалавека і палявання, якое аказалася простай справай. Янку дасталося два вялікія глушцы. Зараз улан драмаў з капелюшом на твары, каб ліпеньскае сонца менш перашкаджала ўяўляць ноч.

– Дзень добры, панове, – тры шляхцічы падышлі да вогнішча.

– Добры, – пракруціў ражон Базыль. – З кім маем гонар пазнаёміцца?

– Гавел Пшэмісцкі, герба «Буйвалова глова», – пакланіўся старэйшы з трох, – а гэта Сташак Чаўлініч, мой добры сябра і першая шабля Перкавічаў, і Яшка Бараш, наш служка і цырульнік.

– Мяне клічуць Базыль Войцек. А гэта, – улан кіўнуў у бок сядзячых ля вогнішча, – Лешак Збруя, Анджэй Свенчыц і Мілаш Чашнік. Там на зямлі спіць Ян Ліпініч, яго не чапайце – усю ноч у сядле правёў.

Гасцей запрасілі да вогнішча. Уланы знялі першую птушку з ражна і разрэзалі на часткі. Яшка дастаў з торбы каравай, сала ды бутэльку настойкі.

– Самі мы з Драгічына, прыйшлі толькі сёння, – сёрбнуў Гавел.

– Дык вы і ёсць тое падмацаванне валанцёрамі? Шмат вас? Кажуць, Літва паўстае ўся, – ажыццявіўся Базыль.

– Чатыры сотні, не менш. Спрабуем як можам. У мінулую нядзелю кінулі кліч па павеце – і вось.

– Шляхта, мабыць, з добрай зброяй, – умяшаўся Мілаш. – Я ведаў некалі драгічаніна, які мог з карабіна пацэліць у вавёрку з трохсот крокаў.

– Так, я вось узяў добрую пару пістоляў, – Сташак паказаў старую, з трэшчынай на дзяржальні, пістолю. – Яшчэ мой бацька ёй карыстаўся.

Хутчэй за ўсё, гэтай пістоляй карыстаўся яшчэ і дзед, а можа і прадзед грознай першай шаблі Перкавічаў. Зброя, што звычайна была ў дробнай шляхты, старая, даўно адстраляная, са сваёй гісторыяй, з перамогамі і паразамі. Але зараз яна хутчэй нашкодзіць свайму ўладальніку, чым ворагу: выпадзе крэмень, узарвецца дула, паляціць куля ўбок. Драгічанскія госці пачаставалі ўланаў настойкай, гаркавата-салодкай, на перцы, імбіры, чаборы і мёдзе. Тыя ж адказалі гасціннасцю і падзяліліся дзічынай.

– Дзякуй, смачная птушка, – глынуў Гавел са шклянкі, якая зрабіла поўныя два колы.

– Гэта трэба дзякаваць Янку, – Базыль паглядзеў на сябра. – Прынёс раніцай. Панове, трэба пакінуць яму добры кавалак, бо чалавек стараўся.

– Ён што, у пушчу хадзіў? – здзівіўся стары драгічынец.

– Дык я ж казаў табе, пане, што ўсю ноч на кані нашы правялі.

– Злодзей, – ціха сказаў Яшка, адразаючы кавалак сала для свайго гаспадара.

– Дурань, – Базыль пляснуў па карку служкі. – Зладзеі і браканьеры – у мірны час. А мы – кароннае войска.

– Але гэта злачынства ўсё роўна. Пушча – забарона, – адрэзаў Гавел.

– Гэй, Янка, цябе тут злодзеем называюць, – крыкнуў улан сябру.

Крык выцягнуў Янку з дзіўнага сну пра чаплю на балоце. Чапля ў гэтым сне завязла ў дрыгве і крычала, пакуль вужы зацягвалі яе пад зялёна-карычневую глебу. Янка расплюшчыў вочы.

– Чаго раскрычаўся, Базыль? – ён падняўся на ногі. Уланам стала цікава, чым скончыцца нечаканая барацьба за ежу, і Мілаш кпліва звярнуўся да Янкі:

– Ды вось гэты шляхцюк кажа, што ты ў круля глушакоў скраў і цябе трэба судзіць.

Янка скінуў расшпілены мундзір і ўзяў шаблю ў ножнах, што ляжала побач. Базыль усміхнуўся, бо не раз быў сведкам двубою свайго сябра. Нават калісьці сам біўся з ім на шаблях з-за таго, што не маглі падзяліць месца побач з прыгожай дзяўчынай. Перамаглі бацькі, якія ўсыпалі абодвум.

– Значыцца, гэта ты, пан, кажаш на мяне дурное людзям?

– Ты хай і жаўнер, але падпарадкоўваешся законам гэтай зямлі. А паляваць у пушчы – забаронена. Таму ты, пан, злодзей, як добра сказаў мой слуга, – пацвердзіў Гавел.

– Гэта не браканьерства, а нарыхтоўка фуражу, – усміхнуўся Янка. – А ты, як адукаваны шляхціч, павінен ведаць розніцу паміж гэтымі справамі. А калі пан неадукаваны, дык я магу заняцца тым, чым не займаліся езуіты ў свой час.

Драгічынец скокнуў на ногі і схапіўся за шаблю:

– Двубой?

– Станавіся.

Жаўнеры абступілі паўкругам двух шляхцічаў. Тыя скінулі ўсе паясы, пальчаткі, жупаны ды мундзіры і засталіся ў кашулях. Янка зрабіў тры ўзмахі шабляй у паветры, і Гавел пайшоў на яго. Першы ўдар драгічынец паклаў проста зверху, каб выпрабаваць свайго суперніка. Улан злавіў шаблю на прамую руку, як меч, не спрабуючы адказаць. Другі ўдар быў злева. Янка таксама выпрабоўваў старэйшага шляхціча, бо той мог аказацца добрым фехтавальшчыкам. Але валанцёр з Драгічына біў прама, без складаных прыёмаў. Чацвёрты ўдар, пяты, на шосты ўлан злавіў шаблю праціўніка за спінаю, зрабіў крок наперад, вызваліў сваю зброю і нацэліўся на нагу. Драгічынец адбіў такім жа простым і прамым блокам, як і біў. Раптам нехта схапіў маладога ўлана за каўнер кашулі і тузануў да плота.

– Што, чорт вас забяры, вы мне тут робіце? – уварваўся харунжы Сыракомля, трымаючы відэлец з кавалкам смажанага мяса. – Мне крычаць – бойка, маскалі, а тут вы.

– Вы хто? – Гавел стаяў у баявой стойцы.

Уланы хутка, перабіваючы адзін аднаго, распавялі пра спрэчку наконт заканадаўства і яго выкарыстоўвання пад час вайны. Харунжы даеў мяса і тыкнуў відэльцам у драгічынца.

– Ты, пан, кажаш, што мой чалавек злодзей, але і я там быў. Што, атрымоўваецца, я таксама браканьер? У нас ёсць распараджэнне збіраць правізію ўсюды, дзе толькі можам.

Яна будзе аплачана праз казну. Перапіс гэтых птушак, як і астатняга, будзе дададзены да папер дывізіі, і пасля вайны сам кароль вырашыць, плаціць або не. Ці ты хочаш паспрачацца з генералам, які аддаў загад на адлоў звера?

Генерал-маёр Серакоўскі[3] насамрэч нічога не ведаў пра паляванне. Але на абед яму падалі добра засмажаную нагу дзіка, якая была сустрэтая вельмі станоўча. Да і наўрад ці хто будзе пісаць паперу пра дзясятак-другі дзічыны там, дзе мядзведзі могуць проста прыйсці ў агарод і заначаваць.

– Таму, Янка, прасі прабачэння ў пана, што вызваў яго на двубой. Ты, пан з міліцыі, прасі прабачэння ў майго чалавека за абразу… А, кажаце, першы пачаў служка? Ён шляхціч?

– Не, пане, – збянтэжыўся Яшка. – Габрэй.

– Тады дзесяць бізуноў, – Сыракомля сышоў да сябе.

3

Караль Ёзаф Серакоўскі (1752–1820) – польскі генерал-маёр, узначальваў польска-літоўскую дывізію падчас вайны 1794 года.

Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага

Подняться наверх