Читать книгу Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага - Стэфан Корф - Страница 2

18 ліпеня 1827 года

Оглавление

– Хадзем да нас.

Яе вочы былі глыбокія, чорныя, як калодзеж летнім днём, і такія ж халодныя; рукі плавалі ў танцы хваляў і віроў, даўгія зялёна-блакітныя валасы беглі ручайкамі па шыі, плячах, руках, сцякалі да грудзей ды танклявай таліі; мокрая сукенка аблягала цела, паказваючы амаль усё, што дазволена бачыць наземным жыхарам. Яна не змянілася ні на кроплю.

– Ці я не падабаюся табе? – вусны дзяўчыны здзіўлена прыадчыніліся.

Ян Міхал Ліпініч адчуваў сябе маладым. Не было той стомленасці, не балелі ногі, а зморшчыны разгладзіліся. Старыя шнары на правай руцэ наліліся чырванню. Ён скінуў трэць стагоддзя і зноў быў тым самым дваццацічатырохгадовым уланам, што перакрочыў мяжу багнавага краю. Янка, малады, дужы, аматар двубою і хуткіх коней, а не сталы і стомлены ветэран Ян з процьмай гісторый і загінулых сяброў.

– Не, не! Ты несапраўдная. Ты мана! – змусіў Янка працаваць непаслухмяны язык.

Дзяўчына глядзела на хлопца, як котка на вераб’я, – асцярожна і павольна падкрадалася, каб быць побач, каб адным кіпцюром перабіць шыю маленькай птушцы.

– Ты баішся мяне? – здзіўленне змянілася на ўсмешку. – Як такі моцны і прыгожы ваяр можа баяцца мяне? Я ж маленькая і слабая істота, кожны можа мяне абразіць.

Яна зрабіла крок наперад.

– Ды яны і крыўдзяць, – мяккі дзявочы голас пасуровеў. – Злыя людзі… Яны не глядзяць на мяне, сварацца з-за мяне. Ім толькі адзінае трэба!

Багна зацягвала ногі хлопца, не давала зрабіць і крок.

Журавінавы водар прабіўся да ўлана – дзяўчына апляла яго валасамі, учапілася за ягоную руку, як котка хапаецца за галіну.

– Не… Не трэба… Ты…

– Але ж ты не такі, – зацурчаў голас. – Я ведаю. Ты іншы. Ты абароніш слабую дзяўчыну, ты будзеш клапаціцца пра мне. Праўда, ваяр?

Дзяўчына глядзела на Янку вялізнымі вачамі, што патрабуюць не сумнявацца і верыць. А ён… Ён патанаў у гэтых калодзежах, не мог выбрацца, глядзеў наверх, але не бачыў ні сонца, ні месяца, ні зор. Толькі чорныя кругі вачэй. Водар журавін і верасу цягнуў хлопца яшчэ глыбей, заганяў па пояс у багну.

– Адкажы «так», улан. Я пазнаёмлю цябе з сёстрамі. Яны таксама прыгожыя, але ж я найпрыгажэйшая з іх. Пайшлі да нас, і ты атрымаеш усё: спакой, дабрабыт, багацце. Ты будзеш першым сярод лепшых.

Тонкая халодная рука змяёю абвіла шыю. Зусім блізка: нос амаль кранаўся носа, вусны хлопца былі насупраць вуснаў тваневай дзяўчыны, чорныя вочы глядзелі ў зялёныя. Але ён не адчуваў дзявочых подыхаў, толькі журавіны і верас. Над вухам у яго гучала «Пагадзіся… пагадзіся…».

– Пацалуй мяне… – раскрыліся пунсовыя вусны.

Хлопец абняў тую, што абдымала яго. Вочы – каб бачыць прыгажуню. Вусны – для пацалункаў. Жыццё – дзеля яе… Ён не адчуваў, як крапівою пякуцца зялёна-блакітныя валасы, як сціскае руку змяя, як павекі абляпілі камары – яго рот напаўняўся дрыгвою. Такі знаёмы смак…

Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага

Подняться наверх