Читать книгу Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага - Стэфан Корф - Страница 4
20 ліпеня 1794 года
ОглавлениеФарба добра кладзецца на сухую, пасівелую дошку, запаўняе шчыліны, чапляецца за дрэнна адпаліраваную паверхню і цячэ ўніз. Трэба заўсёды пачынаць фарбаванне зверху, як мага больш вузкімі кавалкамі, асцярожна наносіць слой за слоем па перыметры, лавіць пэндзлем кроплі падцёкаў, што спрабуюць збегчы на чыстае, і вяртаць іх назад, уверх, пасля кожных трох-чатырох локцяў злазіць з драбінаў, цягнуць іх далей, ізноў забірацца па драўляных жэрдках з пэндзлем у зубах. Але вынік будзе таго варты.
Ойча Серафім зрабіў некалькі апошніх мазкоў і паглядзеў уніз.
– Гэй, Кромша, ты дзе? Казаў табе – не адыходзь далёка.
На кліч выбег малы хлопец.
– Пгабачце, дзядзечка, я побач быў.
– Ведаю я тваё побач. Ізноў па яблыкі лазіў, гультай? Давай, трымай знізу, – святар павольна апусціў вядро.
Хлопец схапіў яго за прывязаную да ручкі вяроўку і паставіў на зямлю.
– Не, дзядзечка, мяне Пегык зваў на дагогу. Там, казаў, жаўнегы ідуць.
– Якія жаўнеры яшчэ? – злез з лесвіцы святар.
– Нашыя, казаў.
Ойча ўздыхнуў і ўзваліў драбіны на плечы.
– Нашыя, нашыя… А якія, Кромча? Па зямлі сваякі, па мове чы па веры? Дапамажы… – ён развярнуў лесвіцу. – Усе нашыя, насамрэч, хлопча. Дык якія там войскі?
– Палякі, дзядзечка, – падтрымаў хлопец.
– Каронныя войскі, значыцца. Мабыць, і літвіны недзе побач… Паварочвай… Ды не ў гэты бок!
Яны паставілі драбіны побач з нефарбаванай сцяной. Ойча Серафім залез уверх і заняўся пераўтварэннем шэрай, абпаленай сонцам драўніны ў бліскучую блакітную паверхню. Хто там, сярод жаўнераў, куды яны ідуць, колькі чалавек вернецца дадому?
– Кромша, залезь на яблыню ля царквы.
– Але, дзядзечка, вы ж забаганілі… – разгубіўся малы.
– Сёння дазваляю. Але будзеш сядзець ціха і глядзець за наваколлем. Калі нехта сюды накіруецца – маланкай да мяне, зразумеў? – балансаваў на прыступках святар.
Шэрагі вайскоўцаў рухаліся паўз платы і хаты. Тысячы чалавек падымалі пыл з гасцінца, тысячы капытоў пакідалі адбіткі падкоў на зямлі, сотні колаў рэзалі вузкі шлях на кавалкі. Ішла трэцяя гадзіна маршу, і натоўп стомлена гудзеў. Вясёлыя баявыя спевы кінулі з гадзіну таму, і людзі размаўлялі паміж сабой – проста, па-суседску. Быццам ідуць яны на кірмаш, выбіраць новы літы пояс ці маладога парсюка, абмяркоўваюць апошні сеймік ці кошт на збожжа ў гэтым годзе. Ідуць на свята, дзе кожны – заможны ці жабрак, малады ці стары, каталік, праваслаўны, уніят ці мусульманін – знойдзе сабе месца.
– Хлопча, гэта якая вёска?
Ля плота спыніўся малады ўлан у блакітным мундзіры. Смуглы загарэлы твар добра паголены – ні вусоў, ні барады. Дзіда, што вісела на правым баку каня, абкручана жоўтымі ды блакітнымі стужкамі, якія на канцы ўтваралі невялікі сцяг.
– Хмелева, пане.
– Добра. А дзе ў вас царква? Далёка?
– У канцы вёскі, пане. Яблык не паспееш з’есці, пакуль ісці будзеш. А васпан на кані – то яшчэ хутчэй.
Улан кінуў хлопчыку зацукраваны абрыкос і рушыў далей.
– Базыль, давай хутчэй, пакуль там людзей не зашмат набілася.
– Рушу, Янка, – другі ўлан падагнаў свайго каня.
На двары ля царквы адпачывалі з дзясятак пехацінцаў гвардыі кароннай. Яны адганялі ад будана стрэльбаў хлопчыка, што круціўся побач і спрабаваў памацаць то карабін, то шаблю, то ладунку. Ля сцяны стаялі драбіны, вымазаныя ў блакітную фарбу.
Пяцёра ўланаў прывязалі коней да яблыні і ўвайшлі ў расчыненыя дзверы царквы. Днём свечкі не запальваліся, і сонечны свет вольна запаўняў праменямі будынак праз мутнае шкло ваконцаў, наўмысна асвятляючы ці хаваючы іконы. Пахла ёдкім ладанам і сасновай смалою.
– …і Святага Духа. Амэн. Ідзі, раб Божы, – адпраўляў еўхарыстыю ойча Серафім.
Уланы падышлі да алтара, але не перахрысціліся і сталі чакаць, пакуль святар скончыць з пехацінцамі.
– Святы ойча, мы хочам пакланіцца Маці Божай Чанстахоўскай перад далёкім паходам.
– Добра, але ж я раю вам паспавядацца, хай і няшмат часу, – павёў ён уланаў да нішы, што была злева ад алтара.
На якасным спісе іконы Божая Маці трымала на руках маленькага Ісуса, як самы вялікі скарб. Хрыстос жа сваім скарбам выбраў Кнігу. Адзенне іх было ўсеяна лілеямі. На твары жанчыны адбіліся сляды цяжкага шляху іконы ад Рыма да Чанстаховы – нават гэта мастак пастараўся перанесці на спіс. Янка ўзгадаў, як ў дзяцінстве адправіўся з бацькам і дзедам да чанстахоўскага манастыра. У старога Ліпініча балела рука, параненая ў бойках за канфедэрацыю, і ён вельмі спадзяваўся, што святая выява ацаліць. Янка тады яшчэ верыў у цудадзейнасць малюнкаў. Але потым дзед памёр. Памёр праз дзень, як яны вярнуліся ў свой маёнтак пад Камянцом. І Янка аддаў перавагу шаблі перад Бібліяй.
– Дзеля чаго вы хочаце прасіць бласлаўлення ў Божай Маці? – запаліў лампадку ойча Серафім.
– Каб моцна біць расейцаў. Каб дала сваю падтрымку і дазваленне гнаць іх аж да самай Масквы, – перахрысціўся Янка.
– Ды каб пакінуць іх у гэтай зямлі, – падтрымаў Базыль.
– Прабачце, панове, але на гэта вам бласлаўлення ніхто не дасць, – задзьмуў лампадку святар.
Уланы са здзіўленнем глядзелі на адыходзячага чалавека ў чорнай рызе. Што благога яны сказалі? Янка разгублена кінуў у след:
– Святы ойча, нібы біць ворага Радзімы – гэта грэх?
– Біць людзей – грэх… – святар збіраў прылады для еўхарыстыі.
– Гэта не людзі, гэта д’яблы ў чалавечым абліччы! Яны прыйшлі забраць апошняе ў нас, адрэзаць яшчэ адзін кавалак ад цела Радзімы. Яны… Яны служаць бабе ды маскоўскаму патрыярху, што жадаюць толькі крыві і полымя нашай краіне.
– Гэта таксама людзі. Такія ж хрысціяне, як і вы. Такія ж дзеці Божыя, як і тыя, што праходзяць міма гэтай царквы сёння.
– Не раўняйце нас з імі! – напалову выцягнуў шаблю Базыль. – Яны – праваслаўныя.
– Я – таксама… – адказаў святар.
– Але… Дык, можа, пагэтаму вы адмаўляеце нам у бласлаўленні? Можа, вы і жадаеце, каб расейцы хутчэй прыйшлі? – паклаў руку на шаблю Янка.
– Дурныя вы, бо маладыя. Я не жадаю тут расейцаў. Я не жадаю тут палякаў. Я не жадаю тут нікога. Гэтай вёсцы гора хапае і так. Учора памёр Язэп Вірны, яго затаптаў бык. Бласлаўлю я на забойства гэтага быка? Не, бо гэта Божая істота, якая таксама жадае жыць, хай нічога і не разумее. Мы забіваем жывёл, у якіх няма душы, і то нам потым няёмка. А вы хочаце, каб Божая Маці дапамагала забіваць людзей, такіх жа, як вы? Не прымушайце святых абліваць сябе крывёй дзеля вашай забавы. І апусціце шаблі, гэта святое месца. Мяне вы імі не напужаеце, я быў і пры Бары[1], і пры Таргавіцах[2]. Я бачыў шмат чаго з абодвух бакоў.
– Прабачце… – пасунуў пояс з шабляй Базыль. – Але…
– Святы ойча, а дасць Божая Маці сваё бласлаўленне на цяжкі шлях? Абароніць нас ад благога і… і дапаможа вярнуцца дамоў? – кінуў манету ў ахвяраванне Янка.
На двары царквы жаўнеры збіралі зброю пасля кароткага прывалу.
– Дзядзечка, а вазьміце мяне з сабою біць маскалёў.
– Як зваць? – адвязваў каня ўлан.
– Усе мяне клічуць Кгомша. Вазьміце, у мяне нават куля ёсць. Во! – хлопчык паказаў свінцовы шарык.
– Адкуль яна ў цябе?
– А вы нікому, дзядзечка, не скажаце?
Шэрагі жаўнераў праходзілі міма царквы. Блакітная фарба кроплямі застыла на сярэдзіне сцяны («Трэба будзе перафарбоўваць», – меркаваў святар). Тысячы мундзіраў збіралі на сябе пыл вясковай дарогі. Яны ішлі, як на свята, дзе кожны, селянін і шляхціч, купец і сенатар, знойдзе сабе смерць.
1
Барская канфедэрацыя (1768–1772) – вайскова-палітычная канфедэрацыя Рэчы Паспалітай, абвешчаная ў мястэчку Бар, дзеля абароны ўнутранай і знешняй незалежнасці Рэчы Паспалітай, накіраваная супраць расійскай агрэсіі і супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
2
Таргавіцкая канфедэрацыя (1792) – саюз магнатаў Рэчы Паспалітай супраць прагрэсіўных рэформ Чатырохгадовага сойма 1788–1792 гг.