Читать книгу Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага - Стэфан Корф - Страница 14

30 ліпеня 1794 года

Оглавление

Уланам Кёнінга не далі адпачыць ні ля Ізабэліна, ні ў наступныя дні. Дывізія амаль кожны дзень ішла да новай вёскі ці мястэчка, разбівала лагер і спадзявалася на некалі дзён без маршаў. Хай пераходы і займалі ўсяго па тры-чатыры гадзіны, але кожны пачынаўся пасля абеду і скончваўся ноччу. Беглі чуткі, што хутка будзе бойка, побач маскалі. Жаўнеры вастрылі шаблі ды штыкі, змазвалі замкі ў пістоляў ды стрэльбаў, вычэсвалі коней.

Янка з Базылём крочылі конна з варты, якую неслі на паўночным ускрайку мястэчка. Кожныя тры гадзіны вартавыя змяняліся, але з-за дажджу, што пайшоў першы раз за тыдзень, сябры стаялі амаль два тэрміны. Неба было зацягнута шэрай панурай хмарай. Дробныя кропелькі – рэшткі былой велічы чорнай хмары – раздражнялі і нервавалі. Нягледзячы на раніцу, нельга было пабачыць нешта далей за дзесяць крокаў – сонца не прабівала шэрую таўшчыню.

Коні тапталі бруд, што ўчора быў едкім пылам. Уланы ехалі моўчкі, бо хацелася хутчэй дабрацца да цёплага і сухога ложка, а не расцягваць шлях размовай. Пасля абеду абяцалі чарговы пераход, а да яго патрэбна было яшчэ пачысціць коней, прасушыць патнікі сёдлаў ды праверыць, ці не змок порах.

З чарговай карчмы, каля якой праязджалі Янка з Базылём, вываліўся п’яны шляхцюк. Ён лаяўся на кошты і гаспадара, што зусім не паважае шляхецтва. Вершнікі не звярнулі ўвагі на п’янага, але шляхцюк схапіўся за аброць Базылёвага каня.

– Панове, а не жадаеце… і… выпіць за круля нашага Станіслава?

– Хадзі лепш праспіся, пан, – Янка пад’ехаў з другога боку.

– О! А я цябе ведаю… і… ты гэты, як яго… Ян Дзічыны Злодзей, брака… і… нэр… Мы з табою не скончылі, – спрабаваў не зваліцца на зямлю шляхцюк.

Уланы пазналі ў сустрэтым Гавела Пшэмісцкага, з якім Янка біўся больш за тыдзень таму.

– Хадзі дамоў, табе кажуць. Нас тут двое, а ты адзін, – малады ўлан штурхнуў у плячо шляхцюка.

Але Гавел не паваліўся на зямлю, як таго чакаў Янка. Замест гэтага ён схапіў улана за руку і моцна пацягнуў на сябе. Стомлены вершнік, што не чакаў рашучых і моцных дзеянняў ад п’янага чалавека, апынуўся на зямлі. Базыль выхапіў шаблю і замахнуўся на шляхцюка, але той своечасова прыгнуўся і прыціснуў Янку да зямлі. Другі, больш нізкі замах спаткаў метал панцыра на сваім шляху. З карчмы вываліліся сябры шляхцюка і накінуліся на ўланаў. Базыль біў зверху, забываючы на блокі. Нецвярозыя людзі дрэнна трымаюць зброю, але амаль не адчуваюць болю.

Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага

Подняться наверх