Читать книгу Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага - Стэфан Корф - Страница 13

29 ліпеня 1794 года

Оглавление

Кожны год кірмаш находзіў паводкай на Зэльву. Паміж маленькіх дамоў і каменных двухпавярховікаў плыў чалавечы натоўп, запаўняў вуліцы і двары, як вада прасочваўся праз шчыліны дамоў, дзверы крам, гандлярскія шэрагі. І ў кожнай хаце начаваў нехта чужы, з далёкай Францыі ці Аўстрыі альбо амаль «тутэйшы» – з Гданьска ці Львова. Лён і шаўкі, падковы ды замкі, баранкі з марцыпанамі, чорныя пеўні ды ружовыя парсюкі, яблыкі, ялавічына, зерне, жалеза, шаблі, пістолі, кветкі, скуры і літыя паясы – калі табе нешта патрэбна, то лепшы шлях – вялікі кірмаш у Зэльве.

Чырвонае святло адцягнула Янцэка ад кавы. «Хм, дзіўна…» – перавярнуў кубачак ён і выйшаў у апаратны пакой. Шэрагі рознакаляровых газавых ліхтароў займалі сцяну. Зараз гарэў толькі адзін чырвоны, гарэў моцна і духмяна. Жоўты і зялёны ліхтары побач маўчалі.

Янцэк зняў шкляныя каўпакі з трох лямпаў і задзьмуў полымя. Кнаты на месцы. Можа, праблемы з палівам? Не, у агульным збане яго болей чым патрэбна. Магчыма, забіліся трубкі, што вядуць паліўную вадкасць да кнатоў? Ён прадзьмуў тры трубкі – усё добра. «Цікава!» – Янцэк сабраў ліхтары і перасмыкнуў заіржавелы падважнік, які быў збоку. Святло ад лямп, што запаліліся адначасова, заліло звычайна цёмнае памяшканне і так жа імгненна сышло. Гарэла толькі чырвоным пад надпісам «Zelwa».

«Незвычайна» – Янцэк выйшаў да гандлярскага пакоя. Там ён выцягнуў на стол тоўстую кнігу ў барвовай скураной вокладцы і адчыніў на першай старонцы.

– Так, Зэльва… – перагарнуў старонку.

«Я табе не камень, каб усё памятаць!» – блішчалі сінія літары на пергаменце.

– Даўно час спаліць гэтую кнігу… Кірмаш. Зэльва, – перагарнуў ён бескарысную інфармацыю.

Наступная старонка глядзела на Янцэка дробным тэкстам, некалькімі малюнкамі людзей у сялянскіх ды шляхецкіх строях і шэрагам лічбаў. «Раней на два месяцы…» – пачухаў патыліцу гандляр. Ён узяў пяро і на наступнай старонцы распачаў гандлярскую дакументацыю.


Пістоля стала нікуды не вартая – коні моцна патапталіся капытамі. Калі драўляную расшчэпленую дзяржальню яшчэ магчыма было аднавіць, то пакамечаны ствол правіць адмовіўся ўжо не першы каваль – цяжка, няма патрэбнага інструменту, метал можа разарвацца ад першага ж стрэлу. Мець толькі карабін з агнястрэльнай зброі ў бойцы – дрэнная ідэя.

Янка блукаў па рынкавай плошчы ў пошуках добрага збройніка. Мястэчка не было падрыхтавана да вялікага наплыву вайскоўцаў, таму найбольш спрытныя гандляры і габрэі зараз заломлівалі кошты і атрымлівалі вялізны прыбытак – працавала дай Бог чвэрць з некалькіх сотняў крамаў ды корчмаў. Чарговыя дзверы адчыніліся, і ветлівы гаспадар падскочыў да наведвальніка:

– Дзень добры. Вітаю пана ў краме Янцэка Сімагліцкага, найлепшай краме ў мястэчку. Праходзьце. Добры дзень.

Памяшканне напаўнялі тысячы тавараў: тканіны, старыя гадзіннікі, мячы часоў Віценя, драўляныя цацкі, футра ды скура ў скрутках, прылады для працы па дрэве, камені, воўне, свечкі, шпагі, пістолі, пішчалі, шклянкі і шмат чаго іншага. Водар змешваўся ў малочны празрысты пах, як вясёлкавыя колеры ўтвараюць белы колер.

– Добры, – Янка пайшоў па зале. – Цікавая ў вас крама… А ці ёсць у вас порах?

– А як жа, пан! У Янцэка ёсць усё, што яснавяльможны пан пажадае. Тавары з усяго свету. Найлепшы ангельскі порах, які вы толькі бачылі.

Стары габрэй, да карчмы якога збягалі ад езуітаў Янка з Базылём, вучыў хлопцаў таргавацца. «Калі вам патрэбна шклянка гарэлкі з бровара, – казаў габрэй, – проста ісці і плаціць грошы – гэта шлях заможнага чалавека. Калі ў цябе манет засталося няшмат – завядзі размову, распытай пра нешта вялікае – напрыклад, свіран зерня. Дзе, калі, кім вырашчана, ці можа пан прадаць сорак мяхоў. І калі з другога боку чалавек пацірае далонямі ў чаканні прыбытку – засумнявайся. А ці добрая гарэлка выходзіць з гэтага ячменю? А давайце я вазьму шклянку і пакаштую, ці баліць галава з раніцы ад гэтага напою».

Янка дрэнна ўмеў таргавацца, таму вельмі хутка выдаў асноўную мэту візіту. Гандляр выклаў некалькі розных пістоляў на прылавак: з крэменевым ці калясцовым замком, з драўлянымі, касцянымі ці металічнымі прыкладамі, аздобленыя срэбрам і звычайнай меддзю. Позірк улана прыцягнула пістоля з бліскучай новай дзяржальняй і вытраўленай выявай дуба на ствале. Ён узяў зброю ў руку – сядзіць добра, важыць трохі менш, чым зламаная, з дула пахне порахам.

– Колькі?

– Пан мае добрае вока. Гэта, здаецца, гішпанская праца… – няўпэўнена адказаў Янцэк. – Адкуль ён… Так, дрэва, герб Абрэры, што нездалёк ад Барселоны. Хай пан выбачае – старасць, Янцэк забывае больш, чым памятае.

Гандляр пачаў нахвальваць свой тавар як мага мацней: і цэліць заўжды добра, і пораху вытрымлівае шмат, і са ста крокаў можна прабіць каня наскрозь. Тым часам ён надзеў акуляры. Не, не каб знайсці запіс пра зброю ў кнізе і прачытаць – Янцэк памятаў кошт кожнай рэчы ў гэтым і сотні іншых пакояў яго крамы, хай менавіта гэтая пістоля і здавалася яму незнаёмай. Як толькі ён расплюшчыў вочы – каменнае святло амаль збіла яго з ног. Цвёрдае, чырвона-белае, празрыстае, яно біла ў вочы і прымушала заплюшчыць іх. Янцэк назваў кошт.

– Але гэта зашмат, пане, – памацаў кашэль Янка.

– А што зрабіць, яснавяльможны пан? Гэта канчатковы кошт. Бачу, што пан – жаўнер, ды і не апошні. Ці няма з сабою такіх грошай?

З пачатку кампаніі дывізія не сустракала непрыяцеля на сваім шляху, толькі некалькі хеўр ды дэзерціраў. А запасаў, якія малады ўлан узяў з дому, не хапала на добрую зброю. Здабыць столькі грошай не было дзе, а пістоля вельмі спадабалася. Янка пакруціў зброю, шукаючы, за што зачапіцца, каб скінуць хай з чвэрць кошту. «Non progredі est regredі[8]» – было выгравіравана на ствале.

– Калі пан жадае, Янцэк можа абмяняць пістолю на нейкую каштоўную рэч пана. Напрыклад, пярсцёнак, – гандляр глядзеў на Янкаву руку.

– Не, вы што, гэта ж падарунак. Ці ты вырашыў падмануць шляхціча? Гэты пярсцёнак дарагі толькі мне, а так звычайнае дрэва з каменем, – Янка паклаў пістолю. – У цябе няма чаго прапанаваць за яго. А ў мяне няма жадання развітвацца з ім.

– Хай пан не злуецца. Гэта асаблівы ўзор палескай работы па дрэве. Антыкварыят! Янцэк ведае некалькі чалавек, хто вельмі цікавіцца такімі старымі рэчамі. Ці то пану лепш ісці ў бойку без зброі?


Янка крочыў да карчмы, дзе спыніўся разам з Базылём. «Без прагрэсу ты ідзеш назад…» – круціў ён у галаве надпіс з пістолі. Пярсцёнак – проста кавалак дрэва з каменем, проста ўпрыгожанне. Белы воўк адляцеў ад удару. Улан калісьці чуў: калі старая з касой нахіляецца над чалавекам, ён можа каня над зямлёй падняць. Нічога чароўнага ў пярсцёнку няма. Янка гнаў думкі аб пані Чаплі, якую напаткаў некалі дзён таму. Лепш ён захавае ўспаміны пра яе, распавядзе сваім дзецям пра цуды на Літве, чым ляжа ў баі, бо не паспеў стрэльнуць першым.

«Alea jacta est[9]» – было выгравіравана на пістолі.

8

Найвышэйшы камандуючы – кіраўнік паўстання 1794 года Тадэвуш Касцюшка.

9

Не ісці наперад усё роўна што ісці назад (лац.).

Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага

Подняться наверх