Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 22
Шляхі развіцця беларускай літаратуры першай паловы ХХ ст.
Паскоранае развіццё і станаўленне літаратуры. Новыя імёны
ОглавлениеМастацкая спецыфіка новай літаратуры заключалася ў паскораным яе развіцці: яна хутка засвоіла здабыткі сусветнай культуры, стала ўпоравень з развітымі літаратурамі свету. Сапраўднай класікай стала беларуская лірыка (Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, А. Гарун), з’явіліся выдатныя ўзоры нацыянальнага паэтычнага эпасу (рамантычныя паэмы Я. Купалы “Курган”, “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і я”, паэма М. Багдановіча “Максім і Магдалена”). Менавіта ў гэты час Я. Колас пачаў працу над паэмамі “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Пры адсутнасці трывалых традыцый нацыянальнай прозы якраз тады фактычна закладваліся яе асновы, выпрацоўваліся мастацкія стылі. Беларуская проза развівалася на пачатку ХХ ст. пераважна ў малых жанравых формах: алегарычнае, лірычнае, сацыяльна-бытавое, псіхалагічнае апавяданне.
Асаблівасцю тагачаснай літаратурнай творчасці было тое, што кожны твор мастацтва ўтрымліваў у пэўнай раўнавазе розныя стылі, напрыклад рэалізм і рамантызм (Я. Купала, А. Гарун, З. Бядуля). Шляхам узаемапранікнення і перапляцення розных стылёвых дамінантаў (сімвалізму, неарамантызму) ішло інтэнсіўнае жанрава-стылёвае ўзбагачэнне літаратуры, паглыбляўся яе агульначалавечы змест. Сваім глыбокім абноўленым зместам беларуская літаратура ўключалася ў агульнаеўрапейскі літаратурны працэс, набывала вагу і займала сваё месца ў кантэксце агульначалавечай культуры. Як пісаў М. Багдановіч, “за восем-дзевяць год свайго праўдзівага існавання наша паэзія прайшла ўсе шляхі, а пачасці і сцежкі, каторыя паэзія еўрапейская пратаптывала болей ста год”.
У галіне драматургіі выступілі М. Гарэцкі, Я. Купала, К. Каганец. Выходзілі першыя беларускія лемантары (буквары), чытанкі для дзетак-беларусаў.
Зараджалася беларуская літаратурная крытыка, найперш у асобе М. Багдановіча, да якога далучыліся С. Палуян, В. Ластоўскі, Л. Гмырак, М. Гарэцкі.
Адным з пачынальнікаў беларускай прозы па праву лічыцца пісьменнік Ядвігін Ш. (А. Лявіцкі, 1868–1922). Выйшлі зборнікі яго апавяданняў “Бярозка” (1912) і “Васількі” (1914), у якіх раскрыты каларыт і жывая стыхія народнага жыцця, паказаны яркія малюнкі штодзённасці. Боль, гнеў, абурэнне, спагада, захапленне – такія пачуцці пераважаюць у творах, дзе высмейваюцца людская хцівасць і намаганні ўзвысіцца над усім родным, бацькоўскім (“Дачэсныя”, “Падласенькі”), раскрываюцца кемлівасць у характары і несамавітасць існавання гарапашнага люду (“Гаротная”, “Цырк”). Ядвігін Ш. з’яўляецца аўтарам першага беларускага рамана “Золата”.
Ужо не адзінокай лучынкай свяціліся ў цемры для беларускага народа сапраўдныя таленты, паэты-самавукі, новыя інтэлігенты, духоўныя пастыры беларусаў, хто ўзяў на свае плечы развіццё многіх літаратурных жанраў. Сапраўдным “каганцом” (каганец – свяцільнік, асвятляльная прылада ў хаце беларускага селяніна), асветнікам, настаўнікам, мастаком быў Карусь Каганец (Казімір Кастравіцкі, 1868–1918). Выхадзец са старадаўняга беларускага шляхецкага роду, Каганец марыў стаць мастаком, вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, а стаў вядомым беларускім драматургам. Будучы мастак афармляў “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (1909) Я. Коласа. У той жа час сам К. Каганец выдаў “Беларускі лемантар” (1906), а таксама “Беларускую граматыку”. Напісаў драму “Сын Даніла”, камедыю “Модны шляхцюк” (1910), у якой фанабэрысты, пыхлівы герой, які пагарджае духоўнымі асновамі народнага жыцця, ізноў выходзіць на авансцэну ў беларускай літаратуры.
Карусь Каганец
Альберт Паўловіч (1875–1951) выдаў у Вільні ў 1910 г. зборнік паэзіі пад назвай “Снапок” з лірычнымі і гумарыстычнымі вершамі. Апошнія карысталіся асаблівай папулярнасцю ў народзе.
Гальяш Леўчык (Ілля Ляўковіч, 1888–1944) – аўтар зборніка вершаў “Чыжык беларускі” (1912), у якім выказаны глыбокі смутак, боль і трагізм беларуса, што пакутуе ад неразумення, ад нядолі, галечы, крыўды:
Каб усю так крыўду беднай Беларусі,
Стогны, боль, загубу (зносіць што ў прымусе),
Жальбы ўсе і гора сонцу паказаць,
То ад грому неба стала бы дрыжаць,
З перуноў-маланак хутка бы аглухла,
Ад пракляцця ж сонца б яснае патухла!..
Паэту падуладны таксама тонкія лірычныя перажыванні, філасофскія сентэнцыі.
Першым старшынёй Часовага ўрада Савецкай Беларусі з’яўляўся відны грамадскі дзеяч і беларускі пісьменнік Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч, 1887–1937), які ў шматлікіх сваіх вершах (зборнік “Песні”), апавяданнях (зборнікі “Трэскі на хвалях”, “Прысады”), аповесцях, раманах (“Сокі цаліны”) адлюстроўваў духоўнае выспяванне рэвалюцыйных павеваў на Беларусі, дзе галоўнай фігурай быў рабочы – “рыцар працы цяжкай”, носьбіт новай маралі і новых узаемаадносін у грамадстве. Цішка Гартны выдаваў у Петраградзе газету “Дзянніца”. Плённа працаваў як крытык і літаратуразнавец, публіцыст.
Цішка Гартны
Песенна-ўзнёслай была творчасць адной з першых беларускіх паэтэс Канстанцыі Буйло (Канстанцыя Калечыц, 1893–1986). Яна ўзбагаціла беларускую паэзію лірыкай тонкіх душэўных перажыванняў, меладраматызмам, пачуццёвасцю. Кожны яе верш не можа не выклікаць суперажыванне ў чытача. Патрыятызм і пафаснасць у вершах паэтэсы прапушчаны праз яе ўласнае сэрца, ацеплены, заземлены і гучаць як шчырая задушэўная споведзь. Такі верш “Люблю” (“Люблю наш край, старонку гэту, / Дзе я радзілася, расла, / Дзе першы раз пазнала шчасце, / Слязу нядолі праліла…”). У творах Канстанцыі Буйло шчасліва “ўжываюцца” шчымлівасць настрояў і сімвалічнасць, квяцістасць радка і рубленасць фразы, узнёсласць апісанняў і рэалістычнасць планаў, маштабнасць вобразаў, панарамнасць карцін, бытавая канкрэтыка. У 1914 г. у Вільні выйшаў зборнік К. Буйло “Курганная кветка”.
Канстанцыя Буйло
Прадаўжальніцай традыцый Ф. Багушэвіча ў беларускай паэзіі і арыгінальным майстрам слова з’явілася Цётка (Алаіза Пашкевіч, 1876–1916). Яна пражыла ўсяго сорак гадоў, але шмат зрабіла для абуджэння нацыянальна-вызваленчага руху, фарміравання рэвалюцыйнай свядомасці народа, унёсшы значны ўклад у развіццё публіцыстыкі, паэзіі, прозы. Яна з’яўлялася актыўным прапагандыстам рэвалюцыйнага руху. На сходах і мітынгах выступала выключна па-беларуску, чытала свае вершы “Мора” (“Не такое цяпер мора, мора з дна цяпер гарыць”), “Хрэст на свабоду”. Удзельнічала ў паўстаннях, хавалася ад царскіх жандармаў, жыла ў эміграцыі ў Львове, Кракаве, Закапанэ, Германіі, Італіі. У 1906 г. выдала два зборнікі вершаў “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду”. У Вільні газета “Наша доля” надрукавала апавяданне “Прысяга над крывавымі разорамі”, у Пецярбургу выйшла яе “Першае чытанне для дзетак беларусаў”.
Алаіза Пашкевіч (Цётка)
Паэтычны свет Цёткі даволі разнастайны: фальклорныя матывы і вобразы, сімволіка, рамантыка, шчымлівая лірыка, някідкасць фразы і спакой, а побач – узбунтаванасць радка і палёт фантазіі, узбуйненасць карцін, рытмічныя інтанацыі, маршавыя заклікі ды песенна-народны напеў, споведзь, роздум пра час і асобу ў тым часе.