Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 23
Шляхі развіцця беларускай літаратуры першай паловы ХХ ст.
Росквіт прыгожага пісьменства на Беларусі
ОглавлениеПачатак ХХ ст. быў зорным часам для Беларусі, якая перажывала новую хвалю нацыянальна-культурнага Адраджэння.
Рэвалюцыя 1905 года абудзіла народ, пад яе ўздзеяннем вырастала беларуская літаратура. Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі далі магчымасць для далейшага станаўлення мастацкага слова на Беларусі.
Так сталася, што стагоддзямі беларуская літаратура развівалася на выжыванне. І ўсё ж беларускі народ ніколі не пераставаў спяваць, імкнуўся да слова прарочага, мастацкага, каб не знікнуць, не патануць у чорнай прорве бездухоўнасці, асляплення, занядбання. Літаратура рабіла людзей нацыяй, з’ядноўвала іх. На мяжы стагоддзяў гэты працэс даў добры плён. І першыя дзесяцігоддзі ХХ ст. адзначаны прыходам новых сіл у літаратуру. Выходзілі газеты “Звязда”, “Дзянніца”, “Савецкая Беларусь”.
Літаратурныя сілы былі раскіданы. Я. Купала пэўны час жыў у Смаленску, Я. Колас – на Куршчыне, Ц. Гартны знаходзіўся ў Пецярбургу. У рэвалюцыйных падзеях і сацыяльных пераменах разабрацца было няпроста. Беларуская інтэлігенцыя добра ўсведамляла, што несла народу новая ўлада.
Культурнае жыццё аднаўлялася. Ужо ў 1921 г. у Мінску пачаў працаваць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, праз год, у 1922 г., быў адкрыты Інбелкульт (Інстытут бела рускай культуры), на базе якога ў 1929 г. утварылася Акадэмія навук Беларусі. З 1921 г. у Мінску працуе Дзяржаўная публічная бібліятэка, 14 верасня 1920 г. свой першы спектакль даў першы беларускі прафесійны тэатр. Святам беларускай культуры назвала газета “Савецкая Беларусь” прыезд у Мінск Я. Коласа ў 1921 г.
Пачынаўся новы этап у развіцці Беларусі і яе культуры.
Тры зоркі першай велічыні заззялі на небасхіле беларускай літаратуры. Гэта Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч.
Я. Купала на пачатку ХХ ст. напісаў выдатныя творы, якія ўзбагацілі беларускую літаратуру новым зместам, значна ўзнялі ўзровень яе мастацкай вартасці, засведчылі яе развітасць, размаітасць, жанрава-стылёвую разнастайнасць.
Лёс беларускага народа і яго дух, каларыт і непаўторнасць жыцця сялянскага роду, пакручастыя шляхі станаўлення беларускай ідэі, неабходнасці будаўніцтва нацыянальнага дому адбіліся ў ранніх паэмах Янкі Купалы “Курган”, “Бандароўна”, “Яна і я”, “Сон на кургане”, “Магіла льва”, у п’есе “Паўлінка”, у драме “Раскіданае гняздо”. Багатая і яго лірыка пачатку стагоддзя, дзе галоўнымі матывамі сталі матывы маладой Беларусі, спадчыны, непакою за родную зямлю, парывання да свабоды духу.
За свабоду сваю
Усёй душой пастаю,
У агонь, у ваду
Я за ёю пайду.
Пытанні далейшага лёсу радзімы, разуменне, што моладзь – парасткі новай нацыі, тэмы жыццёвай навукі, праўды, справядлівасці займалі паэта.
У Я. Коласа да пачатку першага дзесяцігоддзя ХХ ст. было напісана багата глыбокіх па думцы і высокамастацкіх твораў. Вядомы ягоныя філасофска-інтэлектуальныя, алегарычныя творы – “Казкі жыцця”, а таксама класічныя па сваім змесце і форме апавяданні “Соцкі падвёў”, “Нёманаў дар”, “Малады дубок” і інш., шчымлівая лірыка – “песні-жальбы”, вершы-звароты, з лёгкай іроніяй і гумарам, з глыбока захаванай у сэрцы скрухай – “смех скрозь слёзы” (А. Лойка), а таксама вершы-споведзі, вершы – гімны роднаму краю, яго прыродзе, таленавітаму і шматпакутнаму працоўнаму люду, мужыку.
З самага пачатку ў аснове мастацкага спасціжэння паэтам чалавека і свету ў беларускай літаратуры ляжалі агульначалавечыя матывы.
Менавіта гэтым характарызуецца і творчасць М. Багдановіча, чыя паэзія, узгадаваная на нацыянальнай глебе, была скіравана да вяршынь чалавечага духу. Дастаткова ўспомніць, што ў паэтычнай спадчыне гэтага выдатнага беларускага паэта знайшлі своеасаблівы працяг, былі “пераплаўлены” і незвычайным чынам “уплецены” ў тканіну твораў многія матывы найвядомейшых паэтаў свету (П. Верлена, Авідзія, Г. Гейнэ, Ф. Шылера, І. В. Гётэ, А. Пушкіна, А. Майкава і інш.), вершы якіх ён перакладаў. Пры гэтым М. Багдановіч цалкам знаходзіўся ў нацыянальнай стыхіі: у звароце да роднай зямлі, да краю, да гісторыі, узнаўляючы дух, быт і быццё беларусаў. Адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі М. Багдановіча “Вянок” стаў класічным.
У залаты фонд чалавечай культуры можна занесці ўсю творчасць гэтага паэта, рэалістычнага, касмічна-планетарнага, узнёслага і адухоўленага. У паэзіі М. Багдановіча выяўляюцца адзіныя цуды на зямлі (І. Кант), зорнае неба над галавою і маральны закон, што ўнутры кожнага з нас. У зямным паэт бачыць незямное, схіляючыся ў пашане перад чалавекам і Богам, у зорках і дрэвах, снегавых завеях і веснавым цвеце, у маладых парываннях і народнай памяці, у барацьбе святла і ценю – будучыню Беларусі.
Такім чынам, у ХХ ст. беларуская літаратура ўвайшла ўзмужнелай, распрацаванай у жанравых і стылёвых адносінах, псіхалагічна заглыбленай, папаўняючы агульныя здабыткі еўрапейскай і сусветнай культуры.