Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 27
Шляхі развіцця беларускай літаратуры першай паловы ХХ ст.
Першае і другое пасляваенныя дзесяцігоддзі
ОглавлениеПасля Вялікай Айчыннай вайны беларуская літаратура ўваходзіла ў мірны час моцна абяскроўленай. Са звыш 500 маладых аўтараў, якія прыйшлі ў літаратуру ў “маладнякоўскі перыяд”, у паэзіі, прозе, драматургіі, крытыцы, публіцыстыцы пасля вайны налічвалася не больш за 50. Многіх беларускіх пісьменнікаў страціла літаратура ў гады рэпрэсій, іншыя загінулі на фронце.
У верасні 1949 г. адбыўся другі з’езд пісьменнікаў Беларусі, які падвёў вынікі развіцця беларускай літаратуры пасля першага з’езда, за 15 гадоў. Некаторыя з тых пісьменнікаў, хто пачынаў у 20-я гады ХХ ст., адышлі ад літаратуры, бо літаратура па-ранейшаму была “гарачым цэхам”, справай небяспечнай.
Што займала ў гэты перыяд майстроў слова? Мірная праца па адбудове роднага краю, які быў разбураны ў вайну, услаўленне гераізму воінаў і партызан у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, агітацыя за мір – вось асноўныя тэмы ў літаратуры таго часу. У творах апявалася дружба народаў СССР, гучалі матывы “ўсяленскай” радасці, планетарнай урачыстасці. Аднак у літаратуры ўжо адчуваліся павевы “халоднай” вайны, калі жыццё народаў розных краін, якія яшчэ ўчора выступалі адзіным фронтам супраць сумеснага ворага – гітлераўскага фашызму, – падавалася ў розных фарбах, калі чорнай фарбы не шкадавалі дзеля паказу капіталістычнага свету, а сацыялістычная рэчаіснасць малявалася ў ружовых колерах. Гэта быў час з’яўлення буйных эпічных палотнаў. Пісаліся эпапеі, раманы, аповесці, паэмы пра змаганне беларускага народа з фашызмам. Прыкладам можа быць раман-эпапея М. Лынькова “Векапомныя дні”, які ставіў эпахальную задачу – паказаць панараму барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на фронце, у тыле, у партызанах, ахапіўшы падзеі мінулай вайны як мага шырэй. Раман I. Мележа “Мінскі напрамак” таксама аб вайне, аб аперацыі “Баграціён”, што завяршылася вызваленнем Беларусі ад чужынцаў.
Аб разгортванні партызанскай барацьбы – раманы I. Гурскага (“У агні”), М. Ткачова (“Згуртаванасць”), А. Кулакоўскага (“Расстаёмся ненадоўга”), Т. Хадкевіча (“Рэха ў гарах”), аповесці У. Карпава, А. Міронава, У. Шахаўца, запіскі ўдзельнікаў партызанскага руху В. I. Казлова, В. I. Лівенцава, М. П. Каралёва, п’есы К. Губарэвіча (“Брэсцкая крэпасць”), А. Кучара (“Гэта было ў Мінску”). У паэзіі звярнулі на сябе ўвагу кнігі вершаў М. Танка (“На камні, жалезе і золаце”, “Каб ведалі”), П. Броўкі (“Дарогай жыцця”), паэмы А. Куляшова (“Толькі ўперад”), А. Зарыцкага (“Залатое дно”).
Паступова ваенная тэматыка саступала месца мірным тэмам. Для дзяцей пісалі А. Якімовіч, У. Краўчанка, М. Гамолка, К. Кірэенка. Ствараліся апавяданні пра асушэнне балот і будаўніцтва гідраэлектрастанцый, пра заможнае жыццё калгаснікаў (“Пяюць жаваранкі” К. Крапівы). Аднак у творах аб сучаснасці назіраўся відавочны перакос у бок ідэалізацыі. Уплыў даваеннай традыцыі ў літаратуры значна аслабеў. З’явіўся шэраг твораў, у якіх жыццё пасляваеннай вёскі і горада прыхарошвалася, малявалася светлымі фарбамі. Сяляне жылі ў зямлянках, у калгасах не аплочваліся працадні – ні рублём, ні хлебам. Людзі галадалі, аралі калгасны палетак, упрагаючыся ў плуг, ці сеялі, цягнучы за сабою барану. Такой была рэчаіснасць. А літаратура выдавала жаданае за рэальнае, нібыта даўно залечаны ўсе раны, людзі жывуць у дастатку. Так нарадзілася “тэорыя бесканфліктнасці”, паводле рэцэптаў якой паўсядзённае жыццё паказвалася ў ружовым святле.
Нават лепшыя творы не былі пазбаўлены ўплываў названай тэорыі. Асудзіўшы яе на словах, беларуская літаратура, па сутнасці, яшчэ доўга не магла пераадолець яе разнастайных праяўленняў. Несумненна, што “тэорыя бесканфліктнасці” была спараджэннем атмасферы пасляваеннага часу, новым “вітком” культу асобы, калі падганялася пад ідэалагічныя догмы рэальнае жыццё. Часта мастакі апісвалі не тое, што хацелі, што бачылі, а вымушаны былі на ўсе лады расхвальваць сацыялістычную рэчаіснасць.
Прыкладам таго, як жывая рэчаіснасць “не ўкладвалася” ў схемы, з’яўляецца раман I. Шамякіна “Глыбокая плынь”.
Асобна стаяць у літаратуры першага пасляваеннага дзесяцігоддзя апошняя частка трылогіі Я. Коласа “На ростанях”, раман П. Пестрака “Сустрэнемся на барыкадах”, аповесць у вершах А. Куляшова “Граніца”. Гэтыя творы непадуладныя часу.
У сярэдзіне 50-х гадоў ХХ ст. адбыліся якасныя змены ў грамадскім жыцці. Прайшоў ХХ з’езд Камуністычнай партыі, ён асудзіў культ асобы Сталіна. Надышоў час “хрушчоўскай адлігі”. У гэты перыяд літаратура наблізілася да непасрэднага жыцця, выявіла шмат праблем, новых тэм, вобразаў. У творах нібы “жыццё загаварыла само”. На першы план выйшлі апавяданне і нарыс. Многія праблемы часу ўзнімала аповесць Я. Брыля “На Быстранцы”. Аўтар удумліва і глыбока даследуе праблемы сучаснасці.
Новыя падыходы намеціліся ў адлюстраванні душы, пачуццяў чалавека.
Каханне – свет, які падзелены на святло і цені. Там, дзе яно ёсць, свеціць сонца, там, дзе яго няма, цемра, бездань. Героі жывуць у гэтым цудоўным свеце, у перапляценні святла і цемры. Гераіня ў творах паўставала носьбітам святла, духоўнасці, маралі, цноты і праўды. Герой імкнуўся да высокага пачуцця, адчуваў прыліў сіл і энергіі, перажываў узлёт духу. Каханне нібыта “вярнулася” ў мастацкія творы. У гэты час напісана аповесць А. Карпюка “Данута” (1960) – адзін з лепшых твораў у пасляваеннай беларускай літаратуры аб юначым каханні.
Літаратурнае жыццё 1956–1960 гг. характарызуецца шматлікімі дыскусіямі: што такое сучаснасць, наш сучаснік у жыцці і ў літаратуры, аб розных стылях у літаратуры, аб спецыфіцы літаратуры і інш. Вярнуліся да чытача творы і імёны многіх рэпрэсіраваных пісьменнікаў: М. Гарэцкага, М. Зарэцкага, М. Чарота, П. Галавача, Б. Мікуліча, У. Дубоўкі, Ц. Гартнага, В. Каваля, С. Баранавых, А. Бабарэкі і інш. Незвычайны лёс гэтых аўтараў і іх кніг не мог не паўплываць на абуджэнне творчага пачатку іх маладых паслядоўнікаў, не мог не абудзіць цікавасць да беларускай літаратуры. На змену адкрыта публіцыстычнаму характару твора прыходзіць большая праўдзівасць, канкрэтыка, спакой, даверлівасць, спавядальнасць, шчырасць.
Абнаўлялася паэзія. У ёй стала больш жыццёвай змястоўнасці, шчырасці, даверу. Упершыню за многія гады паэты загаварылі пра самае набалелае, пра духоўнасць у чалавеку, пра нацыянальныя карані, бацькоўскую мову, пра гісторыю роднага краю.
У літаратуру прыходзілі новыя пакаленні паэта ў і празаікаў, нарысістаў і публіцыстаў, драматурга. Такога “прызыву” ў літаратуру даўно не назіралася. Гэта былі надзвычай “ураджайныя” гады ў беларускай літаратуры.
На літаратурную арэну ў другой палове 50-х пачатку 60-х гадоў выйшла пакаленне паэтаў і пісьменнікаў, чыё дзяцінства было “абпалена” вайной, пакаленне бязбацькавічаў, як яны самі сябе ахрысцілі ў мастацкай творчасці. Літаратурная крытыка называла яго яшчэ “філалагічным” пакаленнем, бо ўсе яны ў асноўным прайшлі праз універсітэцкія і інстытуцкія аўдыторыі. Гэтыя паэты і празаікі заявілі аб сабе гучна, таленавіта, засведчыўшы высокую культуру творчасці, выявіўшы адметны погляд на рэчы, прафесійнае ўмельства. Яны выдатна валодалі пластыкай пісьма, прагнулі духоўнасці і ідэалу, рамантыкі і філасафічнасці, глыбіні пазнання жыцця, часу і асобы. Гэта найперш празаікі У. Караткевіч, М. Стральцоў, I. Пташнікаў, I. Чыгрынаў, І. Навуменка, В. Адамчык, Б. Сачанка, А. Кудравец, У. Дамашэвіч, вядомыя паэты Р. Барадулін, Н. Гілевіч, А. Вярцінскі, Г. Бураўкін, В. Зуёнак, П. Макаль, А. Лойка, Ю. Свірка, А. Грачанікаў, Е. Лось.
Яркія і цікавыя творы з’яўляліся адзін за другім. Пра вайну пісалі ўжо з большым роздумам, аналітычна, імкнучыся асэнсаваць тое, што значылі падзеі ваенных гадоў для чалавека, канкрэтнай асобы (“На чацвёртым годзе вайны” М. Стральцова). Былі надрукаваны дылогія А. Адамовіча “Партызаны” (“Вайна пад стрэхамі” і “Сыны ідуць у бой”), раманы I. Навуменкі “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”.
Звяртае на сябе ўвагу глыбока лірычная, праўдзівая проза М. Стральцова (“Сена на асфальце”), I. Навуменкі (“Хлопцы-равеснікі”, “Верасы на выжарынах”), Б. Сачанкі (“Зямля маіх продкаў”), I. Чыгрынава (“Птушкі ляцяць на волю”), I. Пташнікава (“Чакай у далёкіх Грынях”) і інш. Гэтыя творы называлі яшчэ спавядальнай прозай. Паэтызацыя прозы і празаізацыя паэзіі – такімі былі тэндэнцыі ў мастацкай творчасці пазначанага перыяду. Іншымі словамі, у прозе назіралася імкненне да выяўлення ўнутраных пачуццяў, а ў паэзіі ўсё большае месца займалі думка, аналіз. Як у прозе, так і ў паэзіі выяўлялася неадольнае жаданне дайсці да глыбінных вытокаў нашага грамадзянскага існавання, зведаць і адказаць самім сабе на пытанні: хто мы, што мы, што ў нас за душой, чым жывём і чым цікавыя мы сярод іншых людзей? Невыпадкова асаблівы поспех выпаў на долю твораў У. Караткевіча, менавіта дзякуючы таму, што на гістарычнай аснове, адметнай, нацыянальнай, вырасталі яго сюжэты, рамантычныя па духу, багатыя, змястоўныя, вострыя. Творы У. Караткевіча – філасофска-інтэлектуальныя па сваім змесце. Аўтар гаварыў пра мінулае, а меў на ўвазе светлы нацыянальны дом. Дойлідам нашага беларускага нацыянальнага дому выступіў у сваіх творах гэты пісьменнік. Ён пісаў:
Усе шляхі прыводзяць не да Рыма,
А да родных вербаў і бяроз…
Мова пісьменніка пластычная, чыстая, сакавітая. Жывапіс словам у яго вельмі каларытны. У паэта У. Караткевіча ёсць верш “Дзяўчына пад дажджом”, дзе даецца пластычны малюнак летняга дня, лірычна-натхнёны аповед пра дзяўчынку-падлетка, якая выбегла на дождж. У творы выказана захапленне маладосцю, хараством. Дзяўчына нібы злілася з сонцам, з дажджом, вырастае пад небам, расце з зямлёй, усё тут з’ядналася – і водар бэзу, і пахі зямлі, і фарбы неба. Дзяўчына – вернасць, дзяўчына – вечнасць, калі так хочацца жыць і жыць. Але… “ стронцый быў у дажджы”. Нечаканае, як стрэл, заключэнне змушае задумацца пра лёс чалавека, які толькі сабраўся жыць і выбег пад струмені цёплага дажджу. Нязвыклая канцоўка твора. Радок, як выбух, як нараканне на лёс, як адкрыццё неадступнага. А верш жа напісаны задоўга да аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі.
Заўсёды цікавыя чытачу раманы У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, “Нельга забыць”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чазенія”, “Цыганскі кароль”, зборнік апавяданняў “Блакіт і золата дня”. Далёкая па часе і ўсё ж такая блізкая нам сівая мінуўшчына ўспрымаецца ў творах выдатнага мастака слова, як наш сённяшні дзень.
З нязменным пастаянствам пісаў на тэму вайны народны пісьменнік Беларусі В. Быкаў. Але творы яго не столькі пра вайну, колькі пра чалавечае ў чалавеку, пра мяжу чалавечых мажлівасцей, пра вернасць чалавека самому сабе, пра здольнасць ці няздольнасць заставацца чалавекам у любых сітуацыях, нават на мяжы жыцця і смерці. З твора ў твор пераходзяць своеасаблівыя маральныя высновы, заключэнні пра жыццё чалавека, этычныя канцэпцыі паводзін персанажаў, адметныя “законы” чалавечага быцця тыпу: “прайсці праз усе выпрабаванні і застацца чалавекам”, “не загубі чалавечае ў чалавеку”, “не здрадзь”, “не спрабуй выратавацца сам за кошт чужога жыцця”, “не падманвай самога сябе”, “не хавайся”, “жыві жыццём сваіх падначаленых”, “лепш весці ў атаку, чым гнаць на вышыню”, “перамога любой цаной – ганебная перамога”, “не забывайся ніколі раскопваць кар’ер сваёй памяці”, “не ўсё няясна ў тумане…” і г. д.
“У дачыненні да праблем мінулай вайны, – пісаў В. Быкаў, – літаратура павінна праявіць крыштальную праўдзівасць і шчырасць. Толькі праўдзівыя і да канца асэнсаваныя сведчанні мінулай вайны могуць саслужыць чалавецтву патрэбную службу… Абавязак кожнага сведкі і ўдзельніка мінулай вайны – гаварыць толькі праўду, якой бы горкай яна ні здалася, будучы пры гэтым бязлітасным у сваёй шчырасці”.
Сярод твораў таго часу звяртаюць на сябе ўвагу аповесці I. Шамякіна “Драма”, Э. Ялугіна “Пасля нябыту” (пра Цішку Гартнага).
Выпадае са звыклага рада традыцыйнасці філасофска-інтэлектуальная проза (цыкл апавяданняў Я. Сіпакова “Жанчына сярод мужчын”, твор А. Карпюка “Сучасны канфлікт”), у якой ажываюць шчырыя чалавечыя пачуцці, дзе гаворыцца пра вернасць і здраду, калі для кожнага персанажа “ўчарашняга не вернеш”, таго трапяткога, першаснага, самага моцнага пачуцця кахання, якое героі хацелі б захаваць у душы назаўсёды. Раман А. Карпюка “Карані” вяртае чытача да нацыянальных духоўных вытокаў.
Вяртанне да каранёў і асэнсаванне сучаснасці – гэта якраз тыя дзве тэндэнцыі, якія і з’яўляюцца галоўнымі ў сённяшняй беларускай літаратуры. Творцы мастацкага слова знаходзяцца на шляхах асэнсавання гістарычнага і сучаснага быцця беларускага народа.