Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 26
Шляхі развіцця беларускай літаратуры першай паловы ХХ ст.
Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны
ОглавлениеХарактэрнай асаблівасцю беларускай літаратуры перыяду Вялікай Айчыннай вайны было тое, што ўсе творы ствараліся ў асноўным па-за межамі Беларусі. Янка Купала слаў свае лісты-пасланні “Беларускім партызанам” з-пад Масквы, на франтавых дарогах пісаў паэму “Беларусь” П. Броўка, яркая і праўдзівая франтавая лірыка П. Панчанкі, “праз вогненны небасхіл” пранёс сваё слова М. Танк, напісаўшы многія вершы і паэму “Янук Сяліба”. Лірыка перыяду Вялікай Айчыннай вайны А. Куляшова – творчы подзвіг паэта, цікавыя апавяданні М. Лынькова (“Астап”), драма К. Крапівы “Проба агнём”, раман К. Чорнага “Пошукі будучыні”. Усе гэтыя выдатныя творы сталі залатым фондам нашай літаратуры. У іх паказвалася складанасць лёсу Беларусі на “скрыжалях вайны”, будні партызан, байцоў, раскрываўся патрыятызм і гераізм людзей, на фронце і ў тыле.
Вялікая роля адводзілася сатыры. “Раздавім фашысцкую гадзіну” – так называлася газета-плакат К. Крапівы. Літаратура ваеннага часу носіць ярка выражаныя рысы гістарызму, з’яўляецца мастацкім летапісам барацьбы беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вобраз Бацькаўшчыны, ідэя вызвалення роднага краю праходзяць праз усе творы.
Тры пакаленні беларускіх паэтаў і пісьменнікаў плённа працавалі ў суровыя ваенныя гады. Многія з паэтаў загінулі: М. Сурначоў, З. Астапенка, А. Коршак, А. Жаўрук, Хв. Шынклер, А. Мілюць, А. Ушакоў. Але сацыяльны заказ эпохі выконваўся з гонарам, нараджаліся выдатныя радкі пра веру народа ў перамогу. Літаратура расла, развівалася, мужнела.
Вычарпальна і ўсебакова паказаў гістарычны шлях беларускага народа П. Броўка ў паэме-араторыі “Беларусь”. Кожны новы раздзел пачынаўся зваротам: “Зямля Беларусі! Ты помніш нямала…” Услед за паэтам чытач праходзіў нялёгкімі шляхамі мінулага, сучаснага, робячы акцэнт на няскоранасці, гераізме і творчым уздыме беларускага народа. Паэт славіў продкаў, культуру, асвету, мастацтва, звяртаўся да новых дзён, калі краіне і людзям выпалі новыя суровыя выпрабаванні. Талент П. Броўкі раскрываецца з новай сілай: творца актыўна выкарыстоўвае прыёмы вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа, вершы насычаны стыхіяй жывога народнага жыцця, напоўнены трапяткім пачуццём, пакідаюць незабыўнае ўражанне. У творы “Надзя-Надзейка” выяўляецца трагізм ваенных дзён. Гэта верш-плач па гвалтоўна загубленым жыцці дзяўчыны. Ужо не жаці жыта яе рукам, са скрухай гаворыць паэт, “снапоў не вязаці”. Звяртаючыся да бярозы, пытаецца: “Што ж ты, бярозанька, не ўратавала?” Вершы П. Броўкі ваеннага часу – гэта народныя песні аб славе і надзеі. “Будзем сеяць, беларусы”, – сцвярджае паэт у аднайменным вершы, перадае адчуванне байца-беларуса ад сустрэчы з роднай зямлёй у вершы баладнага складу “Спатканне”.
Як спяшаў я да Вас,
Засмучоныя хаты,
Здратаваныя нівы,
Лугі-мурагі!..
Я вярнуўся да Вас
Цвёрдым крокам салдата,
Хоць нямала пранёс
За дарогу тугі.
Пранікнёная лірыка А. Куляшова перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Творы не страцілі сваёй эстэтычнай каштоўнасці і сёння, праз многія дзесяцігоддзі пасля іх напісання.
Поўная драматызму балада “Над брацкай магілай”.
Ёсць пад Стараю Русай
Руская вёска Лажыны.
Там, нібы ў Беларусі,
І вербы растуць, і рабіны.
Святлацені змяняюцца, калі паэт з горыччу гаворыць аб ахвярах вайны: “Там магіла ёсць брацкая ў лузе, / За вёскай Лажыны, / Там хлапцы беларускія / Чэсна галовы злажылі”. Балада мае развітальны змест.
Паэт гаворыць ад імя тых, хто аддаў сваё жыццё, каб вечна свяціла над нашай зямлёй зіхатлівае сонца свабоды, каб ніколі не было вайны. Загінуўшыя воіны змагаліся за родную Бацькаўшчыну, думкі пра якую агортваюць лірычнага героя верша. Твор не падобны да народных плачаў над труной нябожчыка, ён напоўнены мужнасцю, глыбінёй патрыятычнага духу. Увага аўтара скіравана на родныя гоні, што жывілі сэрца і душу, да валі надзею на мірны час.
Наглытацца хачу туманоў,
Твайго ветру і пылу;
Наглытацца хачу за сябе і за тых,
Што не ўстануць з нябыту.
Вочы просяць нябёсаў тваіх;
Ім твайго не хапае блакіту.
Яркая і пераканаўчая франтавая лірыка П. Панчанкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Паэт прайшоў дарогамі вайны з захаду на ўсход, адступаючы ад Беластока разам з савецкімі войскамі.
Душэўным смуткам, жывым болем насычаны верш П. Панчанкі “У мяне не забілі нікога”. Сапраўды, кажа паэт, не асабістым горам кіруецца наш салдат, калі гоніць чужынцаў на захад, а патрыятычным жаданнем хутчэй убачыць родныя гоні і палеткі вольнымі і шчаслівымі. Гэта верш-балада. У спакойнай разважлівай танальнасці пачынае аўтар свой твор, спрабуючы асэнсаваць вытокі нашага гераізму, помсты, адплаты, бо, калі сапраўды “у мяне не забілі нікога – ні маці, ні жонкі, ні брата. Я не плакаў бяссоннаю ноччу ад горкае страты,” дык чаму ж, пытаецца лірычны герой, “ад чаго ж тады сэрца так хоча, так прагне расплаты?”
“Я ўвайду ў Беларусь, як байцы ўвайшлі ў Сталінград”, – сцвярджае ад імя воіна-пераможцы П. Панчанка.
“Вока снайпера” – верш П. Панчанкі аб неспатольнай празе простага салдата – ачысціць родную зямлю ад набрыдзі, заразнай пошасці, выполваючы іх, як пустазелле, з нашых палёў і ніваў, знішчаць, выглядаючы ў снайперскі прыцэл, як нейкіх дзікунскіх казюрак, мошак, жучкоў-караедаў, калі глядзець на іх здалёку, як ненавісных пачвар.
“Дзеля жыцця на зямлі” беларускія паэты, сучаснікі і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, імкнуліся па-мастацку асэнсаваць бессмяротны подзвіг народа, які стаў на абарону сваёй Радзімы, гераічны пачатак у характары народа, што меў глыбокія карані.
Апошнюю кулю сваім парабелуме, кажа аўтар, трымае ротны палітрук не для сябе, але каб “загнаць у зямлю” яшчэ хоць аднаго ворага (“Апошняя куля”).
Пяру Панчанкі належыць цыкл выдатных вершаў, якія аб’яднаны ў “Іранскі дзённік”: “У Тэгеране”, «Слухаючы “Перапёлку”», “Сустрэча з бярозай”, “Што я думаў, гледзячы на Каспійскае мора”, “Апяваў Адам Міцкевіч”, “Рамантыка”, “Малярыя”, “Караван”, “Мы першы раз за межамі Радзімы…”. Лірычны герой у вершах “Іранскага дзённіка” паўстае палымяным патрыётам роднай краіны, верным сынам Беларусі, франтавіком, які думамі і справамі гатоў набліжаць доўгачаканую перамогу. З “прыільменскіх балот” трапіў паэт у сонечную краіну, прайшоў упершыню па зямлі нейтральнай дзяржавы, не губляючы форсу салдата-пераможца: “Тужэй падцягваем франтавыя дзягі, глянцуем боты, чысцім шынялі”.
Франтавая лірыка П. Панчанкі разам з вершамі А. Суркова, К. Сіманава (“Темная ночь”, “Землянка”, “Жди меня”, “Ты помнишь, Алёша, дороги Смоленщины” і інш), песеннай лірыкай М. Ісакоўскага, М. Блантара і іншымі выдатнымі творамі той пары стала яркай і незабыўнай, надзвычай уражлівай старонкай мастацкай творчасці ў галіне слова. Уклад беларускіх паэтаў ва ўслаўленне гераізму і непераможнасці народа на дарагой і любай сэрцу роднай Беларусі асабліва важкі.
У празаічных мастацкіх палотнах подзвіг народа ў гады вайны ўвекавечылі “па жывых слядах” часу празаікі М. Лынькоў і К. Чорны. У зборніку “Астап” М. Лынькоў расказаў пра гераічны ўчынак простага селяніна, які паўтарыў подзвіг кастрамскога мужыка Івана Сусаніна, што аддаў жыццё за Радзіму, завёў палякаў-ляхаў у балоты. Беларускі селянін Астап таксама не пашкадаваў уласнага жыцця дзеля таго, каб адвесці бяду ад родных яму людзей, завёў фашысцкіх прышэльцаў у непралазны лясны гушчар, дзе яны і загінулі.
Кузьма Чорны за гады вайны стварыў шэраг мастацкіх палотнаў – раманы і аповесці “Пошукі будучыні”, “Скіп’ёўскі лес”, “Млечны шлях”, “Вялікі дзень”. Раманы філасофскага напаўнення малявалі выбар і лёс беларускага народа на краі абрыву – у час ваеннага ліхалецця, змагання з чужынцамі. Чарговы раз беларуская зямля стала арэнай бітваў. Ад народнага лубка, анекдота, звычайнай бытавой сцэнкі, якая адбывалася ў праслаўленай сваімі неверагоднымі здарэннямі вёсцы Галаскі, адштурхоўваецца празаік К. Чорны ў апавяданні “Вялікае сэрца”, каб раскрыць самабытнасць, арыгінальнасць, мужнасць беларускага нацыянальнага характару.
Незалежнасць сённяшняй Беларусі асветлена Вялікай Перамогай. Менавіта за важкі ўклад у разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў і значныя страты, што панесла наша краіна ў гады вайны 1941–1945 гг., Беларусь была надзелена правам суверэннага голасу ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая ўтварылася на канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адным з удзельнікаў канферэнцыі быў беларускі пісьменнік Міхась Ціханавіч Лынькоў, подпіс якога стаіць пад устаноўчым дакументам гэтай уплывовай арганізацыі свету.
Беларусь шмат вынесла на сваіх плячах. Значны ўклад ва ўвекавечанне бессмяротнага подзвігу народа ўнесла беларуская мастацкая літаратура, якая ўжо ў суровыя дні ліхалецця раскрывала вызваленчы характар народнай вайны, паказвала непераможнасць духу беларусаў, прагу Беларусі да незалежнасці.