Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 25

Шляхі развіцця беларускай літаратуры першай паловы ХХ ст.
Літаратурны рух на Беларусі ў 20-30-я гады ХХ ст.
Дзейнасць літаратурных аб’яднанняў на Беларусі

Оглавление

Свежай плынню ў беларускай савецкай літаратуры стала літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”. Яно праіснавала даволі доўга, дало жыццё іншым літаратурным групам, адчувальна паўплывала на развіццё літаратуры. У яго шэрагах выхавалася цэлая плеяда маладых паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў, публіцыстаў, журналістаў, прапагандыстаў роднага слова.

Арганізацыйнае афармленне “Маладняка” адбылося ў Мінску 28 лістапада 1923 г., калі ініцыятыўная група, у якую ўваходзілі А. Александровіч, М. Чарот, А. Бабарэка, А. Дудар, А. Вольны і Я. Пушча, заявіла на адным з пасяджэнняў у клубе “КіМ” аб заснаванні згуртавання літаратурнай моладзі. Старшынёй літаб’яднання стаў М. Чарот.

Маладнякоўцы вялі шырокую прапаганду мастацкай творчасці ў масах (“Мастацкае слова – масам” – пад такім дэвізам выходзілі многія кнігі), клапаціліся аб выяўленні маладых літаратурных сіл, аб іх выхаванні і прафесійным росце, распрацоўвалі новыя тэмы, дзейнічалі напорыста і актыўна. Вяліся пошукі новых форм у мастацтве для адлюстравання дынамікі жыцця.

Лічыцца маладнякоўскім аўтарам было гонарам у той час. “Мы зарунелі на беларускіх загонах”, “мы – маладняк гэтых новых усходаў” – гаварылася ў дэкларацыях літаб’яднання. “Маладнякоўскія шэрагі папаўняюцца такімі паэтамі, якія з глухіх куткоў Беларусі ідуць у лапцях і нясуць у торбачках свае творы. Але пяюць гэтыя песняры-лапцюжнікі весела, бадзёра!” – пісаў М. Чарот у артыкуле “Маладнякоўскімі крокамі”.

Рост патрабаванняў да мастацкай творчасці, неабходнасць развіцця розных жанраў, стыляў, імкненне падняць эстэтычны ўзровень мастацкіх твораў сталі прычынамі расколу “Маладняка” і ўтварэння літаратурнага аб’яднання “Узвышша” (1926–1928), куды ўвайшлі К. Чорны, К. Крапіва, У. Дубоўка, А. Бабарэка і інш. Многія ўзвышэнцы адкрыта не згаджаліся з пазіцыяй маладнякоўцаў, не маглі задаволіцца агульным станам беларускай літаратуры. “Узвышша” займалася пераважна творчымі пытаннямі, члены гэтай арганізацыі паставілі на мэце даць сапраўды “каштоўнае ў беларускай літаратуры”, клапаціліся пра высокі эстэтычны ўзровень сваіх твораў, пра нацыянальнае аблічча літаратуры, пра культуру творчасці. Хоць і абвінавачвалі ўзвышэнцаў у каставай замкнёнасці, адасобленасці, эстэцтве, акадэмізме, але настроенасць на вырашэнне сур’ёзных задач у літаратуры не магла не выклікаць павагі. «Узвышша» – унікальнае літаратурнае аб‘яднанне маладых паэтаў і празаікаў, якія стварылі выдатныя творы беларускай літаратуры сусветнага ўзроўню, непераўзыдзеныя ўзоры нацыянальнага слоўнага мастацтва.

Характар самастойнага аб’яднання насіла “Полымя” (1927), у якое ўваходзілі Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны і якое існавала пры аднайменным часопісе. Аб’яднанне не вылучала ніякай эстэтычнай праграмы і лічылася пазастатутным.

Пралетарска-сялянская беларуская суполка “Пробліск” (1926) праіснавала мала, у яе складзе былі Я. Бобрык, А. Гурло, Т. Кляшторны, А. Звонак. “Беларуская літаратурна-мастацкая камуна” (1927–1928) мела лефаўскі ўхіл, у яе ўваходзілі Я. Скрыган, М. Шалаеў, П. Шукайла, якія намагаліся пісаць “пад Маякоўскага”, пераймалі канструктывістаў, спрабавалі даць новыя вершаваныя ўзоры рэвалюцыйнага кірунку.

Былі яшчэ літаратурныя гуртоўкі “Мінскі перавал” (1927), “Звенні” (1925). Яны аб’ядноўвалі паэтаў і празаікаў, якія пісалі на рускай мове (С. Пілітовіч, Р. Кобец, Р. Бунтар і інш.).

Утварэнне груповак, аб’яднанняў, а таксама іх рэарганізацыя, самаліквідацыя і паяўленне новых плыняў доўжылася да 1932 г., пакуль не была прынята пастанова ЦК ВКП (б) “Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый”, пасля чаго ўсе літаб’яднанні былі распушчаны, утвораны аргкамітэт і пачалася непасрэдная падрыхтоўка да першага з’езда беларускіх савецкіх пісьменнікаў (1934). Бурнае літаратурнае жыццё 20-х гадоў павольна ўваходзіла ў свае берагі. Але водгаласы тых “вірлівых” дзён чуліся яшчэ доўга ў літаратуры і грамадска-палітычным жыцці рэспублікі. Маладая беларуская літаратура шукала новыя формы мастацкага спасціжэння жывой, хутказменлівай рэчаіснасці.

* * *

У 20-я гады імкліва развіваліся ўсе літаратурныя жанры. Асаблівы росквіт атрымала паэзія, найперш беларуская паэма. З’явіліся першыя беларускія раманы, дасягнулі значных вяршынь драматургія і крытыка. Выйшлі з друку зборнікі паэзіі: “Завіруха” М. Чарота, “Па беларускім бруку” А. Александровіча, “Сонечнымі сцежкамі” А. Дудара і інш.

Маладыя аўтары эксперыментавалі, шукалі новыя формы (“Раніца рыкае” Я. Пушчы, “Гвалт над формай” М. Грамыкі), пісалі пра рэвалюцыйнае абнаўленне (“Ветры буйныя” П. Труса, “Чарнакудрая радасць” А. Вольнага, “Песні працы і змагання” Ц. Гартнага).

Жанр паэмы развіваўся з сапраўдным размахам. З’явіліся фундаментальныя творы – “Новая зямля”, “Сымон-музыка” Я. Коласа, “Безназоўнае” Я. Купалы, паэмы, тэмай і зместам якіх сталі падзеі рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, – “Босыя на вогнішчы” М. Чарота, “Юны змаганец”, “Дзясяты падмурак” П. Труса. У буйных творах паэзіі і прозы ажывалі старонкі далёкай гісторыі (“Крычаўская спакуса” У. Дубоўкі, “Францыск Скарына” С. Хурсіка).

Сапраўднага росквіту дасягнула ў 20-я гады беларускае апавяданне. Асабліва актыўна выступалі ў гэтым жанры Я. Колас (“Сяргей Карага”, “Крывавы вір”), М. Зарэцкі (“Кветка пажоўклая”, “Дзіўная”, “На чыгунцы”), П. Галавач (“Кнак”, “Дзве сцежкі”), М. Лынькоў (“Над Бугам”), М. Нікановіч (“Крык працы”), В. Каваль (“На загонах”).

У беларускай літаратуры ствараліся першыя раманы. Яны ўзніклі як эпас народнага жыцця падчас рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны (“Сцежкі-дарожкі” М. Зарэцкага, “Сын” Р. Мурашкі). Убачылі свет высокамастацкія аповесці Я. Коласа “У палескай глушы” і “У глыбі Палесся”, якія разам з аповесцю “На ростанях” склалі трылогію – першае эпічнае палатно ў нашай літаратуры, а таксама раманы К. Чорнага “Зямля”, “Вясна”, “Ідзі, ідзі”, “Бацькаўшчына”.

Гэта быў час феерычнай успышкі твораў для моладзі і аб моладзі ў рэвалюцыйным змаганні. Паявіліся шматлікія героіка-прыгодніцкія аповесці – “Свінапас” М. Чарота, “Два” А. Вольнага, “Рыгор Галота” I. Барашкі, “Мяцеліца” М. Нікановіча, “Затока ў бурах” Я. Скрыгана. Да іх прымыкае і аповесць З. Бядулі “Салавей”. Напісаны займальныя прыгодніцкія аповесці Я. Маўра “Палескія рабінзоны”, “ТВТ”, “Амок”, “Сын вады”. Гэтымі творамі зачытвалася моладзь, яны мелі поспех. У іх быў заключаны новы, рэвалюцыйны змест эпохі. Ад “чалавека ў рэвалюцыі” да “чалавека рэвалюцыі” – такі шлях беларускай літаратуры 20-х гадоў, якая імкнулася паказаць героя ў “віры жыцця”, а ў пазнейшы час – на памежжы 20–30-х гадоў – выявіць, як тыя прынцыпы, нормы, ідэі, за якія працоўныя ішлі на бой і гінулі ў гады Грамадзянскай вайны, увасабляліся ў жыццё. Але сапраўднага адкрыцця новага героя не адбылося.

На рубяжы 30-х гадоў выразна акрэслілася тэндэнцыя да адлюстравання ў творах літаратуры самых розных перыпетый чалавечых лёсаў, шляхоў у рэвалюцыю, паказу жыцця тых, “хто быў нікім”, а стаў усім. З’явіліся аповесці-лёсы, раманы-біяграфіі, раманы-хронікі, якія малявалі жыццё сялянства (“Праз гады” П. Галавача, “Камароўская хроніка” М. Гарэцкага).

Знешне гэты працэс насіў характар набліжэння літаратуры да жыцця. У 30-я гады ўлады патрабавалі ад літаратуры паўней раскрываць штурмавы пафас першых пяцігодак. Для паэта таго часу мала быць уважлівым сведкам, рэгістратарам падзей, ён – актыўны і непасрэдны ўдзельнік сацыялістычнага будаўніцтва. У сувязі з гэтым можна прыгадаць першыя вершы П. Броўкі “Ой, не шапчы, мая бярозка” ці “Не буду я стаяць на раздарожжы”.

Найбольшыя здабыткі літаратуры 30-х гадоў – з’яўленне твораў “вялікага пералому” – аб калектывізацыі, сярод якіх аповесць П. Галавача “Спалох на загонах”, раман М. Зарэцкага “Вязьмо”, аповесць Я. Коласа “Адшчапенец”, раман К. Крапівы “Мядзведзічы”, аповесці С. Баранавых “Межы” і “Новая дарога”, раман Р. Мурашкі “Салаўі святога Палікара”. У кожным з гэтых твораў маляваліся вострыя драматычныя сітуацыі ў вясковых сем’ях, ломка векавых традыцый, гвалт над псіхалогіяй селяніна, складаныя сацыяльныя працэсы, што адбываліся ў вёсцы ў гады калектывізацыі.

Такімі былі асноўныя шляхі беларускага прыгожага пісьменства ў даваенны перыяд, у такіх умовах уваходзіла беларуская літаратура ў суровы час Вялікай Айчыннай вайны.

Пытанні для кантролю

1. У якіх умовах нараджалася беларускае друкаванае слова?

2. Вызначце ролю газеты “Наша ніва” ў працэсе станаўлення новай беларускай літаратуры.

3. Якія новыя імёны з’явіліся ў беларускай літаратуры ў пачатку ХХ ст.?

4. Якія літаратурныя рухі і групоўкі дзейнічалі ў 20-я гады ХХ ст.?

5. Дзейнасць “Маладняка”, “Полымя”, “Узвышша”, літаб’яднання “Звенні”.

6. Пакажыце жанрава-стылёвую разнастайнасць літаратуры 20-х гадоў ХХ ст.: прозы, паэзіі, драматургіі.

7. Праблема асабістага і грамадскага ў беларускай прозе 20-х гадоў ХХ ст.

8. Літаратура 30-х гадоў ХХ ст. і яе характэрныя асаблівасці: аддаленне ад рэалій жыцця, збядненне чалавеказнаўчага пласта.

9. Якія творы 30-х гадоў ХХ ст. мелі найбольшае значэнне для развіцця літаратуры?

10. Якія раманы-лёсы, раманы-біяграфіі вы ведаеце?

11. Сацыяльныя і псіхалагічныя праблемы калектывізацыі і іх адлюстраванне ў мастацкай літаратуры.

Беларуская лiтаратура

Подняться наверх