Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 24
Шляхі развіцця беларускай літаратуры першай паловы ХХ ст.
Літаратурны рух на Беларусі ў 20-30-я гады ХХ ст.
ОглавлениеВялікім ажыўленнем літаратурнага жыцця і актыўнымі ідэйна-мастацкімі пошукамі характэрныя 20-я гады ХХ ст. Гэта быў бурлівы час, час перамен, намаганняў адразу вырашыць усе праблемы мастацкага спасціжэння рэчаіснасці, “адкрыць” неадкрытае раней. Аднак пісьменніцкія сілы панеслі страты: 25 мая 1917 г. у Ялце памёр М. Багдановіч.
Янка Купала пэўны час жыў у Смаленску. У 1919 г. ён пераехаў у Мінск, дзе яму давялося перажыць не адну змену ўлад, не адну акупацыю. Прыходзілі і адыходзілі з беларускай зямлі кайзераўскія захопнікі, пэўны час тут панавалі белапольскія акупанты, а затым на доўгія гады ўсталяваліся на нашай зямлі бальшавіцкія, савецкія парадкі. Я. Купалу было нялёгка прыстасоўвацца да новых улад і да новых абставін. Глыбока перажываў паэт за лёс беларускага народа, трывожыўся за будучае Бацькаўшчыны. Шмат давялося перанесці пакут і страт народнаму паэту і ў асабістым плане на яшчэ даволі працяглай жыццёвай дарозе свайго шчымліва-балючага лёсу. Былі, несумненна, і светлыя хвіліны жыцця, але скруха і трывога не пакідалі паэта праз многія гады ў апошнія перыяды жыцця і творчасці.
Калі заканчвалася Першая імперыялістычная вайна, Якуб Колас знаходзіўся на Румынскім фронце, цяжка хварэў, дэмабілізаваўся, жыў пад Курскам, на радзіме жонкі, Марыі Дзмітрыеўны Каменскай, дзе працаваў настаўнікам, інспектарам народных вучылішч. У Мінск Я. Колас пераехаў толькі ў 1921 г., адразу пасля таго, як Мінск быў канчаткова вызвалены ад інтэрвентаў.
Цішка Гартны ў Петраградзе выдаваў газету “Дзянніца”, затым быў сакратаром Белнацкама пры Наркамаце РСФСР, прымаў актыўны ўдзел у станаўленні савецкай улады на Беларусі. Максім Гарэцкі стала супрацоўнічаў у газетах “Звязда” і “Известия Смоленского Совета”. Вядомы паэт Алесь Гурло жыў у Петраградзе. У 1921 г. з Сімбірскай губерні, дзе, далёка ад радзімы, ён працаваў настаўнікам, на Беларусь вярнуўся старэйшы паэт Янка Журба. Малады паэт Міхась Чарот, які неўзабаве стане кумірам літаратурнай моладзі і правафланговым у яе магутных шэрагах, яшчэ толькі выходзіў на арэну літаратурнага жыцця. Кузьма Чорны – выхадзец з самых нізоў беларускага сялянства – вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі, якую скончыў у 1917 г. Міхась Лынькоў, які пабывае пазней на розных войнах, што наканавана было перажыць яго роднаму краю, не абмінуўшы ніводнай з іх, знаходзіўся на фронце. На франтах Грамадзянскай вайны ваявалі будучы пісьменнік Мікола Нікановіч, крытык Адам Бабарэка.
Масавы літаратурны рух на Беларусі пачаўся ў 1923–1925 гг., калі былі ўтвораны літаратурныя аб’яднанні, групоўкі, калі пачала выходзіць вялікая колькасць літаратурных часопісаў, газет, альманахаў, зборнікаў, кніг, літаратурных дадаткаў да газет і часопісаў.
У гады пасля Кастрычніка 1917 г., замежнай інтэрвенцыі і Грамадзянскай вайны Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля востра перажывалі час складаных ідэйных пошукаў. Яны заўсёды былі са сваім народам, захоўваючы светлую веру ў ідэалы свабоды, роўнасці, шчасця, імкнучыся спазнаць ісціну, кіруючыся з самага пачатку пачуццём уласнага сумлення, выяўляючы ў творчасці глыбінны народны дух, што, як і цвярозы розум і здаровы сялянскі практыцызм, дапамагала арыентавацца ў палітычных падзеях таго часу. Пісьменнікі перадавалі ў творах усю складанасць жыцця грамадства пераломнай эпохі.
Творы беларускіх пісьменнікаў друкаваліся ў 20-я гады ў выдавецтве “Адраджэнне” (пазней “Савецкая Беларусь”). “Органам новага пісьменніцтва” называў Я. Колас газету “Савецкая Беларусь”, якая адыграла выключную ролю ў фарміраванні новага атрада беларускіх пісьменнікаў. У “Савецкай Беларусі” працавалі Я. Купала, Ц. Гартны, М. Кудзелька (М. Чарот), А. Гурло, Я. Журба, З. Бядуля, К. Крапіва і інш.
У лістападзе 1923 г. пачаў выходзіць часопіс “Маладняк”, спачатку як орган ЦК ЛКСМБ, пазней стаў органам Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”. Менавіта з утварэннем гэтага масавага літаратурнага аб’яднання, фактычна з канца 1923 г., абуджаецца актыўнае літаратурнае жыццё рэспублікі.
Варта сказаць, што літаратурны рух на Беларусі ў 20-я гады ў многім выяўляў асаблівасці тых літаратурных працэсаў, якія адбываліся ва ўсёй савецкай літаратуры. Каб зразумець усю складанасць узаемаадносін пісьменнікаў і літаратурных груповак у гэты перыяд, варта мець на ўвазе, што ўсе пісьменнікі ўваходзілі ў тую ці іншую арганізацыю. Разыходжанні часцей за ўсё меліся ў эстэтычных праграмах. Парыванні былі шчырымі, непасрэднымі – знайсці новыя формы для выяўлення рэчаіснасці, для раскрыцця новага, як тады бачылася, рэвалюцыйнага зместу жыцця, выявіць нетрадыцыйны, наватарскі падыход, сказаць новае, свежае слова ў літаратуры.