Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 21
Шляхі развіцця беларускай літаратуры першай паловы ХХ ст.
Беларускае друкаванае слова: “Наша доля” і “Наша ніва”
ОглавлениеПачатак новага стагоддзя для развіцця беларускай літаратуры бы п у многім спрыяльным. Дзякуючы творчасці пісьменнікаў-дэмакратаў у беларускай літаратуры набірала сілу грамадзянская лірыка. Паступова выкрышталізоўваліся характэрныя рысы беларускай літаратуры: дэмакратызм і рэалістычны змест, крытычны пафас, імкненне да філасофскага паглыблення. Беларускі народ адкрываўся свету, выяўляліся адметныя рысы нацыянальнага характару. ХХ стагоддзе несла беларускай літаратуры новыя падзеі і новыя расчараванні. На рэвалюцыйнай хвалі ажыўлялася нацыянальна-культурнае жыццё беларусаў.
У Мінску пачала выходзіць газета “Северо-западный край” (1902–1905), у якой дэбютаваў першым вершам на беларускай мове Янка Купала. Пад уплывам рэвалюцыйнага абуджэння 1905–1907 гг. была знята забарона з друкаванага беларускага слова. Беларуская літаратура станавілася грамадскай трыбунай цэлага народа. З восені 1906 г. пачалі выдавацца легальныя газеты “Наша доля” і “Наша ніва”. Газета “Наша доля” – першае перыядычнае выданне на беларускай мове – была забаронена ў студзені 1907 г. Гэта былі сапраўды народныя газеты. Выдаўцамі іх сталі вядомыя дзеячы нацыянальнага Адраджэння А. Уласаў, В. Ластоўскі, браты Луцкевічы. Вакол гэтых перыядычных выданняў гуртаваліся амаль усе тагачасныя літаратурныя і навуковыя сілы, якія працавалі на адбудову Бацькаўшчыны. У розныя часы ў газетах “Наша доля” і “Наша ніва” працавалі А. Пашкевіч (Цётка), Я. Колас, Я. Купала, Ядвігін Ш., З. Бядуля, С. Палуян. У 1914–1915 гг. Я. Купала з’яўляўся рэдактарам-выдаўцом “Нашай нівы”. Для Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага шлях у літаратуру адкрылі менавіта названыя выданні. М. Багдановіч падлічыў, што за 1910 г. у “Нашай ніве” надрукавалі свае творы 24 паэты і 30 празаікаў.
Значэнне газет “Наша доля” і асабліва “Наша ніва” ў пашырэнні сярод працоўнага люду беларускага мастацкага слова нельга пераацаніць. З усіх куткоў Беларусі ў рэдакцыю ішлі карэспандэнцыі, допісы, мастацкія творы, газеты вялі шчыры дыялог з сялянамі аб самым набалелым, надзённым, усялялі веру ў росквіт Айчыны.
Пачалі выходзіць таксама газеты “Гоман”, “Дзянніца”, альманах “Маладая Беларусь”, часопіс для моладзі “Лучынка”, працавала выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”.