Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 18
Развіццё новай беларускай літаратуры XIX ст.
Рэалізм як вядучы літаратурны напрамак
Эліза Ажэшка (1841–1910)
ОглавлениеМастакоў слова нараджаюць вялікія падзеі. Пісьменніцай Эліза Ажэшка (дзявочае прозвішча Паўлоўская) стала пад уплывам паўстання 1863–1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага за свабоду Беларусі ад прыгнёту царызму.
Будучая пісьменніца нават хавала ў сябе дома пэўны час пасля разгрому паўстання аднаго з кіраўнікоў паўстанцаў – камандзіра атрада Рамуальда Траўгута. Апавяданне “З гадоў голаду”, аповесці “Нізіны”, “Дзюрдзі”, “Хам”, раман “Над Нёманам” з’явіліся вынікам глыбокага роздуму над трагедыяй жыцця беларускага сялянства з яго галечай, бяспраўем, вынішчэннем роду. Па ідэйным змесце і галоўным пафасе мастацкая проза Э. Ажэшкі блізкая да лірыкі Францішка Багушэвіча. Усё жыццё і творчасць пісьменніцы звязаны з Гродна, з Кобрынам. Свае творы яна пісала на польскай мове, але матэрыялам для іх заўсёды служылі лёс і духоўныя пошукі беларускага сялянства.
Аповесць “Хам” Э. Ажэшкі мае цікавы і займальны, напоўнены драматызмам сюжэт. Гэта твор аб сустрэчы звычайнага вясковага рыбака – сялянскага сына – з гарадской пакаёўкай, жанчынай, якая паходзіла з заможнага асяроддзя, але на долю якой прыйшлося столькі гора, бяды, здзекаў, колькі, мажліва, мала хто перажываў у вёсцы.
Ужо сваёй назвай аповесць скіравана да лёсу простага чалавека, якога абражаюць, з кім не лічацца, навечна, здавалася б, прыклеіўшы да яго здзеклівую мянушку Хам, але які выяўляе высокія духоўныя сілы, учынкі якога хоць і выклікаюць неўразуменне ў блізкіх яму людзей, але ва ўсім характарызуюцца паслядоўнасцю, пазначаны ўпартасцю характару. Вясковы працаўнік, які ўсё жыццё лавіў рыбу ў Нёмане, праяўляе высокія духоўныя якасці. Штодзённае існаванне на ўлонні прыроды, прастор і воля рачной плыні ўжо самі па сабе не даюць аніякай падставы думаць пра грубасць і “хамскасць” яго натуры, а тым больш не дазваляюць іншым персанажам пагардліва ставіцца да чалавека працы.
Аповесць “Хам” раскрывае лепшыя рысы душы чулага і свабоднага ў сваіх дзеяннях чалавека. Вольная душой асоба ніколі не стане “хамскай”. Унутрана свабодны чалавек валодае высокімі маральна-этычнымі прынцыпамі. Талстоўскія ідэі духоўнага ўдасканалення чалавека знайшлі адлюстраванне не толькі ў тым уплыве, які зрабіла на Паўла Кабыцкага каханне да Франкі, але і ва ўсёдараванні любімай жанчыне, у настойлівым імкненні дапамагчы блізкаму чалавеку ачысціцца ад спакусы, распусты, фанабэрыі, лёгкага бесклапотнага існавання. Дабратой ратаваў Павел сваю каханую Франку ад згубы.
Выдатнай польскай пісьменніцы Э. Ажэшкі не стала ў той самы год, калі памёр Леў Талстой, “ля падножжа якога”, па вобразным выказванні літаратуразнаўцы Алеся Адамовіча, узрасталі, уздымаліся многія мастакі слова іншых краін і народаў. Л. Талстой быў адным з настаўнікаў польскай пісьменніцы, якая атрымала ў спадчыну яго вучэнне “аб паляпшэнні душы”.