Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 2

Літаратура – прыгожае пісьменства

Оглавление

Мастацкая літаратура – адзін з самых папулярных і даступных відаў мастацтва. У літаратурных творах слова перадае рэчаіснасць, паўстае ў выглядзе адметных эстэтычных вобразаў. У адрозненне ад навукі мастацкая літаратура раскрывае з’яву цэласна, аб’ёмна, маштабна, у рэальным перапляценні і ўзаемадзеянні яе разнастайных якасцей і адметных асаблівасцей, паказвае з’яву з эстэтычных пазіцый.

Літаратура – гэта ў першую чаргу чалавеказнаўства. У гэтым яе асаблівая каштоўнасць. Іншы раз на дзвюх-трох старонках літаратурнага твора апісваецца ўсё чалавечае жыццё, а часам ва ўсёй кнізе – адно імгненне, эпізод. Творцы пішуць пра матэрыяльнае і духоўнае, пра лёс чалавека і лёс краіны, пра дабро і зло, пра з’явы прыроды. Глыбіня пранікнення ў свет чалавечай душы, у сутнасць падзей і адпаведна каштоўнасць твора для чытача залежаць ад таленту пісьменніка, яго здольнасці за малым бачыць вялікае, важнае, ад яго ўмення адкрываць чалавечае ў чалавеку.

Апавяданне, раман, п’еса, паэма, верш – гэта пераўтвораная рэальнасць, жыццё ў формах самога жыцця. Усё, што напісана пісьменнікам, нібыта і плён яго фантазіі, але ў той жа час і пераплаўлены аўтарам жыццёвы вопыт: надта ж праўдападобна, нагадвае само жыццё ў яго вечным кіпенні моцных пачуццяў, праяўленні сімпатый і антыпатый. З мноства фактаў пісьменнік выбірае найбольш характэрныя, тыповыя, кожная фраза ў яго творы – адзіна значная, адзіна магчымая. І мова, і стыль набываюць у майстра мастацкага слова асаблівае значэнне.

Слова – галоўны будаўнічы матэрыял у літаратуры. Яно перадае найтанчэйшыя парывы душы, разнастайныя адценні ўсіх фарбаў, становіцца ў стройнай плыні апісанняў гнуткім, зменлівым, рухомым і ў той жа час дакладным, канкрэтным інструментам. Узнятае з глыбінь народнай памяці, слова “раздзімаецца” пры дыханні твора, як вугалёк на далоні, трапечацца, быццам злоўленая рыбка ў руках. Яно, паводле выказвання філосафа Гегеля, з’яўляецца самым пластычным матэрыялам з усіх, што належаць чалавечаму духу. У творах прыгожага пісьменства менавіта так здаўна называюць літаратуру – можна лёгка перадаць стан душы або ўзбуджанае пачуццё, пластыку танцавальных рухаў ці велічнасць архітэктурнага збудавання.

Выдатны рускі літаратурны крытык В. Р. Бялінскі адзначаў: “Філосаф гаворыць сілагізмамі, паэт – вобразамі і малюнкамі, але гавораць яны аб адным і тым жа… адзін даказвае, другі паказвае, і абодва пераконваюць, толькі адзін лагічнымі довадамі, другі – малюнкамі. Але першага слухаюць і разумеюць нямногія, другога – усе… Тут ні навука не можа замяніць мастацтва, ні мастацтва навуку”.

Літаратура мае яшчэ адну важнейшую якасць. Яна выяўляе і фарміруе нацыянальнае жыццё, стымулюе нацыянальную псіхалогію, уздымае самасвядомасць народа, акумулюе культуру, з’яўляецца адной з першакрыніц утварэння і развіцця літаратурнай мовы. Іншай трыбуны, апроч літаратуры, у народа, бадай, не было і не магло быць. З дапамогай літаратурных крыніц мы спасцігаем дух часу, сувымяраем свой жыццёвы вопыт, пазнаём заканамернасці сацыяльных рухаў, усведамляем праблемы развіцця грамадства. Дзякуючы творам мастацкай літаратуры мы глыбей спасцігаем гісторыю свайго краю, жыццё народа, лепш разумеем час і сябе.

Так сталася, што на працягу ўсяго перыяду свядомага развіцця чалавецтва цэнтрам духоўнага ўдасканалення грамадства з’яўлялася літаратура. Рух грамадства, несумненна, адбываецца па сваіх законах, і этапы гэтага руху, яго заканамернасці мы пазнаём перш за ўсё праз літаратуру, праз друкаванае слова.

Беларуская літаратура заўсёды была выразнікам болю і трывог, роздуму і надзей, “валадаром дум народных”, ледзь не адзіным мастацкім адбіткам душы нацыі. Літаратура ад пакалення да пакалення несла дар, пераняты ў народа і замацаваны ў мастацкім слове, – дар праўды, дабрыні і любові, разумення вялікага свету з дапамогай твораў прыгожага пісьменства.

Творы мастацтва слова не могуць існаваць самі па сабе, яны абавязкова з’яўляюцца часткай сусветнага літаратурнага працэсу. Літаратуру называюць спрасаваным сусветам. Узнікшыя ў выніку свабоднага натхнення, выдатныя творы мастацкай літаратуры адлюстроўваюць жыватворны дух народа, жыццём якога жывуць творцы, у асяроддзі якога яны выхаваны, “духам якога дыхаюць”.

Мабыць, таму беларуская літаратура дала свету больш, чым свет ведае пра яе.

Беларуская лiтаратура

Подняться наверх