Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 4

Ад антычнасці да сярэднявечча

Оглавление

Антычнасць – старажытная культура Грэцыі і Рыма. Паняцце “антычнасць” даволі шырокае, яно ўключае цэлую эпоху, калі зараджаліся і закладваліся асновы дзяржавы і права, прынцыпы свабоды і дэмакратыі, выпрацоўваліся законы роўнасці паміж людзьмі, якія маглі вылучацца найперш сваімі прыроднымі якасцямі – фізічнай сілай, гнуткасцю розуму, кемлівасцю, дасціпнасцю, гумарам, мудрасцю, адкрытым характарам.

Гэта была эпоха культу Чалавека, росквіту яго разумовых і фізічных здольнасцей, дадзеных яму маці-прыродай У названы перыяд інтэнсіўна развіваецца філасофская думка (Сакрат, Платон, Арыстоцель), шмат зроблена ў станаўленні выяўленчага мастацтва (Праксіцель, Фідзій, Лісіп), архітэктуры, тэатра. У эпоху Антычнасці значных вяршынь дасягае літаратура, з’яўляюцца выдатныя майстры слова – Гамер, Гесіёд, Сапфо, Вергілій, Авідзій. Матэрыяльная і духоўная культура Антычнасці сталі падмуркам, на якім развівалася ўся еўрапейская навука, адукацыя, літаратура і мастацтва. Традыцыі грэчаскіх трагедыі, камедыі, сатыры, лірыкі (байка, эпіграма, мадрыгал) ляжаць у аснове сучасных твораў. Антычны свет даў людзям Алімпійскія гульні, класічны тэатр, усталяваў выдатную сістэму адукацыі, пакінуў высокія ўзоры мастацтва. У той час узніклі брукаваныя дарогі, амфітэатры, іпадромы, з’явіўся цырк, былі пабудаваны магутныя масты, у рэлігійным богаслужэнні ўкараняліся хоры, дыялогі. Антычная літаратура надзвычай багатая па змесце і дасканалая па форме.

Асаблівую цікавасць уяўляюць сабой міфы і легенды Старажытнай Грэцыі і Рыма, а таксама паэмы-эпапеі Гамера “Іліяда” і “Адысея”, трагедыя Эсхіла “Прыкуты Праметэй”, паэма Вергілія “Энеіда”, лірыка Катула і інш. Міфы і легенды Старажытнай Грэцыі расказвалі аб нараджэнні планет, кантынентаў, частак свету, зямных цывілізацый.

Сярод міфаў самага ранняга (архаічнага) перыяду грэчаскай гісторыі – цудоўнае паданне аб нараджэнні багіні прыгажосці і кахання Афрадзіты з марскіх хваляў. З маленькай кропелькі крыві бога Урана ў марской пене з’явілася на свет гэтая багіня. Цікавы і незвычайны міф пра Зеўса. Тытан Крон, сын багоў Урана і Геі, хітрасцю скінуў свайго бацьку і заняў яго месца на Алімпе. Баючыся, што нашчадкі зробяць з ім тое ж, Крон глытаў усіх сваіх дзяцей. Цудам, вялікай таямніцай і загадкай стала выратаванне аднаго з апошніх сыноў – Зеўса. Яго маці Рэя (жонка Крона), каб засцерагчы сына ад смерці, схавалася ў глыбокай пячоры на востраве Крыт, дзе і нарадзіўся яе сын Зеўс. Як вядома, менавіта на гэтым востраве пазней зарадзілася цывілізацыя, да якой належым і мы. Ненажэрнаму Крону замест дзіцяці Рэя дала праглынуць прадаўгаваты камень, загорнуты ў пялёнку. Крон задаволіўся ім. Зеўс – галоўны бог, само жыццё, які дае жыццё іншым, “першапатэнцыя”, сіла, дух – перавёз на Крыт прыгажуню Еўропу, закахаўшыся ў яе з першага погляду. Ад іх сына Мінаса пайшлі іншыя цывілізацыі. Дарэчы, аснова “мін” – у імёнах князёў Вялікага Княства Літоўскага (Міндоўг, Гедымін), у назве галоўнага горада беларусаў – Менска, што магло азначаць узнікненне новага культурнага кола (Т. Шамякіна).

Са шматлікіх міфаў узніклі крылатыя выразы, якія часта выкарыстоўваюцца ў нашым жыцці: нітка Арыядны, ахілесава пята, сізіфава праца, аўгіевы канюшні, танталавы пакуты, скрынка Пандоры, дамоклаў меч, траянскі конь, вечны горад.

З беларускімі вандроўнымі старцамі-лірнікамі можна параўнаць старажытнагрэчаскага сляпога паэта Гамера, які хадзіў па плошчах і рынках і спяваў пад акампанемент кіфары. Гамера ва ўсе часы называлі бацькам паэзіі, царом усіх паэтаў. Яго “Іліяда” і “Адысея” – выдатныя паэмы старажытнагрэчаскага эпасу. У першай з іх Гамер расказваў пра Траянскую вайну. Троя, альбо Іліён (адсюль “Іліяда”), – горад у Малой Азіі, вядомы з канца ІV тысячагоддзя да н. э. У паэме мы сустракаемся з Зеўсам, які скаланае зямлю, хутканогім Ахілесам, кемлівым Адысеем, а таксама з падобным да бога, прыгожым, як бог, маладым Парысам. З-за прыгажуні Алены пачалася Траянская вайна, якая цягнулася дзесяць гадоў. Парыс – сын траянскага цара Прыама, а Алена – спартанская царыца, жонка цара Менелая. Пакахалі адно аднаго траянскі царэвіч Парыс і Алена, дачка Спарты, схаваліся ў крэпасці Троі (Іліён – Троя), але пайшлі грэчаскія цары на горад.

У паэме гаворыцца пра змаганне Патрокла за свае караблі, якія збіраўся спаліць Гектар, малюецца паядынак Ахілеса з Гектарам. Як вядома, Ахіл перамог героя траянцаў, прывязаў цела Гектара да калясніцы і ездзіў перад сценамі Троі. Але ўпрасіў бацька – цар Прыам аддаць яму цела забітага сына. Доўга не маглі ўзяць грэкі асадай Трою. Заваявалі Трою дзякуючы хітрасці Адысея.

Паэма Гамера “Адысея” – апавяданне пра небяспечную вандроўку хітрага і кемлівага Адысея на родную Ітаку. Дзеянне адбываецца на сушы, на моры, на нябёсах і ў падземным царстве, сярод разбойнікаў і людаедаў, на сонечных фантастычных астравах, сярод прыгожых і духоўна багатых людзей. Буры перашкаджаюць вяртанню, пагражаюць загубіць карабель. А ў гэты час на радзіме шматлікія і зламысныя жаніхі рабуюць дом Адысея, кожны з іх хоча ўзяць сабе за жонку Пенелопу, якая ўвесь гэты час чакае Адысея. Нарэшце Адысей распраўляецца з ворагамі, дома сустракаецца з сынам, вернай жонкай, заступаецца за старога бацьку і зноў усталёўвае сваё царства.

Паэмы Гамера “Іліяда” і “Адысея” сталі першымі літаратурнымі помнікамі, створанымі ў Старажытнай Грэцыі. Гэтыя творы прынеслі сусветную славу і вядомасць усёй заходнееўрапейскай літаратуры.

Змест і кампазіцыя паэмы Вергілія “Энеіда” даволі разнастайныя. Паэма складаецца з 12 песень, кожная з якіх успрымаецца з цікавасцю. У першай песні апавядаецца пра тое, як траянец Эней са сваімі спадарожнікамі сёмы год вандруе па моры, пра тое, як Нептун ратуе караблі, што могуць загінуць у час шторму. У іншых песнях расказваецца пра самыя розныя прыгоды Энея, якому з усіх бакоў пагражае небяспека: цыклопы, пявунні, астравы-прывіды Сцыла і Харыбда, птушкі-гарпінні. Эней трапляе ў Карфаген. У пятай песні вандроўкі па моры працягваюцца. У ёй Эней прызнаецца ў любові да бацькі. У шостай песні караблі прыбываюць у Італію, вандроўнікі спускаюцца ў падземнае царства, дзе Эней сустракаецца з бацькам. Гэтая песня вельмі важная, бо ў ёй гучыць матыў звароту да рымлян, якія павінны навучыцца “народамі правіць” – “у гэтым мастацтва”. Затым герой вяртаецца на паверхню зямлі, трымае шлях да італійцаў, каб “спяваць аб вайне”. Войны, пакуты, смерць, гатоўнасць ахвяраваць сабой, неймаверная храбрасць паклалі пачатак вялікай Рымскай імперыі.

“Энеіда” – паэма аб будаўніцтве новай дзяржавы. У ёй апяваецца вялікі цуд адраджэння славы і велічы асобы, надзеі моладзі на будучае, парыванні маладых. Змаганне шло за самога чалавека, за тое, каб не толькі надышоў мір, але і каб будучае Італіі і ўсяго свету стала бязвоблачным, радасным, шчаслівым, каб на зямлі панаваў спакой. Дзеля гэтага ўзводзілася моцная і квітнеючая дзяржава, дзе кожны чалавек змог бы найлепшым чынам праявіць сябе, жыць шчасліва.

Вергілій стаў класікам пры жыцці, яго вершы і радкі з паэм завучвалі на памяць цары і прасталюдзіны, па яго вершах спрабавалі варажыць, іх выкарыстоўвалі ў эпітафіях і эпіграфах, яны давалі штуршок нараджэнню новых твораў.

Вергілій – апошні паэт Антычнасці, які ўслаўляў “залаты век” літаратуры Старажытнага Рыма. Яго прызнавалі за найвялікшага рымскага генія, хрысціянская царква лічыла святым.

Дантэ звяртаўся да Вергілія: “О гонар і светач усіх песняроў на зямлі!”, “Мудрэц, які ўсё ведае!”, “Вышэйшы розум!”, “Настаўнік таямніц запаветных!”

Шырокавядомы ў народзе міф, што пакладзены ў аснову сюжэта трагедыі Эсхіла “Прыкуты Праметэй”. Праметэй выкраў на Алімпе агонь, якім распараджаліся багі, аддаў тое жыватворнае полымя людзям, за што Зеўс загадаў прыкаваць віноўніка да скалы. Да прыкутага героя кожны дзень прылятае арол, каб дзяўбці яго печань. У фінале твора Праметэй правальваецца пад зямлю разам з кавалкам скалы, да якой ён быў прыкуты.

Назва Грэцыі на грэчаскай мове – Элада, а грэкі называлі сябе элінамі. Час росквіту старажытнагрэчаскай літаратуры прынята называць перыядам класікі або элінскім перыядам.

У эпоху элінізму паспяхова развівалася лірыка рымскіх паэтаў Катула, Авідзія, Гарацыя. Арыстоцель распрацаваў “Паэтыку” вершаскладання, сістэму жанраў, стыляў, вобразаў, смела пранікаў у законы мастацкай творчасці, не толькі імкнуўся данесці да чытача прыгажосць мастацкага твора, але і раскрываў адметнасці мастацкай формы, г. зн. паглыбляўся ў самую сутнасць твора, раскрываў тэхналогію, па якой ён створаны.

Падагульняючы, можна зрабіць вывад, што ў часы Антычнасці на першы план выходзіў культ грамадства, поліса, грамадзянскасці, калі кожны грамадзянін адчуваў сваю еднасць з грамадой, далучанасць да дзяржавы, прымаў удзел у яе жыцці, прыкладаў намаганні дзеля ўзмацнення яе магутнасці. Услаўляўся герой не толькі гарманічны (Афіны), але і аскетычны (Спарта), адкуль і пайшоў выраз “спартанства”, калі герой у імя высокіх мэт і велічы дзяржавы, дзеля высокай ідэі ахвяроўваў зямнымі радасцямі і ўцехамі, вёў спартанскі лад жыцця, абмяжоўваў сябе. Развіваліся гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі, значна ўзрос у грамадстве аўтарытэт вучонага, вынаходніка, чалавека таленавітага, узмацнялася павага да філосафаў, аратараў, мудрых асоб, якія ўмелі запаліць словам людскія душы, павесці за сабой. Шырока развівалася ў часы Антычнасці выяўленчае мастацтва. На першым плане часоў Антычнасці – культ фізічнай прыгажосці (багі, героі Гамера, удзельнікі Алімпіяды). Тэатр “забірае” ў палон грамадзян, якія прагнуць прыгожага – “хлеба и зрелищ”, у грамадстве пануе ўслаўленне ўсіх зямных уцех і радасцей жыцця, міфы, вера лёс.

Сярэднявечча – перыяд ад V ст. н. э., з часоў падзення Рымскай імперыі, да XV ст., калі пачалася эпоха Адраджэння. Гэта быў час, калі ў цэнтры светапогляду, людской увагі былі нябесныя сілы, калі надзвычайнае пакланенне Богу і рэлігійны (хрысціянскі) культ панавалі ва ўсім жыцці. У гэты час узрос аўтарытэт Бібліі, шырока распаўсюджваліся шматлікія рэлігійныя вучэнні, вывучаліся пропаведзі святых айцоў, немагчыма было не прыслухоўвацца да настаўленняў царквы і касцёла. Аскетызм і рыгарызм сталі нормай чалавечага існавання. Узнікла манаства. Служэнне Богу станавілася самым распаўсюджаным заняткам. Панаваў культ рэлігійнага падзвіжніцтва, захавання рэлігійных канонаў, догмаў. Шырока бытаваў у Сярэднявеччы культ рыцара, які змагаўся на ратным полі, ажыццяўляў свае подзвігі ў імя росквіту і магутнасці краіны. Воінскі гонар, доблесць і адвага цаніліся ў грамадстве вышэй за ўсё. Сярэдневяковая культура грунтавалася на жанравым сінкрэтызме (злітнасці) форм: царкоўнай і свецкай, першая з якіх, больш афіцыйная, часам прыходзіла ў сутыкненне з простанароднай, “смехавай”, карнавальнай, агульнадаступнай.

У эпоху Сярэднявечча распаўсюджвалася рэлігійнае асветніцтва, у светапоглядзе пераважаў хрысціянскі гуманізм. Аднак усё прыкметней станавілася панаванне схаластыкі, традыцыяналізм змяняўся кананічнасцю, дагматызмам, а нярэдка і нецярпімасцю да іншадумства і свабоды выбару. У свецкай літаратуры вельмі мала ўвагі ўдзялялася пакутам і нягодам простага народа. У процівагу царкоўнай і саслоўнай літаратуры для духавенства і дваранства ў асяроддзі простага люду ўзнікла народная літаратура, як аўтарская, так і ананімная.

Але менавіта ў эпоху Сярэднявечча назіраўся рост буйных гарадоў, заяўлялі аб сваёй самастойнасці новыя дзяржавы, ішло інтэнсіўнае станаўленне і фарміраванне з жывых народных гаворак нацыянальных моў. У Еўропе ўзнікла кнігадрукаванне. Ажыццяўляліся вялікія падарожжы, у выніку якіх былі адкрыты новыя землі.

Антычная і сярэдневяковая культуры аказалі вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры, у якой знайшлі сваё яскравае ўвасабленне шматлікія тэмы, вобразы, сюжэты сівой даўніны чалавечай цывілізацыі.

Беларуская лiтаратура

Подняться наверх