Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 15
Развіццё новай беларускай літаратуры XIX ст.
Рамантызм
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808–1884)
ОглавлениеЖыццёвы і творчы шлях Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча з’яўляецца яркім прыкладам таго, як няпроста было пачынаць пісаць па-беларуску, як нялёгка адраджалася і сцвярджала сябе новая беларуская літаратура.
Для В. Дуніна-Марцінкевіча мастацкая творчасць была справай усяго жыцця, ён без рэшты аддаваў сябе стварэнню тэатра, напісанню драм, камедый, лібрэта опер, выявіў сябе ў паэзіі і прозе.
Тэатральныя калектывы, якія ствараў Дунін-Марцінкевіч, былі аматарскімі, у іх удзельнічаў сам аўтар і яго сям’я. Уся сям’я пісьменніка мела дачыненне да паўстання 1863–1864 гг., сам В. Дунін-Марцінкевіч апынуўся пад хатнім арыштам. Яму забаранілі пісаць па-беларуску, але ён працаваў. “Беларускі Мальер” – В. Дунін-Марцінкевіч – клапаціўся пра развіццё нацыянальнай драматургіі. На пачатку 40-х гадоў ХІХ ст. у Мінску ставілася адна з трох створаных ім опер – “Рэкруцкі яўрэйскі набор”. Яна мела вялікі поспех. Тэксты лібрэта не захаваліся. Затое нам вядома пра поспех оперы “Ідылія”, якая была пастаўлена ў 1852 г. і музыку да якой на лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча напісаў вядомы кампазітар С. Манюшка. “Ідылія” – самастойны драматургічны твор (лібрэта оперы было надрукавана асобным выданнем у 1846 г.), сюжэт якога просценькі, сапраўды ідылічны, аднак даволі жывучы, можна сказаць, вандроўны ў беларускай літаратуры канца XIX – пачатку і сярэдзіны XX ст. Ён не траціць сваёй актуальнасці, на жаль, і сёння. Сюжэт аб тым, як расхвальваецца ўсё чужое і ганіцца ўласнае, тое, што бытуе на Бацькаўшчыне, на чым чалавек узгадаваны.
В. Дунін-Марцінкевіч як мастак слова фарміраваўся пад уплывам перадавых ідэй часу, польскага рамантызму 40–60-х гадоў XIX ст. А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Э. Ажэшкі, М. Канапніцкай, а таксама філасофіі Ж.-Ж. Русо, Вальтэра, Д. Дзідро, сусветнай класікі. Менавіта ён узняў беларускую п’есу на ўзровень сусветнай класікі. Яго творы сапраўды класічныя, яны не старэюць і прачытваюцца ў кожным часе па-новаму. Ён узнімае адвечныя праблемы неадпаведнасці знешніх прэтэнзій і ўнутранай сутнасці чалавека, як, напрыклад, фарс-вадэвіль “Пінская шляхта” (1866). Гэта першая беларуская камедыя. Шмат камедыйнага ў п’есе, але смех у ёй намнога глыбейшы, чым гэта можа падацца на першы погляд. Сварацца дзве сям’і, дзве галіны аднаго сялянскага роду, толькі з-за таго, што Іван Цюхай-Ліпскі абазваў Ціхона Пратасавіцкага мужыком. Рассудзіць іх прыязджае такі ж абмежаваны ў поглядах чалавек, чынадрал і судовы бюракрат суддзя Кручкоў, які нічым не адрозніваецца ад тутэйшага люду, любіць выпіць “кубак крупніку”, а “на прашчанне” просіць: “…заспяваем нашу родную песню ды паскачам на заручынах”. Раз’яднанасць, “рассяляньванне” сялянства, падзел на касты і групы, эгаізм і фанабэрыя, затурканасць дазваляюць круціць мясцовым людам хто як захоча, крыўдзіць іх і абражаць, трымаць у невуцтве, выкарыстоўваць іх абмежаванасць, пасіўнасць і апатыю, каб зняць новае “жніво”.
Праблема самавызначэння беларускага народа – адна з магістральных тэм у беларускай літаратуры. В. Дунін-Марцінкевіч ствараў народную літаратуру, адкрываючы народ і паказваючы народу шляхі духоўнага станаўлення.
В. Дунін-Марцінкевіч напісаў камедыю “Залёты” (1870), вершаваныя аповесці “Гапон”, “Вечарніцы” (абедзве ў 1855), “Халімон на каранацыі”, “Купала” (1856), “Травіца брат-сястрыца”, “Шчароўскія дажынкі”, “Быліцы. Расказы Навума” (1857), пераклаў на беларускую мову раздзелы паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш” і інш.
Незвычайны лёс народнага творцы. Буркатлівым, змужычэлым гарбуном насмешліва называлі яго бацькі будучай жонкі, якія не хацелі выдаваць дачку замуж за беднага кансісторскага чыноўніка. Але яна, закахаўшыся, пайшла насуперак волі бацькоў. Пажаніўшыся, яны разам ладзілі спектаклі, разам спявалі, а пазней у хатніх спектаклях разам з імі прымалі ўдзел і іхнія дзеці – дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў. Толькі падмурак захаваўся на шляху з Івянца ў Мінск ад таго дома ў Люцінцы, дзе жыў Дунін-Марцінкевіч з сям’ёй. Падмуркам новай прафесійнай літаратуры на Беларусі была і творчасць гэтага выдатнага пісьменніка.
Пытанні для кантролю
1. У чым заключаецца спецыфіка рамантызму як літаратурнай плыні?
2. Якія прыёмы і сродкі рамантычнага адлюстравання выкарыстоўвалі беларускія пісьменнікі ў мастацкай творчасці?
3. Назавіце імёны пісьменнікаў-рамантыкаў у беларускай літаратуры.
4. Які асноўны пафас твораў У. Сыракомлі?
5. Што вы ведаеце пра таварыствы філаматаў і філарэтаў?
6. Якія фальклорныя зборнікі і творы Яна Чачота вы можаце назваць?
7. У чым вы бачыце сувязь творчасці Яна Чачота і Адама Міцкевіча з жыццём і культурай беларускага народа?
8. Ахарактарызуйце адну з выдатнейшых паэм А. Міцкевіча.
9. Якія малюнкі беларускага жыцця адлюстраваны ў творчасці А. Міцкевіча?
10. Назавіце галоўны літаратурны твор і вядомыя вершы Я. Баршчэўскага.
11. Назавіце імёны беларускіх паэтаў-дэмакратаў.
12. Ідэйны змест народнай паэмы “Тарас на Парнасе”.
13. Грамадзянская пазіцыя і асаблівасці драматургіі В. Дуніна-Марцінкевіча.