Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 17
Развіццё новай беларускай літаратуры XIX ст.
Рэалізм як вядучы літаратурны напрамак
Францішак Багушэвіч (1840–1900)
ОглавлениеФ. Багушэвіч – першы вялікі нацыянальны паэт, які пісаў пра існаванне беларускай нацыі, выразна адзначаючы агульнасць псіхалогіі народа і яго мовы, якая “і ёсць адзежа душы”, акрэсліваючы межы роднай старонкі: “Там, братцы, яна, дзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…” Так пісаў Ф. Багушэвіч у прадмове да сваёй паэтычнай кнігі “Дудка беларуская”, выдадзенай у Кракаве ў 1891 г. Пасля Ф. Скарыны ўпершыню Багушэвіч заявіў аб сваёй прыналежнасці да нацыянальнага паэтычнага свету да мовы народа пра якую ён пакінуў свой мудры запавет: “Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем катораму мову займе а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” Ён быў паўстанцам у 1863 г., выступаў са зброяй у руках, пазней стаў следчым і адвакатам – мужыцкім заступнікам. Такім жа заступнікам гарапашнага люду ён стаў і ў літаратуры. У паэме “Кепска будзе!” Ф. Багушэвіч выводзіць на авансцэну героя – юнака яшчэ падлетка пазбаўленага ўласнага імя. Беларускі люд, як той “Аліндарка з каліндарка”, упершыню пачынаў усведамляць, што яны, тутэйшыя жыхары, – беларусы, ідуць нялёгкімі шляхамі самапазнання і самавызначэння. Без долі нарадзіўся чалавек на гэтай зямлі, прайшоў праз здзекі, глум, гвалтаванне, бяспраўе, праз астрог і пастарунак, каб пераканацца, што датуль “кепска будзе”, пакуль людзі не адчуюць сябе людзьмі і не знойдуць праўду на свеце, не набудуць, як і герой паэмы, у рэшце рэшт, свайго імя.
Жыццёвая рэальнасць паўстае ў Ф. Багушэвіча ў трагічным асвятленні. Гэта была сапраўды трагедыя народа, за якім гора ішло па пятах, дыхаючы ў патыліцу (“Гора”), калі “не надта свабодна ў гэтай свабодзе”. Паэт завастрае праблемы гора і нядолі сялянства, паказвае іх узбуйнена, аголена, непрыхарошана. Вершы “Бог не роўна дзеле”, “Праўда”, “Ахвяра”, “Не цурайся”, “Чаго бяжыш, мужычок?”, “Калыханка” пабудаваны на народна-песенных традыцыях. Настраёвыя, эмацыянальныя, інтанацыйна багатыя, яны сваім размоўна-бытавым каларытам нагадваюць галашэнні, дыялогі, маналогі, сцэнкі, звароты, дзе падрабязна гаворыцца пра розныя жыццёвыя сітуацыі, нявыкрутку і тупікі, у якія траплялі простыя сяляне. Уражваюць дакладнасць мастацкіх дэталей, уменне паэта стварыць яркія і запамінальныя, сапраўды тыповыя малюнкі беларускай парэформеннай рэчаіснасці. Крытычны, выкрывальны пафас жывіць усю творчасць Ф. Багушэвіча, ён умела карыстаецца іроніяй, сарказмам. У многіх творах падаюцца народная філасофія быцця, маральна-этычныя законы, якія прымушаюць чалавека трымацца праўды, справядлівасці, сумленнасці.
Ф. Багушэвіч – заснавальнік крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры. Заслуга паэта ў тым, што ён стварыў тыповы вобраз селяніна-беларуса, паказаў яго не заскарузлым мужычком, нехлямяжым, вечным няўдачнікам, а дасціпным, мудрым, іранічным, з трывалымі жыццёвымі каранямі і глыбокай філасофіяй. Ф. Багушэвіч ніколі не парываў свае сувязі з народам, і дзякуючы менавіта яму беларускі народ і беларуская літаратура набылі сваё ўласнае імя.