Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 20
Развіццё новай беларускай літаратуры XIX ст.
Рэалізм як вядучы літаратурны напрамак
Працяг дэмакратычных традыцый
ОглавлениеНапрыканцы XIX ст. беларуская літаратура развівалася ў розных кірунках, хоць умовы для яе развіцця былі далёка не спрыяльнымі, бо амаль зусім адсутнічаў беларускі друк. Часта, каб быць надрукаваным, беларускі верш выдаваўся за балгарскі ці яшчэ чый-небудзь. Так у 1903 г. у Пецярбургу выйшаў у свет пасля смерці Янкі Лучыны яго зборнік “Вязанка”. Па-ранейшаму з’яўляліся творы бытапісальнага зместу (А. Пшчолкі, В. Арлоўскага), дэмакратычную традыцыю прадаўжалі Альгерд Абуховіч, Фелікс Тапчэўскі, Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, Янка Лучына, Адам Гурыновіч.
Янка Лучына (Іван Люцыянавіч Неслухоўскі, 1851–1897) нарадзіўся ў Мінску ў сям’і адваката. Пасля заканчэння Мінскай гімназіі вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, спачатку на матэматычнам факультэце ўніверсітэта (адзін год), пазней закончыў тэхналагічны інстытут. Служыў начальнікам чыгуначных майстэрняў у Тыфлісе, там пазнаёміўся з М. Горкім, які пры выпадковых сустрэчах з агульнымі знаёмымі часта распытваў пра лёс паэта, неаднойчы падкрэсліваючы, што “асабіста ведаў яго”.
У 1886 г. Я. Лучына, прыехаўшы ў Мінск наведаць радню, цяжка захварэў, быў паралізаваны, але пераадолеў хваробу і “з двума кійкамі мог хадзіць”. Хвароба якраз і актывізавала адчуванні, думкі паэта, абудзіла яго ўражанні ад вялікага свету.
Я. Лучына пачаў літаратурную творчасць, калі яму споўнілася 35 гадоў, пісаў, асабліва не разлічваючы на шырокую вядомасць сярод чытачоў ці на асобнае месца ў літаратуры, але стаў адным з першых прафесійных пісьменнікаў на Беларусі. Пачынаў пісаць па-руску, надрукаваўшы ў газеце “Минский листок” верш “Не ради славы иль расчета” (1886), пісаў таксама на польскай і беларускай мовах. Паэт жыў увесь час у горадзе, але ў творах сваіх расказваў пра вёску.
Янка Лучына
Я. Лучына актыўна працаваў у літаратуры на працягу 1886–1890 гг., але ўбачыць шматлікія свае творы надрукаванымі пры жыцці яму ўдавалася не часта. Адразу пасля смерці паэта выйшаў томік яго вершаў на польскай мове ў Варшаве (“Poezye”), аповесць “Верачка” была выдадзена на рускай мове ў Маскве ў 1900 г. Да нас дайшоў зборнік вершаў на беларускай мове “Вязанка” пад псеўданімам Янка Лучына. Кніга выйшла ў 1903 г. у Пецярбургу. Я. Лучына вядомы і як публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч.
Зборнік вершаў Янкі Лучыны “Вязанка” адкрываецца перакладам твора У. Сыракомлі “Не я пяю – народ божы”. Па сутнасці, гэта творчая пазіцыя самога мастака слова, які хацеў падслухаць і перадаць сялянскія “спевы душы”. У той час увесь парэформенны Мінск нібыта павярнуўся “тварам” да народа, як бы захацеў зразумець і адчуць сялянскія боль, крыўду, горыч. Я. Лучына асабіста не быў знаёмы з Ф. Багушэвічам, “мужыцкім адвакатам”, але творчасць іх блізкая па духу. Я. Лучына як асоба культурная, высокаадукаваная, дбаў аб пашырэнні асветы сярод простых людзей. Рэалістычныя сцэнкі з жыцця працоўных выяўлялі трагічныя акцэнты ў светаўспрыманні жыцця беларускага люду самім паэтам і яго героямі. Паэта хваляваў лёс народа і будучае роднага краю. Вершы з кнігі “Вязанка” – гэта замалёўкі роднай прыроды, паказ гаротнай долі беднага мужыка.
“Усё ў табе бедна”, – кажа паэт у вершы-прысвячэнні “Роднай старонцы”.
Бязрадасныя малюнкі родных ніў і гоней паўстаюць перад вачыма. Але ў канцы верша паэт выказвае спадзяванне, што “сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне”, надыдзе новы дзень і будуць жыць дзеці, нашчадкі працоўнай сям’і, “добраю доляй”, “доляй шчаслівай”. Напоўнены псіхалагізмам верш “Што думае Янка, везучы дровы ў горад?”, у якім перададзены жорсткая рэальнасць (“бяда ў карак пагнала”) і мары селяніна.
Паэма “Паляўнічыя акварэлькі”, па сутнасці, стала ў беларускай літаратуры папярэдніцай “Новай зямлі” Я. Коласа. Паэт паказвае нараджэнне ў грудзях блізкіх яму простых людзей пачуцця ўсведамлення свайго гаротнага становішча, разам са сваімі героямі пакутуе, марыць. Я. Лучына, будучы рэалістам, не хаваў праяў дзікунскага побыту і поўнай галечы простага люду. Разам з тым ён вычарпальна і яскрава малюе карціны роднай прыроды. Мала хто так дэталёва, з замілаваннем апісваў прыроду. Я. Лучына перадае здаровы дух беларускай зямліцы, маляўніча і адухоўлена раскрывае багацці навакольнага свету.
Як і ў “Запісках паляўнічага” І. Тургенева, у паэзіі Я. Лучыны выяўляецца найперш душа працоўнага селяніна, што фарміравалася на ўлонні роднай прыроды. Паэт-інтэлігент як бы падагульняў усё сказанае паэтамі-папярэднікамі пра бяду і нядолю мужыка, але і адкрываў новую старонку ў паказе беларускага народа.
Прытрымліваючыся традыцыі “натуральнай школы”, Я. Лучына ў сваіх творах заглыбляўся ў жыватворныя адухоўленыя сілы народа, якія той чэрпаў з паўсядзённага яднання з роднай прыродай, каб скіраваць іх на пераўтваральную дзейнасць.
Адам Гурыновіч (1869–1894) рана, яшчэ ў студэнцкія гады, падчас вучобы ў Пецярбургу, далучыўся да беларушчыны, пачаў збіраць фальклор, складаць вершы па-беларуску Пісаў на трох мовах: рускай, беларускай, польскай. Спачатку пісаў на беларускай мове пракламацыйныя вершы ярка выражанага агітацыйнага зместу, потым з-пад яго пяра з’явіліся творы філасофскія, лірычныя, песенна-народнага складу, самабытныя і змястоўныя (“Што ты спіш, мужычок…”, “Перш душылі паны…”, “Што за звук ды так громка раздаўся…”, “Сцямнела на дворы і ціха кругом…”, “Да жніва”, “Раз у Зольках, у дзярэўні…” і інш.).
Глянь! Іны мужыкі
Уставаць пачалі.
Што я? хто за такі? —
Раздумываць сталі:
Ці я звер? Ці я птах?..
Ці я скаціна?
Ці ж здаецца мне так,
Што людска дзяціна?
Адам Гурыновіч
А. Гурыновіч раскрываў нялёгкія шляхі беларускага народа да самапазнання, марыў аб сацыяльнай і духоўнай незалежнасці беларусаў.
З марай пра лепшую долю народа, з надзеяй на светлую будучыню заканчвалася ХІХ стагоддзе.
Пытанні для кантролю
1. Калі сфарміраваўся рэалізм як асноўны напрамак у літаратуры?
2. Што ўваходзіць у паняцці “рэалізм”, “рамантызм”?
3. Назавіце творы рэалістычнага кірунку ў беларускай літаратуры.
4. Чаму Ф. Багушэвіча можна назваць заснавальнікам крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры?
5. У чым вы бачыце адметнасць біяграфіі пісьменніцы Элізы Ажэшкі?
6. Якія асноўныя рысы беларускага нацыянальнага характару знайшлі адлюстраванне ў аповесці Э. Ажэшкі “Хам”?
7. Асоба К. Каліноўскага ў беларускай гісторыі.
8. Якія асноўныя тэмы, ідэі, вобразы паэзіі Я. Лучыны?