Читать книгу Беларуская лiтаратура - Уладзімір Навумовiч - Страница 19
Развіццё новай беларускай літаратуры XIX ст.
Рэалізм як вядучы літаратурны напрамак
Кастусь Каліноўскі. Газета “Мужыцкая праўда”
ОглавлениеПаролем у паўстанцаў К. Каліноўскага былі словы:
– Каго любіш?
– Люблю Беларусь.
– Так узаемна.
Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі (1838–1864) – нацыянальны герой Беларусі. Выхадзец са старадаўняга шляхецкага роду К. Каліноўскі вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце стаў кандыдатам права але ўсё сваё свядомае жыццё прысвяціў рэвалюцыйнаму змаганню за вольнасць беларускага народа, за свабоду і незалежнасць. Уваходзіў у склад нелегальнай арганізацыі польскіх, літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх студэнтаў і афіцэраў, вёў актыўную падрыхтоўку да паўстання. Ён пачынаў змаганне ў рэчышчы польскага нацыянальна-вызваленчага руху, які дасягнуў найбольшага размаху на тэрыторыі Беларусі і Літвы, выступаў не толькі за незалежнасць Польшчы, але і за права народаў самім вызначаць свой лёс. Гэта быў апантаны ідэяй рэвалюцыйнага вызвалення барацьбіт за лепшую долю селяніна. К. Каліноўскі з сябрамі хадзіў ад вёскі да вёскі, агітаваў народ на барацьбу (яго першыя рэвалюцыйныя псеўданімы былі Васіль Світка, Хамовіч, Чарноцкі), заклікаў сялян змагацца за зямлю і волю, тлумачыў рабаўніцкі змест зямельных рэформ 1861 г. Перад пачаткам паўстання К. Каліноўскі ўзначаліў Літоўскі правінцыяльны камітэт, які неўзабаве абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі. У разгар паўстання К. Каліноўскі стаў урадавым камісарам Гродзенскага ваяводства, а затым урадавым камісарам Літвы і Беларусі. Але народны заступнік быў выдадзены правакатарам, арыштаваны і пакараны смерцю праз павешанне ў Вільні.
Агітуючы народ на змаганне, К. Каліноўскі выдаваў газету “Мужыцкая праўда”, сем нумароў якой выйшлі ў падпольнай друкарні ў 1862–1863 гг. Газета змяшчала звароты гаспадара сваёй зямлі, які назваў сябе “Яська – гаспадар з-пад Вільні”, да ўсіх сялян, да простага люду. Аўтар даверлівага звароту да ваяроў-змагароў сцвярджаў народную праўду пра “тлум і здзерства і несправядлівасць”. К. Каліноўскі валодаў сакавітым беларускім словам, сам пісаў вершы, быў асобай таленавітай. “Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца да сахі, – цяпер настаў час, што мы самі можам пісаці… Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, але яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўдзе”. К. Каліноўскі заклікаў брацца за косы і сякеры, ісці здабываць лепшую долю. Газета давала ўяўленне пра магчымы дзяржаўны лад пасля перамогі паўстання, падымала пытанні дзяржаўнага будаўніцтва, пісала аб ролі асветы, навукі, культуры, аб абуджэнні народнага духу, фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, кансалідацыі нацыі.
У турме, у апошнія дні перад смерцю, Каліноўскі напісаў вядомыя “Лісты з-пад шыбеніцы”, прасякнутыя верай у перамогу народа, дзе былі такія радкі:
Бывай здаровы, мужыцкі народзе!
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе
I часам спамяні пра Яську свайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.
Вобраз К. Каліноўскага жывіў і жывіць творчасць многіх беларускіх пісьменнікаў.