Читать книгу Дыялогі з Богам (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 10
Показкі
Каб у пару забуяла бульба
ОглавлениеБылі мы, і быў ён. Мы ведалі, чаго хацелі, а ён хацеў проста жыць. Садзіць бульбу і слухаць цёплым адвячоркам, як у ліпах гудуць хрушчы…
Але не мы першыя прыдумалі, што ніхто не мусіць заставацца сам-насам. Да таго ж нас было многа, а ён быў адзін. І мы паабрывалі хрушчам крылы.
Зараз ён прыйдзе і стане слухаць наш рэй.
Ён, як мела быць, засумаваў, толькі зноў не пайшоў да нас. Цяпер ён слухаў свой сум, і мы не ведалі, што нам рабіць далей.
Так, нас было шмат і мы былі разумныя, а ён быў адзін і дурны, як варона, але ўпотайкі кожны з нас здагадваўся, што ўсе мы разам – толькі рэха ягонага суму.
– Трэба пайсці да яго і запытацца, што яму ад нас патрэбна, – аднойчы сказаў нехта.
І мы пайшлі і запыталіся, а ён адказаў:
– Каб у пару забуяла бульба.
– Хіба ад нас залежыць, у які час радзіць бульбе?
– Тады навошта вы?
– Каб нас было шмат.
– Дзён таксама шмат, але што з таго?
– З дзён і людзей складаецца жыццё. Хіба ты гэтага не ведаў?
– Я ведаю адно: зранку трэба ісці на поле, а вечарам дахаты, дзе ў ліпах гудзе сум.
І мы не знайшліся, як тут яшчэ запярэчыць чалавеку, у якога ёсць свой сум і непазбыўны клопат, каб у пару забуяла бульба.