Читать книгу Дыялогі з Богам (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 7
Показкі
На тым і гэтым свеце
ОглавлениеНе ведаю, як цяпер, але яшчэ за панамі наш кавалак пекла знаходзіўся якраз паміж польскім і расейскім. Аб гэтым распавёў мой сусед, кульгавы Яўхім, які трапіў туды не ў свой тэрмін і быў адпушчаны дахаты чакаць свайго часу.
З нашай вёскі шмат хто дзе бадзяўся, але калі мы сышліся ў Яўхіма, дык нават вядомы пляткар Здэнек зашпіліў свой язык на ўсе гузікі. Зрэшты, яно і зразумела. На гэтым свеце ты адно дзеля прыліку, а туды ідзеш, каб назаўжды спраўдзіцца.
– На нашай дзялянцы ціха. – Так распачаў сваю казань Яўхім. – Я нават падумаў, што, можа, чаго наблытаў. Вакол усё гудзе, стогне, енчыць, а ў нас хіба што воўхне нехта – і зноў ані згадкі. Я тады наўзбоч азірнуўся і бачу, што непадалёк хударлявы панок на барвовай патэльні таньчыць. Ён мяне таксама заўважыў і кліча: «Прошам пана, прошам пана». Зразумеў я, што, здаецца, не туды мне трэба, але панок прычапіўся, нават скакаць перастаў. Куды, кажа, пан пойдзе, дзе лепшай долі знойдзе? І абслуга тут далікатная, і патэльні парыжскага вырабу… А хай пан паглядзіць, што ў вас робіцца (ківае туды, дзе ціха): абслуга – не абслуга, быдла нейкае рагатае. Увесь час адно крэкча і рыкае. А ўмовы – матка Боска, што за ўмовы! У гной да барады загоняць і потым па галовах капытамі скачуць. У нас хоць і прыпякае часам, але як схопішся таньчыць, дык нават і весела.
– А можа, той далікатны панок мае рацыю, – не вытрываў Здэнек. – Усё жыццё былі мужыкамі, з гною не вылазілі, дык хай хоць на тым свеце з панамі паскачам.
– Пачакай, – кажа Яўхім. – Раптам нехта з другога боку крычыць:
– Ты куды, свінячае рыла?! Ці ж не бачыш, што там і аднаму месца не хапае? А ў мяне – глядзі які прастор і глыбіня, што мора.
Азірнуўся я, а там у сажалцы з кіпенем голы чалавек у генеральскай фуражцы плавае. А як шпарка – не раўнуючы шчупак…
Тут Яўхім змоўк, і мы распачалі сварку. Лаянка, лямант – енк такі стаяў, што, пэўна, у пекле цішэй. Хто быў на патэльню пагаджаўся, хто на сажалку: маўляў, паколькі яна вялікая, дык па краёх, мабыць, не так пячэ…
Стаміўшыся ад сваркі, мы прычапіліся да Яўхіма.
– Халера яго, хлопцы, ведае… Што ні кажы, да гною мы з маленства звыклыя, а як яно ў іншым месцы будзе – не паспытаўшы, не скажаш.
Быццам і слушна разважыў сусед. Толькі няма ў мяне да Яўхіма даверу. Яго і за гаспадара ніхто ніколі не лічыў. Сноўдаўся ўсё жыццё па вёсцы, абы дзень да вечара. А як ухопіцца за якую кніжку, дык і скаціну не дагледзіць. Можа, ён з кніжак і навыдумляў усё тое, што тут нам чоўп. Бо хто ж цябе пусціць у пекле швэндацца, быццам гэта кірмаш. Пэўна, і вокам міргануць не паспеў, як далі яму такога выспятка, што куляй назад вярнуўся…
Ат, чаго там шмат казаць, калі нават на той свет чалавек не справіўся ў свой тэрмін патрапіць.