Читать книгу Дыялогі з Богам (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 11

Показкі
Першае каханне

Оглавление

Мы і перажагнуцца не паспелі, а Богусь ужо сядзеў на чырвоным даху касцёла. Аднак гэтага яму падалося мала, і ён усцягнуўся на самы крыж.

Першы анёл, які вяртаўся (мяркуючы па стомленых рухах) аднекуль здалёк, толькі прабуркатаў незадаволена: «Што, іншага месца не знайшлося?», а другі, яшчэ зусім маладзенькі, аж аслупянеў, убачыўшы Богуся. Анёлак стаяў слупам у паветры і лыпаў вачыма.

– Гэй, ты, лупавокі, – закамандаваў Богусь, – злётай у вёску па Маню.

Маня хутка прыбегла і, нічога не пытаючыся, засакатала, як сячкарня:

– Дурны ты, Богусь! Каб меней піў гарэлкі, а болей чытаў кніжак, дык ведаў бы, што першае каханне існуе не дзеля таго, каб закаханыя бралі шлюб, а каб потым усё жыццё з замілаваннем успамінаць тыя шчаслівыя хвіліны…

– Хай сабе, – толькі й адказаў Богусь.

– Ну, калі ты гэткі дурны, дык і сядзі сабе тут, як варона, – раззлавалася Маня і пашыбавала дахаты, адкуль хутка з’ехала вучыцца ў горад. Але замуж яна так ніколі і не выйшла, бо ў яе, як потым выявілася, былі надта валасатыя ногі, а на той час якраз прыспела мода на голыя лыткі. Калі тая мода скончылася, Маня была ўжо старой дзеўкай, і ёй больш нічога не заставалася, як усё жыццё з замілаваннем успамінаць сваё першае каханне. А Богусь дасюль не злез з даху. Тырчыць там ці як укрыжаваны, ці як варона, і мы ўсе (і анёлы, і людзі) даўно ўжо з гэтым звыкліся. Бо калі тое было – мода на голыя лыткі.

Дыялогі з Богам (зборнік)

Подняться наверх