Читать книгу Дыялогі з Богам (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 12
Показкі
Джамалунгма
ОглавлениеА цяпер я распавяду пра чалавека, які марыў стаць Джамалунгмай. «Вось каб я быў Джамалунгмай, – разважаў гэты чалавек, – дык пра мяне чулі б нават пінгвіны на Алясцы».
Вядома, калі чалавек чаго захоча і будзе хацець доўга, то ягонае жаданне некалі спраўдзіцца. Аб гэтым кажуць яшчэ ў школе, а ў школе абы-чаго плявузгаць не будуць…
Урэшце так яно і атрымалася. Аднойчы раніцай адразу за мястэчкам мы ўбачылі нешта такое, ад чаго капелюшы паляцелі з галоў.
Як потым засведчылі вучоныя, наша гара была нават на некалькі сантыметраў вышэйшая за Джамалунгму, і пра Джамалунгму хутка ўсе забыліся, бо яна ўжо не лічылася паперадзе ўсіх.
З тае пары самыя дужыя мужчыны свету (і нават сёй-той з пінгвінаў) едуць да нас, каб адсюль ускараскацца на нябёсы. Мала каму з іх шанцуе дапнуцца да зораў, аднак здараюцца і шчасліўчыкі. Пра іх назаўтра пішуць у газетах, і той чалавек, што апынуўся гарой, тады злуецца на газеты і зайздросціць ужо не толькі абранцам нябёсаў, але і нягеглым пінгвінам…
* * *
Няма чаго і казаць, як нам да гонару, што сёння нашае мястэчка ведаюць ва ўсім свеце! Адно што кепска – цень ад гары надта ж цяжкі і доўгі. Таму мы ходзім сагнутыя крукам і сонца, лічы, не бачым, акрамя як самым падвячоркам акрайчык.