Читать книгу Дыялогі з Богам (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 8

Показкі
Гаротны лёс

Оглавление

Усяму свету вядома, што лепей за нас ніхто не ўмее наракаць ды скардзіцца. Мы і грамаце навучыліся раней за іншых, каб скаргі начальству пісаць.

Пакуль быў Бог, мы болей яму жаліліся і тады неяк без начальнікаў абыходзіліся. А як Бога адмянілі, дык начальнікаў адразу спатрэбілася процьма, бо нехта ж павінен быў чытаць нашыя крэмзы.

Але гаворка тут не пра скаргі, а пра нашае ўмельства перамагаць бяду скаргамі. Іншыя, як загарыцца хата, бягуць па ваду, а мы збярэмся ля вагню і наракаем на лёс. Не паспеюць галавешкі астыць, як у нас ужо і слёзы павысыхалі.

Нашае майстэрства трываць ды жаліцца здавён цікавіла вучоных. Дзе мяжа і ці ёсць мяжа іхняй трывушчы? – нарэшце паставілі яны пытанне рубам. І падпалілі ўсе нашыя хаты.

– Тут ужо напэўна яны кінуцца тушыць, – было іх меркаванне.

Дудкі! Дачакаліся мы галавешак і пабеглі ў лес абдзіраць бярозы. А як абадралі, дык такую скаргу на бяросце напісалі, што і сёння без слёз чытаць немагчыма.

Моцна зажурыліся вучоныя, бо далей не ведаюць, што яшчэ можна з намі зрабіць.

Але потым адзін акадэмік згадаў:

– За мяжой людзі разумнейшыя, – кажа.

Тады вучоныя паклікалі адмыслоўцу з далёкай стараны, і той не адразу, але прыдумаў. Трэба, тлумачыць, каб уся зямля ў іх пад нагамі спачатку гарэла, а потым чарнобылем зарастала.

Гэта вам не жартачкі – падпаліць столькі зямлі. Каб такую справу аблічыць і ўсё як мае быць падрыхтаваць, не адзін дзень змарнуеш.

Пакуль вучоныя лічылі-пералічвалі, мы і хаты адбудавалі, і скаргаў, можа, на сто вёрст напісалі.

Раптам – гарыць. І там, і тут – усюды гарыць. Няма куды бегчы.

Паўскідалі мы начальнікаў на плечы і таўчэмся з нагі на нагу. А як абедзве добра апячэ, дык падскокваем.

Вучоныя ў роспачы, замежны адмыслоўца плача, як бабёр, а мы нічога сабе. Скачам патрошкі і на свой гаротны лёс наракаем…

Апошнім часам пайшлі сярод нас чуткі, быццам неўзабаве нам зноў Бога вернуць. Сёй-той захваляваўся: што тады з начальнікамі будзе?

І ўсё да мяне ходзяць пытацца. А скуль я ведаю?

– Адчапіцеся, – кажу. – Так ці гэтак, але ж неяк будзе.

– І то праўда, – пагаджаюцца. – Бо ніколі яшчэ не было, каб ніяк не было.

Дыялогі з Богам (зборнік)

Подняться наверх