Читать книгу Дыялогі з Богам (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 5

Показкі
Там, дзе неба сыходзіцца з зямлёй

Оглавление

Там, дзе неба сыходзіцца з зямлёй, жылі маленькія мужчыны і яшчэ меншыя ад іх жанчыны. Вядома, пад нізкім небам і дрэвы і людзі не могуць вырасці высокімі. Праўда, у дробязях гэтыя людзі нічым не адрозніваліся ад нас, хіба што на пісьме не мелі вялікіх літар. А яшчэ помнікаў у іх не было, бо помнікі, як вы разумееце, ставяць адно вялікім…

Як я ўжо казаў, жылі яны чортведама дзе, але бабы з нашай вёскі адвеку ездзілі да іх па голкі, а мужыкі – каб падзівіцца. Раней ездзілі коньмі, а потым, як паклалі калейку, на цягніку. Што-што, а голкі ў іх атрымліваліся файныя. Далібог, ва ўсім свеце ніхто не рабіў лепшых. Больш спрытная баба такой голкай магла з адных плётак спадніцу выштукаваць. Толькі ўсё гэта ў мінулым…

Аднойчы апынуўся ў тых мясцінах надта вучоны чалавек.

– Апамятайцеся, людзі, – накінуўся ён. – Зямля круглая, і таму неба ўсюды аднолькава высокае.

– Калі неба аднолькава высокае, дык чаму мы маленькія?! – упікнулі яго.

– Няма маленькіх людзей, ёсць дурныя і разумныя, – запэўніў ён.

– На ўсё боская воля, – нагадалі яму.

Толькі не быў бы то вучоны. Не адразу, але неяк пераканаў іх, што зямля круглая і неба аднолькава высокае ўсюды…

Тады гэтыя людзі кінулі вырабляць голкі і звялі ўсё жалеза на помнік таму вялікаму чалавеку.

Файны атрымаўся помнік. Але дзівіў не гэтак сваімі памерамі, як вытанчанасцю дробязяў. Шкада толькі, што ён і дасюль покатам марнуецца ля кузні, бо няма каму ўсцягнуць яго на пастамент. Вядома, якія там людзі пад нізкім небам! Адно што празываюцца людзьмі…

Дыялогі з Богам (зборнік)

Подняться наверх