Читать книгу Дыялогі з Богам (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 16

Показкі
Споведзь апошняга інквізітара

Оглавление

Бог даў чалавеку ўсё, што яму трэба. Звера ў лесе, рыбу ў вадзе, зерне ў полі, агонь, жонку і дзіця ў хаце. І калі б Бог лічыў, што чалавеку патрэбныя крылы, – Ён даў бы яму крылы.

Вось чаму, як толькі нехта хацеў перарабіць на лепшы заведзены Богам парадак, мы раскладвалі вялізнае вогнішча на выгане за вёскай і з дымам выпраўлялі авантурніка ў нябёсы…

Гэты хлапчук яшчэ бегаў у кашулі, а я ўжо прыглядаўся да самых спелых бярозаў, якія мы некалі падсячэм, каб яго спаліць. І аднойчы сэрца маё залямантавала: гэта страшней за буру, страшней за пярун і боскую кару.

Я ўкленчыў перад людзьмі і пасыпаў галаву попелам – аднак мяне не паслухаліся.

– Чаму цябе бянтэжыць пляскаты кругляк, які падлетак выштукаваў з кавалка галамня? Кажы! – патрабавалі адусюль.

Але як я ні намагаўся перакласці лямант сэрца на відушчыя словы, у мяне нічога не атрымалася. Бо я ж таксама не ведаў, якая бяда хаваецца ў пляскатым кругляку, што так шпарка коціцца ўніз па сцежцы, смешна падскокваючы на рытвінах.

Людзі паволі разышліся, а кола падхапілі дзеці і доўга бавіліся, пакуль яно не выкацілася за селішча.

Першы раз кола вярнулася да нас фурманкай, з якой гандляр прадаў нам колькі сякераў і адну кніжку.

Другі – карэтай з панам, які сказаў, што будзе намі апекавацца, бо цяпер мы ягоныя халопы.

Трэці – цягніком, куды неўзабаве паселі лепшыя з нашых хлопцаў.

Чацвёрты…

Чацвёртага разу не было.

Толькі самалёты праляцелі над намі – і кіравалі тымі самалётамі нашыя хлопцы. Мы яшчэ махалі ім рукамі, а ў небе далёка на захадзе і далёка на ўсходзе, далёка на поўначы і далёка на поўдні ўжо выраслі да самых аблокаў паганыя грыбы.

І мы ўсе памерлі.

І калі мы паміралі на ахутанай гарачым попелам зямлі, дзе яшчэ зусім нядаўна было столькі людзей і вёснаў, я ўспомніў, што гэты пякельны агонь пачаўся з аднаго нераскладзенага вогнішча на выгане за нашай вёскай.

Дыялогі з Богам (зборнік)

Подняться наверх