Читать книгу Дыялогі з Богам (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 14
Показкі
Ненавуковая субстанцыя
ОглавлениеЛепей за нас ніхто не ўмее нахіляцца. Я гэта не сам выдумаў, аб гэтым ва ўсіх падарожных кніжыцах напісана, і таму да нас шмат хто едзе.
Жыве, скажам, чалавек на Барнэа, працуе, а потым пагартае падарожную кніжыцу і падумае сам сабе: нешта я даўно ні ў каго на карку не сядзеў. Трэба з’ездзіць туды, дзе самі нахіляюцца.
І прыедзе да нас, і пасядзіць, а потым вернецца на сваё Барнэа і зноў працуе.
Праўда, апошнім часам штосьці стала з намі рабіцца. Сёй-той пачаў саромецца свой карак пад чужую сраку падстаўляць. Столькі часу ганарыліся, а тут чамусьці трэба саромецца. Я гэтага аніяк не разумею. Тым болей, што інакш мы і не можам. Калі ў каго карак вызваліцца надоўга, дык ён нудзіцца, не ведае, навошта жыць, і нават, здараецца, вар’яцее.
Натуральна, я не мог ухваліць тыя настроі, што раптам запанавалі сярод надта сарамлівых. Пакідалі работу і крычаць на кожным рагу: досыць зневажаць сябе перад усім светам!
– Толькі таму свету і спраў углядацца, хто там сябе зневажае, – кажу я ім.
А яны мяне не слухаюць і, дзе ні сустрэнуцца, распачынаюць дыскусію. Адзін прапаноўвае сланоў з Індыі завезці, каб замежныя аматары не на нашых карках, а на слановых гойсалі, другі раіць шыі намыльваць – маўляў, хто ні сядзе, дык адразу скоціцца, а нейкі аграном з Капыля дадумаўся: на галовах, кажа, трэба хадзіць.
– Смеху варта такая дыскусія, – кажу я ім. – На сланоў адкуль грошай набрацца, шыі ў нас і без таго чужымі азадкамі адпаліраваныя, а што да галавы, дык мы спрадвеку дагары нагамі ходзім.
Сказаў так і пайшоў ад іх. А тут якраз па дарозе крамка, дзе павелічальныя шкельцы прадаюць. Я ўсцешыўся, не пашкадаваў грошай і подбегам да аднаго – прозвішча называць не буду, вы яго ўсе добра ведаеце. От жа чалавек! Не шкадуючы Бог розуму адваліў. Пра што ні запытайся, на ўсё адказ мае. Прафесар, адным словам.
Заходжу і адразу:
– Дыскутуюць, – кажу.
– Як яшчэ лаўчэй нахіляцца? – узрадаваўся прафесар.
– Ды не. Выпрастацца хочуць.
– Не можа быць…
Вялікі чалавек, а тут разгубіўся. Абхапіў галаву і бегае па стале, як ашпараны прусак. Я шкельца пад вока падсунуў і сачу, каб прафесар ад хвалявання не зваліўся на падлогу.
– Не можа быць, – мармыча. – І жменяй скублі, і па каліўцу шморгалі. Са стагоддзя ў стагоддзе скублі, з года ў год шморгалі. Адкуль гонар?
– Ды не ад гонару, – удакладняю. – Ад сораму. Апошнія мае словы настолькі ўразілі прафесара, што ён, Богам прызначаны адказваць, запытаўся:
– А гэта што такое?
– Халера яго ведае!
– От жа і я так думаю, што гэта не навуковая субстанцыя, бо па навуцы ніяк не выходзіць выпрастацца.
І пабег далей.
Шкада мне зрабілася прафесара. Ну колькі яго засталося, на два разы ў сральню схадзіць. Амаль усяго сябе аддаў чалавек справе, і на табе…
Абгарадзіў я стол, бы мурам, важкімі кнігамі са збору класіка жменяй скубсці і па каліўцу шморгаць, уздыхнуў засмучана і ўжо збіраўся развітацца, як нечакана прафесар ускараскаўся на небяспечную вышыню аднаго з фаліянтаў ды крычыць:
– І хай сабе! Як выпрастаюцца, дык лаўчэй будзе і жменяй скубсці, і па каліўцу шморгаць.
– Прафесар, трымайцеся, – залямантаваў я ў адказ.
Ледзьве паспеў. Злавіў прафесара ўжо ля самай падлогі, і то адно таму, што добра натрэніраваны нахіляцца.
Аднёс прафесара ў ложак, а сам пайшоў.
Іду па вуліцы і разважаю: ад вялікага сораму да пыхлівага гонару адзін крок.
Як у ваду глядзеў.
Неўзабаве абганяе мяне адзін з тых, надта сарамлівых.
– Куды, – пытаюся, – бяжыш?
А ён, з падскокам, адказвае:
– Бягу крычаць: злазь з даху, не псуй гонты.
Я подбегам услед. Ногі віруюць, а галава вярэдзіць: ну куды ты, дурань, прэшся, што там, грошы за дзякуй даюць?
Выбягаю да Палаца і аж вачам не веру. Столькі народу на пляц убілася, што і вужака паміж ног не праслізне. Ніколі не думаў, што ў нас такая процьма сарамлівых. І ўсе, як адзін, на Палац пазадзіралі галовы.
Бачыш ты іх, не паспелі выпрастацца, як вунь куды галовы пазадзіралі…
І равуць у адно горла:
– Злазь з даху, не псуй гонты.
– А што, не злазіць? – пытаюся ў бліжэйшага з сарамлівых.
– Учапіўся, што той клешч.
– Кляшчу пакуль запалкай не прыпячэш, не адпусціць, – міжволі ўспомніў я.
– Якія запалкі? Мы культурны народ, у нас тысячагадовая гісторыя!
– Дык чаго енчыць, калі гісторыя. Ён жа на даху сядзіць, а не на карку…
І яшчэ хацеў нешта сказаць, але часу не хапіла, бо міліцэйскія штыхі ўжо рассякалі пляц. Я, натуральна, наўцёкі, ды дзе там. Выперазалі што мае быць. Вярнуўся да хаты злосны, як не ў пару разбуджаны чмель. Халера іх пабяры, гэтых французаў, думаю. Калісьці панавыдумлялі абы-чаго, а нашыя сарамліўцы цяпер пра тое ўспомнілі і баламуцяць народ дыскусіямі. Ад сораму яшчэ ніхто ніколі не паміраў, а з дыскусіі часам такое пачыналася, ад чаго потым не адзін дыскутант уласным языком душыўся…
Зрэшты, чаго злавацца на французаў? Хіба я без іх не ведаў, што калі ў дзяцінстве бацька па срацы мала лупцаваў, дык потым міліцыянт абавязкова па спіне аддубасіць!