Читать книгу Ордэн Прамяністых - Зміцер Дзядзенка - Страница 10

Кастрычнік, 1927

Оглавление

Пальцы жоўтых кляновых лістоў

мкнуцца восень схапіць за шыю.

Не парушаць яе хараство,

не парушаць лісты залатыя.


Хлюдзінскі перабіраў у памяці гэтыя радкі нядаўна прачытанага верша Уладзіміра Дубоўкі, як католікі перабіраюць пацеркі на ружанцы. Вершы з іх медытатыўным рытмам заўжды дапамагалі яму суцішыцца, супакоіцца.

Вершы і шпацыр па свежым паветры.

Менавіта таму пасля прачуханца, атрыманага ў акруговым камітэце партыі, ён пайшоў бязмэтна бадзяцца па аршанскіх вуліцах, дыхаючы празрыстым восеньскім паветрам, якое вымывала з яго душы несправядлівыя словы партыйнага начальніка.

Музейшчык разумеў, што далі пытлю не проста так: ён – пад строгім наглядам і партыі, і яе карных органаў у выглядзе чэкістаў, якія цяпер называліся АДПУ[1]. Пераезд з Заходняй Беларусі ва Усходнюю, на які ён наважыўся некалькі гадоў таму, стаў пераломным у яго жыцці. Так, у БССР ішла беларусізацыя – беларуская мова была дзяржаўнай нароўні з польскай, рускай ды ідышам. Камуністы абвясцілі таксама каранізацыю – стаўку на мясцовыя, карэнныя кадры. Аднак пры ўсім тым да такіх, як ён, да перабежчыкаў з-за кардона, ставіліся даволі насцярожана і пастаянна нагадвалі, што з яго не спускаюць вока баявыя атрады камуністычнай партыі. Ім, непралетарскім элементам, не грэбавалі нагадаць, што яны толькі спадарожнікі, «попутчики», якіх толькі трываюць, часова трываюць побач.

Хлюдзінскі не разумеў гэтага недаверу савецкай улады да тых, хто не выступаў актыўна супраць яе – не ўздымаў зброю, не ладзіў нейкія мітынгі… Так, яму не ўсё падабалася ў дзеяннях камуністаў, але нават за царскімі часамі салонных крытыкаў рэжыму не пераследавалі. Цяпер жа ён адчуваў, што кожнае яго неабачлівае слова яму могуць прыгадаць пры зручнай нагодзе.

Акурат таму да звестак, якія паведаміў Андрэй Камар, Хлюдзінскі паставіўся вельмі насцярожана: гісторыя, расказаная юнаком, вабіла сваёй таямнічасцю, але і пагражала небяспекай. Забіты невядома за што стары навуковец – загадка, вартая таго, каб паспрабаваць яе раскрыць. Але няма сумневаў і ў тым, што ёю вельмі ўважліва зоймуцца і чэкісты, што пагражае цікаўным асобам увагай з боку нашчадкаў Дзяржынскага.

Тым не менш хочацца неяк дапамагчы і хлопцу, якога так узрушыла гэтая незразумелая гібель Грацыяна Пашкоўскага. Жорсткае забойства, белая ружа… А раптам гэта нейкае рытуальнае злачынства? І ці можа ў такім разе гэтае забойства чымсьці пагражаць іншым чальцам таго гуртка, пра які прагаварыўся Камар? Калі так, то хлопец трапіў у вельмі небяспечнае становішча і дапамагчы яму трэба без усялякіх ваганняў. Прынамсі, трэба неяк асцерагчы, пагаварыць з ім пра небяспеку гэтай сітуацыі.

А для таго, каб не прыцягваць да сябе лішняй увагі, ён, Хлюдзінскі, зацікавіцца навуковай спадчынай забітага Пашкоўскага, якая можа добра прыдацца да краязнаўчага музея. Вось і тлумачэнне для пабочных!

Пры гэтых думках Хлюдзінскаму падалося, быццам сонца зірнула не толькі на аблітыя чырванню і жаўцізной навакольныя вуліцы, але і дакранулася яго душы, асвятляючы яе сваімі нязыркімі восеньскімі промнямі…

1

Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне. Так называлася ЧК пасля рэарганізацыі.

Ордэн Прамяністых

Подняться наверх