Читать книгу Ордэн Прамяністых - Зміцер Дзядзенка - Страница 11
Кастрычнік, 1927
ОглавлениеАндрэя Камара ўсяго папросту калаціла ад нервавання.
Хлюдзінскі раней не бачыў такога нервовага ўзрушэння, таму спярша разгубіўся: што рабіць, чым дапамагчы непасрэдна тут і цяпер? Урэшце ён запарыў гарбаты і сунуў у рукі свайму госцю гліняны кубак з пахкім напоем.
У гэты вечар Хлюдзінскі позна затрымаўся на працы: складаў і пераправяраў вопісы на экспанаты, якія лічыліся за яго ўстановай. Праца была карпатлівая, нудная і, як кожны падобны занятак, вымагала вялікай увагі. Таму да нецярплівага гучнага грукату ў дзверы музейшчык адчуў раздражненне: давялося адрывацца на сярэдзіне дакумента, каб адчыніць неспадзяванаму госцю, якога прынесла ліхая часіна…
Але пабачыўшы ненатуральна спалатнелы твар чалавека, Хлюдзінскі сам спалохаўся і імгненна забыў, як толькі што кляў у думках няпрошанага наведніка.
Амаль з парога газетны наборшчык моўчкі сунуў у рукі музейшчыку яшчэ свежы нумар газеты, які пах друкарняй і пакідаў на руках чорныя сляды свінцовай фарбы. «Там», – толькі і змог выціснуць з сябе госць.
Газета была невялікай – чатыры старонкі. На першай, як заўжды, весткі з Масквы і Менску, заклікі рыхтавацца да дзесяцігоддзя рэвалюцыйнага Кастрычніка. Артыкулы на другой і трэцяй распавядалі пра гаспадарку Аршанскай акругі, пра падзеі грамадскага жыцця, важныя для аршанцаў, а на чацвёртай публікавалася розная драбяза, у тым ліку звесткі з крымінальнай хронікі, абвесткі пра чые-небудзь смерці ды іншыя аскепкі прыватнага жыцця, якога, як абяцаюць, у светлай камуністычнай будучыні не стане. На гэтай самай старонцы зрэдку друкаваліся нататкі самога Хлюдзінскага, прысвечаныя гістарычным знаходкам на Аршаншчыне.
Пакуль Камар піў гарбату, гаспадар двойчы перагледзеў усе матэрыялы газеты, але так і не зразумеў, што выклікала такі панічны прыступ страху ў хлопца, які прыбег да яго познім часам.
– Ну і? – запытаўся музейшчык, пабачыўшы, што госць крыху супакоіўся і перастаў калаціцца.
– На чацвёртай паласе, на апошняй, – Андрэй яшчэ ніяк не мог даць рады з голасам, таму гаварыў ён на высокіх, пісклявых тонах. – У аб’явах.
Хлюдзінскі зірнуў на патрэбную старонку, і мурзаты палец наборшчыка тыцнуў у адну з абвестак:
«12 кастрычніка 1927 года на 37-м годзе жыцця ад рукі зламысніка памерла Ганна Кавалёва, былая настаўніца Аршанскай жаночай настаўніцкай семінарыі. Просім усіх, хто валодае якой-небудзь інфармацыяй пра гэтае здарэнне, звярнуцца ў Акруговы аддзел АДПУ (вул. Зялёная, 17)».
– Мне патрэбныя тлумачэнні, бо я, шчыра сказаўшы, нічога не пабачыў такога ўжо надзвычайнага ў гэтай аб’яве, – Хлюдзінскі гаварыў спакойна, стараючыся перадаць гэты спакой свайму госцю, каб таго зноў не апанавала паніка.
Між тым у галаве ў музейшчыка міжволі мільганула думка: «Дай бог, каб гаворка ішла пра звычайную юнацкую закаханасць у старэйшую жанчыну – разумную і абаяльную. Калі я назіраю толькі трагічную гібель кахання, то гэта не так і блага – з гэтым можна справіцца. Абы толькі не штосьці горшае…»
– Кавалёва… Яна… Мы разам сустракаліся ў Грацыяна Пашкоўскага – памятаеце, я расказваў? – блытаючыся ў словах, пачаў распавядаць Андрэй. – Яна таксама хадзіла ў той гурток. Нас там было сем чалавек – разам з Пашкоўскім і ёй.
Ён шумна выдыхнуў і, гледзячы проста ў вочы Хлюдзінскаму, высокім, але цвёрдым голасам паведаміў:
– Яе забілі гэтак сама, як Пашкоўскага, – мне расказаў міліцыянер, які прынёс для набору гэтую аб’яву. І пакінулі на целе белую ружу.
Музейшчык доўгім уважлівым позіркам вывучыў твар госця, які ўжо страціў крэйдавую бель і наблізіўся да больш звыклых колераў.
– Здаецца, за ўсім гэтым хаваецца нейкая гісторыя, не ведаючы якой, я наўрад ці змагу дапамагчы нават парадай…
– Я вам раскажу тое, што ведаю, – спяшаючыся, запэўніў Андрэй. – Вы ж нікому не перакажаце, праўда? І яшчэ папрашу вас схаваць у сябе вось гэты сшытак.
Хлопец дастаў з-пад кашулі тоўсты сшытак у скураной вокладцы, які нагадваў амбарную кнігу, і паклаў на стол перад Хлюдзінскім.
– Мабыць, гэта ён і стаў прычынай гібелі і Пашкоўскага, і Кавалёвай, – дадаў Камар пасля паўзы.
З ПРАТАКОЛА АГЛЯДУ МЕСЦА ЗЛАЧЫНСТВА
На месцы злачынства было выяўленае цела жанчыны, на выгляд 35–40 гадоў, у сукенцы сіняга колеру. Жанчына ляжала ў пакоі на падлозе каля ложка ў ненатуральнай позе.
Прычынай смерці стала асфіксія: жанчыну задушылі. Пасля чаго ў яе ўваткнулі нож у раёне сэрца. Зверху зламыснік пакінуў белую ружу. На целе засталіся сляды барацьбы: сінякі на твары, драпіны на руках.
У ахвяры суседзі апазналі Ганну Кавалёву, былую настаўніцу Аршанскай жаночай настаўніцкай семінарыі. Апошнія гады жанчына вяла адасоблены, замкнёны лад жыцця, зарабляла на жыццё прыватнымі ўрокамі.
У пакоі, які займала ахвяра, невядомая асоба ўчыніла ператрус, відавочна нешта шукаючы. Кнігі і часопісы ў бязладным парадку скінутыя на падлогу, таксама на падлогу скінутыя сшыткі, якія, па словах суседзяў, належаць Кавалёвай.
Разам з тым суседзі не змаглі сказаць, ці знікла нешта каштоўнае з рэчаў ахвяры. Па іх словах, Кавалёва жыла даволі сціпла і наўрад ці мела якія-небудзь дарагія рэчы.
12 кастрычніка 1927 года
Подпіс: Старшы супрацоўнік аператыўных даручэнняў Васільчук.