Читать книгу Ордэн Прамяністых - Зміцер Дзядзенка - Страница 2
Пралог
ОглавлениеМужчына хуценька зайшоў у пад’езд, спыніўся і азірнуўся. Потым знерухомеў, быццам у нерашучасці.
Пастаяўшы пару хвілін моўчкі, ён крадком вызірнуў за дзверы на вуліцу: там па-ранейшаму было сонечна і ціха. Некалькі галубоў хіжа расцягвалі на кавалачкі лусту хлеба, абок іх мітусіліся вераб’і, пільнуючы сваю долю здабычы. Больш на вуліцы не было ні душы – ні чалавека, ні сабакі.
Рукой у замшавай пальчатцы мужчына задуменна пагладзіў сабе шчаку, задаволена пасміхнуўся. Асцярожна ступаючы, ён падняўся па высокіх лесвічных пралётах на трэці паверх і спыніўся на пляцоўцы, на якую выходзілі дзверы трох кватэр. Быццам вагаючыся, мужчына агледзеў усе іх, а потым рашуча падышоў да сярэдніх дзвярэй і пакруціў ручку званка тры разы. У глыбіні кватэры штосьці меладычна бомкнула, і ўсё зноў сціхла.
Нарэшце за дзвярыма нехта зашумеў, замок шчоўкнуў, і дзверы прыадчыніліся на шырыню ланцужка. У шчыліне з’явіўся немалады мужчынскі твар: акуратная барада-эспаньёлка і старамоднае пенснэ на носе сведчылі, што іх гаспадар належыць, хутчэй за ўсё, яшчэ да дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі. Магчыма, так выглядаў бы доктар Чэхаў, калі б яму ўдалося пражыць гадоў на дваццаць больш і пабачыць на свае вочы страшную імперыялістычную вайну, а потым рэвалюцыю і яшчэ страшнейшую вайну, якая прыйшла следам за пераменай улады…
Пабачыўшы госця, гаспадар прыязна заўсміхаўся. Яго высокі голас набрыняў радасцю:
– А вось і вы! Мы ўжо чакаем! Толькі вас, толькі вас бракавала…
Ён адчапіў ланцужок і шырока расчыніў дзверы, прыветна запрашаючы госця.
Той зайшоў і спыніўся, чакаючы, каб гаспадар зачыніў дзверы. Пасля гэтага госць склаў рукі ў сябе на грудзях крыж-накрыж: пальцы левай рукі дакраналіся правага пляча, пальцы правай рукі – левага. Ён цырымонна пакланіўся гаспадару, па-ранейшаму не гаворачы ні слова.
Гаспадар таксама пакланіўся, хаця ён свае рукі проста склаў на жываце – адну паўзверх другой. Потым гаспадар прагаварыў з цёплай усмешкай:
– Заходзьце, рыцар! Ордэн Прамяністых рады вітаць вас…
Гаспадар расхінуў дзверы ў пакой, пасярод якога стаяў круглы стол. Вакол яго сядзелі людзі, на самім стале не ляжала нічога, акрамя крыжа і белай ружы.