Читать книгу Ордэн Прамяністых - Зміцер Дзядзенка - Страница 13
Студзень, 2010
ОглавлениеКміціч сядзеў за камп’ютарам і дапісваў артыкул пра навукоўцаў, якім улады не даюць працаваць па спецыяльнасці. Дакладней, перакрываюць кар’ерны рост, не прызнаюць навуковую ступень. Вышэйшая атэстацыйная камісія можа нават пасля абароны не зацвердзіць званне кандыдата або доктара навук, асабліва калі за гэтае званне змагаецца чалавек, да ўлады не вельмі лаяльны.
Журналіст знайшоў некалькі такіх чалавек, паразмаўляў з імі, і артыкул у яго атрымліваўся не галаслоўны – падмацаваны фактамі і меркаваннямі.
Рукі Кміціча часам завісалі над камп’ютарнай клавіятурай, пасля чаго зноў раздавалася клацанне клавіш. У адрозненне ад большасці іншых журналістаў, якія набіралі свае тэксты двума пальцамі (у іх працавалі толькі ўказальныя на левай і правай руках), Павел выкарыстоўваў па два кожнай рукі. Ад праграмы, якая навучае хуткаму набору, ён адмовіўся: маўляў, тэкст жа трэба не механічна набіраць, а абдумваць, а на гэта і патрэбны той час, які застаецца пры такім не вельмі шпаркім наборы.