Читать книгу Ордэн Прамяністых - Зміцер Дзядзенка - Страница 3
1927, кастрычнік
ОглавлениеАндрэй Камар завярнуў за рог дома: каб трапіць у пад’езд, трэ было прайсці праз шырокі двор з клёнамі, якія кастрычнік ужо шчодра размаляваў вохрыстымі і барвовымі колерамі. Хто-ніхто з навакольных мог падумаць, што і самога Андрэя восень пазначыла сваім нязмыўным колерам, прайшоўшыся пэндзлем з рудой фарбай па яго галаве.
Ён націснуў гузік званка каля кватэрных дзвярэй, і той неяк няўпэўнена, разгублена дзынкнуў. Малады чалавек пачакаў і пазваніў яшчэ раз – цяпер ужо больш настойліва заяўляючы пра свой прыход. Але кватэра па-ранейшаму не хацела яму адкрыцца, быццам капрызная дзяўчына, якой не спадабаўся настойлівы залётнік з ягонымі надакучлівымі спробамі пазнаёміцца на вуліцы.
На крыху наіўным твары маладога чалавека праступіла ніякаватасць. У разгубленасці Андрэй ускудлаціў левай рукой задзірыстыя рудыя віхры, а правай у адчаі тузануў дзвярную ручку – і дзверы падаліся, быццам толькі і чакалі смялейшых дзеянняў з яго боку.
Не замкнёна.
Хлопец зрабіў крок у цемру калідора і прыпыніўся.
Ціша. Напружаная, мёртвая ціша.
Андрэй зрабіў яшчэ крок, маснічыны пад ім тоненька застагналі, нібы пацыент у крэсле зубнога лекара.
– Ёсць хто дома? – пытанне з цяжкасцю прадралася праз нечакана перасохлае горла.
Кватэра адказала той жа самай даўкай цішай.
Госць прайшоў па калідоры да светлага прастакутніка дзвярэй, што вялі ў кабінет, і, пагрукаўшыся, штурхануў іх.
Ён ужо неаднаразова бываў у гэтым пакоі, ведаў, што гаспадар, Грацыян Пашкоўскі, бавіў тут большую частку дня.
– Ведаеце, Андрэй, – казаў немалады гаспадар, уздымаючы бровы, ад чаго адразу станавіўся падобным да здзіўленага сыча, – у мяне засталося не так шмат часу, а працы чамусьці не становіцца менш. Трэба паспець як мага больш…
І зараз гаспадар быў тут, у кабінеце. Андрэй пабачыў у фатэлі яго фігуру – Пашкоўскі, верагодна, задрамаў за працай: яго галава адкінулася назад, на спінку фатэля, таму на госця глядзела бездапаможная лысіна. Рукі мужчыны расслаблена звешваліся з білцаў, левае рукаво халата, відаць, зачапілася і нязграбна закасалася, агаляючы немаладую руку з дагледжанымі пальцамі.
«Стаміўся», – зразумеў Камар і хацеў ціхенька выйсці, пакінуўшы гаспадара ў спакоі. Аднак яму стала надзвычай цікава, што за праца так знясіліла Пашкоўскага. Яго вабілі паперы, якія ляжалі на стале перад гаспадаром.
На дыбачках малады чалавек падышоў да фатэля і зірнуў з-за пляча мужчыны, які працягваў нерухома сядзець. Машынальна Андрэй спярша кінуў позірк на самога гаспадара, каб упэўніцца, што той не прачынаецца.
Пабачанае нібыта заваражыла яго, прыкула погляд да адной кропкі.
Пашкоўскі быў мёртвы.
Яго галава была адкінутая на спінку. Твар ссінеў, а з грудзей тырчалі тронкі нажа, быццам прымацоўваючы цела да фатэля.
Абазнаны спецыяліст зразумеў бы, што мужчыну задушылі, а толькі потым ужо ў мёртвае цела ўваткнулі нож, таму крыві амаль не было. Але Андрэй не быў спецыялістам. Дый быў ён занадта агаломшаны гэтым нечаканым выглядам мёртвага Пашкоўскага, каб цвяроза разважаць.
Вылучалася толькі адна нечаканая дэталь, якая потым пераследавала юнака ва ўспамінах. На грудзях мерцвяка англійскай шпількай была прымацаваная белая ружа.
Сляпуча-белая, нібы нежывая.
Андрэй адступіў назад, не ў змозе адарваць позірк ад фігуры, выгляд якой напаўняў яго цяпер неўтаймоўным жахам. Сэрца шалёна калацілася, ногі падгіналіся, як ватныя.
Апынуўшыся ў выратавальнай цемрадзі калідора, малады чалавек нарэшце павярнуўся і стрымгалоў кінуўся з кватэры. Лесвічныя прыступкі замільгалі ў яго пад нагамі, потым на змену ім прыйшла вулічная брукаванка, аднак Камар нават не заўважыў гэтай змены – ён бег, нічога не бачачы перад сабой, бо замест вуліц, дамоў, людзей у яго перад вачыма стаяла вусцішнае відовішча: мёртвае цела з кроплямі крыві, сляпуча-белая, не кранутая гэтай кроўю ружа…
Белая, белая ружа.
З ПРЭСЫ
Падрабязнасці арышту Антона Луцкевіча
12 кастрычніка ў 7 з паловай гадзін раніцы паліцыя па загадзе пракурора ўвайшла ў памяшканне грам. А. Луцкевіча па Віленскай вул., № 8, і зрабіла рэвізію, якая цягнулася да 1-ай гадзіны дня.
Як піша ўрадавы «Кур’ер Віл.», А. Луцкевіча «арыштавалі ў сувязі з следствам у справе з ліквідаванай у сваім часе «Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады», найвыдатнейшыя правадыры якой, як вядома, пасаджаны ў астрог у Вронах». А. Луцкевіча пасадзілі ў Віленскі астрог на Лукішках.
Савецкая Беларусь, 16 кастрычніка 1927 года