Читать книгу Ордэн Прамяністых - Зміцер Дзядзенка - Страница 12

Расказ Андрэя Камара. Кастрычнік, 1927

Оглавление

Па праўдзе сказаць, я ведаю не вельмі шмат. Можна сказаць, мала ведаю, бо я яшчэ на самай першай ступені пасвячэння…

Так, я вам крыху схлусіў, калі мінулы раз гаварыў. У нас не зусім гурток – у нас такое своеасаблівае таварыства, пра якое пабочным асобам ведаць нельга. Але што ж цяпер… Ужо двое з нашых забітыя. Баюся, хтосьці пранюхаў наш сакрэт…

Наш Ордэн Прамяністых не мае ніякіх палітычных мэт – мы толькі імкнёмся да маральнага самаўдасканалення і грамадскай карысці. У таварыстве ёсць некалькі ступеняў пасвячэння: чым болей ты ведаеш, чым болей робіш, тым больш высокая ў цябе ступень. Я мала што ведаю, у мяне – пакуль толькі першая. У нас ва ўсіх была першая ступень, акрамя Пашкоўскага – ён рыцар найвышэйшай ступені.

Веды Прамяністых захоўваюцца і перадаюцца ў легендах. Зазвычай на нашых сходах найвышэйшы рыцар Ордэна зачытваў нам адну якую-небудзь легенду, у якой падымалася пытанне маральнага выбару, а потым мы абмяркоўвалі, выказвалі свае думкі на яе конт.

Усё гэта было вельмі прыгожа і таямніча аздоблена: круглы стол, вакол якога сядзяць рыцары Ордэна, а на самім стале – толькі крыж і белая ружа.

Крыж і ружа…

Пашкоўскі казаў, што традыцыя белай ружы ідзе ад заснавальніка Ордэна ў нашых краях – Тамаша Зана. Ён жыў у мінулым стагоддзі і стварыў такое таварыства сярод студэнтаў у Вільні, але царскія сатрапы даведаліся і разграмілі іх. Студэнтаў судзілі, павысылалі ў далёкія краі, камусьці ўдалося ўцячы за мяжу…

Дык калі гэты Зан вярнуўся пасля ссылкі, то пасяліўся тут, на Аршаншчыне, і стаў аднаўляць разбіты Ордэн. Ён ужо быў спрактыкаваным і зрабіў так, каб царскія ўлады не даведаліся, што Ордэн паўстаў, як фенікс з попелу. Ад яго і вядзецца традыцыя класці на стол два сімвалы – крыж і белую ружу: крыж – гэта нашая сувязь з хрысціянскай духоўнай культурай, а белая кветка – чысціня нашых намераў.

Самі разумееце, што старая ўлада не ўхваляла грамадскую карысць, а новая – веру ў Хрыста. Вось таму нашае таварыства і працягвае існаваць таемна…

Але хтосьці, відаць, усё ж даведаўся пра наш Ордэн, таму забівае рыцараў-прамяністых, а белую ружу на целе пакідае, каб паказаць, што нашае існаванне для яго не сакрэт.

Пасля забойства Пашкоўскага мяне паклікала да сябе Кавалёва. Яна перадала мне сшытак, які я прынёс вам. Для нас гэта не проста сшытак – гэта ў нейкім сэнсе наша духоўная гісторыя: у ім запісаныя легенды Ордэна Прамяністых, прычым некаторыя з іх, як кажуць, занатаваў сваёй рукой сам заснавальнік – Тамаш Зан. Для нас гэта вельмі важны і дарагі сшытак, пагатоў што самі легенды больш анідзе не запісаныя. Страта яго была б незваротнай.

Кавалёва прасіла, каб я гэты сшытак часова схаваў, бо яна падазравала, што забойца Пашкоўскага мог даведацца, што рукапіс зберагаецца ў яе. А цяпер я баюся, каб яго не знайшлі ў мяне…

Не, там не толькі легенды – прыкладна палову сшытка займае гісторыя езуітаў у Воршы. Яе, як казаў Пашкоўскі, напісаў таксама Зан. Толькі яна па-польску.

Я па-польску чытаць не ўмею, на жаль, але ведаю, што там пра ўсе іхнія справы – і як яны свае касцёлы тут ставілі, і як інквізіцыю рабілі, на вогнішчах палілі… Не? Не яны інквізіцыю?.. Дамініканцы?! А я ж думаў…

Ну, значыць, пра інквізіцыю няма, але пра касцёлы ёсць. І пра багацці іхнія езуіцкія ёсць. Пашкоўскі казаў, што калі езуітаў цар з Расіі выгнаў, то яны перад ад’ездам закапалі тут частку сваіх скарбаў, якую не маглі забраць. Вось у гэтым рукапісе, магчыма, і ёсць падказка, дзе знайсці тыя скарбы. Толькі я па-польску не ўмею…

Вы ж да нас з Заходняй Беларусі пераехалі, так? У Вільні жылі, мабыць. Дык, можа, вы здолееце прачытаць, што там напісана? Калі мы знойдзем гэтыя скарбы раней за забойцу, то ён нам не страшны будзе.

Ордэн Прамяністых

Подняться наверх