Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 28
Шэры салдат
ОглавлениеЁн вярнуўся з далёкага поўдня, дзе тры гады праваяваў з духамі. У гарах яго кантузіла, і часткова знік слых. Таму ў кампаніях, дзе выпівалі пад магнітафон, Шэры салдат прасіў узмацніць гук. Ён піў і не п’янеў, ён еў і не мог наесціся, ён слухаў царкоўную музыку, а наслухацца не мог. Усё ўжытае Шэрым салдатам хутка праходзіла праз яго. Ён пачаў чэзнуць ды сохнуць. Куды толькі ні звяртаўся салдат! Пахадзіў ён нямала па далёкіх і блізкіх лякарнях ды дактарах, пакуль не пазнаёміўся са старой Зояю з мінскай Грушаўкі. Сівакудлая Зоя і сказала Шэраму салдату, што ён жыве не толькі за сябе, але і за сваіх таварышаў, пазабіваных духамі ў далёкіх паўднёвых гарах. Каб паправіць парадак рэчаў і вярнуць жывое жывому, трэба дачакацца поўні, пайсці на могілкі і закапаць у зямлю тры гімнасцёркі. Шэры салдат так спакутаваўся ад вечнага голаду ды бясконцай ненажэрнасці, што пайшоў на могілкі, асветленыя поўняю, і закапаў там тры новыя гімнасцёркі. Так і вылекаваўся Шэры салдат ад ненажэрнасці.