Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 38
Шэры мутант
ОглавлениеЁн жыў на вуліцы Камуністычнай. Там і працаваў у майстэрні па вырабе надмагільных плітаў. Тамака і піў таннае віно – чарніла, чарлік, чарльстон. Ад таго чарліка розум яго каламуціўся, свядомасць мутнела і ўвесь арганізм муціраваў. Дзякуючы чарнілу супрацоўнік майстэрні па вырабе надмагільнай прыгажосці ператварыўся ў Шэрага мутанта. Метамарфозу ўсе заўважылі толькі тады, калі на чорнай гранітнай пліце замест генерала ў фуражцы з’явілася выява вінтарогай кошкі. Шэрага мутанта падманам завабілі ў вар’ятню і там зачынілі. Мутант асабліва і не наракаў на лёс. Ён скарыўся, піў лекі і маляваў крылатых зебраў ды паласатых кенгуру. За добрыя паводзіны і ўсмешлівую ціхмянасць Шэрага мутанта выпусцілі на волю. Вольнае паветра ён адразу змяшаў з чарльстонам, трапіў у доўгатэрміновы запой, з якога выбраўся наўпрост у лепшы свет. Майстэрня па вырабе могілкавай прыгажосці адгукнулася на падзею: на магіле Шэрага мутанта паклалі чорную гранітную пліту са сціплай шрыфтавой кампазіцыяй без малюнка.