Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 31
Чорны мяшэчак
ОглавлениеНа рагу вуліц Кузьмы Чорнага і Чарнышэўскага жылі-былі два таварышы. Прыйшоў час тым хлопцам пайсці ў войска. Купілі яны гарэлкі і зладзілі праводзіны. У час той сумнаватай балюшкі таварышы схадзілі да вечаровай школы, што стаяла пасярод іх двара. Пад школьным плотам хлопцы закапалі глыбока ў зямлю дзве чакушкі – каб тыя іх чакалі па-сапраўднаму, каб абавязкова дачакаліся і каб узрадавалі, дачакаўшыся. Не пашанцавала таварышам у войску, патрапілі яны на вайну. Адзін з іх загінуў пад Кабулам, а другі адваяваў прызначаны тэрмін і вярнуўся на рог Чарнышэўскага і Чорнага. З нагоды вяртання купілі гарэлкі і зладзілі гучную гулянку. У час гулянкі пайшоў салдат да вечаровай школы і адкапаў хованку. Пад плотам ён знайшоў адну чакушку і аксамітны Чорны мяшэчак, поўны золата.